МІКСЕДЭ́МА (ад грэч. myxa слізь + oidēma пухліна, ацёк),

захворванне, якое абумоўлена зніжэннем функцыі шчытападобнай залозы; адна з праяў гіпатырэозу. Адрозніваюць першасную форму (пашкоджанне непасрэдна шчытападобнай залозы) і другасную (пашкоджанне гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы). Першасная М. бывае прыроджанай (напр., пры ўнутрывантробным назапашванні шчытападобнай залозай плода радыеактыўнага ёду) і набытай (пасля траўмаў ці вострага запалення шчытападобнай залозы). Прыкметы: слізісты ацёк скуры і падскурнай клятчаткі, павышаная стамляльнасць, зніжэнне т-ры цела, крывянога ціску, выпадзенне валасоў, цяжкія функцыян. парушэнні ц. н. с., эндакрыннай, страўнікавай і інш. сістэм, дыстрафія. У дзіцячым узросце — карлікавы рост, замаруджанае акасцяненне, парушэнні псіхікі і інш. Лячэнне — гармонатэрапія, сімптаматычная тэрапія.

М.​І.​Федзюковіч.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕЛАТЭРАПІ́Я (ад грэч. ampelos вінаград + тэрапія),

вінаградалячэнне, выкарыстанне пладоў і соку вінаграду ў лек. мэтах. Вядома са старажытнасці, у Расіі з канца 19 ст. Практыкуецца ў зонах вінаградарства, звычайна ў спалучэнні з клімататэрапіяй. Лепшыя лек. сарты — Шасла, Рыслінг, Семільён, Гауш, Акішміш, Тагузюм чэлекі. Асн. станоўчы ўплыў ампелатэрапіі звязаны з багаццем і разнастайнасцю ў спелых пладах і соку вінаграду вугляводаў, пекцінавых і мінер. рэчываў, вітамінаў; выяўляецца праз нармалізацыю і актывацыю абменных працэсаў (асабліва водна-салявога абмену), апетыту, сакрэцыі страўніка, маторыкі кішэчніка, функцый мочавыдзялення і інш. Проціпаказана пры цукр. дыябеце, вострых захворваннях, язве страўніка, гіпертаніі, хранічных паносах і абвастрэннях туберкулёзу. Дозы спажывання пладоў вінаграду пры ампелатэрапіі могуць дасягнуць 2 кг, соку — 1,2 л за суткі.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАМІЯЗІ́Т (ад дэрмата... + міязіт),

сістэмнае пашкоджанне папярочна-паласатай і гладкай мускулатуры з парушэннем рухальнай функцыі, а таксама скуры, пераважна на адкрытых участках цела. Вял. значэнне ва ўзнікненні хваробы надаецца алергічным і аўтаімунным механізмам: Д. бывае вострым (ліхаманка з дрыжыкамі, хутка парастае генералізаванае пашкоджанне шкілетнай мускулатуры), падвострым (цячэнне хваробы маруднае) і хранічным. Прыкметы: пашкоджанне шкілетных мышцаў (хворы не можа самастойна ўставаць, садзіцца, падняць нагу, трымаць прадмет у руцэ, падае пры хадзе), парушаецца глытанне, на адкрытых участках скуры развіваецца эрытэма, ацёк, вузельчыкі, пухіркі, кровазліццё, узмацненне ці аслабленне пігментацыі, пачырваненне скуры (найчасцей вакол вачэй, носа, на шчоках), развіваецца сухасць скуры, ломкасць пазногцяў, выпаданне валасоў. Лячэнне: агульнаўмацавальная і дэзінтаксікацыйная тэрапія, гарманальныя прэпараты, імунасупрэсары.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАТЭРАПІ́Я (ад аэра... + тэрапія),

метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні лек.-прафілактычных уласцівасцяў атм. паветра. Асн. працэдуры аэратэрапіі — паветраныя ванны (кароткатэрміновае ўздзеянне паветра на аголенае цела); «веранднае лячэнне» (працяглае знаходжанне на адкрытых верандах, балконах, у аэрасалярыях, спец. кліматапавільёнах), дзённы і начны сон на адкрытым паветры і інш. Як сродак загартоўвання арганізма аэратэрапія асабліва карысная дзецям. Хворым і людзям старэй за 60 гадоў назначаюць з асцярожнасцю. Аэратэрапія павышае ўстойлівасць арганізма да неспрыяльных умоў у хворых з расстройствамі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, пры малакроўі і функцыянальных парушэннях нерв. дзейнасці. Спецыфічны кірунак аэратэрапіі — аэраіонатэрапія, асабліва эфектыўная там, дзе паветра насычана лёгкімі аэраіонамі (у гарах, паблізу вадаспадаў, каля месцаў марскога прыбою, пад кронамі дрэў). Яна выкарыстоўваецца як метад агульнага ўздзеяння (аэраінгаляцыі), а таксама як мясц. працэдура (аэраіонны масаж), у штучна створаных умовах — як метад фізіятэрапіі.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАГРАНУЛАМАТО́З, хвароба Ходжкіна,

злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.​Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.

Літ.:

Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;

Лимфогранулематоз. М., 1985.

В.​Я.​Рэбека, І.​В.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ, дэрматамікозы,

хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.

Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАТЫ́Т [ад грэч. keras (keratos) рог],

запаленне рагавой абалонкі вока, іншы раз з частковым або поўным яе памутненнем (бяльмом) і паніжэннем зроку да слепаты. Адрозніваюць К. экзагенныя (пры ўздзеянні знешніх фактараў, пераважна інфекц., ці пры траўме) і эндагенныя (пры захворваннях арганізма); па лакалізацыі бываюць паверхневыя і глыбокія. Сімптомы К.: святлабоязь, слёзацячэнне, боль, пачырваненне вока, парушэнне празрыстасці рагавіцы, паніжэнне зроку.

Найчасцей бываюць вірусныя К. (напр., герпетычны выклікаецца вірусамі герпесу). Катаральныя ўзнікаюць пры інфекц. кан’юнктывітах (ганарэйным, дыфтэрыйным), трахоме і інш. Пры бактэрыяльных гнойных К. (выклікаюцца стафілакокамі, пнеўмакокамі і інш.) можа развіцца паўзучая язва з дэфектам рагавіцы і рубцом. Паверхневыя туберкулёзна-алергічныя скрафулёзныя К., як правіла, двухбаковыя; гематагенныя глыбокія К. пашкоджваюць адно вока з моцным памутненнем рагавіцы. Парэнхіматозны К. (тыповая форма глыбокага эндагеннага К.) найчасцей бывае пры прыроджаным сіфілісе. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірург — кератапластыка.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПІЛАБАКТЭРЫЁЗ, вібрыёз,

інфекцыйная хвароба буйн. раг. жывёлы і авечак, радзей свіней, коз, курэй, чалавека, якая выклікаецца кампілабактэрыямі. Адзначаецца ў многіх краінах, у т. л. на Беларусі. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і носьбіты (часцей быкі ці бараны-вытворнікі). У жывёл заражэнне адбываецца палавым або аліментарным шляхам. Хвароба часцей адзначаецца восенню і зімой. Характарызуецца запаленнем слізістых абалонак похвы, маткі, часовай бясплоднасцю, абортамі, затрыманнем паследу. У чалавека К. характарызуецца пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту. Перадаецца праз ежу, ваду, забруджаныя выдзяленнямі жывёл. Інкубацыйны перыяд 1—2 (іншы раз 6) дні; востры боль, слабасць, моташнасць, ірвота, вадкі стул з прымессю слізі і крыві. Т-ра цела 38—40 °C, боль у мышцах і суставах. К. садзейнічае ўзнікненню хранічнага гастрыту з развіццём язвавай хваробы; можа ўскладняцца пнеўманіяй, артрытам, міякардытам, менінгітам, сепсісам (асабліва ў дзяцей першых месяцаў жыцця). Лячэнне: дэзінтаксікацыйная і сімптаматычная тэрапія.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.

Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.

А.​В.​Берастаў.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)