ГАЛАВА́ЦКІ Якаў Фёдаравіч (17.10.1814, в. Чэпелі Львоўскай вобл., Украіна — 13.5.1888),
украінскі вучоны і паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1841). З 1848 прафесар, у 1849 і 1864—66 рэктар Львоўскага ун-та. З 1867 у Расіі, старшыня Віленскай камісіі для разбору і выдання стараж. актаў. Першыя вершы апублікаваў у альманаху «Русалка Дністрова» (1837). У творах 1830—40-х г. прапагандаваў ідэі адзінства ўкр. народа, развіцця л-ры на роднай мове. Вывучаў фальклорна-літ. сувязі ўкр. і бел. народаў, гісторыю і этнаграфію Беларусі. Аўтар даследаванняў па пытаннях гісторыі, адукацыі, фальклору, этнаграфіі, мове, археалогіі і інш.Асн. працы: «Народныя песні Галіцкай і Угорскай Русі» (ч. 1—4, 1878), «Некалькі слоў пра Біблію Скарыны і пра рукапісную рускую біблію з XVI ст...» (1865).
Тв.:
Черты домашнего быта русских дворян на Подляшье, т.е. в нынешней Седлецкой и Гродненской губерниях, по актам XVI ст. Вильна, 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКА́ЛЬСКІ Пётр Пятровіч (26.9.1832, г. Харкаў, Украіна — 11.4.1887),
украінскі кампазітар, публіцыст, фалькларыст, муз.-грамадскі дзеяч. Скончыў Харкаўскі ун-т (1852). У 1859 аднавіў дзейнасць адэскага Філарманічнага т-ва, удзельнічаў у стварэнні Т-ва аматараў музыкі (1864, у далейшым Адэскае муз.т-ва) і муз. школы пры ім (1866). Яго оперы — адны з першых прафес. узораў укр. опернага мастацтва. Сярод муз. твораў: оперы «Мазепа» (1859), «Майская ноч» (1863), «Асада Дубна» (1878); кантата «Баль Пятра Вялікага» (1859); балада «Слухай» (1864); фп. (каля 40) і віяланчэльныя п’есы, рамансы (больш за 40), хары, песні і інш. У муз.-крытычных артыкулах адстойваў ідэі народнасці муз. мастацтва. Аўтар працы «Руская народная музыка, велікаруская і маларуская...» (1888). Збіраў і апрацоўваў нар. песні, у т. л.бел., шэраг з іх апублікаваны ў яго зб. «Маларасійскія і беларускія песні» (выд. 1903).
Літ.:
Карышева Т.И. Петр Сокальский: Жизнь и творчество. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКЕНІ́ЦКІ (Sukiennicki) Віктар (25.7.1901, каля г. Каўнас, Літва — крас. 1983),
польскі гісторык. Д-р права (1927). Вучыўся ў Віленскім і Парыжскім ін-тах. Дацэнт НДІУсх. Еўропы пры Віленскім ун-це. З 1934 на навук. стажыроўцы ў СССР. У 1941 арыштаваны органамі НКУС і сасланы ў Краснаярск. У 1942 вызвалены, працаваў у польскім пасольстве ў СССР. З 1943 у Вялікабрытаніі, выкладаў у польскім ун-це ў г. Оксфард. З 1952 рэдактар на радыёстанцыі «Свабодная Еўропа». З 1959 у ЗША, працаваў у Гувераўскім ун-це пры Станфардскім ун-це. Аўтар прац: «Эвалюцыя ладу Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік...» (т. 1—3, 1938—39), «Сучасныя ідэі і палітычныя і грамадскія рухі» (ч. 1—2, Лондан, 1951—54), «Прычыны і пачатак польска-савецкай вайны, 1919—1921» (Лондан, 1963), «Усходне-Цэнтральная Еўропа ў час 1-й сусветнай вайны» (т. 1—2, ЗША, 1984) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗУЛІ́ (Фузулі) Мухамед Сулейман аглы
(1494, г. Кербела, Ірак — 1556),
азербайджанскі паэт. Пісаў на азерб., перс. і араб. мовах. Атрымаў усебаковую адукацыю, ведаў філасофію, матэматыку, медыцыну, гісторыю, права, логіку, астраномію і інш.Найб. поўны збор яго рукапісаў (куліят), які адносіцца да 1522, уключае лірыку, алегарычныя паэмы і навелы, філас. трактат «Узыход перакананняў», пераклад з перс. на азерб. мову аповесці Хусейна Ваіза Кашафі «Сад шчасліўцаў», зб-кі кіт’а (урыўкаў), рубаі (чатырохрадкоўяў) і інш. Вяршыня творчасці Ф. — паэма «Лейлі і Меджнун» (1536—37) пра каханне паэта Кейса і прыгажуні Лейлі. Паэт. дасягненне Ф. — газелі і касыды. Аўтар паэм «Гашыш і віно», «Спрэчка пладоў», празаічнай паліт. сатыры «Кніга скаргаў». Падзяляў некат. ідэі суфізму, прапаведаваў аскетызм. Узбагаціў лексіку і стылістыку азерб. мовы. Творчасць Ф. зрабіла вял. ўплыў на інш. л-ры народаў Усходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ЛЕР (Fuller) Рычард Бакмінстэр (12.7.1895, г. Мілтан, ЗША — 1.7.1983),
амерыканскі архітэктар, дызайнер, інжынер. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (1913—15). Працаваў у буд. кампаніі ў Чыкага, з 1959 ва ун-це Паўд. Ілінойса. Распрацаваў праект зборнага алюмініевага дома, падвешанага да мачты, т.зв. машыну для жылля (1927); 3-колавы аўтамабіль (1933). Вынайшаў новую картаграфічную праекцыю свету (1942, складаецца з 6 прамавугольнікаў і 8 трохвугольнікаў, мае шэраг пераваг у параўнанні з глобусам). Распрацоўваў прасторавую канструкцыю «геадэзічнага купала» (паўсферы, што збіраліся з тэтраэдраў): «Залаты купал» для Амер. выстаўкі ў Маскве (1959), павільён ЗША на Сусв. выстаўцы ў Манрэалі (1967) і інш., у 1966—67 распрацаваў праект горада, які плавае, для 300 тыс. жыхароў. Аўтар кніг «Тэхнічнае настаўленне для касмічнага карабля «Зямля» (1969), «Сінергетыка: даследаванні геаметрыі мыслення» (1974), аўтабіяграфіі «Ідэі і цэласнасць» (1963). Імем Ф. названа адна з форм вугляроду — фулерэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУШЭ́ВІЧ Марцін (псеўд.Адзін з літоўскіх грамадзян; 11.11. 1714, в. Ельня Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 21.11.1773),
грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык. Вучыўся ў Камянцы, Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1739 брэсцкі гар. пісар, з 1752 стольнік, у 1763—64 гал. дарадчык К.Радзівіла, у 1767 ген. сакратар Радамскай канфедэрацыі, з 1768 кашталян брэсцкі. На польск. мову пераклаў «Сатыры» Гарацыя (Вільня, 1784), да якіх далучыў тры арыгінальныя вершаваныя «Дадаткі». Аўтар «Успамінаў» (т. 1—4, Варшава, 1876), дзе апісаў побыт і норавы брэсцкай шляхты, міжусобную барацьбу Радзівілаў з Чартарыйскімі, некаторыя падзеі мясц.літ. жыцця. Пісаў вершы на польск. і лац. мовах з выпадку розных падзей, сеймікавыя прамовы. У яго поглядах адбіліся ідэі ранняга Асветніцтва. На бел. мову «Дыярыуш жыцця майго...» пераклаў В.Арэшка.
Тв.:
Diariusz życia mego... Т. 1—2. Warszawa, 1986;
Бел.пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАРП (Natorp) Паўль (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),
нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСЛА́ННЕ ДА ЛАТЫ́Н З ІХ ЖА КНІГ»,
«Послание до латын из их же книг», ананімны палемічны твор. Напісаны на старабел. мове не пазней 1582 манахамі Супрасльскага манастыра ў адказ на кнігу П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Захаваўся ў некалькіх спісах, надрукаваны ў «Рускай гістарычнай бібліятэцы» (т. 19, 1903). Накіраваны супраць каталіцызму і яго прапаведнікаў. Выкарыстаўшы каталіцкія хронікі, творы рым. гісторыка Марцэліна, лац. тэолагаў Грацыяна, Плаціна і інш., аўтар з сарказмам паказаў гісторыю панавання папства, усё, што хаваецца пад маскай святасці. Насуперак Скаргу, які называў пап духоўнымі пастырамі і «намеснікамі бога на зямлі», у «Пасланні...» яны паказаны як хціўцы, рабаўнікі, авантурысты, антыхрысты, якія ў пагоні за раскошай і неабмежаванай уладай ператварылі каталіцкі касцёл у дом распусты. Мова твора максімальна набліжана да гутарковай, з вобразнымі выслоўямі і параўнаннямі. «Пасланне...» — пэўная вяха ў развіцці антыкаталіцкай палемічнай публіцыстыкі. Ідэі твора, матывы і маст.-стылявыя сродкі выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці М.Сматрыцкі, С.Зізаній, В.Суражскі, І.Вішанскі і інш. пісьменнікі-палемісты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯШЧЭ́ЕЎ Аляксей Мікалаевіч (4.12.1825, г. Кастрама, Расія — 8.10.1893),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1843—45). У 1849 за ўдзел у гуртку М.В.Петрашэўскага прыгавораны да пакарання смерцю, замененага ссылкай радавым у Арэнбургскія лінейныя войскі. У 1859 вярнуўся ў Маскву. Друкаваўся з 1844. У ранняй лірыцы (зб. «Вершы», 1846) ідэісацыяліст. утапізму. Вершы «Уперад! Без страху і сумнення», «Па пачуццях браты мы з табою» сталі рэв. песнямі. Проза («Аповесці і апавяданні», ч. 1—2, 1860, і інш.) блізкая да натуральнай школы. Аўтарзб. «Новыя вершы» (1863), п’ес, блізкіх да вадэвілю, крытычных артыкулаў, фельетонаў, вершаў для дзяцей і інш. Перакладаў славянскую, ням., франц., англ., венг., італьян. паэзію. Многія вершы П. пакладзены на музыку М.Рымскім-Корсакавым, П.Чайкоўскім і інш.
Тв.:
Избранное: Стихотворения. Проза. М., 1960;
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1964;
Житейские сцены. М., 1986;
Стихотворения;
Проза. М., 1991.
Літ.:
Кузин Н.Г. Плещеев. М., 1988;
Пустильник Л.С. Жизнь и творчество А.Н.Плещеева. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКІ Васіль, бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст 2-й пал. 16 ст. Мяркуючы па прозвішчы, паходзіў з Суража, але невядома з якога — віцебскага, бранскага ці падляшскага. Пасля смерці І.Фёдарава кіраваў да 1598 Астрожскай друкарняй. Да асобных яе выданняў напісаў прадмовы. Быў членам літ. гуртка кн. К.Астрожскага. У гісторыю палемічнай л-ры ўвайшоў як аўтаркн. «Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры і святой саборнай апостальскай царкве» (Астрог, 1588), скіраванай супраць прапаганды ідэі царкоўнай уніі Б.Гербеста і П.Скаргі. У творы выявіў эрудыцыю ў веданні царк.-кананічнай л-ры. Цікавая зместам і некат. запазычаннямі ў інш. аўтараў кніга С. не вызначаецца літ. густам. Свае думкі ён выклаў на царк.-слав. мове і толькі зрэдку ўстаўляў словы жывой нар. мовы, таму стыль надзвычай цяжкі.
Літ.:
Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 2. СПб., 1882;
Возняк М. Історія української літератури. Т. 2, ч. 1. Львів, 1921;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.