ХІЛЕСТРО́М (Hilleström) Пер (18.11.1732, Веддзё, Швецыя — 13.8.1816),
шведскі жывапісец; заснавальнік нац. школы быт. жанру. Вучыўся ў Стакгольме. У 1757—58 наведваў майстэрню Ф.Бушэ ў Парыжы. З 1810 дырэктар Стакгольмскай АМ. Зазнаў уплыў Ж.Б.Гроза і Ж.Б.Шардэна. Прадстаўнік асветніцкай лініі ў шведскім мастацтве 18 ст. У сваіх невял. карцінах са сцэнамі вясковага і гарадскога жыцця сялян і наёмных рабочых часта выкарыстоўваў рэзкія святлоценявыя кантрасты, якія надаюць прадметную важкасць і матэрыяльнасць прыроднаму і быт. асяроддзю («Кузня», 1781). Яго работы вылучаюцца строгасцю і прастатой кампазіцыі, манахромнасцю багатага тонкімі адценнямі каларыту. Пісаў таксама партрэты і нацюрморты.
т. 17, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)