АГЕ́НЦТВА,

1) арганізацыя, якая за абумоўленую плату выконвае пэўныя даручэнні фіз. або юрыд. асоб (давернікаў). Аб’ём, парадак і ўмовы агенцкага абслугоўвання фіксуюцца ў дагаворы паміж агенцтвам і давернікам, ад імя, за кошт і ў інтарэсах якога агенцтва дзейнічае.

2) Прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства, напр. тэлегр. агенцтва, трансп. агенцтва, Агенцтва друку, агенцтва літаратурнае.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I ГЕО́РГІЕВІЧ (? — 1511),

цар Кахетыі [1492—1511]. У пошуках саюзнікаў у барацьбе супраць пагрозы тур. і іран. набегаў на Кахетыю аднавіў сувязі груз. зямель з Рус. дзяржавай. На пач. 16 ст. стаў васалам іран. шаха Ісмаіла I. Забіты ўласным сынам Гіоргі ў выніку інтрыг, звязаных з барацьбой за Грузію паміж Турцыяй і Іранам.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МУНДСЕНА МО́РА,

ускраіннае мора Ціхага ак., каля зах. берагоў Антарктыды, паміж 100° і 123° зах. д. Пл. 98 тыс. км². Найб. глыб. 585 м. Сярэднегадавая т-ра вады ніжэй 0 °C. Круглы год укрыта лёдам. Водзяцца марскія леапарды, кіты, пінгвіны, цюлень Роса, цюлень Уэдэла; з птушак — буравеснікі, альбатросы і інш. Названа ў гонар Р.Амундсена.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІ́ШЫНСКІ МІР 1018,

паміж Польскім княствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Завяршыў герм.-польскія войны 1003—18 (з перапынкамі), у ходзе якіх Польшча адстаяла сваю незалежнасць. Заключаны ў лужыцкім г. Будзішын польскім князем Баляславам I Храбрым і герм. каралём і імператарам Генрыхам II. Паводле Будзішынскага міру да Польшчы адышлі Лужыца, частка Мішанскай (Мейсенскай) маркі і Маравія.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОСЬ СВЕ́ТУ,

уяўная прамая лінія, якая праходзіць праз цэнтр нябеснай сферы паралельна восі вярчэння Зямлі (гл. Зямная вось). Вакол восі свету адбываецца бачнае вярчэнне нябеснай сферы. Пункты перасячэння нябеснай сферы з воссю свету наз. Паўн. і Паўд. полюсамі свету. Вугал паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта раўняецца значэнню геагр. шыраты месца назірання.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партыз. атрадамі А.​І.​Далідовіча, «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ф.​І.​Паўлоўскі) і ням.-фаш. буйным гарнізонам у в. Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14 студз. партызаны атакавалі гарнізон з 2 бакоў. Пасля непрацяглага бою гарнізон перастаў існаваць, у партызан страт не было.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗІ́ШЧАНСКАЕ БАЛО́ТА,

у Пінскім р-не Брэсцкай вобл., абапал Прыпяці, паміж вусцямі рэк Піна і Ясельда. Нізіннага тыпу. Пл. 8,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,5 тыс. га. Глыб. торфу да 2,8 м, сярэдняя 1,2 м. Балота ў натуральным стане, растуць хмызнякі і асокі; выкарыстоўваецца пад сенажаць. Ёсць невял. пясчаныя астравы.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НЦКАЕ ПРЫМІРЭ́ННЕ,

пагадненне паміж паўн. і паўд. Нідэрландамі ў ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Падпісана 8.11.1576 у г. Гент па ініцыятыве Генеральных штатаў. Прадугледжвала сумесную барацьбу супраць ісп. войск у Нідэрландах, амністыю ўдзельнікам руху, захаванне каталіцызму на Пд і кальвінізму на Пн краіны і інш. Страціла сілу пасля заключэння Утрэхцкай уніі (1579).

т. 5, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ПО́ЛЬСКІ ПАКТ 1934 аб ненападзе.

Падпісаны ў форме дэкларацыі 26 студз. ў Берліне тэрмінам на 10 гадоў (набыў сілу 24 лют.) ва ўмовах збліжэння Польшчы з фаш. Германіяй. Абавязваў бакі да мірнага вырашэння спрэчных пытанняў паміж імі. Дэнансаваны герм. рэйхсканцлерам А.​Гітлерам 28.4.1939 у час падрыхтоўкі нацыстамі 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)