УЖВІ́Й Наталля Міхайлаўна (8.9.1898, г. Любомль Валынскай вобл., Украіна — 22.7.1986),
украінская актрыса. Нар.арт.СССР (1944). Герой Сац. Працы (1973). З 1918 на аматарскай сцэне, з 1922 у Першым дзярж. т-ры Украіны імя Т.Шаўчэнкі (Кіеў), з 1925 у т-рах «Дзярждрама» (Адэса), «Беразіль» (Харкаў), з 1936 у Кіеўскім укр. т-ры імя І.Франко. Яе творчасці ўласціва паглыбленае раскрыццё псіхалогіі і адухоўленая паэтычнасць вобразаў. Сярод роляў: Ганна («Украдзенае шчасце» Франко), Маклена («Маклена Граса» М.Куліша), Аксана, Наталля Коўшык («Гібель эскадры», «Калінавы гай» А.Карнейчука), Кручыніна, Тугіна («Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Танкабіке («У ноч зацьмення Месяца» М.Карыма), Беатрычэ («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно («Выбаргская старана», «Вясёлка», «Тарас Шаўчэнка» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны 1984.