МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-р пед. н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед. ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУ г. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНС ((Robbins) Фрэдэрык Чапмэн) (н. 25.8.1916, г. Оберн, штат Алабама, ЗША),

амерыканскі вірусолаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Місурыйскі ун-т (1936) і Гарвардскую мед. школу (1940). У 1940—42 і ў 1948—50 супрацоўнік дзіцячай бальніцы ў г. Бостан, у 1952—66 кіраўнік аддзела ў Гал. гар. бальніцы г. Кліўленд, з 1952 праф. мед. школы пры ун-це ў г. Кліўленд, у 1966—80 дэкан; пасля — у Ін-це медыцыны ў г. Бетэсда (да 1985 дырэктар). Навук. працы па праблемах вірусных хвароб, эпідэміялогіі інфекц. гепатыту, сыпнога тыфу, Ку-ліхаманкі. Распрацаваў тэхніку культывавання віруса поліяміэліту ў тканкавых культурах, адзін са стваральнікаў вакцыны супраць поліяміэліту і метадаў вызначэння і вылучэння розных відаў вірусаў. Нобелеўская прэмія 1954 (разам з Дж.​Ф.​Эндэрсам, Т.​Х.​Уэлерам).

А.​Ю.​Маніна.

Ф.Ч.Робінс.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІБЕ́ГАЎ (Іван Якаўлевіч) (сапр. Алібегянц Аганез Акопавіч; 3.12.1886, г. Кутаісі — 1941),

дзярж. і паліт. дзеяч Беларусі. З 1915 у Мінску, ствараў бальшавіцкія арг-цыі ў войсках Зах. фронту. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Мінскага Савета, з вер. 1917 старшыня Мінскага к-та РСДРП(б). На I і II Паўн.-Зах. абл. канферэнцыях РСДРП(б) выбраны нам. старшыні абл. к-та. З ліст. 1917 сакратар Прэзідыума Аблвыкамзаха, камісар працы Зах. вобласці. У 1918 нам. старшыні Паўн.-Зах. к-та РКП(б), адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі. Чл. ЦК КП(б)Б у 1918, ЦВК БССР у 1919. З 1919 у Наркамаце шляхоў зносін. У 1935—41 заг. кафедры, дэкан Маскоўскага ін-та гісторыі, філасофіі і л-ры. Загінуў у Вял. Айч. вайну ў баі пад Вязьмай.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДХРА-ПРА́ДЭШ,

штат на ПдУ Індыі. Пл. 276,8 тыс. км², нас. 66,5 млн. чал. (1991), пераважна андхра (тэлугу); гарадскога 20%. Адм. цэнтр — Хайдарабад, буйныя гарады: Вішакхапатнам, Віджаявада. Займае прыбярэжную нізіну ўздоўж Бенгальскага заліва, частку пласкагор’я Дэкан і гор Усх. Гаты (выш. да 1680 м). Клімат вільготны, трапічны, мусонны на ўзбярэжжы (1500 мм ападкаў за год), ва ўнутр. раёнах з засушлівай зімой (ападкаў 500—850 мм за год). Адзін з асн. с.-г. штатаў Індыі. Гал. с.-г. культуры: рыс, тытунь, клешчавіна, кенаф, цукр. трыснёг, таксама вырошчваюць проса, арахіс, бавоўнік і інш. У жывёлагадоўлі пераважае авечкагадоўля. Традыцыйныя галіны прам-сці — тытунёвая, цукровая. Развіты горназдабыўная (каменны вугаль, слюды, хрызалітавы азбест, барыты, вапнякі, буд. матэрыялы, жал. і марганцавая руды, храміты, свінец), металург., хім., маш.-буд. прам-сць. Транспарт чыг., марскі (гал. порт Вішакхапатнам), аўтамабільны.

З.​М.​Шуканава.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХЛІ́НСКІ (Антон Восіпавіч) (1808, Навагрудчына — 25.10.1877),

усходазнавец. Праф. цюркалогіі (1839). Вучыўся ў Віленскім (з 1822) і Пецярбургскім (з 1828) ун-тах. У Пецярбургскім ун-це выкладаў арабскую (1835—39), турэцкую (1853—63) мовы, гісторыю і геаграфію Турцыі (з 1855), у 1859—66 дэкан ф-та ўсх. моў. Аўтар прац «Асманская хрэстаматыя для універсітэцкага выкладання» (1858—59), «Слоўнік выразаў, якія прыйшлі... у нашу мову з усходніх моў...» (1858) і інш. З яго «Даследавання пра паходжанне і стан літоўскіх татар» (1857) пачалося вывучэнне бел. тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом, урыўкі з якіх, у т. л. кітабаў, упершыню транслітарыраваў М. У гэтай працы пераклаў з тур. мовы ананімны твор 16 ст. «Рысале...», у якім раілася татарам, якія забылі сваю мову, гаварыць па-беларуску. Адкрыў і выдаў арабскі геагр. рукапіс 9 ст.

Літ.:

Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950.

В.​І.​Несцяровіч.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынгтон, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл. праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага ​3Не пры т-ры ніжэй за 10​−3 К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Сверхтекучесть в ​3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Д.Ошэраф.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),

філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.​Гасендзі, Р.​Дэкарта, І.​Кеплера, І.​Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.​Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),

пласкагор’е ў Індыі, унутр. ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн. км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена з Пн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.

На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-ра мая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 мм за год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ (Адам Іосіфавіч) (н. 4.4.1912, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. гісторык, этнограф. Д-р гіст. н. (1963), праф. (1964). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940). У 1937—40 нам. дырэктара Мінскага пед. вучылішча. З 1945 выкладчык, дэкан Курскага пед. ін-та. З 1953 заг. сектара этнаграфіі Ін-та гісторыі, з 1957 нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1970—81 навук. супрацоўнік, заг. сектара Ін-та гісторыі АН БССР. Аўтар прац па гісторыі Вял. Айч. вайны, нац. адносін. Адзін з аўтараў 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4, 1975), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 1—5, 1995).

Тв.:

Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. Мн., 1960;

В партизанских краях и зонах. М., 1962;

Героический подвиг миллионов в тылу врага. Мн., 1970;

Дарогамі партызанскай Беларусі. Мн., 1974;

О национальных отношениях в Советской Белоруссии: Ист. очерки. Гродно, 1992 (разам з П.​М.​Кобрынцам).

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Іван Сяргеевіч) (12.9.1902, в. Дзмітраўка Бутурлінаўскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 12.6.1979),

бел. гісторык. Акад. АН БССР (1969, чл.-кар. 1959), д-р гіст. н., праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Паўн.-Каўк. камуніст. ун-т (1930), Ін-т чырв. прафесуры (1933), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1948). У 1938—41 дэкан Мінскага, дырэктар Беластоцкага пед. ін-таў, з чэрв. 1941 сакратар Беластоцкага абкома КП(б)Б. З 1948 у Ін-це гісторыі АН БССР: нам. дырэктара, дырэктар (1953—44), заг. сектара Вял. Айч. вайны. Працы па гісторыі Вял. Айч. вайны. Чл. рэдкалегіі, адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1—2, 1954—58, 2-е выд., 1961), чл. рэдкалегіі «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), гал. рэдактар і сааўтар 4-га т. гэтага выдання, чл. рэдкалегіі «Гісторыі СССР» (т. 1—11, 1966—80) і сааўтар яе т. 10 (1973).

І.С.Краўчанка.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)