КЕ́ЛДЫШ (Мсціслаў Усеваладавіч) (10.2.1911, Рыга — 24.6.1978),

савецкі матэматык і механік, адзін з стваральнікаў выліч. матэматыкі, выліч. тэхнікі і некат. раздзелаў аўтам. кіравання. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1943) і шэрагу замежных АН, прэзідэнт АН СССР (1961—75). Тройчы Герой Сац. Працы (1956, 1961, 1971). Брат Г.У.Келдыша. Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, Маскоўскім ун-це, Матэм. ін-це АН СССР; з 1953 дырэктар Ін-та прыкладной матэматыкі АН СССР. У галіне матэматыкі фундаментальныя даследаванні па тэорыі функцый сапраўднай і камплекснай пераменнай, тэорыі патэнцыялаў, набліжаных метадах інтэгравання дыферэнцыяльных ураўн., функцыян. аналізе і інш. У галіне механікі працы па тэорыі неўсталяванага руху цел у вадкасці, уплыве сціскальнасці на абцякальнасць цел, тэорыі хвалевых рухаў і пругкіх ваганняў у паветр. патоку, дынамічнай трываласці і вібрацыі самалёта, ваганнях і аўтаваганнях авіяц. канструкцый. Кіраваў шэрагам сав. касм. праграм, у т. л. палётамі чалавека ў космас. Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946. Залатыя медалі імя М.В.Ламаносава АН СССР (1976) і імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР (1972).

Тв.:

Избр. труды: Математика. М., 1985;

Избр. труды: Механика. М., 1985;

Избр. труды: Ракетная техника и космонавтика. М., 1988.

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)