ВЫМАКА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

гібель азімых культур ад парушэння дыхання пры застоі вады на паверхні глебы. У кліматычных умовах Беларусі найчасцей бывае ўвосень і вясной, радзей пры працяглых адлігах зімой, на слабаводапранікальных глебах у паніжаных месцах, летам пры вял. колькасці ападкаў і выхадзе рэк з берагоў. Залітыя вадой расліны жаўцеюць, назапашваюць у клетках этылавы спірт і інш. рэчывы, якія выклікаюць іх атручэнне і гібель. З азімых культур найчасцей вымакае жыта. Меры барацьбы: вырошчванне ўстойлівых да вымакання сартоў, добрая апрацоўка глебы, ранняя падкормка раслін мінер. ўгнаеннямі і інш. агратэхн. мерапрыемствы.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАНАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,

нараджэнне мёртвага плода, смерць якога надышла пасля 28 тыдняў цяжарнасці жанчыны ці пры родах. Пры М. плод даўж. 35 см і больш, масай 1000 г і больш; пасля нараджэння не зрабіў ніводнага ўздыху. Плод з меншай масай і даўж. лічыцца познім выкідышам (гл. Аборт). Адрозніваюць М.: антэнатальную (гібель плода да родаў), інтранатальную (гібель у час родаў) і постнатальную (у народжанага плода ёсць сэрцабіццё, аднак адсутнічае дыханне, і ён гіне). Асн. прычыны М.: унутрывантробная гіпаксія плода, прыроджаныя заганы развіцця, інфекц. хваробы і інш. Як стат. паказчык М. — суадносіны колькасці мёртванароджаных да 1000 народжаных (на Беларусі 8—10%).

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАСТРО́ФА (ад грэч. katastrophē пераварот, паварот, канец, гібель),

раптоўнае вялікае бедства; падзея, якая цягне за сабой трагічныя вынікі: разбурэнні, знішчэнні, гібель людзей. Вылучаюць К.: прыродныя (землетрасенне, вывяржэнне вулкана і інш.), экалагічныя (гл. Катастрофа экалагічная), тэхналагічныя (аварыі, крушэнні чыгуначныя, авіякатастрофы), сацыяльныя (напр., гібель Рымскай імперыі, распад СССР), асобасныя (смерць блізкага чалавека, забойствы, самазабойствы і інш.). Па маштабах дзеяння К. падзяляюць на лакальныя, рэгіянальныя, краінныя, глабальныя. Некаторыя з іх з’яўляюцца унікальнымі, напр. Чарнобыльская катастрофа 1986, па прычынах яна тэхналагічная, па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе — экалагічная, па наступствах для здароўя і жыцця людзей, разбурэнні іх ладу жыцця — сацыяльная, па маштабах уздзеяння на ўсе сферы жыцця і мыслення людзей — глабальная. Такога роду К. могуць адбывацца ў выніку прымянення ядзернай і інш. зброі масавага паражэння, ракетна-ядзернай вайны і інш. У сучасных умовах вялікае значэнне мае навук. прадказанне К. (землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, сутыкненняў Зямлі з вялікімі касмічнымі целамі і інш.). Розныя тыпы К. з’яўляюцца аб’ектам даследавання катастроф тэорыі. У Рэспубліцы Беларусь папярэджваннем і пераадольваннем наступстваў К. займаецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Літ.:

Арнольд В.И. Теория катастроф. 3 изд. М., 1990;

Бабосов Е.М. Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995;

Яго ж. Чернобыльская трагедия в ее социальных измерениях. Мн., 1996.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЦЫ́ДНАСЦЬ,

здольнасць хім. рэчываў (бактэрыцыды), фіз. і біял. фактараў (т-ра, іанізавальнае выпрамяненне, дзеянне ферментаў) выклікаць гібель бактэрый. Уласціва таксама сываратцы крыві, слязам, сліне, малаку, страўнікаваму соку, скуры чалавека і жывёлы. Бактэрыцыднасць раслін абумоўлена рэчывамі — фітанцыдамі, якія выкарыстоўваюцца ў лячэбнай практыцы.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКО́НЦІ ((Viskonti) Лукіна) (сапр. Вісконці ды Мадроне; 2.11.1906, г. Мілан, Італія — 17.3.1976),

італьянскі рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму ў італьян. кіно. Распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, гібель прыгажосці і мастацтва ў сучасным свеце — гал. тэмы фільмаў Вісконці, адметных вытанчанай пластычнай культурай: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Гібель багоў» (1969), «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974), «Бязвінны» (1976). Шэраг фільмаў Вісконці атрымаў прэміі міжнар. кінафестываляў. З 1945 ставіў спектаклі ў драм. і муз. т-рах (п’есы У.​Шэкспіра, Т.​Уільямса, Ж.​Ануя, А.​Мілера, А.​Чэхава, оперы Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Р.​Штрауса).

Літ.:

Шитова В.В. Лукино Висконти. М., 1965.

Л.Вісконці. Кадр з кінафільма «Леапард». 1962.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНІ́ЦКІ (Барыс Васілевіч) (30.3.1891, с. Чарнабай Чаркаскай вобл., Украіна — 24.8.1988),

украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Кіеўскую муз.-драм. школу (1915). З 1913 выступаў у трупе П.​Саксаганскага. У 1922 адзін з заснавальнікаў і маст. кіраўнік (да 1948), акцёр і рэжысёр Укр. т-ра імя М.​Занькавецкай у Львове. Вастрынёй характарыстык, разнастайнасцю фарбаў вылучаюцца ролі: Чалы («Сава Чалы» І.​Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» І.​Франко), Гайдай («Гібель эскадры» А.​Карнейчука), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Храпаў («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Карл («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Гібель эскадры» Карнейчука (1933), «На вялікую зямлю» А.​Хіжняка (1949). Аўтар кн. «Украінскі тэатр у мінулым і сучасным» (1950). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія імя Т.​Шаўчэнкі 1974.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́С, Арэй,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.​Батычэлі, Я.​Тынтарэта, П.​Рубенса, Ж.​Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРАВА́ННЕ ПАСЕ́ВАЎ,

частковая або поўная гібель азімых збожжавых культур і інш. раслін, якія зімуюць, ад знясілення ў выніку доўгага знаходжання пад глыбокім снегавым покрывам. Бывае, калі ўвосень рана выпадае снег на незамёрзлую зямлю або доўга не сыходзіць вясной. На Беларусі найб. пашкоджваюцца перарослыя і загусцелыя пасевы азімых (жыта менш устойлівае, чым пшаніца), асабліва пры адначасовым іх падмаканні пры працяглых адлігах і напярэдадні інтэнсіўнага раставання снегу.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ (? — 12.6.1099),

князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. кіеўскага Святаполка Ізяславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» яго гібель датавана 1097 і 12.6.1099, калі кн. Давыд Ігаравіч аблажыў Уладзімір-Валынскі і М.С. быў смяротна паранены стралою на сценах горада (паводле В.​М.​Тацішчава, гэта падзея адбылася 12.7.1099). М.С., верагодна, валодаў Брэстам, Пінскам і Вышгарадам, бо дружыны з гэтых гарадоў таксама ўдзельнічалі ў абароне Уладзіміра-Валынскага.

А.​В.​Іоў.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА (ЛД),

доза хімічнага або фізічнага агента, уздзеянне якога на жывы арганізм прыводзіць да гібелі. Вызначаецца ў доследах на жывёлах для фармакалагічных сродкаў, пестыцыдаў, іанізуючых выпрамяненняў і інш. Адрозніваюць мінім. ЛД (гінуць найб. адчувальныя асобіны пэўнага віду, але не болей за 10% паддоследных жывёл), сярэднюю (гіне палова — ЛД 50) і абсалютна смяротную (мінім. доза, якая выклікае гібель усіх паддоследных жывёл — ЛД 100). Гл. таксама Дозы выпрамянення.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)