Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЯРЭ́ННЕсамалёта,
аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), T- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.
Апярэнне самалёта: а — звычайнае; б — T-падобнае; в — двухкілевае; 1 — стабілізатар; 2 — руль вышыні; 3 — кіль; 4 — руль напрамку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ ІНДЫКА́ТАР,
прыстасаванне для адлюстравання радыёлакацыйнай інфармацыі ў яркаснай, графічнай або лічбавай форме. Дае інфармацыю пра наяўнасць цэлей, іх каардынатах (далёкасці, азімуце, вышыні), пра змены гэтых каардынат у часе і прасторы, пра характарыстыкі цэлей (тып, памеры, колькасць і інш.).
Р.і. выкарыстоўваюцца таксама для атрымання дадатковай інфармацыі, неабходнай для кіравання аб’ектам, які абслугоўваецца радыёлакацыйнай станцыяй. Напр., на Р.і. самалётных станцый могуць дадаткова паказвацца даныя аб вышыні і скорасці палёту, становішчы самалёта адносна лініі гарызонту, колькасці паліва ў баках, стане агрэгатаў самалёта і інш. У Р.і. выкарыстоўваюцца прыёмныя злектронна-прамянёвыя трубкі (чорна-белага або каляровага відарыса), святлодыёдныя, электралюмінесцэнтныя і газаразрадныя індыкатары, вадкакрышталічныя і інш.індыкатары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙТ (Wright),
амерыканскія авіяканструктары і лётчыкі, піянеры авіяцыі, браты Уілбер (16.4.1867, г. Мілвіл, штат Індыяна, ЗША — 30.5.1912) і Орвіл (19.8.1871, г. Дэйтан, штат Агайо, ЗША — 30.1.1948). Пабудавалі некалькі планёраў біпланнай схемы (1900—03), на якіх выканалі каля 1 тыс. палётаў. 17.12.1903 ажыццявілі першы ў свеце палёт на планеры з рухавіком унутр. згарання працягласцю каля 1 мін. Удасканалілі канструкцыю самалёта і давялі працягласць палёту да 1,5 гадз (1904—08). Авалодалі майстэрствам пілатавання самалёта ў палёце і пры спуску на зямлю з выключаным маторам. Здзейснілі першы палёт з пасажырамі на борце (1908). У 1909 стварылі ў ЗША кампанію па вытв-сці самалётаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́лятальнага апарата,
нясучая нерухомая паверхня самалёта, вінтакрыла, планёра, крылатай ракеты і інш. лятальных апаратаў (ЛА), прызначаная пераважна для стварэння аэрадынамічнай сілы. З дапамогай К. забяспечваецца таксама ўстойлівасць і кіравальнасць ЛА.
Складаецца з падоўжных (ланжэроны, стрынгеры) і папярочных (нервюры) сілавых элементаў і жорсткай абшыўкі. Есць К. са зменнай у палёце стрэлападобнасцю. На К. размяшчаюцца перадкрылкі, закрылкі, шчыткі, інш. сродкі механізацыі К. і органы кіравання (элероны, элевоны, інтэрцэптары), а часам апоры шасі і рухавікі. Унутры К. размяшчаюць паліва, ч. абсталявання, камунікацый, зброю і інш. Тэорыю К. распрацоўвалі М.Я.Жукоўскі, С.А.Чаплыгін, С.А.Хрысціяновіч, Г.Глаўэрт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАЁМІСТАСЦЬтранспартнага сродку,
сумарны аб’ём памяшканняў (судна, вагона, самалёта, аўтамабіля і інш.) для размяшчэння грузаў. Вымяраецца ў кубічных метрах. Тэарэтычна вызначаецца па абводах грузавых памяшканняў. У суднаў адрозніваюць таксама зерневую (для сыпкіх грузаў), стосавую (для штучных грузаў) і грузаёмістасць для вадкіх грузаў. Удз. грузаёмістасць — аб’ём (або плошча) грузавых памяшканняў на адзінку грузападымальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,
складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.
Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = 1/2 Cyρν2S, дзе ρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.
Да арт.Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць
, ціск
, Y — пад’ёмная сіла крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁМАЯ́К,
пераважна наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) перадавальная радыёстанцыя, па радыёсігналах якой на борце судна, самалёта і інш. рухомага аб’екта можна вызначыць напрамак на яе (пеленг). Адрозніваюць амплітудныя (найб. пашыраныя), фазавыя, частотныя і інш. Р.; накіраванага (даюць магчымасць пеленгацыі толькі з пэўных напрамкаў, курсаў, зон) і ненакіраванага (пеленгуюцца з любых напрамкаў) дзеяння.