ПАЎЛЫ́ЧКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 28.9.1929, с. Стапчатаў Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Друкуецца з 1951. У паэт. зб-ках «Любоў і нянавісць» (1953), «Мая зямля» (1955), «Быстрыня» (1959), «Дзень» (1960), «На варце» (1961), «Хлеб і сцяг», «Гранаслоў» (абодва 1968), «Тайна твайго аблічча» (1974, «Спіраль» (1984) лірычныя вершы пра людзей Зах. Украіны, пра барацьбу за мір; у зб. «Накіраваны ў будучыню» (1986) вершы пра І.​Франко. Аўтар кн. крытыкі «Магістралямі слова» (1977), «Над глыбінямі» (1983), сцэнарыяў кінафільмаў, твораў для дзяцей. Многія яго паэт. творы пакладзены на музыку. Беларусі прысвяціў вершы «Што звязана вякамі», «Вітанне Беларусі» і інш. На ўкр. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклалі Р.​Барадулін, Я.​Сіпакоў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1977.

Тв.:

Бел. пер. — Таямніца вобліку твайго: Лірыка. Мн., 1987;

Лірыка // На волю птушку выпускаю. Мн., 1989;

Рус. пер. — Сонеты. М., 1978;

Стихи. М., 1981.

Літ.:

Дмитро Павличко: Бібліогр. покажчик. Ч. 1—2. Львів, 1990.

С.​С.​Панізнік.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)