ВАРГА́Н,
вурган (лац. organum ад грэч. organon прылада, інструмент; магчыма, ад стараслав. варга рот), старажытны самагучальны язычковы муз. інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі. Бываюць пласціністы варган (у выглядзе пласцінкі з дрэва, косці, бамбуку, трыснягу) і падковападобны металічны; да пласцінкі ці пасярэдзіне падковы прымацаваны язычок з трыснягу або сталі. У час ігры варган заціскаюць зубамі або прыціскаюць да іх, а рот служыць рэзанатарам. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікае бурдон; са зменай артыкуляцыі вуснаў атрымліваюць тоны, неабходныя для выканання мелодыі. Дыяпазон невялікі — кварта або квінта, што абмяжоўвае рэпертуар простымі песеннымі і танц. мелодыямі і найгрышамі. На пач. 19 ст. створаны канцэртны прафес. інструмент з храматычным гукарадам — аўра (некалькі варганаў, замацаваных на метал. дыску). На Беларусі існаваў у 12—19 ст. як сольны і ансамблевы інструмент. У наш час сустракаецца рэдка.
І.Дз.Назіна.
т. 4, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)