ІНТАРЭ́С (ад лац. interest мае значэнне, важна),
1) сацыяльны I. (у філасофіі, сацыялогіі і інш.) — рэальная прычына сац. дзейнасці індывідаў, сац. груп, супольнасцей, што ляжыць у аснове непасрэдных намераў (ідэй, жаданняў і інш.) і вызначае сац. паводзіны. Франц. матэрыялісты 18 ст. К.Гельвецый, П.Гольбах, Д.Дзідро бачылі ў І. рэальную аснову маралі, палітыкі, грамадскага ладу ў цэлым. Пры гэтым сац. І. яны разглядалі як простую суму індывід. І., што выводзіліся з нязменнай у цэлым пачуццёвай прыроды чалавека. І.Кант і Г.Гегель адзначалі нязводнасць І. да натуральнай прыроды чалавека. Гегель падкрэсліваў, што І. ёсць нешта большае, чым змест намеру і свядомасці, разглядаў бясконцую шматлікасць І. і патрэбнасцей як ажыццяўленне ў гісторыі т.зв. «абсалютнай ідэі». Паводле марксізму, у сац. І. замацоўваюцца адносіны класа ці сац. групы да ўсёй сукупнасці грамадска-паліт. ін-таў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, абумоўленыя іх эканам. становішчам; але нязводныя да яго. Адрозніваюць І.: па ступені агульнасці (індывідуальныя, групавыя, грамадскія), сферы накіраванасці (эканамічныя, палітычныя, духоўныя), характары суб’екта (нацыянальныя, дзяржаўныя, партыйныя і інш.), ступені асэнсаванасці (дзейнічаюць стыхійна і на аснове распрацаванай праграмы), магчымасці іх ажыццяўлення (рэальныя і ўяўныя), адносінах да аб’ектыўнай тэндэнцыі грамадскага развіцця (прагрэсіўныя, рэакцыйныя, кансерватыўныя). І. складае аснову любых форм спаборніцтва, барацьбы і супрацоўніцтва паміж людзьмі і выступае ў якасці важнейшых стымулаў дзейнасці і рухаючых сіл гіст. працэсу.
2) У псіхалогіі — форма выяўлення пазнавальнай патрэбнасці. Адрозніваюць І. непасрэдны (выкліканы прывабнасцю аб’екта) і апасродкаваны (характарызуецца адносінамі да аб’екта як да сродку дасягнення мэты дзейнасці). Класіфікуецца паводле зместу (прадметнай аднесенасці) і шырыні прадметнага зместу, па глыбіні (укаранёнасці ў сістэме патрэбнасных адносін асобы) і ўстойлівасці, па сіле і працягласці. У працэсе развіцця І. можа ператварацца ў схільнасць (патрэбнасць у ажыццяўленні дзейнасці, якая выклікае І.).
В.В.Філіпава.
т. 7, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)