БІ́ТВА ЗА А́НГЛІЮ 1940—41,

барацьба англійскіх узбр. сіл супраць ням.-фаш. ВПС над Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ. ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усяго ням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс. чал. (у т. л. каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),

знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм. навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.

Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.

Літ.:

Теоретические основы радиолокации. М., 1970;

Справочник по радиолокации: Пер. с англ. Т. 1—4. М., 1976—79.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.
Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),

лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш. Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).

Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.​Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.​М.​Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.​П.​Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.

Літ.:

Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;

Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.

Верталёты: В-12 (зверху) і баявы Ка-50.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАКІ,

сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).

Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 10​9 т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.

І.​Я.​Афнагель.

Высокаслаістыя воблакі над воз. Шо ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл.
Слаіста-кучавыя і кучавыя воблакі.
Высока-кучавыя воблакі пад крылом самалёта.
Кучава-дажджавыя воблакі.
Кучавыя воблакі добрага надвор’я.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНРЭА́ЛЬ (Montreal),

горад на У Канады, у прав. Квебек. Размешчаны на р. Св. Лаўрэнція, каля ўпадзення ў яе р. Атава. 3,3 млн. ж. з прыгарадамі (1996). Марскі і рачны порт (грузаабарот больш за 20 млн. т за год), даступны для акіянскіх суднаў. Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Найбольшы гандл.-фін. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. судна-, самалёта- і лакаматывабудаванне), нафтаперапр., хім., харч., тэкст., каляровая металургія, дрэваапр. (у т. л. папяровая, мэблевая), паліграф., гарбарна-абутковая, буд. матэрыялаў. Метрапалітэн.

У 16 ст. ўмацаванае паселішча іракезаў. У 1642 франц. місіянеры заснавалі тут гандл. калонію, якая да 1700 наз. Віль-Мары-дэ-Манрэаль. У 1-й пал. 18 ст. цэнтр гандлю футрам. У 1760 заваяваны брыг. войскамі, паводле мірнага дагавора 1763 разам з калоніяй Новая Францыя перададзены Вялікабрытаніі. У 1775—76 акупіраваны войскамі ЗША. З 1826 акіянскі порт. У 1832 атрымаў гар. правы. У 1844—49 адм. цэнтр брыг. калоніі (правінцыі) Канада, якая ўключала сучасныя кан. правінцыі Квебек і Антарыо. У 1976 у М. адбыліся XXI летнія Алімп. гульні.

У аснове плана М. (складзены ў 1672) прамавугольная сетка вуліц. Сярод ранніх арх. помнікаў: царква Бансекур (1657, перабудавана ў 1771), семінарыя Сен-Сюльпіс (1680), палац Рамзе (1705—24). Эклектычныя пабудовы 19 ст.: цэрквы Нотр-Дам (1824—29, арх. Дж.​О’Донел) і Крайст-чэрч (1857, абедзве неаготыка); універмагі «Янг» і «Уотсан», царква Сен-Жорж (усе сярэдзіна 19 ст., Хопкінс, Лофард, Нелсан), сабор Сен-Жак (1875—85, арх. Ж.​Мішо, В.​Буржо). Найб. значныя збудаванні 20 ст.: Манрэальскі банк (1904, амер. арх. Ч.​Ф.​Мак-Кім, У.​Мід, С.​Уайт), вышынны дом фірмы «Сан Лайф» (1915, арх. Ф.​Дарлінг, Дж.​Пірсан), Манрэальскі ун-т (1925—42, арх. Э.​Карм’е), цэнтр. вакзал (1958) з комплексам вышынных дамоў («Атэль каралевы Лізаветы», арх. Уэб, Кнап), б-ка Хіксана (1960, арх. А.​Дзёрнфард, Болтан, Чэдуік. Элвуд), комплексы Сусв. выстаўкі 1967 і Алімпійскі (1976, франц. арх. Р.​Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі). У 1960-я г. пабудаваны горад-спадарожнік М. — Грэнбі. 5 ун-таў, у т. л. Мак-Гіла, Манрэальскі, Дж.​Уільямса. Б-кі: Публічная і Манрэальскага ун-та. Музеі: мастацтва (найстарэйшы ў Паўн. Амерыцы), сучаснага мастацтва, Д.​Роса Мак-Корда (гісторыя Канады), замка Рамзе і інш.

У цэнтры Манрэаля.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль са спец. агрэгатамі і абсталяваннем для тушэння пажараў, выканання спец. і дапаможных работ. Дастаўляе да месца пажару баявы разлік, вогнетушыльныя рэчывы, пажарна-тэхн., аварыйна-выратавальнае і інш. абсталяванне. Звычайна выкарыстоўваюцца шасі серыйных аўтамабіляў (КамАЗ, УАЗ, ЗІЛ, КрАЗ, МАЗ і інш.). Падзяляюцца на асноўныя, спец. і дапаможныя. Асноўныя П.а. прызначаны для непасрэднага тушэння пажару — падачы ў зону гарэння вогнетушыльных рэчываў (вады, пены, парашкоў, газаў і інш.). Бываюць агульнага выкарыстання (аўтацыстэрны, аўтапомпы, аўтамабілі помпава-рукаўныя) і мэтавага выкарыстання (пажарныя помпавыя станцыі, парашковыя, пенныя, аўтамабілі газавадзянога, газавага і камбінаванага тушэння, аэрадромныя). Найб. пашыраны аўтацыстэрны, у т. л. вытв-сці «Белкамунмаша» і «Агата». Абсталёўваюцца пажарнымі помпамі высокага (да 40 МПа) і нізкага (да 10 МПа) ціску, ёмістасцямі для вады (2,5—12 м³) і пенаўтваральніка (150—4000 л), пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальным абсталяваннем. Аўтапомпы і помпава-рукаўныя аўтамабілі выкарыстоўваюцца разам з аўтацыстэрнамі або самастойна пры заборы вады з вадаёмаў. Пажарныя помпавыя станцыі падаюць ваду па магістральных пажарных рукавах непасрэдна да перасоўных лафетных ствалоў або да П.а. Аўтамабілі пеннага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў паветрана-мех. пенай; парашковага тушэння — для тушэння пажараў на аб’ектах хім., нафтаперапрацоўчай прам-сці, атамнай энергетыкі, лятальных апаратаў; камбінаванага тушэння — для падачы ў ачаг гарэння вогнетушыльных парашковых саставаў і паветрана-мех. пены. Аўтамабілі газавага пажаратушэння выкарыстоўваюцца для тушэння пажараў электраабсталявання пад напружаннем, музеяў і архіваў, гаручых і лёгкаўзгаральных вадкасцей, а таксама пажараў у цяжкадаступных месцах, П.а. газавадзянога тушэння — для тушэння газанафтавых фантанаў (маюць авіяц. турбарэактыўны рухавік з сістэмай трубаправодаў для падачы вады). П.а. аэрадромныя служаць для выратавання пасажыраў і экіпажа самалёта (верталёта), тушэння пажару і работ па ліквідацыі аварыі. Бываюць стартавыя (базіруюцца непасрэдна каля ўзлётнай паласы) і асноўныя (выязджаюць па сігнале трывогі). Спецыяльныя П.а. прызначаны для падняцця людзей на вышыню, забеспячэння сувязі і асвятлення, разборкі канструкцый, барацьбы з дымам, ратавання матэрыяльных каштоўнасцей, пракладкі рукаўных ліній і інш. Да іх адносяцца аўтадрабіны (гл. Пажарныя драбіны), аўтапад’ёмнікі, аўтамабілі газадымаахоўнай службы, сувязі і асвятлення, тэхн. службы, рукаўныя і штабныя. Аўтапад’ёмнікі служаць для выканання работ і ратавання людзей на вышыні; П.а. сувязі і асвятлення — для арганізацыі сувязі, кіравання на пажары, сілкавання электраэнергіяй эл. інструменту; П.а. тэхнічнай службы — для аварыйна-выратавальных работ у задымленых памяшканнях (аснашчаюцца пражэктарамі, кампрэсарам для сілкавання сціснутым паветрам пнеўмаінструменту і газаструменнага дымасоса, электрагенератарам); П.а. газадымаахоўнай службы — для барацьбы з дымам і забеспячэння работ у задымленых памяшканнях, маюць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання; П.а. рукаўныя — для механізаванага пракладвання і прымання магістральных рукаўных ліній, тушэння пажараў вадзянымі і паветрана-пеннымі струменямі з дапамогай стацыянарных і перасоўных лафетных ствалоў. Дапаможныя П.а.: аўтапалівазапраўшчыкі, перасоўныя рамонтныя майстэрні, аўтамабілі-лабараторыі, аўтобусы, грузавыя аўтамабілі і інш. Пашыраецца выкарыстанне П.а. хуткага рэагавання для дастаўкі на месца пажару, аварыі, дарожна-трансп. здарэння баявога разліку, пажарнага і аварыйна-выратавальнага абсталявання (выпускаюцца ВА «Віцязь», г. Віцебск).

А.​У.​Кузняцоў, С.​А.​Лосік, М.​С.​Місюкевіч.

т. 11, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

від скульптуры, прызначаны для ўвекавечання значных. гіст. падзей або асоб. Звычайна ўвасабляе ідэі вял. грамадскай значнасці. Да М.с. адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і інш. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры мае адносна самаст. маст. вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Вызначаецца вял. памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным ладам, з’яўляецца арганізуючым элементам арх. або прыроднага асяроддзя. Творы, разлічаныя на ўспрыняцце з вял. адлегласці і доўгачасовае існаванне, ставяцца пераважна на адкрытых прасторах (часта на натуральных узвышшах ці штучна створаных насыпах і курганах) і ствараюцца з трывалых матэрыялаў (мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і інш.).

Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Праслаўляла багоў, уладароў і інш. (статуі фараонаў, сфінксы ў Стараж. Егіпце, багоў, герояў і атлетаў у Стараж. Грэцыі і Рыме і інш). Развівалася ў эпоху сярэдневякоўя, найб. росквіту дасягнула ў мастацтве Адраджэння (статуя «Давід» у Фларэнцыі, 1501—04, скульпт. Мікеланджэла, і інш.). У эпоху барока стылістыка твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла рысы дэкар. скульптуры. З канца 18 ст. развіццё М.с. звязана пераважна са сцвярджэннем пафасу дзяржаўнасці і асветніцкіх грамадскіх ідэалаў: помнікі Пятру I у С.-Пецярбургу (1766—78, скульпт. Э.​Фальканэ), К.​Мініну і Дз.​Пажарскаму ў Маскве (1804—18, скульпт. І.​Мартас), «Грамадзяне Кале» ў г. Кале (Францыя; 1884—86) і А. дэ Бальзаку ў Парыжы (1893—97, абодва скульпт. А.​Радэн), «Рабочы і калгасніца» (1937, скульпт. В.​Мухіна) і інш. У 20 ст. М.с. таксама шырока выкарыстоўваецца пры стварэнні мемар. ансамбляў, звязаных з драм. падзеямі: скульптуры Ф.​Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—58), Я.​Вучэціча на Мамаевым кургане (Валгаград, 1963—67) і інш.

На Беларусі вытокі М.с. ў выявах язычніцкіх ідалаў (Шклоўскі ідал і інш.). Да 20 ст. вял. пашырэння не атрымала. У 1920—30-я г. развівалася ў рэчышчы плана манум. прапаганды і мела пераважна часовы характар. З 1950-х г. пашырыліся помнікі і мемар. комплексы, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вял. Айч. вайны: помнікі В.​І.​Талашу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл., С.​Грыцаўцу ў Мінску (абодва 1951, скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (1955), М.​Казею ў Мінску (1959, абодва скульпт. С.​Селіханаў), экіпажу самалёта М.​Гастэлы каля г.п. Радашковічы Мінскага р-на (1964—75, скульпт. А.​Анікейчык, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. А.​Арцімовіч, М.​Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш. Важнае месца М.с. займае ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой, Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.), «Праклён фашызму» (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.), «Мінск — горад-герой» у Мінску, Хатынь (Мінскі р-н) і інш. Пастаўлены помнікі выдатным дзеячам нац. гісторыі і культуры: Я.​Купалу (скульпт. Анікейчык, А.​Заспіцкі, Л.​Гумілеўскі, арх. Ю.​Градаў, М.​Левін). Я.​Коласу (скульпт. З.​Азгур, арх. Градаў, Левін, абодва 1972), М.​Багдановічу (1982, скульпт. С.​Вакар, арх. Л.​Маскалевіч) у Мінску, Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. (1974, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, арх. В.​Марокін), С.​Буднаму ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (скульпт. С.​Гарбунова), Я.​Купалу ў в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. (скульпт. Анікейчык, абодва 1982), Кірылу Тураўскаму ў г. Тураў Гомельскай вобл. (1992, скульпт. Інькоў), Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1993, скульпт. Арцімовіч), А.​Пушкіну ў Мінску (скульпт. Ю.​Арэхаў, арх. Ю.​Грыгор’еў) і г. Мазыр Гомельскай вобл. (скульпт. Вараб’ёў; абодва 1999) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Манументальная скульптура. В.​Мухіна. Рабочы і калгасніца. 1937.
Да арт. Манументальная скульптура. С.​Гарбунова. Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы. 1982.

т. 10, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДРЫ́Д (Madrid),

горад, сталіца Іспаніі. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і прав. Мадрыд. Знаходзіцца ў цэнтры Пірэнейскага п-ва, на Новакастыльскім пласкагор’і, на р. Мансанарэс (бас. р. Таха). 4072 тыс. ж., з прыгарадамі ўтварае гар. агламерацыю Вял. Мадрыд з насельніцтвам больш за 5 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Барахас. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. аўтамабіле-, самалёта- і лакаматывабудаванне, вытв-сць электра- і радыёапаратуры, энергасілавога абсталявання, прыладабудаванне, ваеннае), хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць пластмас, швейная, тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая, паліграф., фарфора-фаянсавая, парфумерная, цэментная. Саматужныя промыслы (вытв-сць вышывак, карункаў, хустак, габеленаў, веераў, кастаньет, ювелірных вырабаў). Асн. прамысл. прадпрыемствы ў прадмесцях і гарадах-спадарожніках. Метрапалітэн. 6 ун-таў. Буйны цэнтр міжнар. турызму.

Вядомы з 932, склаўся вакол араб. (маўрскай) крэпасці Маджырыт. У 1083 адваяваны ў арабаў каралём Альфонсам VI і далучаны да Кастыліі. У 1118 за актыўны ўдзел у Рэканкісце атрымаў прывілеі горада. У 14—15 ст. рэзідэнцыя кастыльскіх каралёў і месца пасяджэнняў картэсаў (з 1309). У 1520 гараджане ўдзельнічалі ў паўстанні камунерас. З 1561 сталіца Іспаніі. З канца 17 ст. буйны культ. цэнтр, у 1774 засн. Каралеўская акадэмія мастацтваў. У 1808—12 акупіраваны франц. войскамі, тут пачалася нац.-вызв. Ісп. рэвалюцыя 1808—14; адзін з цэнтраў рэвалюцый 1820—23, 1834—43, 1854—56, 1868—74 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 у М размяшчаўся ўрад рэспубліканцаў, 28.3.1939 заняты франкістамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр выступленняў супраць дыктатуры Ф.​Франка. У 1981 кансерватыўныя вайскоўцы намагаліся ажыццявіць у М. дзярж. пераварот.

Цэнтр М. з параднай паркавай магістраллю размешчаны паміж плошчамі Пуэрта дэль Соль, Пласа Маёр і Пласа дэ Эспанья. Значная ч. арх. помнікаў страчана ў час рэканструкцыі горада ў 19—20 ст. Аблічча старога горада з сярэдневяковай нерэгулярнай планіроўкай захавалася толькі на ПдЗ ад пл. Пуэрта дэль Соль, ад якой адыходзяць 10 радыяльных вуліц. Помнікі 14—18 ст.: вежа Торэ дэ Сан-Ніколас (14 ст., стыль мудэхар), біскупская капэла (1520, стыль платэрэска), ансамбль Пласа Маёр (1619, Х. дэ Мора; стыль эрэрэска), касцёлы Сан-Ісідра эль Рэаль (1626—61), Сан-Хінес (1645, у інтэр’еры жывапіс Эль Грэка, А.​Кана і інш., барока), Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала (1764—78, Ф.​Сабаціні). У стылі класіцызму 18—19 ст. пабудаваны каралеўскі палац (1738—64, італьян. арх. Дж.​Б.​Сакеці і Сабаціні, арх. В.​Радрыгес, паводле праекта Ф.​Ювары; у інтэр’еры багаты збор жывапісу, скульптуры, габеленаў, мэблі і інш.), касцёлы Сан-Франсіска эль Грандэ (1776—85), Эрміта дэ Сан-Антоніо дэ ла Фларыда (1792—98, фрэскі Ф.​Гоі), будынак музея Прада У М. шмат парадных пабудоў у духу эклектыкі і стылі мадэрн, у т. л. палац ісп. картэсаў (1843—50, арх. Н.​Паскуаль). Паводле генплана 1950-х г. (арх. Х.​Л.​Серт) М. забудоўваўся на Пн, ПдУ, створаны шэраг гарадоў-спадарожнікаў (Эскарыял, Эль-Парда). Новыя раёны рэгулярнай планіроўкі, з вял. паркамі, праспектамі і плошчамі забудоўваюцца добраўпарадкаванымі шматпавярховымі дамамі пераважна з чырв. цэглы. Сярод пабудоў у духу сучаснай архітэктуры: раён Сьюдад Хардзін («горад-сад») з універсітэцкім гарадком (пачаты ў 1931, арх. М.​Лопес Атэра, у 1939 зруйнаваны, адноўлены ў 1950-я г., арх. М.​Фісак і інш.), іпадром Сарсуэла (1935), вежавыя дамы, т.зв. Белыя вежы (1969, арх. Ф.​Х.​Саэнс дэ Ойса і інш.), Цэнтр рэстаўрацыйных работ (1960—70-я г., арх. Ф.​Ігерас, А.​Міра). Паркі: Мадрыдскі (б. Буэн-Рэціра; 1868), Прада, Заходні, Каса дэ Кампа, фантаны 18 ст. Помнікі: М.​Сервантэсу (1835, А.​Сола, і 1927, арх. П.​Мугуруса, скульпт. К.​Валера), Х.​Калумбу (1885, А.​Меліда і Х.​Суньёль), Д.​Веласкесу (1899, А.​Марынас), Ф.​Гоі (1905), Э.​Касталару (1908, абодва арх. М.​Бенльюрэ). У М. знаходзяцца Каралеўская ісп. акадэмія (з 1713), 6 ун-таў, у т. л. Мадрыдскі універсітэт, Каталіцкі ун-т (з 1860), каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). Т-ры: «Рэаль», «Сарсуэла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т. л. Прада. Нац. археал., ісп. народа, сучаснага мастацтва і інш.

Літ.:

Чернышев В.П. Город вечерней звезды: (Очерки о Мадриде) М., 1990.

Мадрыд. Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала. 1764—78. Арх. Ф.​Сабаціні.
Мадрыд. Плошча Кібелы з фантанам.

т. 9, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),

тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д. Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.

Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.​Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.​Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.​Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.​М.​Гакеля, Дз.​П.​Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.​С.​Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.​М.​Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.​Яфімава, М.​Папова, Р.​Аляхновіча, Б.​Расінскага, С.​Утачкіна, А.​Васільева, Л.​Андрэадзі, Л.​Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс. м. Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл. Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.​Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.​П.​Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.​Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.​А.​Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.

У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.​А.​Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.​М.​Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс. км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.

Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс. км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар. арг-цыя грамадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.

На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт. Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж. авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш. Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.

Літ.:

Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.

Да арт. Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.​Ф.​Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».
Да арт. Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13Ту-154 Іл-76; 14Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)