СЕ́ЛЯХ-КАЧА́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (24.12.1885, г.Лагойск Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. і рас. спявак, хар. і тэатр. дзеяч, педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905) і Пецярбургскую кансерваторыю (1915). У 1905—10 працаваў настаўнікам на Віленшчыне і інш. З 1915 у трупе Марыінскага імператарскага т-ра, адначасова ў 1916—18 у Александрынскім драм. т-ры. У 1923—25 выкладаў у Муз. драм. ін-це ў Петраградзе. За 1915—23 выканаў больш за 20 вядучых партый, некат. разам з Ф.Шаляпіным. З 1924 выкладаў у оперным і хар. класах Мінскага муз. тэхнікума і кіраваў муз. падсекцыяй Інбелкульта, арганізаваў пры ёй бел. хар. студыйны калектыў (у 1927 паставіў першую на бел. мове оперу «Русалка» А.Даргамыжскага). З 1927 дырэктар БДТ-1, з 1930 заг. Бел. драм. курсаў, дырэктар Бел. тэатр. тэхнікума і Бел. тэхнікума сцэн. мастацтва. З 1933 на Украіне і ў Расіі. З 1943 узначальваў Мінскі гар. т-р, кіраваў аддзелам культуры і мастацтва Бел. нар. самапомачы і аддзелам мастацтва ў Бел. цэнтр. радзе. З 1944 у Германіі, з 1950 у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатр. груп, ладзіў канцэрты і спектаклі. Аўтар зб. песень «Спеўнік беларускага жаўнера» (1975).
Тв.:
Уласны жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Нью-Йорк. 1999.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Юрэвіч Л. Беларускі тэатр і драматургія на эміграцыі // Тэатр. творчасць. 1997. № 6;
1998, № 1;
Кекелева Т. Спявак Селях-Качанскі // Спадчына. 1999. № 2;
Селях С. Вядомы і забыты: Старонкі творчай біягр. Вячаслава Селяха // Мастацтва. 2001. № 5—6.
Т.В.Кекелева.
т. 14, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)