МАКСІ́МАВІЧ (Дзесанка) (16.5.1898, Рабравіца, каля г. Валева, Сербія — 11.2.1993),

сербская пісьменніца. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1965). Скончыла Бялградскі ун-т (1924). Дэбютавала ў 1920. Ранняй лірыцы (зб-кі «Вершы», 1924; «Зялёны віцязь», 1930; «Баль на лузе», 1932) уласціва цэльнасць светаадчування, увасобленая праз глыбокія і шчырыя пачуцці і выказаная тонка, натуральна і проста. У паэзіі пазней шага часу (зб-кі «Паэт і родны край», 1946; «Водар зямлі», 1955; «Прашу памілавання», 1964, «Не маю больш часу», 1973; «Слова пра любоў», 1984; «Бузіновая дудка», 1993) узмацніліся грамадз. матывы; асн. тэмы твораў — гіст. лёс народа і Айчыны. Аўтар раманаў «Адчыненае акно» (1954), «Не забыцца» (1969), зб-каў апавяданняў, кніг для дзяцей, перакладаў. На бел. мову асобныя яе вершы перакладалі Э.​Агняцвет, Н.​Гілевіч, Я.​Сіпакоў, І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;

У кн.: Ідзе Кастрычнік па зямлі. Мн., 1987;

У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1971;

Избранное. М., 1977;

Слово о любви. М., 1988.

І.​А.​Чарота.

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),

яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першы зб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.​Агняцвет, Д.​Бічэль-Загнетавай, Г.​Бураўкіна, З.​Бядулі, А.​Бялевіча, А.​Вольскага, С.​Гаўрусёва, Н.​Гілевіча, П.​Глебкі, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, Г.​Кляўко, Е.​Лось, П.​Макаля, Я.​Семяжона, М.​Стральцова, П.​Прыходзькі, В.​Ціхановіча і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Мой добры голуб: Выбр. Мн., 1970.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна

(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),

бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В.Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т. л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.​Гумеля, Ф.​Ліста, Ф.​Шапэна і ўласныя, у т. л. варыяцыі на тэму песні А.​Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.

Літ.:

Ахвердава А. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;

Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.

В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 18.8.1946, в. Казловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, крытык, публіцыст. Скончыў БДУ (1968). Працаваў у раённым друку. З 1972 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1964. Даследуе сучасную бел. л-ру, творчасць З.​Бядулі, П.​Галавача, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, І.​Шамякіна, І.​Навуменкі, І.​Чыгрынава і інш. Выдаў зб-кі літ.-крытычных артыкулаў «Далучанасць», «Пад небам вечнасці» (абодва 1990), «Дарога ў запаветнае» (1992), «Шляхам праўды», «Сувязь» (абодва 1994), «Дзе ж ты, храм праўды?» (1996), «Святло чароўнага ліхтарыка» (кн. 1—2, 1997—98). Аўтар краязнаўчай кнігі «Ля Каменкі бруістай» (1992), зб-каў гістарычных нарысаў і эсэ «Зерне да зерня» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1998), «Хто мы, адкуль мы...» (ч. 1—2, 1996—98), кніг для дзяцей «Віця Неслух у краіне Мурашоў» (1995, з Т.​Мушынскай), «Святая Еўфрасіння» (1999). Складальнік кніг публіцыстыкі «Свабоднае» грамадства зблізку» (1986), паэзіі «Мы і яны» (1986) і «Слова міру і праўды» (1987) і інш.

Тв.:

Іван Чыгрынаў. Мн., 1999;

У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. Мн., 1999.

В.​А.​Войніч.

Аляксандр Марціновіч.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),

рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.

Тв.: Избранное. М., 1983.

Літ.:

Западов А.В. Новиков. М., 1968;

Мартынов И.Ф. Книгоиздатель Н.​Новиков. М., 1981.

т. 11, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,

працэс узнаўлення насельніцтва ў сукупнасці людзей, што складаюць пакаленне або сукупнасць пакаленняў. У статыстыцы Н. вымяраюць частатой нараджэння дзяцей у пэўнай групе людзей або ва ўсім насельніцтве. Яго ўзровень вызначаюць каэфіцыентам Н. — суадносінамі ліку народжаных да колькасці ўсяго насельніцтва, у праміле (на 1000 чал.). Н., смяротнасць і працягласць жыцця — асн. паказчыкі натуральнага руху насельніцтва. Біял. аснова Н. — здольнасць чалавека ўзнаўляць патомства. Патэнцыяльная магчымасць Н. рэалізуецца ў выніку рэпрадуктыўных паводзін чалавека, якія абумоўлены сістэмай патрэбнасцей грамадства, і рэгулюецца сац.-культ. нормамі, традыцыямі, грамадскай думкай і інш. Звесткі аб Н. даюць: перапіс насельніцтва або выбарачныя абследаванні, бягучы ўлік нараджэнняў вядуць ЗАГСы, сельсаветы і інш. На Беларусі з пачатку 1990-х г. назіраецца рэзкае скарачэнне Н. (сумарны каэфіцыент Н. ў 1998 у параўнанні з 1989 знізіўся з 2 да 1,2). Гэта абумоўлена супадзеннем шэрагу прычын: новая мадэль рэпрадуктыўных паводзін, накіраваная на фарміраванне 1—2-дзетнай сям’і; дыспрапорцыя ў полаўзроставай структуры насельніцтва; сац.-эканам. нестабільнасць; экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. Гл. таксама «Дэмаграфічны выбух», Дэмаграфія.

Л.​Я.​Ціханава.

Агульныя каэфіцыенты нараджальнасці на Беларусі.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЛЕ́ДНІКІ, спадчыннікі, спадкаемцы,

асобы, якія атрымалі спадчыну або маюць права на яе атрыманне. Адрозніваюць Н. па законе і па завяшчанні. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Н. паводле закону (Н. 1-й чаргі) з’яўляюцца: у роўных долях дзеці (у т. л. ўсыноўленыя), муж (жонка) і бацькі (усынавіцелі) памерлага, унукі і праўнукі (калі на час адкрыцця спадчыны няма ў жывых таго з іх бацькоў, які быў бы Н.), родныя браты і сёстры, дзяды і бабкі (Н. 2-й чаргі); родныя дзядзькі і цёткі, пляменнікі і пляменніцы, стрыечныя браты і сёстры (Н. 3-й чаргі); прадзеды і прабабкі, усе інш. сваякі да пятай ступені роднасці ўключна (Н. 4-й чаргі). Кожны грамадзянін можа пакінуць па завяшчанні сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць або не ўваходзяць у кола Н. паводле закону, а таксама дзяржаве ці асобным арг-цыям. Завяшчальнік можа ў завяшчанні пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх Н. паводле закону, за выключэннем непаўналетніх або непрацаздольных дзяцей, бацькоў і ўтрыманцаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯХА́Й (Рыгор Восіпавіч) (5.12.1914, в. Сяліба Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 25.7.1991),

бел. паэт і празаік. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам. З 1946 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», у Дзярж. выд-ве БССР. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Па сонечных узгорках» (1939), «Маё пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню» (1961), «Асеннія пракосы» (1973), аповесцей «Сарочы лес» (1965), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), «Я з табою, гвардыя» (1983), дакумент. аповесці «Героі не адступаюць» (1965). Гераізм народа ў Вял. Айч. вайну, пафас стваральнай працы — асн. тэматыка твораў. Пісаў для дзяцей («Пра храбрага хлопчыка», 1962; «Алёшка-атаман», 1967). Аўтар гіст.-краязн. нарыса «Мінская вобласць» (1968, 2-е выд. 1974). Зрабіў літ. запісы кніг В.​Лівенцава «Партызанскі край» (1950), І.​Вятрова «Браты па зброі» (1962), І.​Шубітыдзе «Палескія былі» (1969). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Твардоўскага, А.​Малышкі, Ю.​Збанацкага, М.​Рыльскага, М.​Стэльмаха, П.​Тычыны і інш.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1984.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДЫНГТАН ((Aldington) Рычард) (8.7.1892, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 27.7.1962),

англійскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік л-ры т.зв. страчанага пакалення. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. З 1939 жыў у эміграцыі (ЗША, Францыя). Літ. дзейнасць пачаў як паэт у рэчышчы імажызму (зб-кі «Імажысты», 1914; «Вобразы старыя і новыя», 1916, і інш.). Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Смерць героя» (1929) пра злачыннасці вайны і лёс «страчанага пакалення». Раманы «Дачка палкоўніка» (1931), «Усе людзі — ворагі» (1933), «Жанчыны павінны працаваць» (1934), «Сапраўдны рай» (1937), «Сямёра супраць Рыўза» (1938), «Непрыняты госць» (1939) пра трагічныя наступствы 1-й сусв. вайны, лёс пасляваен. пакалення, становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве, узаемаадносіны «бацькоў і дзяцей». Аўтар зб. апавяд. «Шляхі да славы» (1930), паэмы «Крыштальны свет» (1937), раманізаваных біяграфій Д.​Г.​Лорэнса, Р.​Л.​Стывенсана і інш. Яго творчасць адметная спалучэннем лірычна-спавядальнага з натуралістычным і сатырычна-гратэскавым. Перакладаў з франц. і італьян. моў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1988—89.

Літ.:

Урнов М.В. Ричард Олдингтон. М., 1968;

Ричард Олдингтон: Биобиблиогр. указ. М., 1965.

Е.​А.​Лявонава.

Р.Олдынгтан.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СМАНІС ((Osmanis) Язэп) (н. 11.7.1932, хутар Мікіцішкі Даўгаўпілскага р-на, Латвія),

латышскі паэт. Засл. дз. культ. Польшчы (1970). Засл. дз. культ. Латвіі (1982). Канд. філал. н. (1978). Скончыў Латвійскі ун-т (1956). Друкуецца з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Крокі» (1966), «Заснежаная галінка» (1972), «Рагоз» (1974), «З лёгкім парам» (1981), «Чырвоныя доўгія, доўгія ружы» (1982), «Шэпт і вецер» (1985), «Што маеш, тое і маеш» (1988) і інш. Даследуе сучасную лат. (манаграфія «Камень сонца», 1977) і бел. дзіцячую л-ру. Складальнік кніг вершаў, апавяданняў, казак лат. пісьменнікаў на бел. мове («Песня Даўгавы», 1986, з С.​Панізнікам). Піша для дзяцей. Пераклаў на лат. мову кн. вершаў Э.​Агняцвет «Залатыя рукі» (1960), асобныя творы П.​Броўкі, А.​Вольскага, С.​Гаўрусёва, А.​Грачанікава, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Панізніка, А.​Пысіна. На бел. мову творы О. пераклалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, Грачанікаў, В.​Лукша, Панізнік, У.​Скарынкін.

Тв.:

Бел. пер. — Сабака з рагаткай. Мн., 1976;

Рус. пер. — Носик-курносик. Рига, 1967;

Волшебник. Рига, 1978;

Аистенок. М., 1982.

С.​С.​Панізнік.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)