ФОТАТРЫЯНГУЛЯ́ЦЫЯ (ад фота... + трыянгуляцыя),
метад вызначэння каардынат пунктаў мясцовасці па фотаздымках. Выкарыстоўваецца для згушчэння апорнай геадэзічнай сеткі з мэтай забеспячэння здымкаў апорнымі пунктамі для складання тапаграфічных карт і вырашэння інж. задач. Бывае прасторавая (вызначаюцца 3 каардынаты пунктаў) і планавая (2 каардынаты).
Прасторавая Ф. — стварэнне мадэлей мясцовасці па стэрэапары фотаздымкаў паводле маршрутаў (маршрутная і блочная Ф.), якія злучаюцца ў агульную сістэму праз выбраныя пункты ў зонах перакрыцця здымкаў. Па гэтых жа пунктах арыентуецца агульная мадэль мясцовасці адносна геад. сістэмы каардынат. Прасторавую Ф. развіваюць аналагавым спосабам на стэрэафотаграмметрычных прыладах, аналітычным — на стэрэакампаратарах з выкарыстаннем ЭВМ, у выніку чаго атрымліваюць каардынаты пунктаў сеткі згушчэння. Найб. дакладны для прасторавай Ф. спосаб звязак, засн. на сумесным ураўненні фотаграмметрычных і геад. вымярэнняў і паказанняў прылад на борце здымачнага самалёта. У планавай Ф. выкарыстоўваецца ўласцівасць аэраздымка як цэнтральнай праекцыі, паводле якой можна пазбегнуць скажэнняў за рэльеф і нахіл здымка. Каардынаты вылічваюць аналітычным і графічным спосабам.
П.П.Явід.
т. 16, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)