ВА́РТА (Warta),
рака ў Польшчы, правы прыток р. Одра. Даўж. 808 км, пл. бас. 53,7 тыс. км². Пачынаецца з Малапольскага ўзвышша, перасякае Кракаўска-Чанстахоўскае ўзвышша, цячэ па Велікапольскай нізіне. Паводкі вясной і ўвосень. Сярэдні расход вады 215 м³/с. Суднаходная (ад Познані) з дапамогай шлюзаў. Злучана з Віслай прытокам Ноцец і Быдгашчцкім каналам. На Варце гарады Чанстахова, Познань, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА БАРЫ́САВІЧ,
князь полацкі 13 ст. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1217—18 як сын полацкага кн. Барыса Давыдавіча і брат Вячкі. Разам з апошнім атрымаў ад бацькі ў трыманне Дзвінскую воласць (землі па Зах. Дзвіне). Пад 1218 упамінаецца як полацкі князь. Некаторыя гісторыкі ставяць пад сумненне верагоднасць звестак Тацішчава.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ТА (ням. Watte),
слаба ўшчыльненыя, пераблытаныя валокны, ачышчаныя ад прымесей. Паводле спосабу атрымання адрозніваюць прыродную (шарсцяная, шаўковая, пуховая, баваўняная, азбеставая і інш.) і штучную (шкляная, шлакавая, металічная і інш.). Прыродную вату па прызначэнні падзяляюць на вопраткавую, мэблевую, мед., тэхн., пракладачную, ліставую клееную. Штучную вату выкарыстоўваюць у буд-ве як цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял, у хім. прам-сці для фільтрацыі вадкасцей і газаў.
т. 4, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
драўляная, парусна-паравая зверабойная шхуна (пабудавана ў 1873; водазмяшчэнне 360 т), на якой рус.-швед. навук. арктычная экспедыцыя Н.А.Э.Нордэншэльда ў 1878—79 упершыню прайшла Паўночна-Усходнім праходам уздоўж паўн. ўзбярэжжа Еўропы і Азіі з З на У з Атлантычнага ак. ў Ціхі ак. Абагнуўшы Еўразію, «Вега» праз Суэцкі канал вярнулася ў Швецыю (з адным зімаваннем за 200 км ад Берынгава м.).
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДЗЬМІНЫ КРУГІ́, ведзьміны кольцы,
характэрныя для некаторых шапкавых грыбоў размяшчэнні пладовых цел па перыферыі круга, абумоўленыя раўнамерным ростам грыбніцы (міцэлію) ад цэнтра да перыферыі. Могуць дасягаць у дыяметры некалькіх дзесяткаў метраў. У сярэдзіне круга пладовыя целы не развіваюцца. Часцей назіраюцца ў апенек лугавых, шампіньёнаў, маслякоў. Трапляюцца на лугах, радзей у лясах. У старажытнасці з’яўленне ведзьміных кругоў прыпісвалі нячыстай сіле, чарам ведзьмаў (адсюль назва).
т. 4, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛЛЕ,
возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 16 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,9 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 5,25 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны пад лесам, месцамі разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, параслі хмызняком, на У і Пд забалочаныя.
т. 4, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РСІЯ (ад позналац. versio відазмяненне, паварот),
1) адзін з варыянтаў выкладанняў, тлумачэнняў якога-небудзь факта, падзеі.
2) У следчай і судовай практыцы меркаванне (гіпотэза) следчага або суда пра наяўнасць ці адсутнасць падзей або фактаў з тых, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы і абгрунтавання на доказах і матэрыялах пэўнай крымін. справы, а таксама магчымае тлумачэнне іх узнікнення і характару.
т. 4, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКА́ВУ (Bukavu),
горад на У Заіра. Адм. ц. вобласці Ківу. 171,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 300 тыс. ж. (1991). Порт на паўд. беразе воз. Ківу. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр с.-г. раёна. Харчасмакавая, тэкст., металаапр., хім. прам-сць; вытв-сць будматэрыялаў. Мэблевая і фармацэўтычная ф-кі. Рамонт суднаў. Турызм. На ПнЗ ад Букаву нац. парк Кахузі-Біега.
т. 3, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТО́Н (франц. bouton),
пупышка, якая распускаецца ў кветку. Звычайна бутон адрозніваецца ад лісцевых пупышак той жа расліны памерамі і прытупленай верхавінкай. Усе часткі кветкі ў бутоне ўжо сфарміраваныя. Па папярочным зрэзе праз бутон складаюць дыяграмы кветкі, што даюць нагляднае ўяўленне пра лік і ўзаемнае размеркаванне яе асобных частак. Вывучэнне бутонаў мае значэнне ў марфал. характарыстыцы розных сям. раслін і іх сістэматыцы.
т. 3, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́НСКІ (Станіслаў Костка) (? — 1812?),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1761 падкаморы надворны, з 1765 прыдворны караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з 1778 чашнік каронны. У 1784—86 чл. Пастаяннай рады, маршалак Гродзенскага сейма 1793. Выступаў за арыентацыю дзяржавы на Рас. імперыю. За садзейнічанне другому падзелу Рэчы Паспалітай прызначаны маршалкам надворным каронным і атрымаў тытул графа ад прускага караля Фрыдрыха Вільгельма III.
т. 3, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)