АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс.км². Нас. 3677 тыс.чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г.Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).
Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх.ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.
Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс.ж.), Гюмры (211 тыс.ж.), Ванадзор (173 тыс.ж.), Эчміядзін (65 тыс.ж.), Раздан (64 тыс.ж.), Абавян (62 тыс.ж.).
Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сцьбыт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.
Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн.га, з іх ворыва 0,5 млн.га, пашы 1,6 млн.га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс.гас.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс.км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.
Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб.стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э.Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст.н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн.арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад.адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл.Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл.«Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч.тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс.чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав.сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш.Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.
Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.
Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс.ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч.г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец.навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук.б-каАН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац.інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.
Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст.«Сасунцы Давід».
Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк.л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж.арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.Ванандэці, П.Мінасян, А.Багратуні, Э.Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж.арм. мова (грабар) саступае месца нар.літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.Аламдаран, М.Тагіядзян, Х.Абавян, Г.Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш.Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.Пешыкташлян, Р.Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.Прашан, Г.Агаян, Ц.Камсаракан, А.Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.Шант), прозе (Э.Ацян, Ерухан, В.Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.Тэр’ян, Д.Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.Чарэнца, Д.Дэмірчана, С.Зарана, Н.Зарана, Г.Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.Аванесян, Х.Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.
У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.Айвазян, В.Петрасян, Р.Даваян, А.Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.Мугнецян, Л.Хечаян, В.Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-рат.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.Ашакян, Амстэг, Г.Шахнур, М.Ішхан, Захрат, А.Карапенц).
Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.Кочар, М.Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц.арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.Сундукяна (1966, арх. Р.Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.Акапян, Г.Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.Хачыкян, А.Тарханян, Г.Пагасян, М.Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.Тарасян, Г.Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.Чаркезян, Ж.Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.Качар), помнікі Е.Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.Нікагасян), М.Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд.ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст.асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.Рослін, С.Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.Мркуз, М.Заграбян, Б.Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап.рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст.арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.Аўнатанян, С.Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.Шаін. У фарміраванні арм.маст. школы ў 1920-я г.вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.Аракелян, А.Каджан, А.Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.Сцепанян, А.Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.Якулаў, М.Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.Айвазян), скульптуры (Е.Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.Акапян, Р.Адалян, М.Петрасян, А.Укапян, А.Хачыкян, Р.Хачатран, Г. і Р.Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.Мірзаян, С.Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.Сіманян, Р.Швердзян, А.Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр.ін-т і маст. вучылішча імя Ф.Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.
Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш.Прафес.муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст.н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм.прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз.нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.Еранян, Г.Карганаў). Асновы арм.нац.муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац.муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.Тэр-Гевандзяна, С.Бархударана, вак. творы Р.Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.Сцепаняна, Г.Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.Айвазян, А.Далуханян, В.Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.Агаджанян, А.Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.Айрапецян, С.Навасардзян; скрыпачы І.Налбандзян, Р.Агаранян, А.Габрыэлян, Э.Тэтэвасян; віяланчэлісты М.Абрамян, С.Асламазян, Г.Адамян, Г.Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-рмуз. камедыі, Дзіцячы муз.т-р, Хар. капэла, Дзярж.сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр.муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.
Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес.т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес.т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.Пешыкташлян заснаваў арм.нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.Сундукяна і А.Параняна, пазней — А.Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.Адамяна. На пач. 20 ст.арм.нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж.т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж.арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.Авецісян, Г.Джанібекян, В.Гулазян, Д.Малян, Р.Нерсесян, В.Папазян, В.Вагаршан, Т.Сар’ян; рэжысёры В.Аджэмян, А.Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм.маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.Бархударан, А.Марцірасян, А.Ай-Арцян, С.Кеворкаў, Э.Карамян, С.Параджанаў, акцёры Х.Абрамян, А.Джыгарханян, Г.Тонунц, М.Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.
Літ.:
Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;
Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;
Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;
Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;
Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;
Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;
Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;
Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];
Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст.М., 1985.
Герб і сцяг Арменіі.Да арт.Арменія. Шыкахохскі запаведнік.Да арт.Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Цясніна ракі Раздан.Да арт.Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.Да арт.Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.Да арт.Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.Да арт.Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.Да арт.Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦЫЯ (Hellas),
Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс.км², у т. л. 24,8 тыс.км² астравы. Нас. 10,5 млн.чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г.Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).
Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за 4/5тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс.м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд.ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4 °C на Пн да 10—12 °C на Пд, ліп. 24—28 °C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб.воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.
Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл.Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл.Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв.т-ва«Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон I у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.
У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац.англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон I. У 1863 грэч. каралём стаў Георг I (гл. ў арт.Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.Трыкупіс і Т.Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт.Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар.фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл.Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч.Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн.чал. Пры каралю Канстанціне I [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт.Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл.ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля 1/3тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел I, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл.ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш.Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.
Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн.т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд.кВт∙гадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн.т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс.т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст.прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч.прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн.га пад ворывам, 1,2 млн.га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля 1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн.т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн.т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн.т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля 1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж.гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн.т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс.км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс.км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд.дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд.дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал.гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс.чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс.чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс.чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс.чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац.археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац.маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.
Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст.Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.Калваса, А.Суцаса, А.Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).
Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч.нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.Суцаса, А.Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.Паламас, а таксама Е.Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.Мавіліса, Драсініса, І.Палеміса, А.Эфталіётыса, І.Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.Ксенопулас, А.Пападыямандыс, А.Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.Тэатокіса, І.Тэатакаса, А.Тэрзакіса і К.Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.Сікеліяноса, В.Ротаса, Ф.Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.Бумі-Папа, Н.Папаса, Н.Врэтакаса, Т.Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.Казандзакіса, празаікаў Я.Мангліса, Д.Хадзіса, А.Франгіяса, К.Кадзіяса, В.Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.Фатыядыс, П.Прэвелакіс, Д.Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-вагрэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.Александропуласа, З.Скараса, А.Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт.Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст.буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.Клеантыс, Л.Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац.б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.К.Хансен) у Афінах і інш.Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.Кандуніс, Н.Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.Гізіс, Н.Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.Валанакіс і Я.Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.Сфаэлас, П.Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.Партэніс, скульпт. Я.Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.Геаргіядыс, Э.Тамопулас, Я.Мораліс, Я.Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.Кандоглу, графіцы С.Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.Галаніса, Я.Кефалінаса, скульпт. М.Томбраса, А.Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.Семерцыдыс, Д.Кацыкаяніс, скульпт. Х.Капралас, графікі В.Катракі, А.Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.Граматопулас, К.Клуватас, К.Лукопулас і інш.
Музыка. Грэч.муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл.Грэцыя Старажытная). З 4 ст.грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац.муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес.муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.Мандзарас — аўтар грэч.нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.Ксіндас, С.Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.Карэр, Г.Ламбелет. Сапраўдная грэч.муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.Карамілас і Д.Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.Варвагліс, Э.Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.Петрыдыс, А.Незерытыс, А.Евангелатас, Н.Скалкотас, С.Міхаілідыс, Г.Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.Плесас, Г.Замбетас, К.Капнісіс, Г.Музакіс, Т.Маракіс, Г.Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.Візантыу; спевакі М.Калас, Н.Масхонас, К.Дамасіёты, А.Захарату, Д.Русас; піяністы Г.Тэмеліс, В.Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж.сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.
Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант.тэатр. мастацтва (гл.Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г.тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.Палітыса, пастаноўкі Нац.т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс.тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч.нар.т-р (кіраўнік М.Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.Дыямандопулас і М.Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш.Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.Шэкспіра, Мальера, А.Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст.т-р, Грэч.нар.т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.Александракіс, Катракіс, М.Меркуры, А.Сінадыну, І.Папас, К.Паксіну; рэжысёры М.Пларытыс, М.Лігізас, М.Какаяніс, Кун, Т.Музенідыс.
Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн.хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.Папас, М.Меркуры, А.Фонсу, П.Зервас, Т.Венгас, А.Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.
Літ.:
Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;
Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг.М., 1990;
Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;
Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;
Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;
Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;
Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;
Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;
Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Грэцыі.Да арт.Грэцыя. Царква св. Феодара ў Містры. 1296.Да арт.Грэцыя. Манастыры Метэара ў Фесаліі. 12 ст.Да арт.Грэцыя. На востраве Крыт.Да арт.Грэцыя. Адзін з эпізодаў грамадзянскай вайны 1946—49.Да арт.Грэцыя. Турыстычныя будынкі на марскім узбярэжжы.Да арт.Грэцыя. Слабааблесеныя горы Цэнтральнай Грэцыі.Да арт.Грэцыя. Гавань на востраве Родас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),
Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх.ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт.гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс.км². Нас. 58 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).
Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.
Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.
Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.
Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд.т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд.т) і прыродны газ (1400 млрд.м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).
Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс.чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн.чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн.чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км² у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс.ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.
Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст.н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл.Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам I (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл.Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл.Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.Кета, 1549). Перамяшчэнне гал.гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл.Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ.дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус.адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт.Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн.бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс.арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст.англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-вадзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.
Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).
З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл.Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б.герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс.чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн.чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял.ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.
З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац.эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.
Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн.чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.
Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл.Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт.тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл.ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш.Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт.Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.
Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг.прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн.т, бурага 10 млн.т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн.т, прыроднага газу — 48 млрд.м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр.прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн.т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд.кВт∙гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн.т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і 1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш.Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст.прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч.прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.
Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн.ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (3/5 ворыва, збор 22,5 млн.т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.
Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн.т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс.км (1994), у т. л. 4,5 тыс.км электрыфікавана. Гал.чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч.ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс.км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс.км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс.км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн.гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн.чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс.чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх.Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс.чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс.чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс.чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш.ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн.навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.
На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж.агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац.б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац.б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс.інш.перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі I ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.
Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст.Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.
Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы I гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар.т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.Грын, Т.Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.Хейвуд, Т.Дэкер, Ф.Бомант і Дж.Флетчэр.
Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.Дон, Дж.Херберт), лірыка кавалераў (Э.Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.Беньяна, паэзія і драматургія Дж.Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.Уічэрлі, У.Конірыў, Дж.Этэрыдж, Дж.Ванбру, Дж.Фаркер). Паэма Дж.Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.Юнга, Т.Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кінар. балад Т.Персі, Дж.Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.Уолпала і Г.Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал.рэаліст. раманаў звязала Дж.Осцін («Гордасць і прадузятасць»).
Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.Дж.Булвер-Літан, Ш.Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.Эліята («Млын на Флосе») і Дж.Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.Хардзі і С.Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.Мура і Дж.Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.Браўнінг, геданістычная — Э.Фіцджэралда (пераклады А.Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.Рэскін і У.Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.Г.Расеці і К.Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.Ч.Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.Бенета («Клейхенгер»), К.Мэнсфілд, А.Э.Копарда, Э.М.Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.К.Джэром, марыністыку — Дж.Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.Мейсфілд, У.Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.Паўнд).
Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.Брук, З.Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.С.Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.Х.Одэн, С.Спендэр, С.Д.Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.Г.Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.Бары, Дж.Б.Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.Кэры).
У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.Сілітаў і С.Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.Кларк, Дж.Уіндэм, Дж.Г.Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.Фаўлс, С.Хіл, М.Дрэбл, Ч.Дж.Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.Х’юз, Ф.Ларкін).
У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.Стопарда, «Грошы» М.Эліса, «Лэрнэк» Э.Грэя, «Ногі ў цырку» А.Картэра, «Сорам» С.Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.Барнс, Э.Бёрджэс, Т.Шарп, Г.Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.Бернтан, Э.Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.Мэя і інш.Бел. перакладчыкі: Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Семяжон, а таксама В.Валынскі, В.Небышынец, А.Разанаў, Я.Рапановіч, С.Шупа і інш.Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Паўночная Ірландыя, Шатландыя.
Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст.н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.Ванбру, Н.Хоксмар). У.Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял.індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст.англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.Тэлфард, Р.Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.Бэры, А.П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.Скот, Н.Шо, Ч.Ф.Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.Фрай, О.Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.Мэцью, Л.Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.Спенс, 1954—62).
Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш.еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.Хіліярд, А.Олівер, С.Купер, жывапісцы У.Добсан, Дж.Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.Рэберна, Дж.Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.Ромні, Т.Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.Крома, акварэлі Дж.Козенса і Т.Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.Морленда і Дж.Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.Гілрэй, Т.Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.С.Котмен і Д.Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.Г.Расеці, Э.Мілес, Х.Хант, У.Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.Сікерт, У.Стыр, У.Фрыт, Х.Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.Джон, У.Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.Сміт, А.Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.Льюіс), сюррэалізм (С.Спенсер, Г.Сазерленд, П.Нэш, Ф.Бейкан), абстракцыянізм (Б.Нікалсан, Б.Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.Мур, К.Армітэдж), поп-арт (П.Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт.Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.
Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн.інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб.стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк.прафес.муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.Бул, А.Гібанс, К.Тай, Дж.Тавернер, Т.Таліс, Дж.Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ.муз.т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.Ферабоска, браты Г. і У.Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн.муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.Гея і І.К.Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.Арн, У.Бенет, Г.Бішап, М.Балф, Дж.Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.Салівена і С.Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап.муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Дж.Вердзі, А.Дворжак, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў; створаны т-р«Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв.англ.муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.Элгар, Х.Пэры, Ф.Дыліус, Г.Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.Айрленд, Ф.Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.Тыпет, Л.Берклі, А.Бліс, А.Бенджамін; дырыжоры Дж.Барбіролі, Т.Бічэм, М.Сарджэнт, А.Боўлт; піяністы Дж.Мур, Дж.Огдан; вакалісты К.Ферыер, Дж.Мак-Кормак, П.Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л.Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.
Тэатр. Вытокі англ.т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк.т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ.тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р«Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.Шоу, Дж.Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.Рычардсана, М.Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.Літлвуд, П.Хол, Т.Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ.т-ра пачаўся з п’есы Дж.Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ.т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр.навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр.ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.
Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.Колінз, Дж.Уільямсан і Дж.А.Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.Лоўтан, Р.Донат, Л.Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.Джэнінгс, С.Джыліят, Ф.Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.Макендрык, Г.Карнеліус, Дж. і Р.Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.Лестэра, П.Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш.Гал.навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).
Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн.Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн.Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел.хрысц.акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел.к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел.б-ка і музей імя Ф.Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт.«Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк.«Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел.хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).
Літ.:
Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;
Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;
Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;
Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;
Аникст А. История английской литературы. М., 1956;
Английская литература, 1945—1980. М., 1987;
Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;
Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;
Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;
Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;
Raynor H. Music in England. London, 1980;
Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.Я.Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.А.Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.П.Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.М.Саркісава, В.В.Халіпаў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).
Герб і сцяг Вялікабрытаніі.Да арт.Вялікабрытанія. Плошча Пікадылі-сёркус у Лондане.Да арт.Вялікабрытанія. Рачная даліна ва Уэльсе.Да арт.Вялікабрытанія. Ландшафт на ПдЗ Шатландыі.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор у Кентэрберы. 1070—1503.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор у Лінкальне. 1075—1380.Да арт.Вялікабрытанія. Каралеўскі замак у Віндзары. Канец 11 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Комплекс будынкаў універсітэта ў Оксфардзе.Да арт.Вялікабрытанія. Інтэр’ер сабора ў Дарэме. 1-я пал. 12 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Сабор св. Паўла ў Лондане. 1675—1710.Да арт.Вялікабрытанія. Дэкаратыўны парк палаца ў Бленіме.Да арт.Вялікабрытанія. Культурны цэнтр Барбікан у Лондане. 1984.Да арт.Вялікабрытанія. Дж.Рэйналдс. Партрэт графіні Спенсер з дачкой. 1759—61.Да арт.Вялікабрытанія. Англасаксонскія воіны. Мініяцюра з англійскага рукапісу 11 ст.Да арт.Вялікабрытанія. Т.Гейнсбара. Партрэт герцагіні дэ Бофарт (Дама ў блакітным). 1770-я г.Да арт.Вялікабрытанія. Мініяцюра «Месяц жнівень». 14 ст. Лондан. Брытанскі музей.Да арт.Вялікабрытанія. Адрыянаў вал. 122—133.Да арт.Вялікабрытанія. Галава надмагільнай статуі Эдуарда II. Сабор у Глостэры. Каля 1331.Да арт.Вялікабрытанія. У.Блейк. Жыццё чалавека. 1820-я г.Да арт.Вялікабрытанія. Н.Хіліярд. Юнак сярод кустоў руж. Каля 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРЫЯ (Österreich),
Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс.км², нас. 8 млн.чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г.Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.
Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-растудз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх.ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн.чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс.ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл.Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст.цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.
На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр.нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр.нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).
Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн.т (1991). Дзейнічае нафтаперапр.з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ.Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд.кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн.т, сталі 4,3 млн.т, пракату 3,7 млн.т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн.т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс.т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс.т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн.м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л.цукр. буракі. Збор (млн.т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх.ч. краіны, асн.ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж.чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал.чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс.км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс.км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн.чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн.гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс.чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс.чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар.агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч.г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед.ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал.Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.
Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл.Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст.л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г.аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.
На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.
Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).
Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст.аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб.стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.
У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар.быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр.т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш.Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш.быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн.Міжнар.т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв.муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н.Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар.муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Станаўленне нац.т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар.т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац.тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар.т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі (з 1920).
Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.
Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб.бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).
Літ.:
Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;
Stuttgart, 1964;
Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;
Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.
Герб і сцяг Аўстрыі.Да арт.Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.Да арт.Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).Да арт.Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).Да арт.Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).Да арт.Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.Ферстэль. 1856—79.Да арт.Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.Мантуае. 1805— 11.Да арт.Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.Да арт.Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.Да арт.Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.Да арт.Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.Да арт.Аўстрыя. І.А.Кох. Каскад. 1796.Да арт.Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.Вагнер. 1898—99.Да арт.Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.Да арт.Аўстрыя. М.Швінд. Сімфонія. 1840-я г.Да арт.Аўстрыя. Г.Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЗІЯ, Рэспубліка Грузія (Сакартвела),
дзяржава ў цэнтр. і зах.ч. Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Расіяй, на У і ПдУ з Азербайджанам, на Пд з Арменіяй і Турцыяй; абмываецца на З Чорным м.Пл. 69,7 тыс.км². Нас. 5,5 млн.чал. (1995). Афіцыйная мова грузінская. Сталіца — г.Тбілісі. 65 раёнаў, 62 гарады, 52 пасёлкі гар. тыпу. У складзе Грузіі — Абхазія, Аджарыя і Паўднёвая Асеція. Нац. свята — Дзень аднаўлення дзярж. незалежнасці (26 мая).
Дзяржаўны лад. Грузія — рэспубліка. Дзяржаўнасць адноўлена ў крас. 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент, які складаецца з 234 дэпутатаў, абраных насельніцтвам на 3 гады на аснове ўсеаг. выбарчага права. Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Тэрыторыя Грузіі адносіцца да Альпійскай складкавай вобласці. 87% тэр. занята высакагорнымі хрыбтамі Вял. і М. Каўказа. На Пн Галоўны, ці Водападзельны, хр. (найвышэйшая ч. складкавай сістэмы Вял. Каўказа), амаль усе яго вяршыні больш за 3000 м (самыя высокія — г. Шхара, 5068 м, і г. Казбек, 5033 м), укрыты вечнымі снягамі і ледавікамі; паніжэнні яго — перавалы Крыжовы (2384 м), Клухорскі (2781 м), Мамісонскі (2829 м), Рокскі (2996 м). Ад Галоўнага хр. адыходзяць Гаграўскі, Бзыбскі, Кадорскі, Сванецкі, Лечхумскі, Рачынскі, Харульскі, Ламіскі, Картлійскі і інш. хрыбты. На Пд складкава-глыбавыя хрыбты М.Каўказа — Месхецкі, Шаўшэцкі і Трыялецкі (з выш. да 2850 м) і ч.Паўд.-Груз. вулканічнага нагор’я. На З паміж хрыбтамі Вял. і М.Каўказа — Калхідская нізіна (выш. да 150 м). На У ад Ліхскага хр., што злучае Вял. і М.Каўказ, Унутранакартлійская, Ніжнекартлійская раўніны і Іорскае пласкагор’е (выш. 500—700 м). На крайнім ПдУ, на мяжы з Азербайджанам, Алазанская раўніна. Характэрна сейсмічнасць. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, мыш’яковыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. руды, руды рэдкіх і каштоўных металаў, ртуць, вальфрам, нафта, каменны і буры вуглі, барыт, дыятаміт, бентанітавыя гліны, даламіт, тальк. Зарэгістравана каля 2000 крыніц мінер. вод, розных паводле хім. складу і лек. уласцівасцей (найб. вядомыя Баржомі, Цхалтуба). Пашыраны прыродныя буд. матэрыялы (мармур, туф, вапняк, вогнетрывалыя керамічныя гліны, кварцавыя пяскі). Клімат пераважна субтрапічны, мяняецца з З на У і ў залежнасці ад вышыні мясцовасці. На Чарнаморскім узбярэжжы і Калхідскай нізіне вільготны субтрапічны; сярэднія т-ры студз. 4—7 °C, ліп. 22—24 °C, ападкаў 2000—2500 мм за год. На У клімат сухі субтрапічны, пераходны да ўмеранага, сярэднія т-ры студз. 0—2 °C, ападкаў 400—500 мм за год. На схілах гор клімат умерана кантынентальны з адносна халоднай зімой. Снегавая лінія ў гарах праходзіць на выш. 3000—3400 м, ледавікі Лекзіры, Цанер і інш. Рэкі мнагаводныя, з быстрым цячэннем; жывяцца за кошт атм. ападкаў, раставання снягоў і ледавікоў. Да бас. Чорнага м. належаць рэкі Рыёні, Інгуры, Кадоры, Бзыб, Чарох, да бас. Каспійскага м. — Кура з прытокамі Арагві, Алазані, Ксані, Храмі. У Грузіі пачынаецца р. Церак. Выкарыстоўваюцца рэкі ў гідраэнергетыцы і для арашэння. Шмат азёр: Паравані, Карцахі, Палеястомі, Рыца, Амткел і інш. З глеб пашыраны чырваназёмы, жаўтазёмы, на Пд — горныя чарназёмы, па схілах — горна-лясныя бурыя глебы, у гарах — горна-лугавыя. Пад лясамі каля 2/5 тэрыторыі. На З шыракалістыя лясы з вечназялёнымі дрэвамі і хмызнякамі (дуб, граб, лаўр, самшыт, ціс, лаўравішня, пантыйскі рададэндран). Горным раёнам характэрна вышынная пояснасць: да выш. 1800—2000 м дубовыя, букавыя, дубова-грабавыя і букава-грабавыя лясы, вышэй — ялова-піхтавыя лясы, рэдкалессе, субальпійскія і альпійскія лугі. Трапляюцца масівы з розных відаў хвоі, у т. л. піцундскай. На У краіны — участкі расліннасці ціпчакова-кавыльных стэпаў і палынных паўпустынь. Жывёльны свет: каўказскі алень, буры мядзведзь, казуля, дзік, рысь, барсук, каўказскі тур, серна, высока ў гарах — улары; з птушак — барадач, каўказскі цецярук, канюк, беркут, дзятлы, берасцянкі, сініцы і інш. На тэр. Грузіі — Тбіліскі прыродны нацыянальны парк і 17 запаведнікаў, у т. л. Піцунда-Мосерскі, Рыцынскі, Гумісцінскі, Калхідскі, Аджамецкі, Баржомскі, Казбегскі і інш.
Насельніцтва. Грузін 71,7%; жывуць таксама армяне (8%, пераважна каля мяжы з Арменіяй і ў гарадах), азербайджанцы (5,6%, на У), рускія (5,5%, у гарадах), абхазы (па розных звестках ад 1,5% да 4,6%, жывуць у Абхазіі), асеціны (каля 3%, пераважна ў Паўд. Асеціі), грэкі, курды, яўрэі і інш. Сярод вернікаў праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (у т. л. этнаканфесіянальная група грузін — аджарцы) і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 78 чал. на 1 км². Найб. населены міжгорныя нізіны, даліны рэк і хвалістыя перадгор’і — шчыльн. да 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10 чал. на 1 км², высакагорныя раёны не маюць пастаяннага насельніцтва. У гарадах каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Тбілісі — 1283, Кутаісі — 238, Руставі — 162, Батумі — 138, Сухумі — 120.
Гісторыя. Тэр. Грузіі заселена з ранняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археал. помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6—4 ст. да н.э. ўзніклі груз. раннерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідскае царства і Іберыйскае царства. З 1 ст. да н.э. Грузія залежала ад Рыма. Феад.адносіны зарадзіліся ў 1—4 ст.н.э. Каля 397 хрысціянства абвешчана афіц. рэлігіяй. У 5—6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Візантыі, у 7—9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8—9 ст. узніклі феад. царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную феад. дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11—12 ст. — перыяд паліт. магутнасці эканам. і культ. росквіту феад. Грузіі, якая ў часы праўлення Давіда Будаўніка [1089—1125], Георгія III [1156—84] і Тамары [1184—1213] стала адной з наймагутнейшых дзяржаў Закаўказзя і Б. Усходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культ.-эканам. сувязі з Візантыяй, краінамі Захаду, араб. Усходу, Кіеўскай Руссю. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсця Цімура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася феад. раздробленасць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае (пра кожнае гл. асобны арт.) і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. ў Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16—18 ст.груз. народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса I, які імкнуўся знішчыць мясц. насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс.чал., 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстанні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г.Саакадзе і ў 1659 у Кахеты. Заваяванне Турцыяй Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваннем мясц. насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасля некалькіх паражэнняў, нанесеных груз. войскамі, туркі былі выгнаны з краіны. У 16—18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расіяй, перарваныя манг. нашэсцем. Іх умацаванне прывяло да заключэння Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расія ўстанаўлівала пратэктарат над Усх. Грузіяй. У 1801 Усх. Грузія, у 1803—64 Зах. Грузія ўвайшлі ў склад Расіі; утвораны Тыфліская і Кутаіская губ. У выніку рус.-перс. (1804—13, 1826—28) і рус.-тур. (1806—12, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена б.ч. тэрыторый, адарваных ад Грузіі. У 1830—40-я г. развівалася дробнатаварная вытв-сць, узнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць гар. насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарас. рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864—71) паскорыла развіццё капіталізму. Зарадзілася фабр.-зав.вытв-сць, буд-ва чыгунак, гарнарудная прам-сць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Развіццё капіталіст. адносін, паліт. і эканам. кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для развіцця груз. нацыі (гл.Грузіны).
У 1860-я г. ўзмацніўся нац.-вызв. рух на чале з рэв. дэмакратамі І.Р.Чаўчавадзе, А.Р.Цэрэтэлі, М.Я.Нікаладзе і інш. У 1870-я г. пачаўся забастовачны рух, узніклі рабочыя гурткі. З канца 1890-х г. рабочы рух набыў арганізаваны і масавы характар. У 1900—02 адбыліся забастоўкі на прадпрыемствах Тыфліса, Батумі і інш. У час рэвалюцыі 1905—07 у шэрагу гарадоў Грузіі адбыліся стачкі рабочых, сял. выступленні, ствараліся прафсаюзы. Каля 40 буйных забастовак адбылося ў Грузіі ў час 1-й сусв. вайны. У ходзе барацьбы супраць царызму і султанскага дэспатызму ў Грузіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя меншавікоў. Пасля Лют. рэв. 1917 створаны орган Часовага ўрада — Асобы Закаўказскі к-т, у ліст. 1917 яго змяніў Закаўказскі камісарыят — урад меншавікоў і эсэраў. У лют. 1918 утвораны Закаўказскі сейм, які абвясціў Закаўказзе незалежнай федэратыўнай дэмакр. рэспублікай (у маі 1918 распалася). Меншавікі абвясцілі Грузію незалежнай рэспублікай і ўтварылі ўрад. Але тур. інтэрвенты захапілі Карс, Ардаган, Батум. Паводле дагавора 4.6.1918 паміж Грузіяй і Турцыяй да апошняй адышла значная ч.груз. тэрыторыі. У канцы мая — чэрв. ў Грузію ўступілі ням., у снеж. 1918 — ліп. 1920 — англ. войскі. У лют. 1921 у Грузіі пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзбр. паўстанне. Створаны 16.2.1921 рэўком Грузіі абвясціў яе Сав.Сацыяліст. рэспублікай і звярнуўся за дапамогай да РСФСР. Чырв. Армія і атрады паўстанцаў 25.2.1921 занялі Тыфліс, скінулі ўрад меншавікоў і ўстанавілі сав. ўладу. 16.3.1921 паміж РСФСР і Турцыяй у Маскве заключаны дагавор, паводле якога Турцыя адмовілася ад Батума і паўн.ч. Аджарыі. 30.12.1922 Грузія разам з Азербайджанам і Арменіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 саюзная рэспубліка (Грузінская ССР). 25.2.1922 прынята першая Канстытуцыя Груз. ССР. У 2-й пал. 1980-х г. у Грузіі разгарнуўся шырокі рух за незалежнасць. У крас. 1989 мітынгі і дэманстрацыі ў Тбілісі былі спынены сіламі службы бяспекі. У чэрв. 1989 створаны Нар. фронт Грузіі. У сак. 1990 Вярх. Савет Грузіі выступіў з асуджэннем анексіі рэспублікі ў 1921 Сав. Расіяй і запатрабаваў ад кіраўніцтва СССР пачаць перагаворы пра аднаўленне дзярж. незалежнасці. На парламенцкіх выбарах у кастр. 1990 перамагла кааліцыя апазіцыйных груповак «Круглы стол — Свабодная Грузія» (лідэр З.Гамсахурдыя, з ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета). Парламент абраў Гамсахурдыю прэзідэнтам, у крас. 1991 абвясціў Грузію незалежнай. У маі 1991 Гамсахурдыя выбраны прэзідэнтам на ўсеагульных выбарах. Пасля распаду СССР і ўтварэння СНД (1991) Грузія адмовілася ўвайсці ў склад СНД. У студз. 1992 у выніку вострай унутрыпаліт. барацьбы і незадаволенасці значнай ч. насельніцтва палітыкай прэзідэнта быў сфарміраваны Ваен. савет, які адхіліў ад улады Гамсахурдыю, скасаваў прэзідэнцтва, прыпыніў дзейнасць канстытуцыі, распусціў парламент. У сак. 1992 Ваен. савет аб’явіў аб самароспуску і стварэнні Дзярж. савета на чале з Э.Шэварднадзе. Унутрыпаліт. становішча Грузіі ўскладнілася з-за нявырашанасці нац. праблем; узніклі міжнац. канфлікты з Паўд. Асеціяй, Абхазіяй (гл.Грузіна-абхазскі канфлікт 1990-х г.), туркамі-месхецінцамі. 11.10.1992 выбраны новы парламент і яго старшыня — Шэварднадзе, які паводле Закону аб дзярж. уладзе (прыняты на 3 гады 6.11.1992) з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У 1993 Грузія ўступіла ў СНД. У 1994 прэзідэнтам краіны абраны Шэварднадзе. 5.9.1995 прынята новая канстытуцыя Грузіі, паводле якой прэзідэнцкая ўлада спалучаецца з парламенцкай. Грузія — чл.ААН і АБСЕ з 1992. Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994.
Палітычныя партыі. Дэмакр. саюз Грузіі, партыя анархістаў, Нар. фронт Грузіі, Хрысц.-дэмакр. саюз, Рэсп. партыя, Нац.-дэмакр. партыя, Партыя «зялёных», Дэмакр. партыя і інш., усяго больш за 40 паліт. арг-цый і рухаў.
Гаспадарка. Грузія — індустрыяльна-агр. дзяржава. Валавы нац. прадукт складае 850 дол. на душу насельніцтва за год. Электраэнергет. база — ГЭС на Інгуры, Рыёні, Храмі; Рустаўская ДРЭС, ЦЭЦ у Тбілісі і Ткварчэлі. Вядучыя галіны прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка (станка-, судна-, электравоза-, аўтамабілебудаванне, с.-г. машынабудаванне, электратэхнічнае; асн. цэнтры — Тбілісі, Кутаісі, Руставі, Батумі, Поці); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, хім валокнаў у Руставі); нафтахім. і нафтаперапр. (Тбілісі, Батумі), чорная металургія (Руставі); харчасмакавая (у т. л. чайная, плодакансервавая, вінаробная, эфіраалейная, тытунёвая, разліў мінер. вод); лёгкая (шаўковая ў Тбілісі, Кутаісі і Махарадзе, шарсцяная ў Тбілісі, баваўняная ў Горы і Кабулеты, трыкат., гарбарна-абутковая). Здабыча каменнага вугалю (Ткібулі, Ткварчэлі), марганцавай (Чыятура), меднай (Маднеулі), поліметалічных (Кваісі) руд, барытаў і інш.Прам-сцьбуд. матэрыялаў уключае вытв-сць цэменту (Каспі, Руставі), шыферу, жалезабетонных вырабаў; здабываюць мармур, базальт, вапнякі. Сельская гаспадарка прычарнаморскіх раёнаў спецыялізуецца на зборы чайнага ліста, цытрусавых (мандарыны, апельсіны, лімоны), лаўровага ліста. Ва ўсх. раёнах вядучая роля належыць вінаградарству. Развіта пладаводства. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень). Вырошчваюць сланечнік, эфіраалейныя культуры, цукр. буракі, бульбу, агароднінна-бахчавыя і кармавыя культуры. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Авечкагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Транспарт. Развіты чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 1550 км), аўтамаб. (21,5 тыс.км дарог, з іх 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём). Авіяц. транспарт. Асн. марскія парты — Батумі, Поці. Нафтаправод Баку—Батумі, газаправоды з Паўн. Каўказа і Азербайджана. Шматлікія курорты: прыморскія кліматычныя (Гагра, Піцунда, Новы Афон, Кабулеты), бальнеалагічныя (Цхалтуба, Набеглаві, Саірме), бальнеакліматычныя (Баржомі, Авадхара, Джава), горнакліматычныя (Абастумані, Бакурыяні, Бахмаро). Альпінізм. Турызм. Грузія імпартуе нафту і нафтапрадукты, прыродны газ, жал. руду, машыны і абсталяванне, збожжа. Экспартуе марганец, ферасплавы, прадукты харчасмакавай прам-сці (чай, цытрусавыя, вінаград, віны і інш.). Гал. знешнегандл. партнёры — Расія, Азербайджан, Турцыя. Грашовая адзінка — лары.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На канец 1994 — больш за 10 тыс.чал. (250 тыс. рэзервістаў). У сухап. войсках 10 тыс.чал. У ВПС 200 чал. Прадугледжваецца стварэнне ВМС (кіраўніцтва краіны прэтэндуе на частку караблёў Чарнаморскага флоту б.СССР).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 90 чал., урачамі — 1 на 170 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 23 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грузіі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. У 1996/97 навуч.г. ў Грузіі каля 1300 дашкольных устаноў, больш за 3 тыс.агульнаадук. школ, 110 прафес.-тэхн. вучылішчаў, 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў, больш за 250 ВНУ. Вядучыя ВНУ: Тбіліскі ун-т, Груз. тэхнічны, Груз. агранамічны ун-ты ў Тбілісі, Тбіліскі мед.ун-т, Сухумскі ун-т, Кутаіскі пед.ун-т, Батумскі пед.ун-т, Груз. акадэмія фіз. выхавання і спорту, Груз. ваенная і паліцэйская акадэміі, Тбіліскія акадэмія мастацтваў і кансерваторыя, Тбіліская і Гелацкая духоўныя акадэміі, Батумская марская акадэмія і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка Парламента Грузіі, Б-ка Тбіліскага ун-та, Цэнтр.навук.б-каАН Грузіі, рэсп.дзярж. маладзёжная і дзіцячая б-кі, Галаўная навук.б-ка, навукова-тэхн. б-ка (усе ў Тбілісі), а таксама навук. б-кі ВНУ. Найбольшыя музеі: Дзярж. музей, Музей мастацтваў, Музей Тбілісі, Літ. музей, Музей музыкі, тэатра і кіно, Музей дэкар. і прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя Грузіі, Галерэя сучаснага выяўл. мастацтва, Галерэя дзіцячага малюнка (усе ў Тбілісі), Дзярж. музей Аджарыі ў Батумі і інш.Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН Грузіі, галіновымі акадэміямі, асветнымі навук. і навукова-тэхн. т-вамі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «Сакартвелас рэспубліка» («Рэспубліка Грузія»), «Свободная Грузия», «Іберыя спектр» («Спектр Грузіі»), «Тбилиси», «Вечерний Тбилиси», «Гурджыстан» і інш.Нац.інфарм. агенцтва Грузінфарм. Існуе шэраг незалежных агенцтваў, буйнейшае з якіх «Іпрында» («Палёт»). Радыёвяшчанне на груз., рус., абхазскай, асецінскай і інш. мовах. З 1956 працуе Тбіліскі тэлецэнтр. У 1992 створана Служба груз. тэлебачання і радыёвяшчання. Дзейнічае прыватная тэлекампанія «Ібервізія» («Паказвае Грузія»).
Літаратура. Грузія бярэ вытокі ў стараж. фальклоры. Адзін з найб.стараж.фалькл. помнікаў гераічны эпас «Амірані» — шматварыянтная груз. версія міфа пра Праметэя. Узнікненне стараж.груз. пісьменства звязана з імем цара Парнаваза (3 ст. да н.э.). У раннім сярэдневякоўі былі распаўсюджаны шматлікія паданні, песні, паэмы, звязаныя з гіст. асобамі і падзеямі («Этэрыяні» і інш.). Першы пісьмовы помнік стараж. л-ры Грузіі агіяграфічная аповесць «Пакуты Шушанікі» Я.Цуртавелі (5 ст.). У 5—11 ст.літ. творы мелі пераважна рэліг. характар («Пакуты Або» Іаана Сабанісдзе, «Жыціе Грыгорыя Хандзтэлі» Георгія Мерчулі і інш.). Найб. пашыраны былі агіяграфічныя, гімнаграфічныя і філас.-тэалагічныя жанры (Мікаэл Мадрэкілі, Іаан Мінчхі і інш.). Развіццю навукова-філас., літ. і перакладчыцкай дзейнасці спрыялі груз. калоніі-школы ў Антыёхіі, Іерусаліме, на Афоне (у Грэцыі). У 11—12 ст. ўзнікла свецкая л-ра (ананімныя аповесць «Аміран-Дарэджаніяні», раман «Вісраміяні», творы Масэ Ханэлі, Іаан Шаўтэлі, Саргіса Тмагвелі і інш.). Вяршыня нац. паэзіі 12 ст. — паэма прадвесніка ўсх. Адраджэння Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 13—17 ст. — перыяд заняпаду л-ры Грузіі. У 17 ст. пачаўся працэс адраджэння нац. л-ры (спадчына цароў Тэймураза I, Арчыла II, якія сцвердзілі ў груз. паэзіі прынцып рэалістычна-праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці). У 18 ст. вызначальнай была асветніцкая дзейнасць цара Вахтанга VI (заснавальнік першай друкарні ў Грузіі, выдавец «Евангелля» і «Віцязя ў тыгравай шкуры» — першых друкаваных кніг на груз. мове), пісьменніка Сулхан-Саба Арбеліяні (аўтар зб-каў «Мудрасць выдумкі» і «Падарожжа ў Еўропу», адзін са стваральнікаў груз.літ. мовы), а таксама прасякнутая ідэямі патрыятызму філас. паэзія Л.Гурамішвілі, інтымная лірыка В.Габашвілі. У пач. 19 ст. ідзе аднаўленне нац. л-ры, звязанай з гіст. мінулым краіны, насычанай ідэямі асабістай і нац. свабоды. Пануючым становіцца рамант. кірунак (А.Чаўчавадзе, Г.Арбеліяні, Н.Бараташвілі і інш.). Рэаліст. кірунак (2-я пал. 19 ст.) выявіўся ў творчасці заснавальніка нац. тэатра і нац. драматургіі камедыёграфа Г.Эрыставі, у прозе Д.Чанкадзе. Новым этапам сцвярджэння л-ры рэалізму сталі творы, скіраваныя на адлюстраванне сац.-паліт., грамадскага і духоўнага жыцця народа, на абуджэнне нац. самасвядомасці (І.Чаўчавадзе, А.Цэрэтэлі, А.Пурцаладзе, А.Казбегі, Важа Пшавела). У гады ўздыму рэв. руху, на мяжы стагоддзяў гал. месца ў л-ры Грузіі займалі праблемы класавай барацьбы і сац. пераўтварэнняў (гіст. раманы Э.Нінашвілі, В.Барноў, Ш.Арагвіспірэлі, Д.Клдыяшвілі). Падзеі рэвалюцыі 1905—07 у часткі інтэлігенцыі выклікалі настроі расчаравання і безнадзейнасці (творы прадстаўнікоў т.зв. «дэмакратычнай паэзіі» І.Еўдашвілі, Н.Чхіквадзе, А.Абашэлі і інш.). Л-ра Грузіі пач. 20 ст. развівалася пад уплывам еўрап. л-ры. З’явіліся шматлікія новыя плыні — сімвалізм, футурызм, дадаізм (П.Яшвілі, В.Гапрындашвілі і інш.). Рэаліст. традыцыі ў нац. л-ры працягвалі Ч.Ламтатыдзе, Ш.Дадыяні, Н.Лордкіпанідзе, Л.Кіячэлі, С.Эулі і інш. У 1930-я г. ў л-ры Грузіі замацаваўся сацыяліст. рэалізм (у паэзіі — І.Абашыдзе, Г.Табідзе, Г.Абашыдзе, С.Чыкавані, у прозе — Дадыяні, Д.Шэнгелая, М.Джавахішвілі, К.Лордкіпанідзе, у драматургіі — Дадыяні, С.Шаншыяшвілі, П.Какабадзе, І.Вакелі). Пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон (гіст. раманы і аповесці К.Гамсахурдыі, Шангелая, А.Кутатэлі, І.Лісашвілі, Б.Чхеідзе, Д.Суліяшвілі). У Вял.Айч. вайну развівалася патрыят. лірыка (І.Абашыдзе, К.Каладзе, Х.Берулава, А.Мірцхулава, Г.Леанідзе), эпічная паэзія (Г.Абашыдзе, Чыкавані), гіст. драматургія Шаншыяшвілі, Л.Гатуа, Вакелі, Г.Хухашвілі і інш.). У пасляваеннай груз. л-ры плённа працавалі празаікі (Гамсахурдыя, А.Беліяшвілі, А.Чыладзе, Н.Думбадзе, Р.Джапарыдзе, Р.Інанішвілі, Ц.Данжашвілі, М.Мрэўлішвілі, Г.Панджыкідзе), паэты (Р.Маргіяні, Ц.Джангулашвілі, І.Нанешвілі, Г.Каландадзе, М.Мачаварыяні, А.Чэлідзе, Ш.Нішніянідзе), драматургі (М.Бараташвілі, К.Буачыдзе, І.Масашвілі і інш.). Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду арганічна звязана з сучаснасцю, культурна-гіст. традыцыямі народа (Ч.Амірэджыбі, Дж.Чарквіяні, Т.Чантурыя, М.Квлівідзе, Т.Чыладзе, А.Сулакауры і інш.). У 1970-я г. прыйшло новае пакаленне паэтаў (Б.Харанаулі, Л.Стуруа, Д.Мчэдлуры), празаікаў (Н.Шатаідзе, Г.Дачанашвілі, Дж.Карчхадзе), драматургаў (Ш.Шаманадзе, Л.Табукашвілі) і інш. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Н.Накашыдзе, Р.Коркія), літаратуразнаўства (Г.Джыбладзе, С.Чылая, Б.Жгенці, Дж.Гвінджылія, К.Кекелідзе, Г.Леанідзе, Г.Асацыяні, Г.Гачэчыладзе і інш.).
Творчыя бел.-груз. ўзаемакантакты зарадзіліся на пач. 1930-х г. У груз.перыяд. друку публікаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, А.Дудара, М.Хведаровіча, у бел. — творы Г.Табідзе, Т.Табідзе, Эулі, К.Лордкіпанідзе, Масашвілі, класікаў груз. л-ры Н.Бараташвілі, І.Чаўчавадзе, Важа Пшавелы, Цэрэтэлі. Умацаванню бел.-груз. сувязей спрыяла святкаванне 750-годдзя паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» ў 1937 у Грузіі і на Беларусі. Жыццю груз. народа прысвечаны раман Э.Самуйлёнка «Будучыня» (1938). Папулярызацыі груз. л-ры на Беларусі садзейнічала перакладчыцкая дзейнасць Я.Купалы, П.Броўкі, А.Звонака, Хведаровіча і інш. У 1950—80-я г. актывізаваліся творчыя кантакты, перакладчыцкая дзейнасць. На груз. мове былі выдадзены кнігі «Выбранае» Я.Купалы (1955), «Беларускія апавяданні» (1961), «Беларуская савецкая паэзія» (1967), «Беларускія савецкія паэты» (1978), «Шчаслівы дзень» (1983). На бел. мове выйшлі кнігі «Грузінскія казкі» (1962), зб-кі апавяданняў «Твае грузінскія сябры» (1964), «Горны вадаспад» (1967), «Анталогія грузінскай паэзіі» (т. 1—2, 1989), творы Кутатэлі, М.Гелавані, Руставелі, у перыяд. друку змяшчаліся пераклады Бараташвілі, Гурамішвілі, Д.Квіцарыдзе, Кутатэлі, Леанідзе, М.Лебанідзе, Масашвілі, Сулакауры, Чыкавані і інш. На бел. мову творы груз. пісьменнікаў перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Х.Жычка, І.Калеснік, К.Камейша, У.Караткевіч, Г.Кляўко, П.Прыходзька, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.
Архітэктура. Самыя стараж. збудаванні Грузіі датуюцца энеалітам (паселішчы Шулаверыс-гара, Імірыс-гара). Да эпохі бронзы і ранняга жалеза належаць паселішча Нацар-гара, курганы Трыялеты, Самгоры, дальмены ў Абхазіі. Ад перыяду стараж.дзярж. утварэнняў (канец 1-га тыс. да н.э. — 1 ст.н.э.) захаваліся акропаль, крэпасць і пабудовы Мцхеты, гарадзішча Вані. З прыняццем хрысціянства і развіццём феад. адносін (1-я пал. 4 ст.) будаваліся гарады з мурамі, палацамі і жылымі кварталамі (Уджарма, Тбілісі). Шэраг цэркваў вар’іруе прыўнесеную форму базілікі (Балніскі Сіён ва Урбнісі, Тбілісі, Вазісубані), храмы цэнтрычна-купальнага тыпу (Джвары, Атэнскі Сіён, Шуамта), круглыя купальныя храмы Цромі і інш. (усе 6—7 ст.). Тагачаснай архітэктуры ўласцівы аскетызм стылю, дэтальная пластычная распрацоўка фасадаў, аркі, скляпенні і інш. Пасля заняпаду ў сувязі з араб. заваяваннем буд-ва вялося ў самаст.груз. княствах і царствах (Тао-Кларджэты, Абхазія, Кахеты). У ліку тагачасных помнікаў саборы ў Самшвілдэ, Цырколі, Гурджаані, манастыры ў Паўд. Грузіі і інш. У сярэдзіне 10 — пач. 14 ст.груз. архітэктура дасягае росквіту. Выкрышталізоўваецца тып прамавугольнага ў плане крыжова-купальнага храма з высокім барабанам, накрытым шатром, у кампазіцыі дамінуе вертыкалізм: цэрквы ў Кумурда (964), прав. Ошкі (958—бі), Светыцкавелі, Алаверды, храм Самтавісі (11 ст., арх. Іларыён Самтаўнелі), Гелацкі манастыр, пячорныя манастыры Давід Гарэджа, Вардзія і інш. У пабудовах 14—18 ст. захоўваліся традыц. формы арх. кампазіцыі і дэкору. З пач. 19 ст. імі ўзбагачаецца стылістыка класіцызму (сял. дамы тыпу «дарбазі», «одасахлі»: драўляны на каменным цокалі прамавугольны ў плане дом з некалькіх пакояў з балконам па ўсім фасадзе — у Зах. Грузіі, дамы-вежы ў горных раёнах. З 2-й пал. 19 ст. ў гар. архітэктуры пануе эклектызм. Пабудовы пач. 20 ст. ўпрыгожваліся нац.арх. матывамі: Грузінскі дваранскі земскі банк (1912—16, арх. А.Кальгін) у Тбілісі. У 1920—30-я г. ствараюцца будынкі ў духу канструктывізму і неакласіцызму з уключэннем матываў стараж. Грузіі: Зема-Аўчальская ГЭС каля Мцхеты (1927, арх. Кальгін, М.Мачаварыяні, К.Лявонцьеў), фасад Музея Грузіі (1927—29, арх. М.Севераў), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.Курдыяні), Дом урада (1938—53, арх. В.Какорын, Г.Лежава) — усе ў Тбілісі. У апошнія дзесяцігоддзі ствараюцца новыя арх. формы і выкарыстоўваюцца аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыйныя рашэнні: Палац спорту (1961, арх. У.Алексі-Месхішвілі, Ю.Касрадзе), гасцініца «Іверыя» (1967, арх. А.Каландарышвілі, І.Цхамелідзе), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.Джарбенадзе і інш.) — усе ў Тбілісі; т-ры ў Кутаісі, Чыятуры, Сухумі; санаторыі ў Цхалтуба, Гагры, Піцундзе і інш. У 1934 засн. Саюз архітэктараў Грузіі.
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва — маст. вырабы з металу і арнаментаваная кераміка — адносяцца да энеаліту. Ад рабаўладальніцкага перыяду захаваліся пахаванні з залатымі ўпрыгожаннямі з гранатамі, камеямі ў мясц. традыцыях, а таксама прывазны посуд, шкло, кераміка («Ахалгарыйскі скарб», 5 ст. да н.э. і інш.). Пасля прыняцця хрысціянства ў мастацтва Грузіі з цэнтраў хрысц. Усходу пранікаюць новыя формы, перапрацоўваючы якія груз. мастакі стварылі ўласную маст. школу. У сярэднія вякі пашырана дэкар. скульптура (рэльефы Джвары, 7 ст., Апізы, 9 ст., Кумурда і Ошкі, 10 ст., Светыцхавелі; разьба на алтарных апсідах з Сафары, Хоўле, 11 ст.), манум. жывапіс (размалёўкі ў Атэні, Вардзіі, Кінцвісі, у цэрквах Сванетыі, мазаіка гал. храма Гелацкага манастыра), мініяцюра (1-е і 2-е Джруцкія евангеллі, 940 і 12 ст., Моквійскае евангелле, 1300), чаканка па метале (абразы «Праабражэнне», 9 ст., і «Замілаванне», 11 ст., залатыя крыжы з Брылі і Брэты, чаша з Бедыі — 10 ст., Хахульскі складзень, творы Бекі і Бешкена Апізары, 12 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва сярэдневякоўя прадстаўлена перагародчатай эмаллю, размаляванай керамікай, вышыўкай па шоўку і аксаміце, чаканкай па метале. З 19 ст. мастацтва арыентуецца на зах.-еўрап. і рус. культуры. Зараджаецца і развіваецца станковы жывапіс, пераважна партрэт (Г.Майсурадзе), быт. жанр, які дамінаваў у творчасці мастакоў рэаліст. кірунку (А.Берыдзе, Г.Габашвілі, Р.Гвелесіяні, А.Мрэўлішвілі, М.Таідзе). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся творы заснавальніка сучаснай груз. скульптуры Я.Нікаладзе і мастака-прымітывіста Н.Пірасманішвілі. У жывапісе 1920—30-х г. развіты пейзаж А.Ахвледыяні, У.Джапарыдзе, Д.Какабадзе, А.Цымакурыдзе), партрэт (К.Магалашвілі), з’явіліся тэмы індустрыялізацыі, пераўтварэння вёскі; легендарна-фантаст. сюжэты распрацоўваў Л.Гудыяшвілі. У 1930-я г. дамінуе гіст.-рэв. тэматыка (Джапарыдзе, А.Кутатэладзе, В.Сідамон-Эрыставі, І. і М.Таідзе). Паспяхова развіваецца кніжная (У.Грыголія, І.Шарлемань) і станковая (Д. і В.Кутатэладзе) графіка. Ілюстрацыі ствараюць Т.Абакелія, Гудыяшвілі, С.Кабуладзе, І.Таідзе, да дзіцячых кніг — І.Габашвілі. У скульптуры вядучым быў партрэт (М.Кандэлакі, Нікаладзе, Н.Цэрэтэлі); развівалася манум. скульптура (С.Какабадзе, К.Мерабішвілі, Ш.Мікатадзе, Р.Тавадзе, В.Тапурыдзе), у т. л. сюжэтны рэльеф (Абакелія, Г.Сесіяшвілі). Сярод тэатр. мастакоў: А.Ахвледыяні, П.Ацхелі, С.Вірсаладзе, І.Гамрэкелі, Кабуладзе, Д.Какабадзе, В.Сідамон-Эрыставі. У 2-ю сусв. вайну пашырана агітацыйная графіка, асабліва плакат (І.Таідзе). У апошнія дзесяцігоддзі працуюць: у галіне тэматычнай карціны — Г.Гелавані, К.Махарадзе, Г.Таідзе, У.Татыбадзе, Д.Хахуташвілі; партрэтысты Э.Каландадзе, З.Ніжарадзе, Н.Янкашвілі; у манум. жывапісе — Б.Бердзенішвілі, Р.Стуруа, З.Цэрэтэлі; у графіцы — А.Бандзеладзе, Грыголія, П.Гучмазац, Г.Мірзашвілі, Д.Нодыя, Р.Тархан-Маўраві; тэатр. мастакі П.Лапіяшвілі, Д.Тавадзе; у манум. скульптуры — М.Бердзенішвілі, Г.Каладзе, Г.Кардзахія, Мерабішвілі, Г.Ачыяуры; у станковай і дэкар. пластыцы — Б.Авалішвілі, Ц.Асатыяні і інш. Адраджаецца чаканка па метале (Г.Габашвілі, І.Ачыяуры), кераміка (А.Какабадзе, З.Майсурадзе). У 1933 засн. Саюз мастакоў Грузіі.
Музыка. Раннія звесткі пра груз.нар. вакальную і інстр. музыку адносяцца да 8 ст. да н.э.Нар. песні вылучаюцца шматгалоссем, разнастайнасцю дыялектаў. Пашырана традыцыя 3- і 4-галосага мужчынскага спявання; сустракаюцца і сольныя 1-галосыя спевы, часам з інстр. суправаджэннем. Бытуюць працоўныя, абрадавыя, застольныя, танц. і інш. песні. У аснове музыкі Грузіі дыятанічныя лады, пераменная метрыка; у сольных партыях складаная рытміка. Сярод інструментаў: струнна-смычковыя (чыянуры, чуніры), струнна-шчыпковыя (чангі, чонгуры, пандуры), духавыя (саінары, саламуры, най, чыбоні, ствіры), ударныя (долі, таблакі). Гар.муз. фальклор (17—19 ст.) уключае вак. творы аднагалосыя, меладычна развітыя, з элементамі імправізацыі, з інстр. суправаджэннем (т.зв. песні старога Тбілісі), што склаліся на аснове муз.-паэт. творчасці паэтаў-спевакоў і ашугскай традыцыі (гл.Ашуг), а таксама 3-галосыя песні з гітарным суправаджэннем і інш. Пасля прыняцця хрысціянства (337) пачала фарміравацца груз.царк. музыка. Сярод яе майстроў манах і кампазітар М.Мадрэкілі (10 ст.). У 12 ст. паявіліся шматлікія хар. і інстр. ансамблі, расквітнела выканальніцтва. З муз. дзеячаў 17—18 ст. С.Арбеліяні (абнародаваў груз.муз. тэрміны), І.Багратыёні (аўтар муз. граматы асобай сістэмы). Пасля далучэння Грузіі да Расіі пачалося збліжэнне груз. музыкі з еўрапейскай. У 1830-я г. ствараліся літ.-муз. салоны, развівалася хатняе музіцыраванне. У Тыфлісе адкрыты оперны т-р (1851), дзе ставіліся італьян., пазней і рус. оперы, наладжваліся сімф. і камерныя канцэрты; муз. школа Каўказскага муз.т-ва (1871), муз. класы, арганізаваныя Х.Саванелі і А.Мізандары (з 1917 кансерваторыя). З 1860-х г. збіраюцца і публікуюцца нар. песні, у 1885 створаны этнагр. хор Л.Агніяшвілі. У пач. 20 ст. арганізаваны Груз. філарманічнае т-ва (1905), груз. оперная студыя (1919), развіваецца хар. музыка (М.Сулханішвілі), ствараюцца нац. оперы (З.Паліяшвілі, Дз.Аракішвілі, М.Баланчывадзе, В.Далідзе). У сав. перыяд груз. музыка ўзбагацілася жанрамі сімфоніі, сімф. паэмы, кантаты, араторыі, балета, аперэты, мюзікла, інстр. канцэрта, квартэта, у якіх працуюць кампазітары В.Азарашвілі, А.Андрыяшвілі, К.Баланчывадзе, Р.Габічвадзе, Н.Габунія, А.Гардэлі, Г.Канчэлі, І.Каргарэтэлі, Б.Квернадзе, А.Керэселідзе, Р.Кіладзе, Р.Лагідзе, К.Мачаварыяні, Ш.Міларава, Ш.Мшвелідзе, С.Насідзе, А.Тактакішвілі, Ш.Тактакішвілі, Д.Тарадзе, С.Цынцадзе, А.Чымакадзе, А.Шаверзашвілі і інш. Створаны дзіцячыя оперы (А.Букія, В.Гакіелі, М.Давіташвілі). У сферы эстр., тэатр. і кінамузыкі вылучыліся Азарашвілі, Габічвадзе, Н.Гігауры, Канчэлі, Квернадзе, М.Парцхаладзе, Тарадзе, Г.Цабадзе і інш. Праблемы муз. навукі распрацоўвалі Аракішвілі, Г.Арджанікідзе, Ш.Асланішвілі, В.Гвахарыя, У.Данадзе, Г.Тарадзе, П.Хучуа, А.Цулукідзе, Р.Чхіквадзе і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Дымітрыядзі, Дж.Кахідзе, І.Паліяшвілі, Я.Мікеладзе; спевакі В.Сараджышвілі. В.Бахуташвілі-Шульгіна, А.Інашвілі, М.Аміранашвілі, П.Аміранашвілі, Д.Андгуладзе, З.Анджапарыдзе, Н.Брэгвадзе, З.Саткілава, Ц.Татышвілі, Л.Чконія; піяністы А.Вірсаладзе, А.Тулашвілі, Э.Вірсаладзе, Э.Анджапарыдзе; скрыпачы Л.Ісакадзе, М. і Н.Яшвілі. У Грузіі працуюць (1997): Груз.т-р оперы і балета (з 1851, Тбілісі), Т-рмуз. камедыі (1934); Дзярж.сімф. аркестр (1933), сімф. Аркестр Груз. тэлебачання і радыё, Дзярж. камерны аркестр Грузіі, Дзярж.эстр. аркестр «Рэра»; пры груз. філармоніі — хар. капэла, 3 ансамблі песні і танца, Ансамбль нар. танца, эстр. аркестр, вак.-інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (1932); кансерваторыя (1917), муз. вучылішчы і муз. школы.
Тэатр. Вытокі груз.т-ра ў стараж. імправізацыйным нар. т-ры масак (берыкаоба), масавых карнавальных святах (кееноба), сярэдневяковым палацавым т-ры (сахіоба). У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі школьныя т-ры ў Тбілісі і Тэлаві. Першы свецкі т-р існаваў у 1790—95 пад кіраўніцтвам Г.Авалішвілі. У 1-й пал. 19 ст.асн. формай тэатр. жыцця былі аматарскія гурткі. У 1845 створаны рус.драм. т-р.Груз.прафес.т-рзасн. ў 1850 Г.Эрыставі (у 1856 закрыты). У 1879 груз. пісьменнікі І.Чаўчавадзе і А.Цэрэтэлі зноў стварылі прафес. т-ры ў Тбілісі і Кутаісі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі нар. т-ры ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Вял. значэнне для развіцця тэатр. мастацтва мела дзейнасць К.Марджанішвілі і А.Ахметэлі. Працуюць вядучыя т-ры: імя Ш.Руставелі (засн. ў 1921), імя Марджанішвілі (засн. ў 1928 у Кутаісі), Рус.драм.т-р імя А.Грыбаедава (засн. ў 1932; усе ў Тбілісі), імя Л.Месхішвілі (Кутаісі), імя Чаўчавадзе (Батумі), а таксама т-ры ў Сухумі, Поці, Цхінвалі і інш. Сярод найб. вядомых дзеячаў груз.т-ра: рэжысёры Р.Стуруа, Т.Чхеідзе, Л.Мірцхулава, Г.Жарданія; акцёры Р.Чхіквадзе, С.Чыяўрэлі, К.Каўсадзе, І.Гігашвілі. У 1939 у Тбілісі адкрыты Дзярж.тэатр.ін-т імя Ш.Руставелі. У 1945 засн.тэатр.т-ва. На груз. сцэне ставіліся бел. п’есы «Гута» Р.Кобеца, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і інш.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі адбыліся ў 1908—10. У 1921 у Тбілісі засн. трэст «Дзяржкінапрам» (з 1953 кінастудыя «Грузія-фільм»), Значную ролю ў станаўленні кіно Грузіі адыгралі рэжысёры А.Цуцунава, А.Бек-Назараў, З.Берышвілі, К.Марджанішвілі, І.Перэстыяні, М.Шэнгелая. Этапным быў фільм М.Калатозава «Соль Сванетыі» (1930). У 1930-я г. вядучай была гіст.-рэв. тэматыка. У Айч. вайну створаны стужкі «У Чорных гарах» (1941, Шэнгелая), «Мост» (1942, К.Піпінашвілі), гіст. эпапея «Георгій Саакадзе» (1942—43, М.Чыяўрэлі). У 1950—70-я г. разам з фільмамі вядомых рэжысёраў («Страказа», 1954, С.Далідзе; «Яны спусціліся з гор», 1955, М.Санішвілі) з’явіліся стужкі маладых кінематаграфістаў, майстэрства якіх у 1980-я г. дасягнула сусв. ўзроўню. Сярод іх: Р.Чхеідзе («Бацька салдата», 1965; «Саджанцы», 1973; «Твой сын, зямля», 1981), Т.Абуладзе («Чужыя дзеці», 1958; «Я, бабуся, Іліко і Іларыён», 1963; трылогія «Мальба», 1968, «Дрэва жадання», 1972, «Пакаянне», 1987; Ленінская прэмія 1988), А.Іаселіяні («Лістапад», 1968; «Жыў пеўчы дрозд», 1971; «Пастараль», 1976; «І стане святло», 1989), А.Рэхвіяшвілі («Грузінская хроніка XIX века», 1979; «Шлях дадому», 1982). У 1990-я г. ў фільмах груз. кінематаграфістаў узмацніўся драматызм у адлюстраванні рэчаіснасці: «Сонца няспячых» (1991, П.Баблуяні), «Дуру» (1995, В.Гіоргабіяні), «Могілкі» (1996, Г.Хайндрава) і інш. Значная з’ява ў кінамастацтве Грузіі — яркія па форме і думцы кароткаметражныя фільмы. З 1928 здымаюцца дакумент., з 1930-х г. — маляваныя і лялечныя фільмы. У 1957 створаны Саюз кінематаграфістаў Грузіі. З 1974 у Дзярж.тэатр. ін-це імя Ш.Руставелі працуе кінафакультэт.
Літ.:
Вахушти Багратиони. История царства Грузинского: Пер. с груз. Тбилиси, 1976;
Страницы из истории Грузии. Тбилиси, 1965;
Меликишвили Г.А. К истории древней Грузии. Тбилиси, 1959;
Грузия: Краткий ист. очерк. Тбилиси, 1966;
Ментешашвили А. Грузинская демократическая республика (1918—1921 гг.) и западные державы // Вопр. истории. 1996. №9;
История грузинской советской литературы. Тбилиси, 1977;
Кекелидзе С.А. Грузино-белорусские литературные взаимосвязи. М., 1979;
Амиранашвили Ш.Я. История грузинского искусства. М., 1963;
Беридзе В. Грузинская архитектура с древнейших времен до начала XX в. Тбилиси, 1967;
Беридзе В., Езерская Н. Искусство Советской Грузии, 1921—1970. М., 1975;
Джанберидзе Н.Ш., Цицишвили И.Н. Архитектура Грузии от истоков до наших дней. М., 1976;
Чхиквадзе Г. Основные типы грузинского народного многоголосья. М., 1964;
История музыки народов СССР. Т. 1—5, ч. 2. 2 изд. М., 1970—74;
Донадзе В.Г. Очерки по истории грузинской советской музыки. Ч. 1. Тбилиси, 1975;
Орджоникидзе Г.Ш. Проблемы восходящего пути. Тбилиси, 1978.
Герб і сцяг Грузіі.Грузія. Выхад нарзанавых мінеральных вод паблізу Крыжавога перавалу.Грузія. Карставая пячора. Сатаплійскі запаведнік.Да арт.Грузія. Сабор Светыцхавелі ў Мцхеце. Арх. Арсукісдзе. 1010—29.Грузія. Будынак філармоніі ў Тбілісі.Да арт.Грузія. Замак-крэпасць Анануры.Да арт.Грузія. Рэстаран «Арагві» ў Тбілісі.Да арт.Грузія. Манумент у гонар 300 арагвійскіх герояў. 1961. Арх. і скульпт. А.Бакрадзе.Да арт.Грузія. Невядомы мастак. Партрэт царэвіча Аляксандра Арчылавіча. 1696.Да арт.Грузія. Н.Пірасманішвілі. Сялянка з дзецьмі ідзе па ваду.Да арт.Грузія. І.Таідзе. Радзіма-Маці кліча! 1941.Да арт.Грузія. К.Гурулі. Маці ўрадлівасці. Чаканка. 1968.Да арт.Грузія. Р.Стуруа. Партрэт А.Чаўчавадзе. 1970-я г.Да арт.Грузія. П.Гучмазац. Маці семярых загінуўшых. З серыі «Асеція». Лінагравюра. 1975.Да арт.Грузія. Майстар Э.Панцулія. Кінжал.Да арт.Грузія. Жаночая кашуля. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́МБІЯ (Colombia),
Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗПаўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс.км². Нас. 37418 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.
Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах.ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх.ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.
Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс.м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс.м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн.чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.С.Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз.т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.
У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал.партыз. арг-цыі: Рэв.ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал.партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.
Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд.дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля 3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн.т нафты і каля 5 млрд.м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн.т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс.т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд.кВтгадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн.т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім.прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс.т цукру і 1510 млн.л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн.т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф.прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс.га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс.т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс.т какавы, каля 1,7 млн.т бананаў, 23 тыс.т тытуню, 0,3 млн.т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас.р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс.т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс.т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс.км (у т. л. 12,6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс.км, нафтаправодаў 2,5 тыс.км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн.дол., імпарт 13 853 млн.дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст.Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.Ж.Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.Х.Ортыса, Х.Арбаледы, Х.Э.Кара, Р.Помба, Х.Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.М.Сампер, Х.М.Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.Сільва, Г.Валенсія, Х.М.Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.Мая. Сац. раман Х.Э.Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.Урыве П’едраіта, Х.А.Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.К.Лопес, П.Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.Рэстрэпа Харамільё, А.Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.
Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.Кастра Сааведры, М.Сепеду Варгасу, Ф.Арбелаэсу, Э.Эскабару, празаікам Д.Руісу Гомесу, А.Дуке Лопесу, Р.Э.Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.Шэрман, С.Шупа, В.Тарас.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс.н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл.буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.Н.Гомес Агудэла, Х.Р.Мантэра, Г.Серана Камарга, М.Г.Салана, Ф.Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.Х.Фігероа, Х.М.Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.Гарай, Р.Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст.быт. жанру і партрэта (М.Дыяс Варгас, Э.Мартынес, скульпт. Х.А.Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.А.Акуньі, А.Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.Абрэгон, Э.Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.
Літ.:
Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Л.Лапін (літаратура).
Герб і сцяг Калумбіі.Да арт.Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.Да арт.Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.Да арт.Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.Да арт.Калумбія. Від горада Баранкілья.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная,
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),
Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак.Пл. 923,8 тыс.км². Нас. 113,8 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г.Абуджа; былая сталіца і гал.эканам. цэнтр — г.Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).
Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.
Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд.т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал.р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.
Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн.чал.Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн.чал.) і ігба (каля 21 млн.чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн.чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн.чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс.чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.
Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. У канцы 1-га тыс.н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс.н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.Маколей стварыў першую афр.паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн.нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.Авалова.
1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.Т.Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.У.Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх.вобл. А.Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн.чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.Ш.Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар.дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат.адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.
Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн.т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд.кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс.т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст.прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн.т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн.т за год) і Алоджы (1 млн.т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс.т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс.т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн.га, пад пашай каля 40 млн.га, арашаецца каля 1 млн.га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн.т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах.ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс.т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс.т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс.т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс.км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд.дол., імпарт — 9,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал.гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.Асадэбай) і драматургія (Х.Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.Нзекву, Э.Амадзі, Т.Алука, О.Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.Аматоса, О.Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.П.Кларк, К.Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.
Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст.н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап.акад. кірунку А.Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.Ідэхен, Ф.Ідубар, Д.Нвока, І.Ае, Б.Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.Грыло, Дж.Акола, А.Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.Агундэле, Дж.Бураймах, Б.Анабракпае і інш., мазаікі — І.Адэемі, дызайну — А.Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.
Літ.:
История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;
Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ.М., 1984;
Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;
Современные литературы Африки. М., 1973.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура).
Герб і сцяг Нігерыі.Да арт.Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.Да арт.Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.Да арт.Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛІЯ (Italia),
Італьянская Рэспубліка (Repubblica Italiana), дзяржава на Пд Еўропы, у цэнтр.ч. Міжземнамор’я. Займае паўд. схілы Альпаў, Паданскую раўніну, Апенінскі п-аў, а-вы Сіцылія, Сардзінія і шэраг дробных астравоў. Мяжуе на З з Францыяй, на Пн з Швейцарыяй, Аўстрыяй, на У са Славеніяй. Абмываецца Лігурыйскім, Тырэнскім, Іанічным і Адрыятычным морамі. Пл. 301,2 тыс.км². Нас, 57534,1 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Рым. У межах І. 2 дзяржавы — Ватыкан і Сан-Марына. Падзяляецца на 20 адм. абласцей: П’емонт, Вале-д’Аоста, Ламбардыя, Трэнціна-Альта-Адыджэ, Венецыя, Фрыулі-Венецыя-Джулія, Лігурыя, Эмілія-Раманья, Таскана, Умбрыя, Марке, Лацыо, Абруцы, Малізе, Кампанія, Апулія, Базіліката, Калабрыя, а-вы Сіцылія і Сардзінія. Вобласці аб’ядноўваюць 94 правінцыі. Дзярж. мова — італьянская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (першая нядзеля чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1947. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сумесным пасяджэнні палат парламента з удзелам дэлегатаў ад усіх абласцей. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны парламент, складаецца з палаты дэпутатаў (630 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і сената (315 сенатараў, з якіх 310 выбірае насельніцтва, а 5 назначае прэзідэнт); агульны тэрмін іх паўнамоцтваў 6 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду — Савету міністраў, які назначаецца прэзідэнтам і нясе адказнасць перад парламентам. 5 абласцей маюць спец.аўт. статус; інш. вобласці, правінцыі і камуны маюць выбарныя органы мясц. самакіравання (правінцыяльныя і камунальныя саветы), апрача таго, цэнтр. ўлада назначае ў вобласці камісараў, а ў правінцыі — прэфектаў. Канстытуцыйны нагляд ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.
Прырода. Горы і ўзвышшы займаюць каля 80% тэр. краіны. На Пн — Альпы з высакагорным расчлянёным рэльефам; найб.выш. да 4807 м (г. Манблан). На ПнУ горы складзены з вапнякоў, развіты карст. Большую ч. Апенінскага п-ва займаюць горы Апеніны (выш. да 2914 м, г. Корна). На Пд — дзеючыя (Этна, Везувій, Стромбалі) і патухлыя вулканы, лававыя плато. Характэрна высокая сейсмічнасць. Нізіны пашыраны ўздоўж марскіх узбярэжжаў і па далінах рэк. Найб. — Паданская раўніна, складзеная з алювіяльных наносаў, месцамі забалочаная. Горны рэльеф пераважае і на астравах. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль (Сардзінія, Таскана), нафта і прыродны газ (Паданская раўніна, в-аў Сіцылія, шэльф Адрыятычнага м.), жал. (Аоста, в-аў Эльба), поліметал. (в-аў Сардзінія, Усх. Альпы), марганцавыя (Лігурыя), сурмяныя (Сардзінія) руды, пірыты (Таскана), баксіты (Апулія), сера, каменная і калійная солі (Сіцылія). Па запасах ртутнай руды І. займае адно з першых месцаў у свеце (Таскана). Буд. матэрыялы (мармур, граніт, туф). Клімат на б.ч. тэрыторыі субтрапічны міжземнаморскі, на Паданскай раўніне пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Лета гарачае і сухое. Сярэдняя т-рачэрв. ад 20 да 28 °C, пры гарачым паветры з Афрыкі (сірока) павышаецца да 35—40 °C. Зіма мяккая, сярэдняя т-растудз. на Паданскай раўніне каля 0 °C, на Апенінскім п-ве і астравах да 12 °C, у Альпах да -15—20 °C. Ападкаў на наветраных схілах гор больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах і на ўсх. схілах 600—1000 мм, на Пд каля 500 мм за год. Вяршыні гор укрыты ледавікамі і снежнікамі. Рачная сетка густая толькі ў Альпах і на Паданскай раўніне. Рэкі Паўн. І. (По, Адыджэ, П’яве) багаты гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння. На Апенінскім п-ве рэкі невял. і малаводныя. У Альпах шмат азёр, пераважна ледавіковага паходжання (Гарда, Лага-Маджорэ, Кома). Глебы ў Альпах горна-лугавыя і горна-лясныя, на Паданскай раўніне бурыя лясныя і алювіяльныя, на плато перадгор’яў Апенінаў і в-ве Сардзінія перагнойна-карбанатныя, у прыморскай зоне Апенінскага п-ва і в-ва Сіцылія карычневыя. У раслінным покрыве пераважаюць культ. ландшафты. Пад лесам і хмызняком каля 25% тэрыторыі, пераважна ў гарах. У складзе жывёльнага свету мядзведзь, воўк, ліс, казуля. Мноства птушак, паўзуноў. Нац. паркі: Стэльвіо, Гран-Парадыза, Абруца, Калабрыя, Чырчэа і інш., шмат рэзерватаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Па колькасці жыхароў І. займае 5-е месца ў Еўропе. 94% італьянцаў, жывуць фрыулы, цірольцы, французы, албанцы, славенцы, грэкі і інш. У І. каля 920 тыс.чал. замежных працоўных з краін Усх. Еўропы, Афрыкі, Філіпін. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты, іудзеі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 191 чал. на 1 км, у высокаурбанізаваных абласцях на Пн (Ламбардыя, Лігурыя) і прамысл. зонах Неапаля, Рыма да 400 чал. на 1 км, у горных і с.-г. раёнах і на в-ве Сардзінія каля 40—70 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 67%. Найб. гарады (тыс.чал.): Мілан — 4251, Неапаль — 3012, Рым — 2688, Турын — 1294 (1997), Палерма — 695, Генуя — 660, Балоння — 395, Фларэнцыя — 393, Бары — 339, Катанія — 327, Венецыя — 306 (1993). У прам-сці заняты 32%, у сельскай гаспадарцы — 10% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. І. заселена ў эпоху палеаліту. Найб.стараж. з вядомых тут плямён былі лігурны, сіканы, этрускі. У 2—1-м тыс. да н.э. на б.ч. Апенінскага п-ва рассяліліся плямёны італікаў, сярод якіх найб. развітымі былі лаціны. У 753 да н.э. (паводле традыцыі) лаціны і сабіны заснавалі г.Рым, які заваяваў увесь паўвостраў, і да 5 ст.н.э. І. ўваходзіла ў склад рабаўладальніцкай Рымскай імперыі (гл.Рым Старажытны). У 4—5 ст. пачалося нашэсце ў І. германскіх і інш. варварскіх плямён (гл.Вялікае перасяленне народаў). У 410 Рым захапілі вестготы, у 455 яго разграмілі вандалы. У 476 перастала існаваць Зах.Рым. імперыя і засн. варварскае каралеўства на чале з Адаакрам (476—493).
У 493—554 існавала і каралеўства остготаў на чале з Тэадорыхам. 3535 пачалася экспансія Візантыі, войскі якой у 554 заваявалі большую частку І. У 568 Пд І. захапілі лангабарды. За частку І., што заставалася пад уладай Візантыі, змагаліся лангабарды і франкі. У 756 землі ў Сярэдняй І. захапіў франкскі кароль Піпін Кароткі, які перадаў уладу над імі папу Стэфану II; у выніку ўзнікла тэакратычная дзяржава пап (гл.Папская вобласць). У 774 каралеўства лангабардаў заваяваў Карл Вялікі, у 781 узнікла італьян. каралеўства на чале з яго сынам Піпінам. У выніку заваёўніцкіх паходаў герм. караля Агона I тэр. І. ўключана ў заснаваную ім у 962 «Свяшчэнную Рымскую імперыю». З 9 ст. пачалося запрыгоньванне італьян. сялян, адначасова адбывалася станаўленне гарадоў, многія з якіх у 11—12 ст. сталі самакіравальнымі камунамі. У 12—13 ст. пры падтрымцы гарадоў узніклі і сельскія камуны. Росквіту прыморскіх гарадоў як гал.гандл. пасрэднікаў паміж Еўропай і Усходам спрыялі крыжовыя паходы. У 14—16 ст. зарадзіліся раннекапіталіст. адносіны (амаль не закранулі сельскую гаспадарку), якія сталі вытокам культуры Адраджэння. Перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнага м. ў Атлантычны ак. і інш. прычыны выклікалі ў 16 ст.эканам. заняпад разрозненых італьян. дзяржаў. За панаванне ў аслабленай І. вялі барацьбу Францыя і Іспанія (гл.Італьянскія войны). Паўд. 1., Сіцыліяй, Сардзініяй, Міланскім герцагствам авалодала Іспанія. У залежнасць ад яе трапілі і астатнія італьян. дзяржавы (акрамя Венецыі, Савойскага герцагства з П’емонтам і Папскай вобл.).
У 1-й пал. 18 ст. на тэр. І. ваявалі паміж сабой Францыя, Аўстрыя і Іспанія, у выніку чаго Паўн. і Сярэдняя І. апынулася пад уладай Аўстрыі, Паўд. І. засталася ў залежнасці ад Іспаніі. У 2-й пал. 18 ст. дзякуючы рэформам у духу асветнага абсалютызму палепшылася эканам. становішча ў шэрагу італьян. дзяржаў, асабліва на Пн краіны. У канцы 18 ст. пачалася эпоха Рысарджымента (працягвалася да 1870), узнікла сетка тайных антыаўстр., антыманархічных і інш. арг-цый і клубаў. Ва ўмовах заваявання І. французамі (гл.Італьянскі паход Банапарта 1796—97) і іх панавання тут (да 1814) актывізаваўся нац.-вызв. рух (карбанарыі, паўстанне 1813—14 на Пн краіны і ў Мілане). У выніку Італьянскага паходу Суворава 1799 і Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 ад французаў фактычна вызвалена Паўн. І. Пасля падзення імперыі Напалеона I Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў паліт. раздробленасць і аўстр. панаванне амаль на ўсёй тэр. І. Пасля паражэння рэвалюцый 1820—21 і 1831 рух карбанарыяў пайшоў на спад, узнікла падп.арг-цыя «Маладая Італія» (засн. Дж.Мадзіні). У 1840-я г. ў Паўн. І. пачаўся прамысл. пераварот (завяршыўся ў апошняй трэці 19 ст.). Аб’яднанню краіны пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Італіі садзейнічалі аўстра-італа-французская вайна 1859, рэвалюцыя 1859—60 у Італіі, дзейнасць Дж.Гарыбальдзі і К.Б.Кавура. У 1861 Сардзінскае каралеўства (П’емонт), вакол якога ішло аб’яднанне зямель І., канстытуіравалася ў адзінае Італьян. каралеўства на чале з каралём Віктарам Эмануілам II. У выніку аўстра-італьян. вайны 1866 да каралеўства далучана Венецыя, у 1870 — Папская вобл. і Рым. У аб’яднанай І. ўстанавілася канстытуцыйная манархія, захавалася эканам. адсталасць пераважна агр. Поўдня. І. заключыла Траісты саюз 1882 з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. З канца 19 ст. яна стала на шлях калан. захопаў (акупацыя Самалі ў 1889 і Эрытрэі ў 1890, спроба заняволіць Эфіопію ў час італа-эфіопскай вайны 1895—96, захоп Лівіі ў час італа-турэцкай вайны 1911—12).
У 1900—14 паскорылася эканам. развіццё краіны. У пач. 1-й сусв. вайны яна захоўвала нейтралітэт, але пасля падпісання пагаднення з краінамі Антанты 23.5.1915 абвясціла вайну Аўстра-Венгрыі, а 27.8.1916 — і Германіі. За час вайны забіта каля 700 тыс. італьянцаў, страчана 60% гандл. суднаў, значна заняпала гаспадарка (асабліва ў спустошанай у выніку баявых дзеянняў паўн.-ўсх.ч. краіны). У гэтых умовах актывізаваўся прафс., сял. і рэв. рух. Сац.-паліт. крызіс і ўсплёск шавінізму ў краіне пасля адмовы краін Антанты поўнасцю задаволіць яе тэр. прэтэнзіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 спрыялі прыходу да ўлады фашыстаў на чале з Б.Мусаліні (гл.Паход на Рым 1922). Да 1928 у краіне ўсталявалася адзінаўладная дыктатура фаш. партыі пры захаванні манархіі (кароль Віктар Эмануіл III). Латэранскія дагаворы 1929 урэгулявалі працяглы канфлікт (з 1870) за ўладу паміж рым. папамі і італьян. каралеўскімі ўрадамі, забяспечылі фашыстам падтрымку Ватыкана. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 падштурхнуў італьян. фашыстаў да стварэння ў краіне сістэмы карпарацый (гл.Патэрналізм), што паспрыяла больш устойліваму яе сац.-эканам. развіццю і прывяло да ўзмацнення татальнага кантролю над італьян. грамадствам з боку фаш. дзяржавы (у 1939 ліквідавана і выбарнасць парламента). Агрэсіўная знешняя палітыка ўрада Мусаліні (1922—43), у т. л. захоп Эфіопіі (гл.Італа-эфіопская вайна 1935—36), утварэнне «восі Берлін—Рым» (1936), выхад краіны з Лігі Нацый і далучэнне яе да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» (1937), дапамога франкістам у час грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, акупацыя Албаніі (крас. 1939), абумовіла ўступленне І. 10.6.1940 у 2-ю сусв. вайну на баку дзяржаў гітлераўскай кааліцыі. Італьян. войскі ўдзельнічалі ў італа-грэчаскай вайне 1940—41, балканскай кампаніі 1941, баях на сав.-герм. фронце (1941—43) і ў Паўн. Афрыцы (выцеснены і разгромлены да мая 1943). У выніку ўсеагульнай антыфаш. забастоўкі ў Паўн. І. (сак. 1943) і высадкі англа-амер. войск у Сіцыліі (чэрв. 1943) Мусаліні пазбаўлены ўлады і арыштаваны. Урад на чале з маршалам П.Бадольё 3.9.1943 тайна капітуляваў перад англа-амер. камандаваннем. У адказ ням.фаш. войскі акупіравалі значную частку яе тэрыторыі і стварылі на Пн І. марыянетачную «рэспубліку Сало» на чале з выкрадзеным Мусаліні. У выніку актывізацыі італьян. Руху Супраціўлення (гарыбальдзійскія брыгады, антыфаш. паўстанне ў Паўн. І. ў крас. 1945) і дзеянняў англа-амер. войск у ходзе італьянскай кампаніі 1943—45 краіна вызвалена ад ням.-фаш. войск (капітулявалі 29.4.1945). У выніку рэферэндуму 2.6.1946 ліквідавана манархія, І. абвешчана рэспублікай (яе канстытуцыя прынята 22.12.1947). 10.2.1947 падпісаны мірны дагавор з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). У 1946—81 і 1984—93 на чале ўлады знаходзілася пераважна Хрысціянска-дэмакратычная партыя (адзін з лідэраў Дж.Андрэоці), якая ў 1948—53 мела абсалютную большасць месцаў у парламенце. Пасляваеннаму аднаўленню эканомікі (завяршылася ў 1950-я г.) садзейнічала дапамога паводле Маршала плана (з 1948). З канца 1960-х г. у І. ўзмацніліся эканам. цяжкасці (структурны крызіс), у 1970-я г. актывізавалася тэрарыст. дзейнасць «чырвоных брыгад» (забойства А.Мора і інш.). У выніку парламенцкіх выбараў у сак. 1994 да ўлады прыйшлі прадстаўнікі правакансерватыўных сіл (Ліга Поўначы, неафашысты) на чале з лідэрам руху «Уперад, Італія» С.Берлусконі, што стала пачаткам устанаўлення ў І. Другой Рэспублікі. На парламенцкіх выбарах у крас. 1996 перамог левацэнтрысцкі блок «Аліўкавае дрэва» (гал. роля ў ім належыць Дэмакр. партыі левых сіл, засн. ў 1991), які ўтварыў урад на чале з Р.Продзі. Прэзідэнт краіны — О.Скальфара (з 1992). І. — чл.НАТО і Савета Еўропы (з 1949), ААН і Зах.-Еўрап. саюза (з 1955), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрап. Саюза (з 1993). Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дэмакр. партыя левых сіл, Італьян.нар. партыя (пераемніца Хрысц.-дэмакр. партыі), Аб’яднаныя хрысц. дэмакраты, рух «Уперад, Італія», Ліга Поўначы — Федэратыўная Італія, Італьян. федэралісцкая Ліга, нац. альянс і інш.Найб.прафс. аб’яднанні — Усеагульная італьян. канфедэрацыя працы, Італьян. канфедэрацыя прафсаюзаў працоўных, Італьян. саюз працы.
Гаспадарка. І. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па долі ў сусв.нац. прадукце (3,9%) і сусв. экспарце (6,3%) займае 6-е месца ў свеце (1995). Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва складае 18,7 тыс.дол. ЗША (1995). Доля прам-сці ў ВУП — 35,6%, сельскай гаспадаркі — 3,9%, сферы паслуг — 60,5%. На сусв. рынку вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання, хім., нафтаперапр., тэкст., абутковай, харч., паліграф., шкляна-фаянсавай прам-сці і як буйны раён турызму. Большая ч. прамысловасці сканцэнтравана на поўначы. Уласныя паліўна-энергет. рэсурсы забяспечваюць толькі 17% патрэб гаспадаркі. Здабыча нафты каля 5 млн.т, прыроднага газу 20 млрд.м³ (1996). Штогод І. імпартуе каля 80 млн.т нафты і каля 40 млрд.м³ газу з Саудаўскай Аравіі, Алжыра, Лівіі, Расіі, 15,9 млн.т вугалю з ЗША Здабываюць буры вугаль, ртуць, свінцова-цынкавыя і медныя руды, баксіты, серу і калійныя солі, мармур, граніт, асфальт. Вытв-сць электраэнергіі 225,2 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭЦ (буйнейшая ў г. Спецыя). Чорная металургія працуе ў асноўным на імпартнай сыравіне. Выплаўка (млн.т, 1994) сталі — 27,8, чыгуну — 11,7. Буйнейшыя прадпрыемствы поўнага цыкла ў Таранта (самы вял. ў І.), Генуі, Неапалі. Перапрацоўчыя і пракатныя з-ды ў цэнтрах машынабудавання (Мілан, Турын, Трыест, Тэрні і інш.), электраметалургія ў гарадах Бальцана, Бергама, Тэрні, Брэшыя. У каляровай металургіі вытв-сць алюмінію (каля альпійскіх ГЭС), свінцу (Сардзінія), магнію (Бальцана). Па выплаўцы ртуці (800 т, 1995) І. займае адно з першых месцаў у свеце (Грасета, Сіена). У машынабудаванні (32% прадукцыі прам-сці) вылучаюцца аўтамабіле-, трактара- і суднабудаванне, электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць, станкабудаванне, вытв-сць пішучых і вылічальных машын, ваен. тэхнікі, абсталявання для розных галін прам-сці. Выпуск аўтамабіляў у 1995 склаў 1,6 млн.шт., у т. л. 1,4 млн. шт.
легкавых (адзін з буйнейшых вытворцаў у Еўропе — канцэрн ФІАТ, штаб-кватэра ў Турыне); з-ды ў Мілане, Бальцана, каля Неапаля. Прадпрыемствы ФІАТ выпускаюць таксама трактары, лакаматывы, вагоны, суднавыя і авіяц. рухавікі, металургічнае абсталяванне. Машынабудаванне І. спецыялізуецца таксама на вытв-сці матацыклаў, матаролераў, мапедаў, веласіпедаў, спарт. аўтамабіляў (Мадэна). Гал. цэнтры суднабудавання: Неапаль, Генуя, Трыест, Спецыя, Палерма, Венецыя, Таранта. Авіяц. з-ды ў прыгарадах Турына, Неапаля, Брындызі. Электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць прадстаўлена з-дамі ў Турыне, Рыме, Неапалі, Венецыі, Мілане, Палерма і інш.Вытв-сць халадзільнікаў (4,8 млн.шт., 4-е месца ў свеце), пральных машын (6,2 млн.шт., 3-е месца ў свеце, 1994). Развіты прыладабудаванне, дакладная механіка і оптыка. І. займае адно з вядучых месцаў у свеце па вытв-сці пішучых і выліч. машын, касавых апаратаў, канторскага абсталявання (фірма «Алівеці», г. Іўрэа), 4—5-е месца па вытв-сці і экспарце станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання. С.-г. машынабудаванне прадстаўлена ў Рэджа-нель-Эміліі, Мадэне, Турыне, Балонні, Палерма, Фоджы, Вічэнцы. І. буйны вытворца на сусв. рынку машын і абсталявання для перапрацоўкі пластмасы, гумавай, тэкст., абутковай, харч., паліграф. прам-сці. На ім партнай (нафта, прыродны газ, фасфарыты) і часткова мясц. (прыродны газ, пірыты, калійная соль) сыравіне працуе нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Нафтаперапр. з-ды размешчаны ў буйных партах (Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест) і на в-ве Сіцылія (Аўгуста, Сіракузы, Джэла). У хім. і нафтахім. прам-сці важнае месца займае вытв-сцьсінт. каўчуку (305 тыс.т), хім. валокнаў (630 тыс.т), пластмасы, мінер. угнаенняў (1 млн.т, 1995), лакаў, фарбаў, азотнай і сернай к-т, соды, ядахімікатаў. Развіта фармацэўтычная вытв-сць. Гал. канцэрны ў хім. і нафтахім. прам-сці: «Мантэдысан», «ЭНІ», «Пірэлі». І. — адзін з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў адзення і абутку. З галін лёгкай прам-сці развіты тэкст., шарсцяная, баваўняная, шаўковая, швейная, трыкат. і абутковая вытв-сць. Асн. галіны харч. прам-сці: мукамольная, макаронная, алейная, вінаробная, сыраварная, кандытарская. кансервавая. цукр., рысаачышчальная, тытунёвая. Штогод у краіне вырабляецца каля 430 тыс.т аліўкавага алею (2-е месца ў свеце пасля Іспаніі) і каля 6 млн.т вінаматэрыялаў (1 е месца ў свеце). 1 традыцыйны вытворца эсенцый і эфірнага алею з кветак і садавіны. Развіта паліграф.прам-сць (Мілан — буйнейшы выдавецкі цэнтр). Вытв-сць буд матэрыялаў, вырабаў са шкла, муз. інструментаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства (58% таварнай с.-г. прадукцыі). Пад ворнымі землямі 32% тэр. краіны, 12% займаюць сады і вінаграднікі, каля 20% — паша і сенажаці. Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1996): пшаніца — 8,2 (Эмілія-Раманья, Апулія, Сіцылія), кукуруза — 8,7 (Ламбардыя, Венецыя), рыс — 1,4 (1-е месца ў Еўропе, на арашальных землях Паданскай раўніны). Пасевы ячменю. аўса, з тэхн. культур — цукр. буракоў (збор 18 млн.т, 1995), тытуню (118 тыс.т). Вырошчваюць агародніну — да 15 млн.т, у т. л. 5 млн.т памідораў, б.ч. якіх кансервуецца і ідзе на экспарт. І. займае 1-е месца ў свеце па зборы вінаграду (8,4 млн.т. 1995), з іх каля 90% перапрацоўваецца на віно. Збор (млн.т, 1995) цытрусавых — 3,3, садавіны (яблык, груш, персікаў) — 5, аліўкаў — 3,1 (адно з першых месцаў у свеце). Пасадкі грэцкіх арэхаў. Кветкаводства. Жывёлагадоўля малочнага і малочна-мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 10,5, свіней — 8, буйн. раг. жывёлу — 7, коз — 1,5. Вытв-сць (млн т, 1995): мяса — 3,97, сыру — 0,88 (4-е месца ў свеце). Улоў рыбы ў 1995—609,8 тыс.т. Промысел малюскаў, ракападобных. Гадоўля вустрыц. Аўтамабільны транспарт забяспечвае больш за 90% пасажырскіх і каля 80% грузавых унутр. перавозак. Даўж. аўтадарог 478 тыс.км, у т. л. аўтастрад 6,3 тыс.км (2-е месца ў Еўропе пасля Германіі). Аўтапарк 32,9 млн. машын, у т. л. 30,1 млн. легкавых (1994). Даўж. чыгункі 19 тыс.км, найб. густая ў Паўн. І. Больш за 50% чыгункі электрыфікавана. Гал.чыг. вузел — Мілан (22 чыг. лініі). Марскі транспарт перавозіць 90% імпартных і каля 70% экспартных грузаў Гандл. флот налічвае 704 судны (1995), агульны танаж 6,3 млн. брута-рэг. т. Буйныя парты (грузаабарот, млн.т): Генуя — 42,8, Трыест — 38,3. 31 аэрапорт, з іх 6 міжнародных. Развіты трубаправодны транспарт. Даўж. нафтаправодаў 1703 км, прадуктаправодаў 2148 км, газаправодаў 19 400 км. Штогод краіну наведвае каля 50 млн.чал. Абслугоўванне турыстаў забяспечвае працай больш за 1 млн.чал. і дае даход 23,9 млрд.дол. ЗША (1994). Экспарт (190,8 млрд.дол. ЗША, 1994): аўтамашыны, станкі, халадзільнікі, тэкстыль і швейныя вырабы, абутак, харч. прадукты і інш. Імпарт (168,7 млрд.дол. ЗША); нафта, газ, вугаль, жал. руда, каляровыя металы, бавоўна, воўна, каўчук, машыны і абсталяванне, пшаніца і інш. Асноўныя гандл. партнёры: краіны ЕС (больш за 50% тавараабароту), ЗША, Расія і інш.Гандл. абарот І. з Рэспублікай Беларусь у 1996 склаў 168,4 млн.дол. ЗША. І. набывае ў Беларусі трыкат. і швейныя вырабы, скуру буйн. раг. жывёлы, жал. і стальны дрот, трактары, сінт. ніткі; пастаўляе машыны і абсталяванне, тканіны, адзенне, абутак, халадзільнікі, харч. прадукты і інш. Грашовая адзінка — італьян. ліра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 325,2 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 255,7 тыс. (у т. л. войскі карабінераў 113,2 тыс., МУС 79 тыс.), рэзерву 484 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектуюцца паводле прызыву. У сухап. войсках 188,3 тыс.чал., на ўзбраенні 1325 танкаў, больш за 1 тыс. бронетранспарцёраў, каля 2 тыс. гармат палявой артылерыі (у т. л. 286 самаходных), каля 2 тыс. мінамётаў, 336 верталётаў і інш. У ВПС 63,6 тыс.чал. асабовага складу, 286 баявых самалётаў. У ВМС 44 тыс.чал., 8 падводных лодак, 47 баявых караблёў (у т. л. 1 авіяносец і 1 крэйсер), 44 катэры (з іх 33 дэсантныя), 18 баявых самалётаў і 74 баявыя верталёты марской авіяцыі.
Ахова здароўя. З 1980 існуе дзярж. сістэма службы здароўя, якая гарантуе бясплатнае мед. абслугоўванне ўсім катэгорыям насельніцтва. Бярэцца мінімальная плата за лякарствы, аналітычнае абследаванне і знаходжанне ў шпіталі. Усім працуючым выплачваецца уніфікаваная мед. страхоўка. Паралельна існуе развітая сістэма прыватнага мед. абслугоўвання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75, жанчын 81,6 года. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 147 чал., урачамі — 1 на 193 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), пач., няпоўную і поўную сярэднюю школы, прафес. і прафес.-тэхн. школы, ВНУ. Існуюць навуч. ўстановы дзярж., прыватныя і канфесійныя. Дзярж. школы падпарадкаваны Мін-ву адукацыі, якое кантралюе і прыватныя. Навуч. планы і праграмы школ носяць рэкамендацыйны характар. Пач. школа 5-гадовая, бясплатная, мае 2 цыклы — ніжэйшы (1—2-і кл.) і вышэйшы (3—5-ы кл.). На базе пач. школы працуе 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа для дзяцей 11—14 гадоў. Поўная сярэдняя школа — гэта 5-гадовыя класічныя і рэальныя (прыродазнаўча-навук.) ліцэі. Прафес. адукацыю даюць 2-гадовыя тэхн. вучылішчы і галіновыя ін-ты (тэрмін навучання 2—5 гадоў), сярэднюю тэхнічную — 5-гадовыя галіновыя тэхн. ін-ты. У сістэме вышэйшай адукацыі асн. тып ВНУ — ун-т (дзярж. і прыватныя, тэрмін навучання 4—6 гадоў). Існуюць таксама ін-ты, вышэйшыя маст. школы, акадэміі і кансерваторыі. У 1996/97 навуч.г. ў І. 58 ун-таў, 4 ін-ты; больш за 1 млн. студэнтаў. Буйнейшыя дзярж. ун-ты: Рымскі універсітэт (з 1303), Балонскі універсітэт (з 11 ст.), Падуанскі універсітэт (з 1222). Неапалітанскі (з 1224), у Мілане (з 1863), Бары (з 1924), Фларэнцыі (з 1321), Генуі (з 1471), Палерма (з 1779), Турыне (з 1404) і інш.Найб.дзярж.ВНУ: політэхн. ін-ты ў Турыне і Мілане, Ін-т усходазнаўства ў Неапалі, пед.ін-т (універсітэцкага тыпу) у Пізе, кансерваторыя «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Буйнейшыя б-кі: Нац.цэнтр. ў Фларэнцыі; Нац.цэнтр. (з 1876), б-кі ун-та (з 1661) і Нац. акадэміі дэі Лінчэі (з 1730) у Рыме; Нац. (з 1804) і б-ка ун-та ў Неапалі; Нац. (з 1720) у Турыне; Нац. (з 1763) і б-ка Амбразіяна (з 1609) у Мілане; Нац. і б-кі ун-таў у Балонні, Бары, Мадэне, Палерма, Пізе і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. і Музей Вілы Джулія (з 1889), галерэя Баргезе (з 1616), Нац. галерэя ант. мастацтва (з 1895), Нац. галерэя сучаснага мастацтва (з 1883) — усе ў Рыме; нац.археал. музеі ў Неапалі, Палерма, нац. музеі і карцінныя галерэі ў Фларэнцыі, Месіне, Неапалі, Палерма, Равене, Таранта, галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі і інш.Асн.дзярж. ўстанова, якая арганізуе і кіруе н.-д. работамі ва ўсіх галінах прыродазнаўчых і тэхн. навук (акрамя праблем атамнай энергіі) — Нац. Савет даследаванняў (з 1923; падпарадкоўвае каля 200 цэнтраў, ін-таў і лабараторый, кантралюе і міжнар.навук. сувязі). Навук. даследаванні каардынуе і Нац. акадэмія дэі Лінчэі. Даследаванні па атамнай энергіі ўзначальвае Нац.к-т па атамнай энергіі (з 1960); у яго веданні Цэнтр ядзерных даследаванняў у Касача і Нац. лабараторыі ў Фраскаці (з 1953). Буйнейшы цэнтр фундаментальных даследаванняў — Нац.ін-т ядзернай фізікі, які аб’ядноўвае работу ўсіх н.-д. устаноў І. ў гэтай галіне. Фундаментальныя даследаванні вядуцца таксама ў н.-д. ін-тах пры ун-тах. Даследаванні праводзяць ін-ты і ўстановы галіновых мін-ваў. Значныя работы, пераважна прыкладнога характару, вядуцца ў н.-д. ўстановах пры фірмах і кампаніях, у т. л. «ФІАТ». У І. дзейнічаюць некаторыя міжнар даследчыя цэнтры, у т. л. Цэнтр ядзерных даследаванняў у Іспры, Ін-т генетыкі і біяфізікі ў Неапалі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Сярод найб. уплывовых газ. «La Repubblica» («Рэспубліка», з 1976), «Stampa» («Друк», з 1866), «Comere della Sera» («Вячэрні веснік», з 1876), «Messaggero» («Веснік», з 1878), «Linita» («Адзінства», з 1924), вячэрняя газ. «Paese Sera» («Краіна вячэрняя», з 1949) і інш.Інфарм. агенцтвы: Аджэнцыя Нацыянале Стампа Асачата (з 1945), Аджэнцыя Джарналістыка Італія (з 1950), Інтэр-Прэс Сервіс (з 1964). Радыёперадачы трансліруюцца па 3 праграмах, Радыё Рома вядзе перадачы на замежжа на 27 мовах. Тэлебачанне з 1954. Дзейнічаюць 3 агульнанац. каналы (РАІ 1, РАІ 2, РАІ 3). Ёсць 7 агульнанац. камерцыйных сетак, 5 лакальных камерцыйных станцый (буйнейшыя — Канал 5 і Італія 1). Радыёвяшчанне і тэлебачанне падпарадкаваны італьян. акцыянернай радыё- і тэлевізійнай службе РАІ-ТБ. Кантралююцца дзяржавай.
Літаратура. Першыя помнікі на італьянскай мове адносяцца да 10 ст. Аднак да 16 ст.літ. творы пісаліся і на лац. мове. У І. пазней, чым у інш. раманскіх краінах, нац. мова стала літаратурнай. Феноменам італьян. л-ры 13 ст. былі сіцылійская паэт. школа і паэзія «новага салодкага стылю», якая ўзвышана апявала каханне і раскрывала псіхалогію закаханага (Г.Гвініцэлі і Г.Кавальканці). Стваральнікам адзінай італьян.літ. мовы стаў Дантэ. Яго «Боская камедыя» выйшла за межы свайго часу, увабраўшы ў сябе асн. рысы светапогляду эпохі, і стала рэліг., філас., гіст. і міфалагічнай энцыклапедыяй сярэдневякоўя. Рост цікавасці да ант. мастацтва і культуры, стварэнне новых гуманіст. вобразаў — асн. рысы л-ры Адраджэння (14—16 ст.). Паварот да чалавека, яго пачуццяў і зямнога (а не замагільнага) жыцця асабліва яскрава выявіўся ў творчасці Ф.Петраркі (зб. «Канцаньерэ») і Дж.Бакачыо («Дэкамерон»), а пазней Я.Пасаванці, Дж.Вілані, Ф.Сакеці і інш. Адраджэнне ідэалаў антычнасці і цікавасць да ўнутр. свету чалавека ўвасоблены ў творах Дж.Пантана, А.Паліцыяна (драма «Сказанне пра Арфея»), удзельнікаў платонаўскай акадэміі ў Фларэнцыі (Л.Пульчы, Дж.Піка дэла Мірандала. М.Фічына). У Венецыі на родным дыялекце пісаў вершы Л.Джустыніяні, у Ферары — М.Баярда (паэма «Закаханы Раланд»), у Неапалі да нар. творчасці звяртаўся Я.Санадзара. У 1-й пал. 16 ст., калі адзінай літ. мовай стала італьянская, развіваўся рэнесансавы класіцызм, які платонаўскаму ідэалізму проціпастаўляў рэаліст.адносіны да рэчаіснасці (П.Бемба, Мікеланджэла, Дж.Страпарола, Б.Чэліні). Найб. вядомыя прадстаўнікі позняга Адраджэння — Л.Арыёста, у творах якога (эпічная паэма «Неўтаймаваны Раланд») адлюстраваўся крызіс рэнесансавага светапогляду, і Т.Таса (паэма «Заваяваны Іерусалім»); развіваўся і тэатр (П.Арэціна, Н.Макіявелі, Б.Гварыні). У сярэдзіне 16 ст. ў л-ры І. паявіліся рысы барока. Дасягнула росквіту метафарычная паэзія Дж.Марына, развівалася проза (Дж.Бруна, Т.Кампанела, Г.Галілей), трагедыя (Ф. дэла Вале, К. дэ Даторы). Рэакцыяй на складаную барочную канцэпцыю стала стварэнне літ. акадэміі Аркадыя (засн. ў Рыме ў 1690), асн. мэтай якой была спроба спрасціць мову, зрабіць літ. твор больш зразумелым чытачу. У 18 ст. значнага развіцця дасягнулі тэатр (К.Гоцы, К.Гальдоні, П.Метастазіо) і паэзія (Дж.Парыні). На мяжы 18 і 19 ст. у італьян. л-ры паявіліся рысы рамантызму (творчасць У.Фоскала), што пазней адлюстраваліся ў прозе А.Мандзоні (гіст. раман «Заручоныя») і паэзіі Дж.Леапардзі.
У 2-й пал. 19 ст., калі адбылося аб’яднанне І. (1870), вызначальным стаў рэаліст. кірунак у л-ры — верызм, які апіраўся на паэтыку «чалавечага дакумента»: Дж.Верга (раман «Сям’я Малаволья»), раманіст Л.Капуана, навеліст і паэт Р.Фучыні, аўтар псіхал. раманаў Г.Дэледа. Пад уплывам франц. і інш.еўрап. л-р развіваліся сімвалізм і імпрэсіянізм (Г.Д’Анунцыо, Дж.Паскалі, «паэты змяркання» Г.Гацана і С.Карацыні). У пач. 20 ст. Ф.Т.Марынеці абвясціў пра нараджэнне футурызму, які паўплываў на многія еўрап. л-ры. Ад спроб стварэння «чыстых», ідэальных форм (Дз.Кампана, К.Збарбара, У.Саба, К.Рэбара) паэзія перайшла да «герметызму», стала больш складанай і абстрактнай (С.Квазімада, М.Луцы, А.Гата). У рэчышчы «плыні свядомасці» развівалася псіхааналіт. проза І.Свева (раман «Самапазнанне Дзена»), У 1920—40-я г. адной з вядучых літ. форм стаў раман («Сёстры Метэрасі» А.Палацэскі, «Людзі ў часе» і «Вада» М.Бантэмпелі, «Людзі і нелюдзі», «Жанчыны з Месіны» Э.Вітарыні, «Дон Жуан на Сіцыліі», «Прыгожы Антоній» В.Бранкаці, «Усведамленне болю» К.Э.Гады, аповесці Ч.Павезе), жанравая накіраванасць якога вельмі разнастайная: ад каталіцкага гуманізму, антыфашызму да экзістэнцыялізму і рамана-гратэску. Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ру прыйшло новае пакаленне празаікаў, якое пераасэнсоўвала падзеі нядаўняй вайны (аповесць «Хрыстос прыпыніўся ў Эбалі» К.Леві, раманы «Гісторыя» Э.Марантэ, «Фауста і Ганна» К.Касолы), цікавілася мінулым і сучаснасцю (раманы «Леапард» Т. ды Лампедуза, «Чачара» А.Маравіі, «Жорсткае жыццё» П.Пазаліні), успрымала свет праз прызму фантастычнага і сюррэальнага (трылогія «Нашы продкі» І.Кальвіна, навелы Дз.Буцаці). Міжнар. прызнанне атрымала італьян. паэзія (творчасць Дж.Унгарэці, Э.Мантале). Л-ра канца 20 ст. ахоплівае шырокі спектр жанраў і тэм: ад рэаліст. рамана («Блакітная планета» і «Грэчаскі агонь» Л.Малербы, «Рыцар і смерць» Л.Шашы, «Сцвярджае Перэйра» А.Габукі) да постмадэрнісцкага рамана-лабірынта («Імя ружы», «Востраў папярэдняга дня» У.Эка) і сатыр. «антыспажывецкіх» апавяданняў С.Бені, ад філас. асэнсавання лёсу чалавека (паэзія С.Пены, А.Дзандзота, Д.Белеца) да парадоксаў яго зямнога існавання (драматургія Д.Фо).
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: «Запіскі цырульніка» Дж.Джэрманета (1932), «Спартак» Р.Джаваньёлі (1938), «Неапаль без сонца» (1955) і «Прыгоды Чыпаліна» (1957) Дж.Радары, «Праўдзівая гісторыя» Л.Стурані (1957), «Вожыкава дрэва» А.Грамшы (1958), «Прыгоды К’ядзіна» М.Арджылі і Г.Парка (1959), «Юнацтва становіцца ў строй» В.Берціні (1960), «Лішнія» Д.Арфелі (1965), зб.апавяд. «Золата Фарчэлы» (1968), «Казкі нашых дзён» Арджылі (1971), зб. паэзіі «Ад вежаў Ферары» (1974), «На арбіце зямлі» А.Северыні (1980), «Санеты» Ф.Петраркі (1996), «Боская камедыя» Дантэ (1997). Асобныя творы Мантале, Пазаліні, Арфелі, Дантэ, Дж.Кардучы, Квазімада, Маравія, А.Негры, Павезе, Петраркі, Радары, Северыні і інш. на бел. мову пераклалі М.Аўрамчык, Ю.Гаўрук, У.Караткевіч, А.Мінкін, Т.Рунец, Я.Семяжон, У.Скарынкін, А.Шаўня, А.Якімовіч, Р.Барадулін, М.Танк і інш.
Архітэктура І. моцна паўплывала на фарміраванне еўрап. архітэктуры, на тыпы збудаванняў (цэрквы базілікальныя і цэнтрычнай кампазіцыі, палацы і грамадскія будынкі), на выразныя сродкі (ордэры), на горадабудаўніцтва (прамавугольная, трохпрамянёвая планіроўка) і паркі (партэры, фантаны, каскады). У эпоху бронзы на в-ве Сардзінія склаўся своеасаблівы тып мегалітычных збудаванняў, т.зв. нураге — круглыя каменныя вежы з псеўдакупальным пакрыццём. Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж.Рыма, якое развівалася на тэр. І. з 5 ст. да н.э. да 5 ст.н.э. Пасля падзення Рыма (476) і сцвярджэння хрысціянства на аснове познагатычных традыцый Візантыі і культур варварскіх народаў (готаў, лангабардаў, франкаў і інш.) фарміруецца сярэдневяковае мастацтва І. У 4—6 ст. узводзілі велічныя базілікі (Сан-Джавані ін Латэрана і Сан-Паала фуоры ле Мура ў Рыме), цэнтрычныя культавыя будынкі (царква Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. вядучай была архітэктура Ламбардыі (паўд. вежа царквы Сант-Амброджа ў Мілане). У 11—13 ст.раманскі стыль набыў у І. разнастайныя мясц. рысы. У Таскане ўзводзілі пабудовы т.зв. інкрустацыйнага стылю з паліхромнай мармуровай абліцоўкай вонкавых сцен і інтэр’ераў (царква Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі). Вытанчанасцю і багаццем дэкору вылучаецца комплекс у Пізе (баптыстэрый, сабор і вежа-кампаніла). У раманскіх пабудовах Сіцыліі спалучаліся формы візант., араб. і нармандскага дойлідства (саборы ў Чэфалу, пачаты ў 1131, і Манрэалі). Своеасаблівы варыянт візант. крыжова-купальнага храма — 5-купальны сабор св. Марка ў Венецыі з шыкоўна аздобленым інтэр’ерам. Аблічча большасці гарадоў І. склалася ў 11—13 ст., у перыяд іх інтэнсіўнага развіцця. У гэты час будавалі падпарадкаваныя рэльефу мясцовасці гар. ўмацаванні, падобныя на крэпасці каменныя дамы-вежы (Балоння, Сан-Джыміньяна), будынкі ратуш і сабораў з кампаніламі (Бергама, Брэшыя). Скучаная забудова сярэдневяковых гарадоў мела рэгулярную (Фларэнцыя, Верона) або нерэгулярную планіроўку і групавалася вакол цэнтр. плошчы. Гатычны стыль, часткова ўспрыняты італьян. архітэктурай, быў пашыраны ў канцы 13—14 ст. Асобныя дэкар. матывы готыкі надаюць раманскім па духу пабудовам дынамічнасць і вастрыню: сабор Санта-Марыя дэль Фёрэ (пачаты ў 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо), царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі (каля 1278 — каля 1360), сабор у Арвіета (1290—1569), Палацца Публіка ў Сіене (1297—1310), Венецыянскі Палац дожаў. У архітэктуры Ранняга Адраджэння (15 ст.) у аснове рытмічнай і структурнай арганізацыі будынкаў пераасэнсаваная ант. ордэрная сістэма: капэла Пацы ў Фларэнцыі (1429—43, арх. Ф.Брунелескі), царква Сант-Андрэа ў Мантуі (1472—94, арх. Л.Б.Альберці). Першыя спробы рэнесансавага горадабудаўніцтва — ансамбль у г. Піенца (паводле планаў арх. Б.Раселіна з 1459). Для архітэктуры Высокага Адраджэння (канец 15—1-я пал. 16 ст.) характэрны велічнасць прапорцый, пошукі дасканалай кампазіцыі цэнтрычнай пабудовы, разнастайнасць прасторавых вырашэнняў, пластычнасць арх. дэталей: сабор св. Пятра ў Рыме (1506—1614; задуманы і пачаты Д.Брамантэ; праект неаднаразова перапрацоўваўся; працягвалі работы Дж.Віньёла, П.Лігорыо, К.Мадэрна і інш.; у інтэр’еры творы Л.Берніні, Мікеланджэла), пабудовы Рафаэля, А. да Сангала Старэйшага, Я.Сансавіна. У перыяд Позняга Адраджэння (2-я пал. 16 ст.) класічныя схемы ўвасабляў А.Паладыо (віла «Ратонда» ў Вічэнцы); маньерыстычныя тэндэнцыі выяўляюцца ў работах Джуліо Рамана, Дж.Вазары, Віньёлы, Г.Алесі. Цікавасць гэтых архітэктараў да прасторавага развіцця кампазіцыі, дынамічнай сувязі будынкаў з гар. і ландшафтным асяроддзем атрымала развіццё ў архітэктуры барока (16—2-я трэць 17 ст.). Пабудовам Берніні, Дж. дэла Порты, Мадэрны, П’етра да Картоны, Б.Лангены ў Рыме, Венецыі, Турыне ўласцівы грандыёзная маштабнасць, дынамізм форм і прастораў, складаныя планы, фасады, канструкцыі купалоў (плошча св. Пятра, 1657—63, арх. Берніні). Барочныя прынцыпы істотна паўплывалі на горадабудаўнічыя ансамблі 17—18 ст. У пач. 19 ст. развіваецца класіцызм (Л.Ванвітэлі, А.Галілеі). Многія гарады канструяваліся ў класіцыстычным духу. З развіццём прам-сці ў архітэктуры ўзніклі тэндэнцыі эклектызму. У пач. 20 ст. склаўся стыль сецэсія (мадэрн) з уласцівымі яму мудрагелістымі кампазіцыямі і вычварным дэкорам (арх. Э.Базіле, Р.Д’Аронка), пашырылася утапічная, але не пазбаўленая рацыянальных горадабудаўнічых ідэй, «футурыстычная архітэктура» (1910-я г., арх. А.Сант-Элія). У 1920—40-я г. панаваў неакласіцызм з характэрнымі для яго рысамі стылізатарства і халоднай параднасці (М.П’ячэнціні). У змаганні з афіц. кірункам аформілася плынь рацыяналізму (пабудовы Дж.Мікелучы, Дж.Тэраньі). Архітэктары 1950—90-х г. (Дж.Понці, П.Л.Нерві, Э.Мантуоры, Э.Віторыо, У.Лучыкенці) ствараюць арыгінальныя канструкцыі, выкарыстоўваючы сучасныя буд. матэрыялы і сцвярджаючы эстэт. прынцыпы функцыян. архітэктуры. У творах групы БПР (назва ад першых літар прозвішчаў яе членаў) сучасныя арх. формы спалучаюцца з нац. традыцыямі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпох палеаліту і энеаліту (наскальныя размалёўкі, каменныя статуэткі, керамічныя пасудзіны з прадрапаным ці прамаляваным геам. узорам). У эпоху бронзы адчувальны ўплывы крыта-мікенскай культуры (гл.Эгейскае мастацтва), на Пн развівалася культура тэрамар. Да 9—5 ст. да н.э. адносяцца помнікі культуры Вілановы (усх.ч. цэнтральнай І.), да 8—2 ст. да н.э. — культуры этрускаў. Захаваліся рэшткі скульптуры, вырабаў маст. рамёстваў з грэч.гандл. паселішчаў, што існавалі ва ўзбярэжных раёнах І. ў 8—6 ст. да н.э.Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж. Рыма. З 4 ст.н.э. ў І. пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва, заснаванае на познаант. традыцыях (скульпт. разьба капітэлей калон, алтарных перагародак, мазаікі ў храмах), а таксама пад уздзеяннем Візантыі і варварскіх народаў, што захапілі І. У 6 ст. святлоценявая мадэліроўка і маляўнічасць ранніх мазаік змянілася плоскай лінеарнай трактоўкай форм, адасобленасцю колеравых спалучэнняў (мазаікі ў царкве Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. пашырыліся плоскарэльефная арнаментальная разьба, ювелірнае мастацтва, маст. інкрустацыя. У 11—13 ст. развіваўся раманскі стыль з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Творы вылучаліся пэўнай плоскаснасцю трактоўкі, падпарадкаваннем выявы геам. кампазіцыйнай схеме (рэльефы сабораў у Мадэне, каля 1106, майстар Віліджэльма; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У фрэсках і мазаіках візант. прататыпы спалучаліся з жыццёвасцю матываў (фрэскі ніжняй царквы Сан-Клементэ ў Рыме, каля 1100; мазаікі сабораў у Чэфалу, 2-я пал. 12 ст.). Іканапіс набыў больш рэаліст. рысы ў алтарных абразах Чымабуэ. У сярэдзіне 13 ст. ў Таскане пачало складвацца мастацтва Протарэнесансу, якому ўласцівы імкненне да мадэліроўкі форм, жыццёвы драматызм вобразаў (творчасць скульпт. Нікало і Джавані Пізана, Арнольфа ды Камбіо, жывапісцаў П.Каваліні і Джота ды Бандоне). У алтарным і манум. жывапісе Сіены 13—14 ст. протарэнесансавыя рысы спалучаліся з рысамі італа-візант. мастацтва і франц. гатычнай мініяцюры (Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, П. і А. Ларэнцэці, Джавані ды Паала, Андрэа ды Бартала), у балонскіх майстроў гатычная характарнасць вобразаў — з канкрэтнымі жыццёвымі дэталямі (фрэскі Кампасанта ў Пізе, творы Альтык’ера і Аванца ў Падуі). Мастацтва італьян. Адраджэння вызначыла пераломны момант у развіцці еўрап. культуры. Мастакі авалодалі прыёмамі аб’ёмна-прасторавай мадэліроўкі форм, перспектыўнай пабудовы рэльефнай кампазіцыі, заканамернасцямі структуры і пластыкі цела чалавека, імкнуліся да ўвасаблення рэнесансавага ідэалу дасканалай, гарманічна развітой асобы. Скульптура Ранняга Адраджэння развівалася ў творчасці Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверчы, А. дэль Верок’ё і інш., жывапіс — у рамках мясц.маст. школ (гл.Венецыянская школа жывапісу, Умбрыйская школа жывапісу, Фларэнційская школа жывапісу і інш.), графіка — у А. дэль Палаёла і інш. Страчаныя дасягненні жывапісу Джота ды Бандоне развіваліся ў творчасці Мазачыо. Манум. вобразы з дасканалай мадэліроўкай формы і лінейнай перспектывы стваралі А. дэль Кастаньё, А.Мантэнья, Антанела да Месіна, П’етра дэла Франчэска, В.Карпача. Творы П.Учэла, Б.Гацолі вылучаліся каларыстычнасцю і яркай дэкаратыўнасцю, Анджэліка, Ф.Ліпі, С.Батычэлі — паэтычнасцю і вытанчанай лірычнай сузіральнасцю. Пашырыліся гравюра, медальернае тэатр.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва (у т. л.венецыянскае шкло). Мастацтва Высокага Адраджэння вызначалася сцвярджэннем гуманіст. ідэалаў, узвышана-дасканалымі вобразамі чалавека як цэнтра светабудовы, яркімі творчымі індывідуальнасцямі (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Джарджоне, Тыцыяна). З 2-й пал. 16 ст. паралельна з мастацтвам Позняга Адраджэння (творчасць Мікеланджэла, Тыцыяна, Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Я.Басана) развівалася мастацтва маньерызму, адметнае драм. кантрастнасцю, суб’ектыўнай вытанчанасцю форм (жывапісцы Я.Панторма, Ф.Парміджаніна, А.Бранзіна, скульпт. Б.Чэліні, Джамбалонья). Мастацтва італьян. барока (17—18 ст.) складалася з разнастайных тэндэнцый: мастакі балонскай школы (браты Карачы, Г.Рэні) сфармулявалі прынцыпы акадэмізму, якому супрацьстаяла творчасць Караваджа, што папярэднічала станаўленню рэалізму ў еўрап. мастацтве 17 ст. (гл. таксама Караваджызм). Росквіт скульптуры барока звязаны з творчасцю Л.Берніні, манум. жывапісу — П’етра да Картоны, А.Поца і інш. Развіваліся быт. жывапіс (Д.Феці, Б.Строцы, Дж.М.Крэспі), драм. паводле трактоўкі станковая карціна (С.Роза, А.Маньяска), пейзаж (А.Каналета, Б.Белота, Ф.Гвардзі), графіка (Дж.Піранезі). У пач. 19 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы класіцызму, але без уласцівага яму грамадзянскага пафасу, з часам набыло акад. характар (скульпт. А.Канова). З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся рамантызм (Ф.Аес, браты Індуна), рэаліст. тэндэнцыі (Т.Сіньярыні, Дж.Фаторы, С.Лега), уплывы імпрэсіянізму (жывапісец Дж. Дэ Нітыс і скульпт. М.Роса), верызм (скульпт. В.Вела), пуантылізм (Дж.Сеганціні). З пач. 20 ст. развівалася творчасць жывапісцаў т.зв. парыжскай школы (А.Мадыльяні і інш.), прадстаўнікоў футурызму (У.Бачоні, К.Кара, Дж.Северыні), метафізічнага жывапісу (Дж.Марандзі, Ф.Казараці, Дж. Дэ Кірыка). У сярэдзіне — 2-й пал. 20 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы рэалізму (Р.Гутуза, А.Піцыната, Э.Грэка, Дж.Манцу, Ф.Месіна), абстракцыянізму (Р.Біролі, Э.Марлоці, М.Рэджані, А.Буры, А.Салдаці).
Музыка. Вытокі італьян. музыкі ў муз. культуры Стараж. Рыма. З 4 ст. ў Рыме развіваліся літургічныя спевы, склалася практыка антыфоннага спявання гімнаў. У канцы 6 ст. аформілася хрысц.літургія, у 8—9 ст. склаўся грыгарыянскі харал, апісаны ў працах Гвіда д’Арэца (11 ст.). Да канца 13 ст. музыка І. была манадыйнай (гл.Манодыя); яна ўключала культавую музыку, а таксама лауду, балату і інш. свецкія жанры, якія распаўсюджвалі ў І. франц. труверы. У канцы 13 — пач. 14 ст. з пераходам да шматгалосся пачаўся ўздым італьян. музыкі (эпоха Арс нова) з цэнтрамі ў Фларэнцыі, Венецыі, Падуі. Гал. жанры шматгалосся — мадрыгал, кача, балата. Сярод кампазітараў таго часу — Джавані да Фірэнцэ, Якопа да Балонья (першы ўвёў трохгалоссе), Ф.Ландзіна, тэарэтык Маркета Падуанскі. Сярод муз. інструментаў — лютня, арфа, фідэль, флейта, габой, труба, арганы. У 15 ст. шматгалоссе зацвердзілася ў рым.-каталіцкім богаслужэнні, чаму вельмі садзейнічалі прадстаўнікі нідэрландскай школы, што служылі ў папскай капэле (у Сіксцінскай капэле і хар. капэле сабора св. Пятра ў Рыме працавалі лепшыя майстры царк. спеваў розных краін). У 16 ст. музыка І. стала вядучай у Еўропе. У ёй вылучыліся венецыянская школа і рымская. Кампазітары рым. школы стварылі высокаразвітое поліфанічнае мастацтва, вяршыняй якога стала творчасць Дж.Палестрыны Заснавальнік венецыянскай школы — А.Віларт, які 35 гадоў узначальваў капэлу сабора Сан-Марка (з 1527). Росквіт школы звязаны з творчасцю А. і Дж.Габрыэлі. Узніклі новыя формы інстр. музыкі, узбагаціўся склад інструментаў, пабольшала роля смычковых, сфарміраваўся класічны тып віёлы; прафес. інструментам стала скрыпка. Характэрныя жанры інструм. музыкі — рычэркар, фантазія, канцона, капрыча. Прынцып кантраставання розных інстр. груп, характэрны для музыкі барока, атры.маў паслядоўнае ўвасабленне ў жанры канцэрта. Найб. яркае выяўленне ідэй рэнесансу — мадрыгал (творчасць Л.Марэнцыо, Х.Мантэвердзі, К.Джэзуальда ды Венозы). Сярод тагачасных тэарэтыкаў — Дж.Царліна, Н.Вічэнціна. Багаты пласт музыкі І. — нар. песні і танцы (сальтарэла, фарлана, тарантэла, сіцыліяна і інш.). Агульныя кірункі развіцця познарэнесансавага муз. мастацтва яскрава ўвасоблены ў музыцы італьян. барока, з якім звязана ўзнікненне жанру оперы. Пачатак яму паклалі прадстаўнікі т.зв. фларэнційскай камераты кампазітар Я.Перы і паэт А.Рынучыні, стваральнікі першых опер «Дафна» (1598) і «Эўрыдыка» (1600), а таксама Дж.Качыні, Мантэвердзі. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публічны оперны т-р «Сан-Касіяна». Своеасаблівую афарбоўку набыла опера ў Рыме, дзе побач з ант. міфалагічнымі сюжэтамі выкарыстоўвалася рэліг. тэматыка. У Рыме паявіліся і першыя ўзоры камічнай оперы. З канца 17 ст. вядучая роля ў развіцці оперы перайшла да прадстаўнікоў неапалітанскай опернай школы (Ф.Правенцале і асабліва А.Скарлаці). У цеснай сувязі з операй развіваліся новыя жанры нелітургічнага рэліг. мастацтва — араторыя (Дж.Карысімі, А.Страдэла) і камерная кантата (Карысімі, Л.Росі). Сярод аўтараў царк. музыкі — Г.Алегры, П.Агастыні, А.Беневолі, духоўных канцэртаў — А.Банк’еры, Л.Віядана, Мантэвердзі, Ф.Кавалі, Дж.Легрэнцы. У галіне інстр. музыкі развіваліся жанры фугі (Дж.Фрэскабальдзі), трыо-санаты ў творчасці прадстаўнікоў балонскай школы (М.Кацаці, Дж.Віталі, Дж.Басані) і асабліва А.Карэлі, concerto grosso (Дж.Тарэлі, Карэлі, П.Лакатэлі, Ф.Джэмініяні, Дж.Соміс). Як педагог вылучыўся кампазітар і тэарэтык Дж.Б.Марціні. Значную ролю ў развіцці скрыпічнай музыкі адыгралі дынастыі майстроў — сем’і Амаці, Страдывары, Гварнеры. Папулярнасці італьян. оперы спрыяў высокі ўзровень вак.-выканальніцкай культуры. Сярод майстроў мастацтва бельканта 18 ст. спевакі-кастраты А.Бернакі, Кафарэлі, Ф.Бернардзі, Фарынелі, спявачкі Ф.Бардоні, Ф.Куцоні Сандоні, К.Габрыэлі, В.Тэзі. Гал. оперныя цэнтры таго часу — Неапаль і Венецыя. Вял. ўклад у фарміраванне оперы-серыя зрабілі паэты-лібрэтысты А.Дзена і П.Метастазіо. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла тэндэнцыя да цеснай сувязі музыкі з драм. дзеяннем (Н.Іамелі, Т.Траэта, Дж.Сарці, А.Сакіні і А.Сальеры). Новы дэмакр. жанр оперы-буфа сфарміраваўся ў творчасці Л.Вінчы і Л.Леа. Першы яе класічны ўзор — «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі. На развіццё оперы-буфа паўплываў аўтар оперных лібрэта К.Гальдоні (на многія яго лібрэта пісаў музыку Б.Галупі). Найвышэйшы этап яе развіцця — творчасць Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымарозы. У галіне інстр. музыкі 18 ст. вылучыліся кампазітары Дж.Тарціні (санаты, канцэрты), А.Вівальдзі (concerto grosso), Дж.Б.Самарціні (сімфоніі, concerto grosso, трыо-санаты), Л.Бакерыні (квартэты), Д.Скарлаці (клавірныя творы). У скрыпічным мастацтве новую эпоху адкрыў Н.Паганіні. Уздым муз. культуры І. ў 19 ст. звязаны з творчасцю Дж.Расіні, які абнавіў нац. тып оперы-буфа («Севільскі цырульнік», 1816), у героіка-драм. операх пераадольваў штампы оперы-серыя, асаблівае значэнне надаваў хар. сцэнам («Вільгельм Тэль», 1829). Рамантычныя тэндэнцыі ярка выявіліся ў операх В.Беліні і Т.Даніцэці. Найвялікшы ўклад у італьян. і сусв.муз.т-р зрабіў Дж.Вердзі, які стварыў оперы вял.псіхал. глыбіні і вострых драм. канфліктаў («Рыгалета», 1851; «Трубадур» і «Травіята», 1853), адметныя адзінствам дзеяння, большай роляй аркестра, індывідуалізацыяй муз. характарыстык («Дон Карлас», 1867; «Аіда», 1870), поўным зліццём музыкі з драм. дзеяннем («Атэла», 1886). У канцы 19 ст. ўзніклі оперы, прасякнутыя ідэямі верызму; «Сельскі гонар» П.Масканьі (1890), «Паяцы» Р.Леанкавала (1892), творы У.Джардана, Ф.Чылеа. Буйнейшы оперны кампазітар пасля Вердзі — Дж.Пучыні, аўтар опер у традыцыях італьян. бельканта («Багема», 1895; «Тоска», 1899; «Мадам Батэрфляй», 1903; «Турандот», 1924, і інш.). Дасягненні опернага мастацтва І. ў 19 — пач. 20 ст. звязаны з росквітам выканальніцкай культуры. Сярод вядомых спевакоў таго часу А.Каталані, сёстры Грызі, Дж.Паста, А.Бозіо, Б. і К.Маркізіо, А.Паці, Дж.Марыо, Дж.Б.Рубіні, М.Батыстыні, А.Мазіні, Дж.Ансельмі, Ф.Таманьё, Э.Тамберлік, у пач. 20 ст. — спявачкі А.Барбі, Дж.Белінчоні, А.Галі-Курчы, Т.Даль Монтэ, Э.Каруза, Ц.Скіпа, Ціта Руфа і інш. З канца 19 ст. развіваецца пераважна інстр. музыка. Вял. ўклад у яе зрабіў Ф.Бузоні. У стылі неакласіцызму працавалі кампазітары І.Піцэці, Дж.Ф.Маліп’ера, А.Казела, А.Рэспігі. На мяжы 1940—50-х г. у італьян. музыцы ўзмацнілася ўздзеянне новай венскай школы. Творчасць Л.Далапікала, Л.Берыо, С.Бусоці, Ф.Маліп’ера, Л.Нона звязана з выкарыстаннем серыялізму, санорыкі, алеаторыкі. У жанры оперы поспеху дасягнуў Дж.К.Меноці. Сярод прадстаўнікоў муз. мастацтва І. 2-й пал. 20 ст.: спявачкі Дж.Сіміяната, Р.Скота, А.Стэла, Р.Тэбальдзі, М.Фрэні, спевакі Дж.Бекі, Ц.Гобі, М.Дэль Монака, Ф.Карэлі, Л.Павароці, Дж.Ды Стафана; дырыжоры А.Тасканіні, К.Абада, П.Арджэнта, В. Дэ Сабата, Г.Кангэлі, Т.Серафін, Р.Фазана, В.Ферэра, К.Цэкі; піяністы А.Бенедэці Мікеладжэлі, М.Паліні; скрыпачка Дж. Дэ Віта; віяланчэліст Э.Майнардзі; музыказнаўцы Г.Барблан, А.Банавентура, К.Гаці, А. Дэла Кортэ, Л.Торкі, Ф.Тарэфранка і інш. У І. працуюць: т-ры «Сан-Карла» ў Неапалі (з 1737), «Ла Скала» ў Мілане (з 1778), «Фенічэ» ў Венецыі (з 1792), Рымскі оперны т-р (з 1880), аркестры т-раў «Ла Скала» (з 1982 і Філарманічны аркестр «Ла Скала»), «Фенічэ», Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія», Італьян. радыё і тэлебачання і інш.; кансерваторыі: «Санта Чэчылія» ў Рыме, у Балонні, Венецыі, Мілане, Фларэнцыі. Праводзяцца шматлікія муз. фестывалі і конкурсы.
Тэатр. Тэатр. мастацтва І. паходзіць ад нар. абрадаў і гульняў, масленічных карнавалаў, паказаў мімаў. У сярэдневякоўі ўзніклі літургічная драма і містэрыя, у якіх прасочваліся камед.-сатыр. матывы. Элементы тэатр. мастацтва ўключалі науды (плошчавыя відовішчы) 13 ст., венецыянскія карнавалы 13—16 ст. У эпоху Адраджэння пачалося развіццё новай тэатр. культуры: распрацоўваліся тэорыя гуманіст. драмы, прынцыпы дэкарацыйнага афармлення, з’явіліся новыя жанры, будаваліся спец.тэатр. памяшканні. У сярэдзіне 16 ст. на аснове нар. творчасці ўзнікла імправізацыйная камедыя дэль артэ. Літ. драма развівалася пераважна аматарскімі трупамі (творчасць Л.Арыёста, П.Арэціна, Дж.Бруна і інш.). У 17—18 ст.т-р І. страціў самабытнасць, камедыя дэль арта ператварылася ў забаўляльнае відовішча. У 18 ст. пад уплывам ідэй Асветніцтва драматург К.Гальдоні ажыццявіў рэформу нац.т-ра, у якой апіраўся на дэмакр. традыцыі гуманіст. і імправізацыйнай камедыі, адмовіўся ад традыц. тыпаў камедыі дэль артэ і замяніў іх рэаліст. вобразамі. Супраць рэформы Гальдоні ў 1760—70-я г. выступіў драматург К.Гоцы, які на аснове традыцый камедыі дэль артэ стварыў новы тэатр. жанр ф’яба (жанр казкі). У канцы 18 ст. пашырыўся жанр гераічнай трагедыі. У пач. 19 ст. сфарміравалася драматургія італьян. рамантызму. Развівалася новая рэаліст. школа акцёрскага мастацтва трагікаў Г.Модэны і яго паслядоўнікаў (А.Рысторы, Э.Росі, Т.Сальвіні), якія сцвярджалі ідэі грамадз. мастацтва. Пасля 1870 у рэпертуары т-раў пераважалі меладрама і быт. камедыя. Рэаліст. рысы засталіся ў драматургіі і т-рах, што выкарыстоўвалі нар. дыялекты (п’есы Дж.Галіны, акцёры Э.Навелі, Дж.Гоцы, Дж.Граса). Гэта прывяло да росквіту т.зв. дыялектнага т-ра, садзейнічала сцвярджэнню эстэтыкі верызму. У пач. 20 ст. развіваліся мадэрнісцкія тэндэнцыі, на т-р гратэску паўплываў футурызм (творчасць Л.Пірандэла, акцёры Э.Дузе, Э.Законі, Э. і І.Граматыка, Р.Ругеры і інш.). У 1920—30-я г. ствараліся эксперыментальныя т-ры (т-р «Незалежных», «Канвена» і інш.). У 1935 створана Акадэмія драм. мастацтва. У час фаш. дыктатуры т-р заняпаў, дзейнічалі пераважна вандроўныя трупы. У пасляваенны час пачаў сцвярджацца прагрэс. кірунак у тэатр. мастацтве: т-р «Сан-Фердынанда» ў Неапалі, «Пікала-тэатр» у Мілане, трупы Р.Марэлі і П.Стопы, рэж. Л.Вісконці, А.Коста, рэж. і драматург Л.Скуарцына, акцёр В.Гасман; узніклі стацыянарныя т-ры «стабіле», якія з 1960-х г. знаходзяцца на дзярж. субсідыі. Сярод вядомых тэатр. дзеячаў: Л.Ранконі, Дж.Стрэлер, Скуарцына і інш. Тэндэнцыі авангарду ўласцівы творчасці драматургаў Д.Фо, М.Рычы, Ф.Мале, М.Перліні і інш.
Кіно. Нацыянальная кінавытворчасць зарадзілася ў 1904—05. Найб. дасягненне нямога кіно 1910-х г. — касцюмна-гіст. фільмы («Куды ідзеш?» Э.Гуацоні, 1912; «Апошнія дні Пампеі» М.Казерыні, 1913; «Кабірыя» Дж.Пастроне, 1914), салонныя драмы 1 камедыі. На развіццё кіно І. паўплывалі творчасць і непасрэдны ўдзел у стварэнні фільмаў пісьменніка Г.Д’Анунцыо. Уплывы верызму ўласцівы творам Н.Маргольё («Згубленыя ў цемры», 1914; «Тэрэза Ракэн», 1915) і інш. Сфарміраваўся т.зв. «дывізм» — сістэма «зорак» кіно (Ф.Берціні, Л.Барэлі, Л.Кавальеры і інш.). У гады 1-й сусв. вайны пачаўся крызіс італьян. кіно, які паглыбіўся з прыходам да ўлады фашыстаў. Адкрыта фаш. фільмаў ставілася няшмат (напр., «Сцыпіён Афрыканскі» К.Галоне, 1937), дамінавалі салонныя меладрамы (т.зв. кінематограф «белых тэлефонаў»), са з’яўленнем гукавога кіно здымаліся і муз. фільмы (кінаоперы і інш.). У 1930-я г. пад Рымам пабудаваны кінагарадок «Чыначэта», у Рыме адкрыты Эксперым. кінацэнтр, які падрыхтаваў шэраг майстроў і кіназнаўцаў, што пазней набылі сусв. вядомасць (Д.Вісконці, Дж.Дэ Сантыс, М.Антаніёні, Г.Арыстарка і інш.). Прадстаўнікі кірунку «каліграфізм» у асноўным экранізавалі творы сусв. класікі («Стрэл» Р.Кастэлані паводле А.Пушкіна, 1941, і інш.). У фільмах А.Блазеці «Прагулка ў аблоках» (1942), В.Дэ Сікі «Дзеці глядзяць на нас» (1943), Вісконці «Апантанасць» (1943) зроблена спроба адысці ад канонаў афіцыёзнага кіно. Пасля 2-й сусв. вайны ва ўмовах дэмакр. ўздыму ўзнік неарэалізм, творы якога вызначаліся эпічнай шырынёй адлюстравання нар. жыцця, культам паўсядзённасці, лаканізмам выяўл. вырашэння, чорна-белай выявай; сярод гал. тэм: супраціўленне фашызму («Рым — адкрыты горад», 1945, і «Пайза», 1946, Р.Раселіні), сац. несправядлівасць («У імя закону» П.Джэрмі, 1945, «Горкі рыс», 1949, і «Няма міру пад алівамі», 1950, Дэ Сантыса; «Умберта Д.» Дэ Сікі, 1951), трагедыя беспрацоўя («Выкрадальнікі веласіпедаў» Дэ Сікі, 1948; «Зямля дрыжыць» Вісконці, 1948; «Рым, 11 гадзін» Дэ Сантыса, 1952). З сац. стабілізацыяй у грамадстве ў сярэдзіне 1950-х г. неарэалізм заняпаў, а пашырыўся т.зв. «ружовы» (фальклорна-эратычны) неарэалізм («Два грошы надзеі» Кастэлані, 1952; «Хлеб, каханне і фантазія» Л.Каменчыні, 1953, і інш.). Сярод вядомых акцёраў таго часу Л.Базе, Р.Валоне, М.Джыроці, Дж.Лалабрыджыда, Г.Маньяні, Тато, А.Фабрыцы, Э.Дэ Філіпа і інш. Канец 1950 — пач. 1960-х г. — росквіт творчасці вял. майстроў «аўтарскага кіно»: Вісконці («Рока і яго браты», 1960; «Леапард», 1962; «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы», 1965; «Пагібель багоў», 1969), Ф.Феліні («Дарога», 1954, «Ночы Кабірыі», 1957; «Салодкае жыццё», 1959; «81/2», 1963; «Сатырыкон», 1969), Антаніёні («Прыгода», 1959; «Ноч», 1960; «Зацьменне», 1961; «Чырвоная пустыня», 1964; «Фотапавелічэнне», 1967), П.Пазаліні («Акатоне», 1961; «Маці Рома», 1962; «Евангелле ад Матфея», 1964; «Цар Эдып», 1967). З’явілася другая хваля антыфаш. фільмаў («Генерал Дэла Раверэ» Раселіні, 1959; «Чатыры дні Неапаля» Н.Лоя, 1963; «Чачара», 1960, і «Сад Фінці-Канціні», 1970, Дэ Сікі). Сац.-паліт. праблемы адлюстроўваліся ў фільмах «Сальваторэ Джуліяна» Ф.Розі (1961), «Дзень славы» Д.Даміяні (1967) і інш. У гэты час сфарміраваўся жанр «камедыі па-італьянску» («Учора, сёння, заўтра», 1963, і «Шлюб па-італьянску», 1964, Дэ Сікі; «Развод па-італьянску», 1961, «Спакушаная і пакінутая», 1964, «Серафіна», 1968, Джэрмі). У 2-й пал. 1960-х г. на хвалі ўздыму маладзёжнага руху ўзнікла «кіно кантэстацыі», маніфестам якога стаў фільм М.Белокіо «Кулакі ў кішэні» (1965). У рэчышчы гэтай плыні зроблены некат. фільмы Пазаліні, братоў Тавіяні, М.Ферэры. Гал. жанры камерцыйнага кіно — псеўдагіст. стужкі на ант. тэмы, меладрамы, эратычныя камедыі, вестэрны па-італьянску («спагеці-вестэрны»). У апошнім жанры працаваў С.Леоне («Добры, дрэнны, злы», 1966; «Аднойчы на Далёкім Захадзе», 1968), які пазней працаваў у Галівудзе («Аднойчы ў Амерыцы», 1984). Сярод вядомых акцёраў гэтага часу: Дж.М.Валантэ, М.Віці, В.Гасман, Х.Кардынале, С.Ларэн, Дж.Мазіна, Н.Манфрэдзі, М.Мастраяні, С.Сандрэлі, А.Сордзі, У.Таньяцы і інш.
Гал. кірункам кіно І. 1970-х г. стала паліт. («новае») кіно. Асн. яго тэмы — выкрыццё фашызму ў мінулым і сучаснасці («Яснавяльможныя трупы» Розі, 1976; «Я баюся» Даміяні, 1977, і інш.), праблемы моладзі («Плошча Сан-Бабіла, 20 гадзін: бессэнсоўнае забойства» К.Лідзані, 1976; «Дарагі тата» Дз.Рызі, 1979) і інш. З канца 1970-х г. у кіно І. пачаліся спад вытворчасці і маст. крызіс у сувязі з экспансіяй Галівуда ў еўрап. пракат, канкурэнцыяй тэлебачання, развіццём відэапракату і інш. Шмат фільмаў ставіцца ў каапрадукцыі, пераважна з Францыяй. Найб. значныя творы апошніх дзесяцігоддзяў: «Амаркорд» (1973), «Казанова» (1976), «Рэпетыцыя аркестра» (1979), «І карабель плыве» (1983), «Інтэрв’ю» (1987) Феліні; «Дэкамерон» (1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (1972), «Кветка 1001-й ночы» (1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) Пазаліні; «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974) Вісконці; «Прафесія — рэпарцёр» (1975), «Ідэнтыфікацыя жанчыны» (1981), «Там, за аблокамі» (1995) Антаніёні; «Канфарміст» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «XX стагоддзе» (1976), «Апошні імператар» (1987), «Маленькі Буда» (1993) Б.Берталучы. Набылі вядомасць рэжысёры Э.Скола («Тэраса», 1979; «Баль», 1983; «Сям’я», 1986), браты Тавіяні («Ноч святога Ларэнца», «Добрай раніцы, Вавілон», 1986), Ферэра («Прашу прыстанішча», 1979; «Дом усмешак», 1991), Н.Марэці («Залатыя мары», 1981; «Меса закончана», 1986; «Дарагі дзённік», 1994), Дж.Тарнаторэ («Новы кінатэатр «Парадыза», 1989; «Чыстая фармальнасць», 1994) і інш. Сярод акцёраў 1970—90-х г.: В.Галіна, Дж.Джаніні, Д.Джардана, Дж.Джэма, А.Муці, Ф.Нера, М.Плачыда, А.Чэлентана і інш.
Беларусы ў Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў І. апынулася шмат беларусаў, пераважна жыхароў Зах. Беларусі, якія ў складзе Андэрса арміі ўдзельнічалі ў Італьянскай кампаніі 1943—45 (у 1944 у бітве пад Монтэ-Касіна загінула некалькі соцень беларусаў). Тут знайшлі прытулак і беларусы, вывезеныя на прымусовую працу, эмігранты, якіх не прыняла пад сваю апеку Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў, каталіцкія святары, якія вучыліся ў Папскім ін-це ўсх. навук, студэнты з Беларусі, што вучыліся мастацтву і спевам. Жылі беларусы пераважна ў Рыме і яго прыгарадах. Арганізатарам і кіраўніком бел. калоніі быў П.Татарыновіч. У 1949 тут засн.Бел.хрысц. аб’яднанне, у 1953 — Бел.акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» і аддзел Цэнтралі бел. студэнцкіх арг-цый на чужыне. Беларусы мелі прадстаўніцтвы ў Высокай радзе для эміграцыі, якая дзейнічала пры Кансісторскай Кангрэгацыі ў Рыме. Яны вялі культ.-асв. работу: святкавалі нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і дзеячаў культуры, удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыі арг-цыі «Інтэрнацыянал свабоды» (1953), Кангрэсе эмігрантаў (1962, Рым). Ініцыятарамі асн. мерапрыемстваў бел. эміграцыі былі Татарыновіч, Л.Гарошка, П.Конюх, Я.Садоўскі. У 1949 Татарыновіч заснаваў і вёў бел. секцыю на радыё Ватыкана, удзельнічаў у выданні і рэдагаваў час. «Зьніч» (1950—75, выйшла 120 нумароў).
Літ.:
История Италии. Т. 1—3. М., 1970—71;
Рутенбург В.И. Истоки Рисорджименто: Италия в XVII—XVIII вв. Л., 1980;
Кин Ц.И. Италия конца XIX в.: судьбы людей и теорий. М., 1978;
Любин В.П. Италия накануне вступления в первую мировую войну: (На пути к краху либерального государства). М., 1982;
Лопухов Б.Р. История фашистского режима в Италии. М., 1977;
Яго ж. Эволюция буржуазной власти в Италии, первая половина XX в. М., 1986;
Сафронов В.Г. Итальянские войска на советско-германском фронте, 1941—1943. М., 1990;
Комолова Н.П. Движение Сопротивления и политическая борьба в Италии, 1943—1947 гг.М., 1972;
Лисовский Ю.П. Италия от фашизма к демократии: Трудные пути послевоенной перестройки. М., 1990;
Маджистер С. Политика Ватикана и Италия, 1943—1978: Пер. с итал. М., 1982;
Холодковский К.Г. Италия: массы и политика Эволюция соц.-полит. сознания трудящихся в 1945—1985 гг.М., 1989;
Культура и общество Италии накануне нового времени. М., 1993;
Спессо Р. Итальянская экономика с послевоенных лет до наших дней: Пер. с итал. М., 1984;
Буркхардт Я. Культура Италии в эпоху Возрождения. Опыт: Пер. с нем. М., 1996;
Муратов П.П. Образы Италии. Т. 1—3. М., 1993—94;
Де Санктис Ф. История итальянской литературы: Пер. с итал. Т. 1—2. М., 1963—64;
Кацнельсон Р.А. Современная архитектура Италии. 2 изд. М., 1983;
Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1—3. М., 1956—79;
Melani V. Italian contemporery art. Pistoia, 1973;
Крунтяева Т.С. Итальянская комическая опера XVIII в. Л, 1981;
Левашева О.Е. Пуччини и его современники. М., 1980;
Богоявленский С.Н. Итальянская музыка первой половины XX в.: Очерки. Л., 1986;
Колодяжная В. Кино Италии (1940—1960). М., 1961;
Лидзани К. Итальянское кино: Пер. с итал. М., 1956;
Молодые кинорежиссеры Италии. М., 1996.
Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), В.С.Логіш (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Л.М.Зайцава (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Італіі).
Герб і сцяг Італіі.Да арт.Італія. Даліна ў Альпах.Да арт.Італія. Краявід на схілах Апенінскіх гор.Да арт.Італія. Порт Неапаль.Да арт.Італія. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў сярэдняй частцы краіны.Да арт.Італія. Уступленне ў Неапаль Дж.Гарыбальдзі 7.9.1860. Тагачасны малюнак.Да арт.Італія. Жыхары Мілана вітаюць войскі ЗША. Красавік 1945.Да арт.Італія. Панарама Фларэнцыі.Да арт.Італія. Сабор святога Пятра ў Рыме. 1506—1614.Да арт.Італія. Сабор у Арвіета. 1290—1569.Да арт.Італія. Царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі. Каля 1278—1360.Да арт.Італія. Іспанская лесвіца на П’яцца ды Спанья ў Рыме.Да арт.Італія. Андрэа ды Бартала. Іаакім пакідае горад. Дрэва, тэмпера.Да арт.Італія. С.Марціні. Благавешчанне. 1333.Да арт.Італія. «Палажэнне ў труну». Вітраж па кардоне А. дэль Кастаньё. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. 1443—14.Да арт.Італія. Антоніо дэль Палаёла. Бітва дзесяцярых аголеных. Разцовая гравюра. 1740.Да арт.Італія. Мікеланджэла. Грабніца Ларэнца Медычы. Каля 1524—31.Да арт.Італія. А.Салдаці. Аналогіі. 1950.Да арт.Італія. Р.Гутуза. Акно ў Рыяна Фламініо. 1951.Да арт.Італія. Дж.Марандзі. Нацюрморт. 1962.Да арт.Італія. Ф.Месіна. Вялікая танцоўшчыца. 1979.Да арт.Італія. Дж.Манцу. Смерць гвалтоўная. Эскіз рэльефу для «Брамы смерці» сабора св. Пятра ў Рыме. 1949—64.Да арт.Італія. Джавані ды Паала. Выгнанне з раю. Каля 1440.Да арт.Італія. Рафаэль. Заручыны Марыі. 1504.Да арт.Італія. Венецыянскі майстар. Кубак са сцэнай пакланення вешчуноў. Шкло. 1465.Да арт.Італія. Глядзельная зала тэатра «Ла Скала». Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela),
Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela), самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс.км², нас. 20,1 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.
Прырода. Венесуэла размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр.ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на Уг. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс.чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр. краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.
Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.А.Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн.дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.В.Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.
У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат.адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш.прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.А.Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.Х.Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл.ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.
Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн.т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш.Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн.ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн.т, алюмінію 600 тыс.т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр. краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс.т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс.т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс.т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс.км, у т. л. 22,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс.км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс.км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн.т штогод), Амуай (40 млн.т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.Міранды і С.Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ.час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.М.Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.В.Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.А.Майтына, А.Ласана, Х.Р.Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.В.Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.А.Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.Санчэса Пескеры і К.Борхеса, у раманах — М.Дыяса Радрыгеса, Л.М.Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.Э.Мармаль, А.Э.Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.Р.Пакатэры, М.Пікона Саласа, Р.Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.Гармендыі, Х.В.Абрэу, Э.Субэра, Э.Каламбані.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст.буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.Р.Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.Дамінгес, Г.Бермудэс, Х.М.Галія і інш.).
Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.Тавар-і-Тавар, А.Мічэлена) і скульптура (М.Гансалес, Э.Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.Фернандэс, А.Х.Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.Сезана працавалі пейзажысты Ф.Брант, Р.Манастэрыяс, А.Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.Палеа, графік П.А.Гансалес, скульптар Ф.Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.
Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж.муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф.муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.М.Аліварэс, Х.Ф.Веласкес, Х.А.Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.Ларасабаль, Ф.Вільёна, Т.Карэньё, Х.А.Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.Э.Соха (арганізатар Нац.сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.Б.Пласа Альфонса, Х.В.Лекуна, Х.А.Кальканьё, К.Фігерэда, А.Саусе, Э.Кастэльянас, А.Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.Эставес, Р.Эрнандэс Лопес, Х.А.Абрэу, Х.Л.Муньёс, А.Х.Ачоа, А. дэль Манака, Я.Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн.Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г.тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.Грамка, Р.Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.Ортыс, А.Лопес, М.Гарсія, К.Пальма, К.Маркес.
Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.Кардэра і Э.Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.Бенасераф). У 1966 засн.Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.Адрэман, Д.Арапеса, М.Валерстэйн, М.Карбанель, Л.А.Рочэ, М. дэ Педра, Р.Чальбаўд.
Літ.:
Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Герб і сцяг Венесуэлы.Да арт.Венесуэла. М.Тавар-і-Тавар. Партрэт А.Гусмана Бланка.Да арт.Венесуэла. Падвеска з выявай бажаства ў выглядзе алігатара.Да арт.Венесуэла. Размаляваная жаночая постаць. Кераміка. 500. Эль-Такуё (штат Лара).
Да арт.Венесуэла. У цэнтры Каракаса.Да арт.Венесуэла. У гарах Кардыльера-дэ-Мерыда.