СУКЕНІ́ЦКІ (Sukiennicki) Віктар (25.7.1901, каля г. Каўнас, Літва — крас. 1983),
польскі гісторык. Д-р права (1927). Вучыўся ў Віленскім і Парыжскім ін-тах. Дацэнт НДІ Усх. Еўропы пры Віленскім ун-це. З 1934 на навук. стажыроўцы ў СССР. У 1941 арыштаваны органамі НКУС і сасланы ў Краснаярск. У 1942 вызвалены, працаваў у польскім пасольстве ў СССР. З 1943 у Вялікабрытаніі, выкладаў у польскім ун-це ў г. Оксфард. З 1952 рэдактар на радыёстанцыі «Свабодная Еўропа». З 1959 у ЗША, працаваў у Гувераўскім ун-це пры Станфардскім ун-це. Аўтар прац: «Эвалюцыя ладу Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік...» (т. 1—3, 1938—39), «Сучасныя ідэі і палітычныя і грамадскія рухі» (ч. 1—2, Лондан, 1951—54), «Прычыны і пачатак польска-савецкай вайны, 1919—1921» (Лондан, 1963), «Усходне-Цэнтральная Еўропа ў час 1-й сусветнай вайны» (т. 1—2, ЗША, 1984) і інш.
т. 15, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)