ГІ́РА
(Gira) Людас Канстанцінавіч (27.8.1884, Вільня — 1.7.1946),
літоўскі паэт. Нар. паэт Літвы (1945). Акад. АН Літвы (1946). Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. У 1913—14 рэдактар газ. «Vaivórykštē» («Вясёлка»), у 1921—26 — дырэктар Дзярж. т-ра ў Каўнасе, у 1940—41 — намеснік наркома асветы. У сваіх творах адлюстраваў гіст. мінулае Літвы (зб-кі вершаў «Песні палёў», «Дарогамі радзімы», абодва 1912; трагедыя «Помста», 1910; драм. містэрыя «Кветка папараці», 1928), героіку і драматызм ваенных гадоў (кн. вершаў «Літва Грунвальда», «Гвалт і рашучасць», абедзве 1942; «На далёкіх пуцявінах», 1945). Незакончаная паэма «Вёска каля прыгранічнай ракі» пра дружбу літ. і бел. народаў. У яго творах — рамантычная прыўзнятасць вобразаў, пейзажныя матывы, шматгранны свет інтымных перажыванняў, уплыў фалькл. стылістыкі і меладычнасць верша. Шматлікія яго творы пакладзены на музыку. Выступаў як літ. крытык, як перакладчык твораў Я.Купалы (аўтар першых крытычных водгукаў на яго творчасць), А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі і інш. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астапенка, А.Вольскі, С.Дзяргай, М.Лужанін, К.Цітоў і інш.
Тв.:
Raštai. Т. 1—5. Vilnius, 1960—63.
т. 5, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)