МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,

від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.

Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАСО́ЎСКІ (Канстанцін Канстанцінавіч) (21.12.1896, Варшава, па інш. звестках г. Вялікія Лукі Пскоўскай вобл., Расія — 3.8.1968),

савецкі военачальнік, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Маршал Сав. Саюза (1944). Двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Маршал Польшчы (1949). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу кавалерыі (1925) і вышэйшага начсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1929). У арміі з 1914, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, баёў на Кіт.-Усх. чыгунцы (1929). Інструктар кав. дывізіі Мангольскай нар.-рэв. арміі (1926—28), камандзір палка, брыгады, дывізіі (з 1930 на Беларусі), з 1936 кав. корпуса. У жн. 1937 — сак. 1940 рэпрэсіраваны. З 1940 на камандных пасадах. У Вял. Айч. вайну камандаваў механізаваным корпусам, арміяй на Зах. фронце, войскамі Бранскага, Данскога, Цэнтр., Бел., 1-га і 2-га Бел. франтоў. Удзельнік Смаленскай бітвы 1941, Маскоўскай бітвы 1941—42, Сталінградскай бітвы 1942—43, Курскай бітвы 1943, Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943, Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944, Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944, Беларускай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усходне-Прускай аперацыі 1945, Усходне-Памеранскай аперацыі 1945, Берлінскай аперацыі 1945. 24.6.1945 камандаваў Парадам Перамогі ў Маскве. У 1945—49 галоўнакамандуючы Паўн. групай войск. З 1949 міністр нац. абароны і нам. старшыні Савета Міністраў ПНР. З 1956 у СССР — нам. міністра абароны СССР (1956—57, 1958—62), гал. інспектар Мін-ва абароны СССР, камандуючы войскамі ваен. акругі. З 1962 на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Чл. ЦКК КП(б)Б (1932—34), чл. ЦВК БССР (1931—34). Аўтар мемуарных твораў, у т. л. ў зб-ках «Сталінградская эпапея». (1968), «Курская бітва» (1970), «Няскораная Беларусь» (1963) і інш. Узнагароджаны ордэнам Перамогі.

Тв.:

Солдатский долг. 4 изд. М., 1984.

Літ.:

Кардашов В.И. Рокоссовский. 2 изд. М., 1973;

Корольченко А.Ф. Маршал Рокоссовский. М., Ростов н/Д, 1999.

К.К.Ракасоўскі.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВА́ННЕ,

пошук і праследаванне дзікіх звяроў і птушак дзеля здабычы; таксама адлоў іх для рассялення, для заапаркаў, цыркаў і інш. Асн. спосабы сфарміраваліся ў каменным веку. Яны падзяляюцца на актыўныя (з непасрэдным удзелам чалавека) і неактыўныя (з дапамогай самалоўных прылад і прыстасаванняў — лоўчых ям, пастак, петляў, самастрэлаў, сетак, сілаў і інш.); найб. пашыраны трапленне (пошук і выяўленне звера па слядах), падыход (падкрадванне да звера або птушкі на адлегласць стрэлу), пад’езд (набліжэнне на санях або лодцы на адлегласць стрэлу), подпуск (П. з засады; часта з выкарыстаннем прынады), аблава з нагонкай (загоншчыкі гоняць звяроў у яму або на лінію расстаўленых стралкоў), аблога (аблава з флажкамі, калі з чырв. стужкамі на шнуры абкружаюць дзялянку лесу з загадзя высачаным зверам) і інш. Для высочвання або цкавання звера часта выкарыстоўваюць паляўнічых сабак. Сучаснае П. мае спарт.-аматарскі характар. Палююць на капытных і пушных звяроў, баравую, балотную і вадаплаўную дзічыну (гл. Паляўнічыя жывёлы). Дазваляецца ў паляўнічы сезон, па пуцёўках або разавых дазволах у вылучаных для П. ўгоддзях (гл. Паляўнічая гаспадарка).

У розных народаў П. вызначаецца сукупнасцю традыц. прыёмаў і спосабаў высочвання і здабывання дзічыны, мае свае асаблівасці і залежыць ад сродкаў П. і развіцця паляўнічай зброі. На Крайняй Поўначы з глыбокай старажытнасці для П. на марскіх звяроў ужывалі гарпуны. У тундры і тайзе палявалі з сабакамі і самаловамі. У конным П. качэўнікі Азіі выкарыстоўвалі лоўчых птушак і хартовых сабак. У стэпах Еўропы, Азіі і Амерыкі палявалі з арканамі (ласо) і кідальнымі прыладамі, у некат. раёнах Інданезіі і Паўд. Амерыкі — з духавымі ружжамі, у зоне трапічных лясоў — пераважна з лукамі і дзідамі. Абарыгены Аўстраліі палявалі з кідальнымі дзідамі і бумерангамі. З канца 15 ст. пашырылася П. з агнястрэльнай зброяй.

На тэр. Беларусі ў культурных пластах стаянак позняга палеаліту трапляюцца рэшткі больш як 20 відаў звяроў (паўн. аленя, ваўка, пясца, пазней — зайца-беляка, дзікага каня і інш.). Плямёны неаліту выкарыстоўвалі для П.

лук. У малалесных раёнах палявалі на куланаў, тарпанаў, аленяў, баброў, у лясах — на дзікоў, ласёў, мядзведзяў, зайцоў; для футра здабывалі куніц, вавёрак і інш. Значную ролю адыгрывала П. на птушак, асабліва на вадаплаўных. У 10—14 ст. гал. аб’екты П. — зубр, дзік, бабёр, казуля. Для іх здабычы выкарыстоўвалі лукі, кушы, коп’і, дзіды, дроцікі, вілы, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы; пашыраным было П. пасткамі, сеткамі, петлямі, сіламі. У сярэднявеччы папулярным было П. з сабакамі і сокаламі. У 19 — пач. 20 ст. П. з агнястрэльнай зброяй і адсутнасць дзейснага кантролю прывялі да масавага знішчэння многіх відаў жывёл, асобныя з якіх звяліся канчаткова (тур, зубр, тарпан, расамаха, собаль і інш.). Гл. таксама Паляўніцтва.

Літ.:

Терехин С.Ф. Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Никифоров М.Е., Козулин А.В., Сидорович В.Е. Охотничьи звери и птицы Белоруссии. Мн., 1991.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ФЫ (грэч. Skythai),

агульная назва плямён паўн.-іранскай моўнай групы, якія насялялі Паўн. Прычарнамор’е ў 7 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. Паводле розных меркаванняў С. — выхадцы з Сярэдняй Азіі ці Сібіры. У 7 ст. да н.э. яны перасяліліся ў Паўн. Прычарнамор’е, выцесніўшы адтуль кімерыйцаў. С. рабілі паходы ў М.​Азію, заваявалі Мідыю, Сірыю, Палесціну, панавалі ў Пярэдняй Азіі, адкуль у пач. 6 ст. да н.э. іх выцеснілі мідыйцы. Асн. іх месца рассялення — тэр. паміж Донам і Дунаем, стэпавы Крым. Паводле Герадота, пануючымі былі царскія С., што жылі паміж Дняпром і Донам; паміж Інгулам і Дняпром жылі С.-земляробы, правабярэжжа Ніжняга Дняпра і Крым займалі С.-качэўнікі. С. валодалі ганчарным, кавальскім, ювелірным майстэрствам; гандлявалі з грэч. гарадамі Паўн. Прычарнамор’я збожжам, футрам, жывёламі, рабамі. Паліт. аб’яднанню С. садзейнічала вайна ў 512 да н.э. з перс. царом Дарыем I (гл. Дарый). Саюз плямён набыў рысы дзяржавы. Улада цара была спадчыннай, але абмежавана саюзнай радай і нар. сходам. Да 340-х г. да н.э. цар Атэй завяршыў аб’яднанне С. ад Азоўскага мора да Дуная. Адм. і гандлёва-эканам. цэнтр іх дзяржавы размяшчаўся ў Ніжнім Падняпроўі каля сучаснага г. Нікапаль. У 4—3 ст. да н.э. вядомы іх т.зв. царскія курганы (Чартамлык, Салоха, Тоўстая магіла, Мелітопальскі, Куль-Аба і інш), у якіх выяўлены бронзавыя шлемы, панцыры, шчыты, лукі, коп’і і інш. У 3 ст. да н.э. пад націскам сарматаў сталіца С. перанесена ў Крым, дзе на р. Салгір (каля г. Сімферопаль) узнік Неапаль скіфскі. Дзяржава С. дасягнула росквіту ў 2 ст. да н.э., калі яны падпарадкавалі Ольвію і ўладанні Херсанеса. У выніку паражэння ў 108—107 да н.э. ў вайне з Мітрыдатам Скіфія была аслаблена, але ў 2-й пал. 1 ст. н.э. зноў узмацнела. Скіфскае царства ў Крыме існавала да 2-й пал. 3 ст. і знішчана готамі. У эпоху Вялікага перасялення народаў С. канчаткова растварыліся сярод мноства плямён. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са С. з’явіліся бронзавыя наканечнікі стрэл з трыма і дзвюма лопасцямі. Рэчы скіфскага тыпу знаходзяць на Беларусі пры раскопках помнікаў зарубінецкай культуры. Зрэдку сустракаюцца на помніках мілаградскай культуры, напр. гарадзішча і бескурганны могільнік каля в. Асарэвічы Брагінскага р-на (наканечнікі скіфскіх стрэл і акінак з загнутымі ўгару канцамі наверша).

Літ.:

Смирнов А.П. Скифы. М., 1966;

Граков Б.Н. Скифы. М., 1971;

Хазанов А.М. Социальная история скифов. М., 1975;

Яго ж. Золото скифов. М., 1975;

Шелов Д.Б. Северное Причерноморье 2000 лет назад. М., 1975;

Брашинский И.Б. В поисках скифских сокровищ. Л., 1979;

Куклина И.В. Этногеография Скифии по античным источникам. Л., 1985.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Скіфы. Скіфскія воіны.

т. 14, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,

раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн. ч. мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).

Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.​Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст. англ. мастак У.​Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.​Матыса, Г.​Апалінэра, П.​Пікасо, У.​Фаворскага, Н.​Ганчаровай, І.​Білібіна, Ю.​Аненкава і інш.).

На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.​Макоўскага, Л.​Тарасевіча, М. і В.​Вашчанкаў і інш.), у 19 ст. — літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.​Э.​Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.​Філіповіч, Ф.​Рушчыц. Я.​Драздовіч, Л.​Лісіцкі, А.​Ахола-Вало, В.​Дваракоўскі, П.​Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Б.​Заборава, Г. і Н.​Паплаўскіх, В.​Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г. бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.​Селешчука, В.​Славука, У.​Савіча, М.​Казлова, А. і В.​Александровічаў, В.​Кліменкі, Т.​Беразенскай і інш. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;

Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Кніжная графіка. М.​Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.
Да арт. Кніжная графіка. У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.​Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.
Да арт. Кніжная графіка. А.​Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.
Да арт. Кніжная графіка. П.​Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.
Да арт. Кніжная графіка. Ю.​Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.​Блока «Дванаццаць». 1918.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,

вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр. Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р. Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.​Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр. Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.​Хадкевіч і Р.​Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.​Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.​Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс. чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.​Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.​Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн. ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс. чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛ этн. бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).

Літ.:

Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;

Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.

Г.​М.​Сагановіч.

Да арт. Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.

т. 9, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),

зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст. н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.

У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст. слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.​Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл. Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.​Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.​Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.​Дзекуць-Малеем і А.​Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.​Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.​Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.​Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.​Сёмухі, А.​Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).

Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял. маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв. л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.​Сарбеўскага, М.​Сматрыцкага, І.​Пацея, братоў Л. і С.​Зізаніяў, А.​Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.​Купалы, З.​Бядулі, У.​Караткевіча, інш. бел. пісьменнікаў).

Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.

Літ.:

Никольский Н.М. Древний Израиль. 2 изд. М., 1922;

Виппер Р.Ю. Возникновение христианской литературы. М.; Л., 1946;

Фрэзер Дж.​Дж. Фольклор в Ветхом завете: Пер. с англ. М.; Л., 1981;

Марковский И.С. Библейская археология. 2 изд. Саратов, 1948;

Робертсон Дж. Первоначальное христианство: Пер. с англ. М., 1930;

Конан У. Каля вытокаў духоўнасці // Беларусь. 1990. № 1;

Шупа С. З гісторыі новабеларускіх перакладаў Бібліі // Вести. Белорусского Экзархата. 1990. № 4;

Яго ж. Біблейскія вобразы і матывы ў беларускім фальклоры // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 4;

Яго ж. Народ в координатах культуры // Нёман. 1995. № 2, 7, 12.

У.​М.​Конан.

Да арт. Біблія. Тытульны ліст «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1519.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫМ (Roma),

горад, сталіца Італіі, на р. Тыбр, за 27 км ад яе ўпадзення ў Тырэнскае мора. Адм. ц. вобласці Лацыо і Рымскай правінцыі. 2646 тыс. ж. (1998). Гал. паліт. і культ., значны эканам. цэнтр краіны. Адзін з найстаражытнейшых і багатых гіст. і культ. помнікамі гарадоў свету, атрымаў назву «вечнага горада». У межах Р. — папская дзяржава-горад Ватыкан. Буйны трансп, вузел унутр, і міжнар. зносін; 8 чыгунак, 10 аўтастрад. Міжнар. аэрапорты Леанарда да Вінчы ды Ф’юмічына і Чампіна. Рачны порт. Аванпорт Р. на ўзбярэжжы Тырэнскага м. — г. Чывітавек’я. У Р. найб. банкі, страхавыя і гандл, кампаніі, праўленні многіх італьян, і міжнар. манаполій і фірм. Гал. галіны прам-сці звязаны пераважна з абслугоўваннем патрэб гар. насельніцтва і турыстаў.

Прам-сць: эл.-тэхн. (тэлеф.-тэлегр. абсталяванне, эл.-прылады, электроніка), дакладнае прыладабудаванне, вытв-сць чыг. рухомага саставу, с.-г. машын, друкарскага абсталявання, матацыклаў, веласіпедаў, хім. (фармацэўтычныя вырабы, сінт. тканіны, кіслоты, сода, суперфасфат і інш.), вытв-сць буд. матэрыялаў, харч. і харчасмакавая, паліграф., швейная, мэблевая, галантарэйная, папяровая, тэкст., абутковая, парфумерная. Развіта рамесніцкая вытв-сць, асабліва маст. ювелірных вырабаў, габеленаў, плеценай мэблі, вырабаў са шкла і скуры, муз. інструментаў, сувеніраў. Р. — адзін з буйнейшых у свеце цэнтраў міжнар. турызму (больш за 10 млн. чал. штогод). Метрапалітэн.

Паводле ант. падання, Р. засн. ў 754/753 да н.э. Ромулам. Археал. звесткі сведчаць пра існаванне на тэр. Р. стараж. паселішчаў ужо ў 10 ст. да н.э., якія ў 7 ст. да н.э. зліліся ў адзіны горад. З 3 ст. да н.э. сталіца вял. міжземнаморскай дзяржавы — Стараж. Рыма (у перыяд імперыі меў да 2 млн. чал.). Пасля пераносу сталіцы ў Канстанцінопаль (330 н.э.) значэнне Р. як паліт. цэнтра паменшала. Моцна пацярпеў ад нашэсця варвараў (у 410 разбураны вестготамі, у 455 вандаламі; насельніцтва скарацілася да 40 тыс. чал.). З 552 пад уладай Візантыі, остготаў. З канца 6 ст. вярхоўная ўлада ў горадзе належала рым. папам, якія ў 8 ст. дамагліся поўнай незалежнасці ад Візантыі. З 756 Р. — сталіца Папскай вобласці, царк.-паліт. цэнтр Зах. Еўропы; у сярэдневякоўі — арэна барацьбы паміж папамі і імператарамі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 1084 разрабаваны нарманамі, якіх папа Грыгорый VII заклікаў дапамагчы ў барацьбе супраць караля Генрыха IV. У выніку паўстання ў Р. ўтварылася рэспубліка (1143—55). Пасля пераносу ў 1309 папскай рэзідэнцыі ў Авіньён (гл. Авіньёнскае паланенне папаў) пачалася барацьба за абмежаванне ўлады знаці. У 1347—54 зноў існавала рэспубліка.

Улада папы адноўлена ў 1377. З канца 15 — пач. 16 ст. Р. — буйнейшы цэнтр Адраджэння. У час Італьянскіх войнаў горад разрабаваны ў 1527 войскамі імператара Карла V. У 17 ст., нягледзячы на эканам. заняпад, вырасла значэнне Р. як рэліг. цэнтра. У 1798 акупіраваны войскамі Дырэкторыі. Абвешчаная Рымская рэспубліка 1798—99 разгромлена аўстр., неапалітанскімі і рас. войскамі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўлада папы Пія ІХ скінута, у Р. абвешчана рэспубліка. Пасля задушэння рэспублікі свецкая ўлада папы трымалася дзякуючы прысутнасці франц. гарнізона. Пасля яго вываду ў выніку Рысарджымента ўлада пап канчаткова скінута ў 1870. 26.1.1871 Р. абвешчаны сталіцай Італьян. каралеўства. У кастр. 1922 пасля ўваходу ў горад фаш. атрадаў (гл. Паход на Рым 1922) у выніку дзярж. перавароту ўсталявана фаш. дыктатура Б.Мусаліні. Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 на частцы тэр. Р. ўтворана дзяржава Ватыкан. Пасля капітуляцыі Італіі ў 2-й сусв. вайне Р. акупіраваны (1943) ням. войскамі, у 1944 вызвалены англа-амер. войскамі. З 1946 сталіца Італьян. Рэспублікі. У 1960 Р. — месца правядзення XVII Алімпійскіх гульняў.

Ант. Р. — сталіца Стараж. Рыма. У 6—9 ст. тэр. горада скарачалася, ант. помнікі руйнаваліся, ад сярэдневякоўя захаваліся вузкія вуліцы і кварталы ў цэнтры горада, маляўнічыя плошчы са старадаўнімі фантанамі. Цэнтрам былі ўзгоркі Капітолій (тут знаходзіліся гар. кіраванне і рэзідэнцыя епіскапа, пазней і папы рымскага), Латэран, Ватыкан. На супрацьлеглым беразе р. Тыбр размяшчаліся жылыя кварталы. Да раннехрысц. помнікаў Р. належаць катакомбы: Сан-Себасцьяна (крыпта 1—2 ст.), Даміцылы (1—4 ст.), Калікста (2—3 ст.); базілікі (перабудоўваліся да 18 ст.): Сан-Джавані Ін Латэрана (ЗН—314), Сан-Паада фуоры ле Мура (314, зруйнавана ў 1823, адноўлена ў 1944), Сан-Ларэнца фуоры ле Мура (330, мазаіка 6 ст.), Санта-Марыя Маджорэ (4 ст., мазаіка 5 і 13 ст.), Санці-Джавані э Паала (каля 400, фрэскі 12 ст.), Санта-Марыя Ін Казмедзін (перабудавана ў 8 і 12 ст.), Санта-Марыя Ін Трастэверэ (1140, мазаіка П.​Каваліні, 13 ст.), Санта-Марыя Ін Арачэлі (перабудавана ў 1250); цэнтрычныя храмы: Санта-Кастанца (4 ст., мазаіка 4—5 ст.), Сан-Клементэ (ніжні храм 4 ст., верхні паміж 1099 і 1128, рэканструяваны ў 18 ст., арх. К.​Фантана), Сан-Стэфана Ратонда (6 ст.). З гатычных пабудоў вылучаецца касцёл Санта-Марыя сопра Мінерва (з 1280, фасад 1453). У пач. 16 ст. Р. — цэнтр архітэктуры эпохі Адраджэння. Вял. ўвага аддавалася свецкім пабудовам (грамадскія і жылыя будынкі, палацы, плошчы, фантаны). У Ватыкане ўзведзены Рымскі сабор Святога Пятра, купал якога стаў гал. арх. цэнтрам у панараме горада. Дзелавы цэнтр рэнесансавага Р. размяшчаўся ў раёне стараж.-рым. моста Сант-Анджэла (134) і пл. Сан-Чэльса, адкуль веерам разыходзіліся вуліцы. Сфарміраваўся новы тып палаца — палацца: Венецыя (з 1452, верагодна, паводле планаў Л.​Б.​Альберці ці Б.​Раселіна), Канчэлерыя (1485—1511, арх. А.​Брэньё, з 1499 — Д.​Брамантэ), Фарнезе (1513—34, арх. А. да Сангала Малодшы, з 1546 — Мікеланджэла, завершаны ў 1589 Дж. дэла Портам), Відоні-Кафарэлі (каля 1515—20, арх. Рафаэль). Будавалі лёгкія і стройныя вілы: Фарнезіна (1509—11, арх. Б.​Перуцы, фрэскі Рафаэля, Джуліо Рамана і інш.), Мадама (з 1517, арх. Рафаэль, да Сангала Малодшы). Касцёлы ў стылі рэнесансу: Сан-П’етра Ін Манторыо (арх. Б.​Пантэлі, у двары — Тэмп’ета, 1502, арх. Брамантэ), Санта-Марыя дэла Пачэ (абодва 1480-я г., арх. Пантэлі, двор 1500—04, арх. Брамантэ, фасад 1656, арх. П’етра да Картона), Санта-Марыя дэль Аніма (пач. 16 ст., арх. Дж. да Сангала, Брамантэ), Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (1509, праект Рафаэля), Сан-Луіджы дэі Франчэзі (1518—88, фасад 1589, арх. дэла Порта, у капэле Кантарэлі — цыкл карцін М.​Караваджа).

У некат. будынках 16 ст. выявіліся рысы маньерызму, імкненне да індывід. непаўторнасці, суб’ектывізму (палацца Масіма але Калоне, 1536, арх. Перуцы; віла Джулія, 1550—55, арх. Дж.​Віньёла, Б.​Аманаці, Дж.​Вазары; цяпер музей). Каля Рым. форуму створаны ансамбль пл. Капітолія (з 1546, праект Мікеланджэла), дзе ў адзіным ансамблі аб’яднаны прылеглыя часткі горада, антычнасць і сучаснасць, архітэктура і скульптура, адметныя гармоніяй перспектыў, колеру, арх. мізансцэн: Палацца дэі Сенаторы і Палацца дэі Кансерваторы, гал. будынак Капіталійскіх музеяў, ант. статуя Марка Аўрэлія і інш. У канцы 16 ст. пракладзены прамыя вуліцы, што злучылі найб. значныя раннехрысц. базілікі і гар. раёны ў адзіную сістэму. Сярод ансамбляў у стылі барока: П’яцца дэль Попада (16—17 ст., завершана ў 1816—20, арх. Дж.​Валадзье) са стараж.-егіп. абеліскам, пл. Св. Пятра (1657—63, арх. Л.​Берніні); П’яцца Навона (17 ст., захавала форму ант. стадыёна Даміцыяна) з фантанамі «Чатырох рэк», «Негр» (абодва будаваў Берніні) і «Нептун» (абодва праект арх. дэла Порта, завершаны ў 19 ст., скульпт. Дэла Біта); П’яцца ды Спанья (ісп. лесвіца Трыніта дэі Монці, 1725, арх. А.​Спекі, Ф. дэ Санктыс; унізе — фантан у форме чоўна «Баркача», 1630, арх. Берніні). Сярод барочных помнікаў: палацца Квірынале (з 1574, арх. Ф.​Понцыо, К.​Мадэрна, Берніні і інш.), Баргезе (1590, арх. М.​Лонгі Старэйшы, з 1615, арх. Понцыо), Барберыні (1625—63, арх. Мадэрна, Ф.​Бараміні, плафон П’етра да Картоны), Фальканьеры (1639—41, арх. Бараміні), Кадона (17—18 ст.); віла Баргезе (пач. 17 ст., цяпер музей) з паркам (казіно 1613); касцёл Іль Джэзу (1568—84, арх. Віньёла, фасад 1575, арх. дэла Порта). Пышныя барочныя палацы, паркі, касцёлы, плошчы і відавыя пляцоўкі, прасторавыя акцэнты ў выглядзе лесвіц, абеліскаў, фантанаў («Трэві», пачаты ў 18 ст., арх. Н.​Сальві), дэкар. скульптур у многім вызначылі аблічча цэнтра сучаснага Р. З 1871 горад рос больш інтэнсіўна; раён Праці, усх. і паўд.-ўсх. раёны забудоўваліся пераважна даходнымі дамамі.

У адпаведнасці з генпланам 1873 пракладзены новыя трансп. артэрыі (Корса Віторыо Эмануэле, Вія Нацыянале), узведзены будынкі і ансамблі пампезна-эклектычнага характару, у т. л. комплекс «Віктарыян» на пл. П’яцца Венецыя (1885—1911, арх. Дж.​Саконі, скульпт. А.​Дзанелі, Э.​К’ярадыя), з помнікам Віктару Эмануілу ІІ, т.зв. Алтаром Айчыны — гіганцкім порцікам з 60 бела-мармуровымі калонамі, фантанамі і інш. Грамадскі цэнтр перамясціўся на П’яцца Калона. У 1930—40-я г. ўзведзены неакласіцыстычны спорткомплекс Фора Італіка (1928—34, арх. М.​П’ячэнціні, Дж.​Пагана і інш.), комплекс не ажыццёўленай сусв. выстаўкі (ЭУР). Пракладзены новыя магістралі (Вія дэі Форы Імперыялі, Вія дэла Канчыліяцыёне); да Алімп. гульняў 1960 — магістраль Вія Алімпіка, шэраг тунэляў і перасячэнняў у 2 узроўнях. Раёны гіст. забудовы захоўваюцца пераважна ў першапачат. стане. Найб. важныя пабудовы ў сучасных стылях: вакзал Тэрміні (1938—50, арх. Ф.​Мацоні, Э.​Мантуоры і інш.), пасольства Вялікабрытаніі (1970, арх. Б.​Спенс), работы П.Л.Нерві — палац спорту (1958—60, з П’ячэнціні), Алімп. гарадок (1960) з Палацэта (Малы палац спорту, 1957, з арх. А.​Вітэлоцы) і стадыёнам Фламініо (1959, з інж. А.​Нерві). Новае буд-ва развіваецца пераважна на перыферыі. У 1960—70-я г. раён ЭУР ператвораны ў дзелавы цэнтр з паркамі, садамі, фантанамі, сучаснымі збудаваннямі (палацы Кангрэса, Цывілізацыі — «Квадратны Калізей» з 216 аркамі на фасадзе). Паводле генплана 1964 створана т.зв. вось абслугоўвання — сістэмы магістралей, якія злучаюць з ЭУР 2 новыя грамадскія цэнтры. Помнікі архітэктуры Ватыкана і гіст. цэнтра Р. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У Р. знаходзяцца: 2 ун-ты, у т. л. Рымскі універсітэт, кансерваторыя «Санта-Чэчылія», Акадэмія прыгожых мастацтваў, Нац. акадэмія дэі Лінчэі (з 1603), акадэмія св. Лукі (з 14 ст.), Мед. акадэмія, Акадэмія л-ры, мастацтва і навукі, Італьян. ін-т археалогіі і гісторыі мастацтваў, ін-ты антрапалогіі, гісторыі музыкі і інш.; шматлікія НДІ і навук. т-вы. Б-кі: Нац. цэнтральная, ун-та, Анджэліка, Касанатэнсе, Нац. акадэміі дэі Лінчэі і інш. Музеі: Нац. рымскі музей (музей Тэрм), Капіталійскія музеі (з 1471), Нац. музей этрускаў (зборы этрускага мастацтва), Музей Баргезе (з 1616, зборы стараж.-грэч. і стараж.-рым. мастацтва), Галерэя Спала (калекцыя жывапісу 17—18 ст.), Галерэя Дорыя-Памфілі (жывапіс Рэнесансу), Нац. галерэя ант. мастацтва, Нац. галерэя сучаснага мастацтва, музеі Ватыкана. Каля 20 тэатраў, у т. л. Рымская опера, «Тэатра ды Рома» і інш.; кінагарадок найбуйн. італьян. кінафірм «Чынечыта».

А.​Г.​Зельскі (гісторыя), Т.​А.​Барташэвіч (архітэктура).

Рым. П’яцца Навона.
Рым. Касцёл Іль Джэзу. 16 ст.
Рым. П’яцца Венецыя з комплексам «Віктарыян».

т. 13, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)