РЭ́ЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1952, адкрыты ў 1954 (у 1962—64 не працаваў) у г.Рэчыца Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 377 м², больш за 21 тыс. экспанатаў асн. фонду, 3 аддзелы, выставачная зала (2002). Сярод экспанатаў каменныя і крамянёвыя прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 7—3 ст. да н.э. з археал. помнікаў раёна, скарбы манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай, інтэр’ер сял. хаты і нац. адзенне пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі ваеннай інтэрвенцыі 1918—20. калектывізацыю, рэпрэсіі 1930—50-х г., пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, злачынствы ням. фашыстаў, агучаная дыярама пра фарсіраванне сав. войскамі Дняпра на Пд ад Рэчыцы. У экспазіцыі матэрыялы пра землякоў — Герояў Сав. Саюза, удзельнікаў вайны ў Афганістане 1979—89, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС у 1986 і інш. Музей праводзіць выстаўкі твораў прафес. і самадз. мастакоў, вырабаў нар. ткацтва, дзіцячай творчасці, дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., выпускае буклеты пра гіст.мінулае горада і раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ЧКА (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-рфілал.н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў ў сучаснай бел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РА ((Gira) Людас Канстанцінавіч) (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),
літоўскі паэт.Нар. паэт Літвы (1945). Акад.АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж.т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст.мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астапенка, А.Вольскі, С.Дзяргай, М.Лужанін, К.Цітоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЛІЯ (Дзмітрый Іосіфавіч) (21.2.1874, в. Уарча, Абхазія — 7.4.1960),
абхазскі пісьменнік. Зачынальнік абх. л-ры. Нар. паэт Абхазіі (1937). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў г. Горы. Настаўнічаў, выкладаў абх. мову ў Тбіліскім ун-це (1924—26). У 1892 склаў абх. азбуку (з К.Д.Мачаварыяні). Рэдактар першай абх. газеты «Апсны» («Абхазія», 1919—20). У 1921 стварыў і ўзначаліў першую абх.тэатр. трупу. Першы паэт. зборнік выдаў у 1912. У яго творах — гіст.мінулае і сучаснае роднага краю (навела «Пад чужым небам», 1919; паэмы «Песня пра Абхазію», 1940; «Восень у вёсцы», 1946; раман «Камачыч», 1940; драма «Прывіды», 1946, і інш.). Аўтар даследаванняў па гісторыі, фальклоры, мове і этнаграфіі («Гісторыя Абхазіі», т. 1, 1925, і інш.), тэрміналагічнага слоўніка па л-ры і мовазнаўстве, падручнікаў і хрэстаматый. Перакл. на абх. мову творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, І.Чаўчавадзе, Ш.Руставелі («Віцязь у тыгравай шкуры»), «Слова пра паход Ігаравы». На бел. мову асобныя творы Гулія пераклалі А.Бачыла, І.Калеснік, У.Паўлаў.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1974—76.
Літ.:
Гулиа Г. Дмитрий Гулиа: Повесть о моем отце. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХАЎ (сапр.Няхамкін) Уладзімір Львовіч
(н. 25.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). З 1946 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», у 1960—62 і 1975—88 на Бел. радыё. Друкуецца з 1946. Піша пра гіст.мінулае Беларусі, рэв. рух, эпізоды з гісторыі бел. культуры, на маральна-этычныя тэмы, пра Вял.Айч. вайну (кнігі апавяданняў, аповесцей, нарысаў «Сцяг над рэўкомам», 1958; «Апошняя яўка», 1959; «Помнік герою», 1961; «Станцыя паблізу Тамбова», 1964; «Добры вечар, камбат», 1970; «Слухаецца справа аб замаху...», 1972; «Старадаўняя гравюра», 1974; «Сустрэчы ў радыёстудыі», 1985; «...Пра якіх я вельмі клапачуся», 1988; «Далучэнне», 1992). Аўтар радыёп’ес «Гавайская легенда» (паст. 1966), «Паром на бурнай рацэ» (паст. 1982) і інш. п’ес і інсцэніровак для радыё, п’ес для тэатра «Чырвоны губернатар» (паст. 1967) і «Палёт» (паст. 1969). Працуе ў дакумент. кіно. За сцэнарыі фільмаў (з Ю.Цвятковым) «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову... спешна... Ленін» (абодва 1982), «Мост» (1984), «Рэвалюцыя дае нам права» (1985) Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Перакладае з інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Багун, Т.Кляшторны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1986;
Бел.пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;
Цвёрдым поступам. Мн., 1932.
Літ.:
Стогнут А.С. Ф.И.Панферов. 2 изд. Киев, 1969;
Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДРЫЧ ((Andriђ) Іва) (9.10.1892, в. Долак, каля г. Траўнік, Боснія — 13.3.1975),
югаслаўскі пісьменнік і дыпламат.Д-р філасофіі (1924). Чл. Сербскай АН (з 1926), Югаслаўскай (з 1951) і Славенскай (з 1953) акадэмій навук і мастацтваў. У 1921—41 дыпламат у еўрап. краінах. Аўтар зб-каў лірычных вершаў у прозе «Ex ponto» (1918), «Неспакоі» (1920), апавяданняў і аповесцяў «Шлях Аліі Джэрджалеза» (1920), «Мост на Жэпе» (1947) і інш., кароткіх раманаў «Паненка» (1945), «Пракляты двор» (1954). Сусв. вядомасць прынеслі гіст. раманы пра мінулае Босніі «Траўніцкая хроніка» і «Мост на Дрыне» (абодва 1945). Гал. рысы яго твораў — філас. напоўненасць і глыбокі псіхалагізм. Літ.-крыт. працы пра дзеячаў сербскай і сусветнай культуры. Нобелеўская прэмія 1961. На бел. мову творы Андрыча перакладалі В.Рагойша, А.Разанаў, Л.Самасейка, Б.Сачанка, Г.Тварановіч, І.Чарота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася ў 1838—1917 у Мінску губ. праўленнем на рус. мове 1—2 разы на тыдзень. Мела афіц. і неафіц. часткі з дадаткамі. Неафіц. частка выдавалася таксама пад назвай «Минские ведомости». У афіц. частцы друкаваліся ўрадавыя паведамленні і ўказы, аб’явы і распараджэнні губ. улад, у неафіц. — паведамленні пра розныя падзеі і незвычайныя здарэнні (адкрыццё ў Мінску публічнай б-кі імя А.С.Пушкіна, пра Мінскі т-р, пажары і інш.), матэрыялы гіст., статыстычнага, этнагр. характару [«Мінск, яго мінулае і сучаснасць», 1891; «Статыстычныя звесткі пра Пінскі павет», 1847; «Статыстычныя звесткі пра Мінскую губерню», 1850; «Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета» М.А.Дзмітрыева, 1861; «Вясельныя звычаі і абрады простага люду ў Барысаўскім павеце» Ш-віча, 1865; «Гістарычны нарыс Мінскай губерні», 1866; «Нарысы Беларускага Палесся», 1868—69; «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы Тураўскага княства» М.Гаўсмана; «Тураў і Тураўшчына», «Гістарычны нарыс Навагрудка» (усе 1877); «Рэчыца», 1880; «Беларускія народныя песні», 1891, «Прыгоды Яначка» (бел. легенда) М.Каханскага (А.Н.Е-ва), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні...» Г.Х.Татура, 1891—92, і інш.].
Літ.:
Улащик Н.Н. «Минские губернские ведомости» как исторический источник // Проблемы источниковедения. М., 1959. Сб. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,
помнікі старажытнарускага летапісання 12—17 ст., складзеныя ў Ноўгарадзе Вялікім. Вядома 5 асобных летапісных помнікаў, якія захаваліся ў шматлікіх спісах. З іх найб.стараж. і каштоўныя — Наўгародскі 1-ы (звесткі даведзены да 1-й пал. 14 ст.) і Наўгародскі 4-ы (звесткі да 2-й пал. 15 ст.) летапісы. Вылучаюцца змястоўнасцю, дакумент. дакладнасцю і лаканічнасцю, дэмакратычнасцю мовы і стылю. Адлюстроўваюць грамадска-паліт. і культ. жыццё Ноўгарада, яго сувязі з Псковам, Полацкам, Кіевам, Масквою, ВКЛ, Лівоніяй і інш. гарадамі і землямі. Падзеі апісаны ў пагадовай форме і асветлены з пазіцый агульнанар. патрыятызму. Н.л. адкрываюцца «Аповесцю мінулых гадоў» і змяшчаюць апрача арыгінальных мясц. звестак каштоўны гіст.-дакумент. і літ. матэрыял пра мінулае Русі, запазычаны з інш.стараж.-рус. крыніц. Летапісы багатыя звесткамі па гісторыі Беларусі і ВКЛ, асабліва Наўгародскі 4-ы летапіс, які паслужыў адной з асн. крыніц 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. На падставе Н.л. складзена агульнарус. частка летапіснага зборніка 1-й пал. 16 ст., што захоўваўся і дапаўняўся гіст. запісамі ў Супраслі (гл.Супрасльскі рукапіс). У 15—17 ст. на бел. землях бытавалі і інш. летапісныя кампіляцыі наўгародскага паходжання (напр.Аўрамкі летапіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.