АБ’Е́КТ

(ад лац. objectum прадмет),

філасофская катэгорыя, якая ў аб’ектыўнай рэальнасці выражае тое, на што накіравана прадметна-практычная і пазнавальная дзейнасць суб’екта. Аб’ект не тоесны аб’ектыўнай рэальнасці, апошняя выступае для суб’екта як аб’ект не «ў чыстым выглядзе», а ў формах дзейнасці, мовы і ведаў, выпрацаваных гіст. развіццём грамадства. У найб. канцэнтраваным выглядзе гэта адлюстроўваюць існуючыя тэорыі пазнання, сярод якіх можна вылучыць: тыя, у якіх сцвярджаецца, што аб’ект, які пазнаецца, непасрэдна дадзены суб’екту і дзейнасць суб’екта заўсёды вядзе да адыходу ад аб’екта і не вызначаецца прыродай самога аб’екта (сузіральны матэрыялізм, сучасны рэалізм, пазітывізм, фенаменалогія), і тыя, дзе аб’ект ёсць канструкцыя суб’екта, «аб’ектывацыя» ўнутр. зместу суб’екта (кантыянства, неакантыянства, прагматызм).

Літ.:

Субъект и объект как философская проблема. Киев, 1979;

Лекторский В.А. Субъект, объект, познание. М., 1980;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

У.К.Лукашэвіч.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)