«НО́ВАЯ ХВА́ЛЯ»,

кірунак у франц. кіно на мяжы 1950—60-х г., які садзейнічаў абнаўленню стылістыкі кінарэжысуры і дэмакратызацыі кінамастацтва. Тэрмін узнік у франц. друку. Для рэжысёраў гэтага кірунку характэрны адмаўленне ад стварэння дарагіх камерцыйных фільмаў, імправізацыйныя метады здымкі, пераважна ў натуральным асяроддзі і рэальных інтэр’ерах, цікавасць да жыцця маладога пакалення, скептычнае стаўленне да традыц. маральных каштоўнасцей. У рэчышчы «Н.х.» працавалі Ф.​Труфо, К.​Шаброль, Л.​Маль, Ж.​Л.​Гадар, А.​Рэнэ, А.​Варда, А.​Аструк, Ж.​Франжу і інш., а таксама дакументалісты, якія абвясцілі лозунг «сінема-верытэ» («кіно-праўда», К.​Маркер, Ж.​Руш, Ф.​Рэйшэнбах і інш.). У сярэдзіне 1960-х г. выявілася слабасць «Н.х.», звязаная з аўтарскім эгацэнтрызмам, павярхоўнай трактоўкай драм. канфліктаў, празмерным захапленнем фармальнымі прыёмамі. Аднак дзякуючы «Н.х.» з’явілася свабодная і натуральная рэжысёрская манера, распрацаваны новыя сродкі экраннай выразнасці (рухомая камера), новыя прынцыпы мантажу (незакончанасць эпізодаў, несупадзенне адлюстравання і гуку), пашырыліся межы сінтэзу традыц. жанраў. Франц. кіно папоўнілася новымі акцёрамі (Ж.​П.​Бельмандо, Ж.​Маро, А.​Дэлон, Ж.​К.​Брыялі, Ж.​Л.​Трэнтыньян, К.​Дэнёў, А.​Карына), аператарамі (А.​Дэке, Р.​Кутар, Ж.​Раб’е, С.​В’ерні і інш.), кампазітарамі (М.​Легран, М.​Жар і інш.). Асобныя тэмы, матывы, маст. прыёмы «Н.х.» ўзбагацілі мову кіно і атрымалі пашырэнне ў розных кінематаграфіях.

Літ.:

Божович В. О «новой волне» во французском кино // Вопросы киноискусства. М., 1964. Вып. 8;

Жанкола Ж.П. Кино Франции. Пятая республика (1958—1978): Пер. с фр. М., 1984.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],

філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.​Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.​Джэмс, Дж.​Дзьюі, Дж.​Мід, С.​Хук, К.​І.​Льюіс, Ф.​К.​Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст. эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.

В.​І.​Галаўнёў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАФО́НІЯ (ад гама... + грэч. phōnē гук, голас),

від шматгалосся, які вызначаецца падзелам галасоў на галоўны (мелодыя) і другарадныя (суправаджэнне). У гэтым прынцыповае адрозненне гамафоніі ад поліфаніі, дзе галасы раўназначныя. Сутнасць гамафоніі ў вылучэнні аднаго голасу як носьбіта асн. зместу муз. вобраза. Нязначная індывідуалізацыя галасоў суправаджэння спрыяе іх аб’яднанню часцей за ўсё як элементаў адзінага акордавага комплексу. Змена акордаў і акордавых комплексаў — спецыфічны фактар развіцця ў гамафонных формах, якое выяўляе ладава-гарманічныя функцыі асн. голасу і суправаджэння. Лінеарнае, інтанацыйнае, рытмічнае ўзбагачэнне галасоў суправаджэння прыводзіць да поліфанізацыі муз. фактуры, аднак вызначальнай прыкметай гамафоніі застаецца канцэнтрацыя муз. думкі ў адным голасе. Прынцыпы гамафоніі выкарыстоўваюць у розных жанрах і формах. У выніку разнастайных варыянтаў рытмічных суадносін паміж галасамі ўтвараюцца тыпы гамафоннай фактуры: акордавы, тып разгорнутай мелодыі з акордавым ці фігурацыйным суправаджэннем; поліфанізаваная гамафонія (спалучае энергію меладычных ліній з багаццем гамафоннай акордыкі і дынамізмам функцыянальных змен).

У Стараж. Грэцыі гамафонія абазначала выкананне мелодыі ва унісон ці ў актаву. У еўрап. прафес. музыцы яе станаўленне ў сучасным сэнсе звязана з эпохай Адраджэння (на Беларусі крышталізацыя гамафонных сродкаў выразна прасочваецца ў стылістыцы канта) У 17—18 ст. гамафонія — асн. муз. склад у оперы, араторыі, кантаце, інстр жанрах Творчасць венскіх класікаў (В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Л.​Бетховена) сканцэнтравала найб. значныя і каштоўныя рысы гамафоніі. У 20 ст. побач з развіццём гамафоніі павялічылася цікавасць кампазітараў да поліфаніі.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Холопова В.Н. Фактура. М., 1979;

Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр. Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),

італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).

Данатэла. Давід. Бронза. 1430-я г.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРШАЗНА́ЎСТВА,

галіна літаратуразнаўчай навукі, якая вывучае структуру вершаванай мовы. Сучаснае вершазнаўства даследуе таксама рытм, інтанацыю ў празаічных творах.

Узнікненне вершазнаўства як навукі звязана з развіццём у розных л-рах пісьмовай паэзіі, якая аддзялілася ад музыкі. Першапачаткова вершазнаўства было проста сістэмай пэўных нормаў і правіл, па якіх павінны былі пісацца вершы. У 19 ст. яно становіцца даследчыцкай навукай. Адным з асн. метадаў яе з’яўляецца статыстыка: выдзяленне гукавых з’яў верша, якія могуць быць абавязковымі, пануючымі або толькі пераважаючымі. Асн. раздзелы: метрыка (даследуе асаблівасці рытміка-інтанац. будовы вершаванага радка), строфіка (вывучае прынцыпы і прыёмы аб’яднання рытмараду ў адно завершанае цэлае) і фоніка (устанаўлівае заканамернасці гукавой арганізацыі паэт. мовы).

На Беларусі першыя тлумачэнні асн. формаў і тэрмінаў ант. метрыкі далі Л.​Зізаній (1596) і М.​Сматрыцкі (1619). Пазней Сімяон Полацкі (1629—80) распрацаваў асн. прынцыпы сілабічнага верша, увёў паняцце «стихи краесогласнии» ў значэнні вершаванай мовы. Зараджэнне новай бел. л-ры, збіральніцкая дзейнасць фалькларыстаў і этнографаў у 19 ст. ўзмацнілі цікавасць да формаў нар. верша (працы І.​Насовіча, Я.​Карскага). Вял. ўвагу вершаванай структуры аддаваў М.​Багдановіч, які ўпершыню ў бел. вершазнаўстве вылучыў прынцып адзінства формы і зместу, а ў літ. аглядах паказаў непасрэдную сувязь рытму са змястоўнасцю і эстэт. дзейснасцю паэт. твораў. Багдановіч развіваў разнастайныя страфічныя і метрычныя формы дзеля павышэння культуры творчасці, узмацнення ідэйна-эстэт. ўплыву л-ры на чытача. У пасляваен. перыяд з’явіліся навуч. дапаможнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, манаграфіі і артыкулы па асобных праблемах вершазнаўства, сярод якіх працы І.​Ралько «Беларускі верш» (1969) і «Вершаскладанне» (1977), М.​Грынчыка «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973).

Літ.:

Грынчык М.М. Беларускае вершазнаўства і перспектывы яго развіцця // Бел. літаратура. 1979. Вып. 7.

М.​М.​Грынчык.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЭН (яп., ад санскр. дх’яна — медытацыя),

адна з плыней у яп. будызме. Сфарміравалася на аснове чань-будызму. прыйшла ў Японію з Кітая ў канцы 12 ст. Асн. ідэя Дз. — магчымасць спасціжэння пры дапамозе медытацыі сваёй пачатковай прыроды, тоеснай «сутнасці Буды». Прабуджэнне (саторы) суадносяць з спасціжэннем сапраўднай прыроды рэчаў, іх патаемнай сутнасці і ўсведамленнем свайго дачынення да ўсяго існага. Адрозніваюць «малое саторы», калі сапраўднае разуменне рэчаў толькі прыадкрываецца на кароткі момант, і «вялікае саторы», што вядзе да духоўных змен. Для дасягнення саторы выкарыстоўваюць «сядзячую медытацыю», якая прадугледжвае пазбаўленне ад думак і вобразаў (даадзэн) і практыку пастаноўкі і рашэння асобых парадаксальных задач, накіраваных на фарміраванне інтуітыўнага цэласнага спасціжэння рэальнасці (коан). Найб. пашыраны кірунак Дз. Рындзай-сю, успрыняты імператарскім акружэннем, самурайствам. Другі кірунак, Сота-сю, распаўсюдзіўся ў правінцыях, знайшоў падтрымку ў мясц. феадалаў. Паслядоўнікі Дз. лічаць свяшчэнныя трактаты другаснымі, бо патаемныя ісціны перадаюцца непасрэдна ад настаўніка вучню («ад сэрца да сэрца»). Дз. у многім вызначыў кодэкс самурайскага гонару бусідо. Прынцыпы Дз. (спантаннасць, натуральнасць, гармонія, прастата) паўплывалі на фарміраванне традыц. мастацтваў: каліграфіі, жывапісу, паэзіі, л-ры, музыкі, чайнай цырымоніі, кампазіцыі садоў і ландшафтаў, баявых мастацтваў і інш. Пік захаплення Дз. за межамі Японіі прыпадае на 1960-я г. і звязаны з маладзёжным рухам пратэсту. Манастыры і цэнтры па вывучэнні Дз. існуюць у ЗША, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Беларусі цікавасць да Дз. звязана найперш з распаўсюджаннем з 1970-х г. яп. баявых мастацтваў.

Літ.:

Абаев Н.В. Чань-буддизм и культурно-психологические традиции в средневековом Китае. Новосибирск, 1989;

Кацуки С. Практика Дзэн. Железная флейта: (100 коанов Дзэна): Пер. с англ. Киев, 1993.

А.​В.​Гурко.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАНТЫЛІ́ЗМ (франц. pointillisme ад point кропка),

1) у выяўленчым мастацтве (дывізіянізм) — жывапісная сістэма неаімпрэсіянізму, заснаваная на раскладзе складанага колеравага тону на чыстыя, спектральныя колеры. У тэхніцы П. мазкі ў выглядзе кропак або дробных квадратаў наносяцца на палатно асобна, без накладання адзін на адзін ў разліку на іх аптычнае змяшэнне пры зрокавым успрыняцці карціны. Узнік у франц. жывапісе каля 1885, пашырыўся ў Бельгіі, Італіі. У тэорыі П., распрацаванай яго буйнейшымі прадстаўнікамі Ж.Сёра і П.Сіньякам, атрымалі паслядоўнае развіццё каларыстычныя ідэі Э.Дэлакруа, імпрэсіяністаў, тагачасныя навук. дасягненні ў псіхалогіі ўспрыняцця колеру. У творах пуантылістаў спалучаліся прыёмы аб’ёмна-прасторавай трактоўкі кампазіцыі, павышаная цікавасць да аптычных эфектаў, колеравай індукцыі, храматычнай гарманізацыі фарбаў. У рэчышчы П. працавалі А.​Э.​Крос, М.​Люс (Францыя), Т. ван Рыселберг, В.​Фінч, Ф.​Шарле, В.​Шлобах (Бельгія), Г.​Прэвіяці, Дж.​Сеганціні (Італія) і інш. Паўплываў на творчасць групы «Набі», кубістаў, футурыстаў, фавістаў, мастакоў оп-арта.

2) У музыцы — адзін з метадаў Сучаснай муз. кампазіцыі. Муз. тканіна ствараецца не шляхам злучэння меладычных ліній ці акордаў, а з «кропак»-гукаў (двухгуччаў, іншы раз — «кропак»-акордаў), раз’яднаных паўзамі ці скачкамі (заканчэнне п’есы «Ізаляваныя кропкі ў прасторы» Э.​Дзянісава). Пачынальнік П. — А.Веберн. Найб. пашырыўся ў 2-й пал. 20 ст. Сярод яго прадстаўнікоў П.Булез («Структуры» для 2 фп.), К.Штокгаўзен («Кантрапункты»), М.​Кагель («Пераўтварэнні 11») і інш. Пуантылістычная музыка стала крокам да больш позняй прасторавай музыкі (выканаўцы размяшчаюцца ў розных канцах залы), а ў тэхн. музыцы — ад стэрэафаніі і пластавай кампазіцыі ў спалучэнні са статычнай і кінетычнай прасторавай праекцыяй. З бел. кампазітараў да пуантылістычнага метаду кампазіцыі звярталіся Я.​Паплаўскі, Дз.​Смольскі, А.​Сонін і інш.

М.​Л.​Цыбульскі (жывапіс), В.​С.​Клакоцкая (музыка).

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСТ ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,

здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.​Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.​Буало, Ш.​Бацё, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.​Шэфтсберы, Г.​Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.​Юмам. Густ эстэтычны І.​Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус. рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.

У бел. культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.​Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.​Чачот, В.​Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына — з сац. рэальнасці. М.​Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.​Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.

Літ.:

Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;

Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.

В.​А.​Салееў.

т. 5, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАЛІНГВІ́СТЫКА,

навука, што склалася на стыку псіхалогіі, неўралогіі і лінгвістыкі (гл. Мовазнаўства); вывучае мазгавыя механізмы моўнай дзейнасці і змены ў моўных працэсах пры лакальных паражэннях мозга. Эпізадычныя назіранні афазіі (парушэнні маўленчых паводзін) вяліся ўжо ў сярэднявеччы. Сістэм. вывучэнне пачалося ў 1861 (праца франц. анатама П.​Брака па маторнай афазіі). У слав. лінгвістыцы адным з першых цікавасць да фактаў маўленчай паталогіі праявіў І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ («З паталогіі і эмбрыялогіі мовы», 1885). Ідэі Н. развіваліся ў працах Л.​Блумфілда, В.​Дарашэўскага, А.​Р.​Лурыі, Р.​В.​Якабсона і інш., дзе яе аб’ектам сталі не толькі афазіі, а моўныя паводзіны чалавека ў цэлым. Пры гэтым мова разглядаецца як сістэмная функцыя, а афазія — як сістэмнае парушэнне, звязанае з дэфектамі і функцыян. пабудовай работы мозга па кампенсацыі парушанай функцыі. Клінічныя назіранні дазволілі выявіць пашкоджанні асн. тыпаў нерв. структур, звязаных з моўным механізмам: маторная, сенсорная, семантычная і дынамічная афазіі, агнозіі, апраксіі і дызартрыі. Асн. метад даследаванняў у Н. — назіранні над маўленчымі паводзінамі хворага ў розных умовах: пераказы тэкстаў, расказы, чытанне, пісьмо, выкарыстанне розных тэстаў і інш. Па меры паглыблення навукі і ўдасканалення тэхн. сродкаў, інструментаў і рэактываў для назірання за мозгам узніклі новыя метады. З 2-й пал. 20 ст. Н. — адзін з аспектаў комплекснага вывучэння знакавых паводзін чалавека, структуры свядомасці, ступеней яе свабоды, суадносін фундаментальных прынцыпаў і ўласцівасцей самога чалавека і яго свядомасці і інш. Сучасная Н. аб’ядноўвае ў адной навук. парадыгме фундаментальныя прынцыпы і катэгорыі розных навук — мовазнаўства, нейрапсіхалогіі, нейрафізіялогіі, біялогіі, фізікі, псіхалогіі, псіхалінгвістыкі, філасофіі, матэматыкі, касмалогіі і інш. Даследаваная ў Н. структура слова і мовы ўключае ўсе вядомыя фундаментальныя іх элементы і структурныя ўласцівасці, дакладна адлюстроўвае будову мозга і асаблівасці ажыццяўлення мыслення ў ім, дае ўяўленне пра структуру свядомасці, тлумачыць структурнае падабенства генет. кода і прыроднай мовы, знаходзіць сваё пацвярджэнне ў асаблівасцях структуры планет, галактык, электрамагнітных і гравітацыйных узаемадзеянняў і інш.

Літ.:

Лурия А.Р. Основные проблемы нейролингвистики. М., 1975;

Гируцкий А.А., Гируцкий И.А. Основы нейролингвистики Мн., 1998;

Гируцкий А.А. Наука и религия. Мн., 1999.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)