басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар.інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ВАЧКА,
даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала да сярэдзіны 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас-аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень), своеасаблівага чапца з паркалю ці кужэльнага палатна, што надзяваўся на грэбень, рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў для ахінання каркаса) і сярпанкі (складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна — падушачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ЭПО́ХІ,
этапы геал. гісторыі, якія характарызуюцца намнажэннем у горных пародах пэўных хім. элементаў ці іх спалучэнняў. У асобныя геал. эпохі канцэнтрацыя хім. элементаў прыводзіла да ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў і цэлых руданосных правінцый. Напр., эпоху фарміравання на Зямлі радовішчаў жалезістых кварцытаў у археі — пратэразоі звязваюць са з’яўленнем і намнажэннем у атмасферы свабоднага кіслароду; эпохі вугленамнажэння ў карбонавым і інш. перыядах — з росквітам балотнай расліннасці і намнажэннем у літасферы арган. рэчыва. Вядомыя таксама залатарудная эпоха ў археі, эпоха ўтварэння свінцовых руд у юры і інш. Тэрмін геахімічныя эпохі блізкі да паняцця «металагенічная эпоха».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙБЛЬ ((Leibl) Вільгельм Марыя Губерт) (23.10.1844, г. Кёльн, Германія — 4.12.1900),
нямецкі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік ням.рэаліст. жывапісу 19 ст. Вучыўся ў Г.Бекера (1861—64) і ў АМ у Мюнхене (1864—69). Зазнаў уплыў Г.Курбэ. Пісаў пераважна партрэты і сцэны побыту патрыярхальнага баварскага сялянства. У ранніх творах уплывы франц.рэаліст. жывапісу (партрэт П.Сіньеі-Мершэ, 1869; «Какотка», 1870; «Стары пан Паленберг», 1871, «Партрэт работніцы»). Пазней звяртаўся да спадчыны ням. мастацтва Адраджэння («Тры жанчыны ў царкве», 1878—82, і інш.). У карцінах апошніх гадоў жыцця свабодны, мяккі, насычаны паветрам і святлом жывапіс блізкі да імпрэсіянізму («Прадзільшчыца», 1892).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (17.4.1884, каля г. Перм, Расія — 11.11.1961),
рускі паэт. Друкаваўся з 1904. Футурыст (гл.Футурызм). Быў блізкі да У.Маякоўскага. Яго «прывольны раман» «Сценька Разін» (1915) прасякнуты рамант. вальналюбствам. Раннія вершы пад уплывам футурыстычных поглядаў пазначаны слоўным эксперыментатарствам. У паэмах «Сценька Разін» (1912—20), «Емяльян Пугачоў» (1931), «Іван Балотнікаў» (1934) героям нададзены рысы былінна-песенных асілкаў. Аўтар аповесці «27 прыгод Хорта Джойса» (1924), рамана «Пушкін і Дантэс» (1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.
Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЕР ((Meyer) Ханес) (18.11.1889, г. Базель, Швейцарыя — 19.7.1954),
швейцарскі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Берліне (1909—12). Жыў у Германіі (1910—20-я г.; у 1928—30 дырэктар школы «Баўгауз»), СССР (1930—36), Мексіцы (1939—49). Быў блізкі да гал. групы «Стыль» і Ле Карбюзье. Паслядоўнік прынцыпаў функцыяналізму (пас. Фрайдорф каля Базеля, 1919—21), імкнуўся да аналітычна дакладнай пабудовы аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка, якая лагічна вынікала з сістэмы функцыян. працэсаў (неажыццёўлены праект Палаца Лігі Нацый у Жэневе, з Х.Вітверам, 1926—27; прафс. школа ў Бернаў каля Берліна, 1928—30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Арсен Аркадзевіч) (7.6.1848, г. Пушкін, Расія — 10.2.1913),
рускі паэт. Граф. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900). Друкаваўся з 1869 (час. «Дело», «Вестник Европы»). Быў блізкі да кампазітараў «магутнай кучкі», асабліва да М.П.Мусаргскага, які стварыў 2 вакальныя цыклы на яго вершы: «Без сонца» (1874), «Песні і танцы смерці» (1877). З канца 1870-х г. у яго творчасці з’явіліся матывы асуджанасці, смутку аб разбураных дваранскіх гнёздах (паэма «Старыя размовы», 1879; верш «Спатканне са смерцю»), ідэалізацыя мінулага. Аўтар драм. хронікі «Смута (Васіль Шуйскі)» (1879), трылогіі ў прозе «Далечыня кліча» (1907). На вершы Галянішчава-Кутузава напісалі рамансы С.В.Рахманінаў, Ц.А.Кюі, А.С.Арэнскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫ ГО́РАД,
горад з асаблівым міжнар. рэжымам, вылучаны ў самаст.паліт. адзінку, прававы статус якога вызначаецца міжнар. дагаворамі і гарантуецца дзяржавамі ці міжнар. арг-цыямі. Назва засталася ад сярэднявечча, калі вольнымі гарадамі называлі ням. гарады Гамбург, Брэмен, Рэгенсбург, Любек, Франкфурт-на-Майне і інш., што не залежалі ад феад. княстваў. Паступова вольныя гарады ўраўняліся з імперскімі гарадамі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 статус вольнага горада атрымаў Кракаў, паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 — Гданьск (Данцыг). Пасля 2-й сусв. вайны быў распрацаваны статус вольнага горада Трыесту (Італія), але не быў уведзены. Рэжым, блізкі да вольнага горада, існаваў у Танжэры (Марока), Зах. Берліне і інш.