рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.П.Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.С.Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.
Тв.:
Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.
Літ.:
Эткинд М. А.Н.Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.
А.Бенуа. Эскіз дэкарацыі да трагедыі У.Шэкспіра «Венецыянскі купец». 1920.А.Бенуа. Эскіз заслоны да балета «Пятрушка». 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫ́НЬ,
лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦКВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.—кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.—крас. 1943 у Вял.Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав. ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.Н.Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал.ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш.сав. лагерах.
Літ.:
Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;
Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;
Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;
Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.
руская паэтэса. Жонка М.Гумілёва. Паэтычны дэбют звязаны з акмеізмам. Першы зб. «Вечар» (1912). У кн. «Ружанец» (1914), «Белая чарада» (1917) замкнёны свет вытанчаных эстэт. і любоўных перажыванняў. У 1921 выйшлі зб-кі «Трыпутнік» і «Anno Domini MCM XXI» (на вокл. 1922). Нягледзячы на ломку ў 1917 звыклых для асяроддзя Ахматавай уяўленняў пра жыццё і прызначэнне паэта, яна не пакінула радзіму. Афіц. крытыка наз. яе «ўнутранай эмігранткай», творы паэтэсы не друкавалі. Аўтабіягр. цыкл «Рэквіем, 1935—1940» (апубл. 1987) пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Зб. «З шасці кніг» (1940) — спроба пераадолець адзіноту. У 1940-я г. з’яўляюцца ліра-эпічныя творы на гіст. тэмы (цыкл «У саракавым годзе», паэма «Шляхам усёй зямлі», «1913 год» — 1-я ч. «Паэмы без героя»). У лірыцы 1941—45 прагучала патрыят. тэма. У 1950—60-я г. ў яе творчасці паглыбляюцца гіст.-філас. і інтымна-лірычная тэмы. У «Паэме без героя» (нап. 1940—62, поўнасцю апубл. 1976), прасякнутай літ.-гіст. і асабістымі асацыяцыямі, адлюстравала эпоху «сярэбранага стагоддзя». Гісторыя, час, лёс — асн. тэмы зб. «Бег часу: Вершы, 1909—1965» (1965). Творам Ахматавай уласцівы напружаны псіхалагізм, выразнасць і дакладнасць слова, класічная прастата і яснасць стылю. Пераклады з усходняй, зах.-еўрап. класічнай паэзіі, з бел. — вершы У.Дубоўкі, М.Лужаніна; літ.-знаўчыя працы («Апошняя казка Пушкіна», «Гібель Пушкіна» і інш.), успаміны. На бел. мову творы Ахматавай перакладалі Э.Агняцвет, В.Аколава, Р.Баравікова, П.Макаль, В.Макарэвіч, Я.Міклашэўскі, В.Рабкевіч і інш.
Тв.:
Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;
Дыхание песни: Кн. переводов. М., 1988.
Літ.:
Жирмунский В.М. Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;
Павловский А.И. Анна Ахматова: Жизнь и творчество. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,
рэальны рух і змяненне пэўнага аб’екта ў часе і прасторы, што ахопліваюць усе стадыі яго развіцця: узнікненне, станаўленне, сцвярджэнне, распад і гібель. Як працэс развіцця чалавечага грамадства гістарычны працэс характарызуецца ўласцівай яму ўнутр. неабходнасцю, г.зн. наяўнасцю пэўнай заканамернасці этапаў, фаз, перыядаў і г.д., а таксама аб’ектыўнай накіраванасцю, пад якой разумеецца асн. тэндэнцыя змяненняў у грамадстве на ўсім працягу яго існавання. Такая накіраванасць адкрывае магчымасць падвядзення на кожнай ступені гістарычнага працэсу некаторых вынікаў яго ўздзеяння на ўмовы жыцця людзей у матэрыяльным, духоўным, паліт. і інш. аспектах. Існуюць розныя падыходы да разумення крыніцы гістарычнага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму звязваюць яго з асобай творцы або ўяўляюць гісторыю як самаразвіццё духу. Пашыраны канцэпцыі, паводле якіх гістарычны працэс азначае аб’ектыўны рух і змену розных формаў грамадскага жыцця пад уплывам прычын, якія знаходзяцца не за яго межамі, а ў ім самім. Напр., дыялектычны матэрыялізм бачыць крыніцу гістарычнага працэсу ў супярэчнасцях спосабу вытв-сці матэрыяльных даброт, якія вырашаюцца праз барацьбу грамадскіх класаў з антаганістычнымі (непрымірымымі) інтарэсамі; аднак ход гісторыі не спыняецца ні са змяненнем сац.-класавай структуры грамадства, ні з дасягненнем ім розных мэт (рэалізацыяй ідэалаў сац. справядлівасці, сац. роўнасці, стварэннем іншых умоў для гарманічнага развіцця асобы). Існуюць і такія інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу, у якіх ён уяўляецца як вынік складанага ўзаемадзеяння шматлікіх па сваёй прыродзе фактараў, найперш сучаснай навукі, тэхналогіі, інфарм. сістэм і г.д.
Літ.:
Кареев Н.И. Основные вопросы философии истории. Ч. 2. 3 изд. СПб., 1897;
Ракитов А.И. Историческое познание: Систем.-гносеол. подход. М., 1982;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;
Barraclough G. Main trends in history. New York, 1979.
біяхімічныя, фізіял., генет. і інш. змяненні, што ўзнікаюць у жывых клетках і арганізмах пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. Дзеянне на арганізм залежыць ад віду і дозы выпрамянення, умоў апрамянення і размеркавання паглынутай дозы ў арганізме, фактару часу апрамянення, выбіральнага пашкоджання крытычных органаў, а таксама ад функцыян. стану арганізма перад апрамяненнем. Асн. вынікам узаемадзеяння іанізавальных выпрамяненняў са структурнымі элементамі клетак жывых арганізмаў з’яўляецца іанізацыя, якая прыводзіць да індуцыравання розных хім. і біял. рэакцый ва ўсіх тканкавых сістэмах арганізма. Радыебіял. працэсы, што ідуць на ўзроўні клеткі, ідэнтычныя для чалавека, жывёл і раслін. Адрозненне паміж імі выяўляецца на ўзроўні арганізма. Вылучаюць 2 асн. класы радыебіял. эфектаў: саматычныя (да іх належаць рэакцыі элементаў біясістэмы, што ідуць на працягу ўсяго антагенезу) і генет. (змены, якія рэалізуюцца ў наступных пакаленнях). Да саматычных належаць: радыяцыйная стымуляцыя, радыяцыйныя парушэнні, прамянёвая хвароба, паскарэнне тэмпаў старэння, скарачэнне працягласці жыцця, гібель арганізма. Генетычныя (ці мутагенныя) эфекты іанізавальных выпрамяненняў найбольш небяспечныя. Уздзейнічаючы на ДНК саматычных і генератыўных клетак, іанізавальныя выпрамяненні могуць выклікаць мутацыі, злаякасныя перараджэнні клетак. Ступень біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў залежыць і ад радыеадчувальнасці: маладыя арганізмы больш адчувальныя да выпрамяненняў, паўлятальная доза (D50) для большасці млекакормячых не перавышае 4—5, для некаторых раслін дасягае 30—40 і больш за сотню грэй. У арганізмах вылучаюцца крытычныя органы, якія першыя рэагуюць на іанізавальныя выпрамяненні: у чалавека і жывёл гэта касцявы мозг, эпітэлій страўнікава-кішачнага тракту, эндатэлій сасудаў, хрусталік вока, палавыя залозы; у вышэйшых раслін — утваральныя тканкі (мерыстэмы). Асобнае месца пры ўздзеянні на біясістэмы належыць малым дозам іанізавальных выпрамяненняў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ператварыліся ў паўсядзённы фактар асяроддзя на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях Беларусі, Украіны, Расіі. Рэгулёўнае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне (рэнтгенадыягностыка, радыетэрапія, выкарыстанне ізатопных індыкатараў і інш.), сельскай гаспадарцы (радыяцыйны мутагенез і інш.).
Літ.:
Кудряшов Ю.Б., Беренфильд Б.С. Основы радиационной биофизики. М., 1982;
Кузин А.М. Структурнометаболическая теория в радиобиологии. М., 1986;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Гродзинский Д.М. Радиобиология растений. Киев, 1989;
Гудков И.Н. Основы общей и сельскохозяйственной радиобиологии. Киев, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТА́ЦЫІ (ад лац. mutatio змяненне, змена),
раптоўныя, натуральныя або выкліканыя штучна спадчынныя змены генетычнага матэрыялу, якія прыводзяць да змены прыкмет арганізма. Уласцівы ўсім формам жыцця. Бываюць прамыя (іх праяўленне прыводзіць да адхілення прыкмет дзікага тыпу) і зваротныя (поўнасцю або часткова аднаўляецца дзікі тып); генератыўныя (адбываюцца ў палавых клетках і перадаюцца наступным пакаленням), саматычныя (адбываюцца ў інш. клетках арганізма і перадаюцца ў спадчыну пры вегетатыўным размнажэнні), ядзерныя (закранаюць храмасомы ядра), цытаплазматычныя (закранаюць генет. матэрыял у арганоідах клеткі — мітахондрыях, пластыдах і інш.). У залежнасці ад характару змен у генет. матэрыяле адрозніваюць М.: кропкавыя, інсерцыі, храмасомныя перабудовы (аберацыі) і М. са зменай колькасці храмасом. Кропкавыя М. — устаўкі ці выпадзенні і змены пары нуклеатыдаў ДНК (або нуклеатыду РНК); яны зменьваюць функцыю некат. генаў. Інсерцыі — устаўкі малекул ДНК у ген, прыводзяць да яго інактывацыі або да моцнага палярнага эфекту. Храмасомныя перабудовы ўзнікаюць у выніку рэкамбінацыі негамалагічных участкаў генет. матэрыялу. Змены колькасці храмасом у клетках арганізма бываюць кратныя (поліплаідыя, гаплаідыя) і не кратныя гаплоіднаму набору (анеўплаідыя). Часта М. таксама падзяляюць на генныя (усе кропкавыя М.), храмасомныя і геномныя (змена колькасці храмасом). У залежнасці ад фенатыпічных праяўленняў адрозніваюць М. марфал., біяхім., лятальныя, дамінантныя, рэцэсіўныя і інш. Індуцыраваныя М. ўзнікаюць ад выкліканага ўздзеяннем мутагенаў парушэння нармальных працэсаў рэдуплікацыі, рэкамбінацыі, рэпарацыі або разыходжання носьбітаў генет. інфармацыі. Спантанныя М. ўзнікаюць як памылкі пры ўзнаўленні генет. матэрыялу (рэдуплікацыя не адбываецца з абс. дакладнасцю, а працэсы рэпарацыі не бываюць абс. эфектыўныя). Іх частата генетычна абумоўлена ў кожнага віду і падтрымліваецца на аптымальным узроўні. Большасць М. шкодныя — мутантны ген можа выклікаць спадчыннае захворванне, выродлівасць або гібель арганізма, што развіваецца. Генныя М., якія паляпшаюць уласцівасці, узнікаюць рэдка. Яны Даюць матэрыял Для натуральнага і штучнага адбору і з’яўляюцца неабходнай умовай эвалюцыі ў прыродзе і селекцыі карысных форм раслін, жывёл і мікраарганізмаў.
Літ.:
Щербаков В.К. Мутации в эволюции и селекции растений. М., 1982;
Бочков Н.П., Чеботарев А.Н. Наследственность человека и мутагены внешней среды. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс.чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).
У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і Зартыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),
1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл.Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.
У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар.карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.
У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.Босх, П.Брэйгель, Ж.Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.Гоі, А.Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.Мунк, М.Шагал), сюррэалізму (С.Далі, П.Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.Бідструпа). У бел.нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.Бахматовіча, Я.Горыда, Я.Драздовіча, К.Кукевіча, М.Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.Вішнеўскі, А.Волкаў, Р.Грамыка, В.Губараў, М.Гурло, А.Карповіч, М.Пушкар, С.Раманаў, В.Славук, В.Ціхановіч, Л.Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.
Г.Я.Адамовіч (гратэск у літаратуры).
Да арт.Гратэск. Ф.Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.Да арт.Гратэск. В.Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР ((Wagner) Вільгельм Рыхард) (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз.т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн.тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч.М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст.М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,
становішча (сітуацыя) на пэўнай тэрыторыі, якое склалася (узнікла) у выніку надзвычай неспрыяльных прыродных, тэхнагенных, экалагічных і інш. фактараў. Характарызуецца рэзкім адхіленнем ад нормы з’яў і працэсаў, аказвае значнае ўздзеянне на жыццядзейнасць людзей, эканоміку, сац. сферу і прыроднае асяроддзе. Н.с. падзяляюцца на аварыі (пашкоджанне станкоў, установак, энергасістэм, трансп. сродкаў, будынкаў, памяшканняў без чалавечых ахвяр), катастрофы (падзеі з трагічнымі вынікамі, буйныя аварыі з людскімі ахвярамі), стыхійныя бедствы (небяспечныя працэсы геафіз., геал., гідралагічнага, атм. паходжання, якія прыводзяць да катастроф).
У гісторыі чалавецтва вядомы шматлікія глабальныя, рэгіянальныя і аб’ектавыя катастрофы. Захаваліся легенды пра Сусветны патоп, знікненне Атлантыды ў водах акіяна. Вывяржэнне Везувія ў 79 н.э. знішчыла г. Пампеі. У час эпідэміі чумы ў 1340—60 загінула больш за 100 млн.чал., пры землетрасеннях у Кітаі (правінцыя Шаньсі) ў 1556—830 тыс.чал., у 1976 (Таншан-Фэнань) — каля 700 тыс.Найб. значныя тэхнагенныя катастрофы: у 1984, у Бхопале (Індыя), дзе таксічным газам атручана больш як 17 тыс.чал.; радыяцыйнае забруджванне ў выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986. Катастрофы на транспарце: гібель «Тытаніка» ў 1912 (загінула больш за 1500 чал.), «Індыгіркі» ў 1939 (1500 чал.), «Адмірала Нахімава» ў 1986 (больш за 400 чал.), «Эстоніі» ў 1994 (больш за 900 чал.). У авіякатастрофах 20 ст. загінула каля 100 тыс.чал. У дачыненні да Н.с. выключнае значэнне маюць прадухіленне і ліквідацыя. Прадухіленне Н.с. уключае комплекс прававых, арганізацыйных, эканам., інж.-тэхн., прыродаахоўных і інш.спец. мерапрыемстваў, накіраваных на недапушчэнне ці максімальна магчымае змяншэнне рызыкі іх узнікнення, на захаванне здароўя людзей, зніжэнне памераў страт у эканоміцы і маёмасці грамадзян, шкоды навакольнаму асяроддзю. Звядзенне да мінімуму імавернасці ўзнікнення Н.с. дасягаецца: забеспячэннем тэхнал. надзейнасці сістэм бяспекі ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, сельскай гаспадарцы; неабходнымі даследаваннямі ў сферы забеспячэння жыццядзейнасці, абмежаваннем выкарыстання выбухова-, пажара-, хімічна, радыяцыйна, біялагічна небяспечных рэчываў і тэхналогій; увядзеннем новых бяспечных рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій, супрацьаварыйнай аховы тэхн. аб’ектаў; аддаленнем патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў ад жылых зон і сістэм іх жыццезабеспячэння; кантролем і наглядам за станам патэнцыяльна небяспечных вытв-сцей і аб’ектаў; стварэннем рэзерваў, неабходных для ліквідацыі Н.с. Ліквідацыя Н.с. уключае: разведку (агульную і спецыяльную — біял., інж., мед., хім., пажарную, радыяцыйную, сан.-эпідэміялагічную) з мэтай высвятлення віду Н.С.; выяўлення крыніц небяспекі. вызначэнне маштабу і межаў Н.с.; назіранне за зменай становішча ў зоне Н.с.; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ; ліквідацыю Н.с., жыццезабеспячэнне насельніцтва і сіл ліквідацыі Н.с. Першачарговыя дзеянні пры аварыях, выбухах, пажарах і інш. Н.с. — пошук і выратаванне пацярпелых, тушэнне пажару, лакалізацыя і падаўленне небяспечных фактараў, а таксама выратаванне матэрыяльных і культ. каштоўнасцей, ахова прыроднага асяроддзя, аказанне пацярпеламу насельніцтву мед. і інш. дапамогі, стварэнне ўмоў, мінімальна неабходных для захавання жыцця і здароўя людзей, падтрыманне іх працаздольнасці. Аварыйна-выратавальныя і інш. неадкладныя работы вядуцца ў небяспечных умовах і патрабуюць спец. падрыхтоўкі спецыялістаў, іх адпаведнай экіпіроўкі і аснашчэння.
Для Беларусі найб. імаверныя Н.с.: аварыі і пажары з выкідам моцнадзейных атрутных рэчываў на хімічна небяспечных аб’ектах (іх у краіне больш за 370), аварыі на АЭС, што знаходзяцца каля межаў рэспублікі (Ігналінская, Літва; Смаленская, Расія; Чарнобыльская і Ровенская, Украіна); аварыі на магістральных нафта-, прадукта- і газаправодах. Магчымы таксама небяспечныя і разбуральныя прыродныя з’явы: паводкі, ураганы, смерчы, лясныя пажары, тарфяныя пажары, моцныя замаразкі. Для арганізацыі дзярж. мер па прадухіленні і ліквідацыі Н.с. прыроднага і тэхнагеннага характару створана Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (1999).
Літ.:
Жалковский В.И., Ковалевич З.С. Защита населения в чрезвычайных ситуациях. Мн., 1998;
Ионина Н., Кубеев М. 100 великих катастроф. М., 1999;
Катастрофа и человек. Кн. 1. Российский опыт противодействия чрезвычайным ситуациям. М., 1997.