РЫНІ́Т, насмарк,
запаленне слізістай абалонкі носа. Бывае востры, хранічны, алергічны. Часта з’яўляецца сімптомам інфекц. хвароб (адру, грыпу, дыфтэрыі і інш.). Востры Р. узнікае пад уплывам агульнага і мясц. пераахаладжэння, мех. і хім. раздражняльнікаў, суправаджаецца чханнем, агульнай слабасцю, серознымі выдзяленнямі з носа. Хранічны Р. бывае пасля шматразовага вострага Р. і прыводзіць да разрастання (гіпертрафіі) або атрафіі слізістай. Прычына алергічнага Р. — уплыў на слізістыя абалонкі носа алергенаў рознага паходжання (бактэрыяльных, быт., грыбковых, расл., жывёльных і інш.). Яго працяканне прыступападобнае; у час прыступу — сверб у носе, частае чханне, вадзяністыя выдзяленні, заложанасць. Лячэнне: тэрапія, фізіятэрапія. Сярод жывёл на Р. часцей хварэе маладняк.
т. 13, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)