ДРАПІРО́ЎКА (франц. draperie),

размяшчэнне і агульны характар складак адзення або тканіны; адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза. Выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў грамадскіх і жылых будынкаў, тэатр.-дэкар. і выяўл. мастацтве.

У мастацтве сярэдневякоўя Д. вызначалася кампазіцыйнай умоўнасцю, хавала чалавечую фігуру, не выяўляла яе пластыкі, руху, характарнасці. Для жывапісных твораў характэрна Д. ў выглядзе вял. колеравых плям, падзеленых каліграфічнымі лініямі. У мастацтве Адраджэння падкрэслівала жыццёвасць, адчувальнасць фігуры. Напружаны дынамізм барока выявіўся ў паказе імклівага, стыхійнага руху складак. У мастацтве класіцызму ўраўнаважанасць Д. садзейнічала стварэнню абстрактна ідэалізаванага вобраза. Для рамантызму характэрна неспакойная, рухомая Д., што падкрэслівала ўсхваляванасць агульнага вобразнага ладу. У рэаліст. мастацтве 19 ст. Д. мела натуральны характар, набліжаны да матэрыяльнай адчувальнасці.

Разнастайнасцю вызначаецца Д. ў творах бел. мастакоў. Насычаны каларыт, пастознасць пісьма надаюць ёй дэкар. характар у творах М.​Станюты і М.​Філіповіча. Рысы экспрэсіўнасці мае яна ў творах А.​Анікейчыка, М.​Данцыга, А.​Кашкурэвіча, М.​Савіцкага і інш. Імкненнем да макс. выразнасці Д. вызначаюцца творы А.​Марачкіна, М.​Селешчука, У.​Тоўсціка.

В.​Я.​Буйвал.

т. 6, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,

метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.​Хевешы і Г.​Леві (1936).

Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10​−7—10​10% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.

Э.​І.​Гірэй.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАХІ́МІЯ (ад тэрма... + хімія),

раздзел тэрмадынамікі хімічнай, які вывучае цеплавыя эфекты рэакцый і вызначае іх залежнасць ад розных фіз.-хім. параметраў. У задачу Т. ўваходзяць таксама вымярэнне і разлік цяплот фазавых пераходаў, растварэння, разбаўлення і інш. фіз.-хім. працэсаў, вымярэнне цеплаёмістасці рэчываў. Асн. і найб. дакладны эксперым. метад Т. — каларыметрыя. У Т. выкарыстоўваюць таксама разліковыя метады, якія грунтуюцца на эмпірычна выяўленых тэрмахім. заканамернасцях. Гал. кірункі эксперым. даследаванняў — надзейнае вызначэнне асн. тэрмахім. велічынь, даследаванне новых злучэнняў розных класаў (паўправаднікоў, комплексны-х і элементаарган. злучэнняў, высокатэмпературных звышправаднікоў і інш.), а таксама паверхневых з’яў, радые- і біяхім. працэсаў, свабодных радыкалаў, ператварэння макрамалекул. Даныя Т. выкарыстоўваюць у тэарэт. хіміі і ў практыцы пры праектаванні і ўдасканаленні хім. вытв-сцей.

Т. ўзнікла ў 18 ст. Першыя тэрмахім. вымярэнні ажыццявілі Дж.Блэк, А.Л.Лавуазье, П.С. дэ Лаплас. У 19 ст. значны ўклад у развіццё Т. зрабілі Г.І.Гес, П.Э.Бертло, Х.П.Томсен. Асн. закон Т. — Геса закон, адкрыты ў 1840, дазваляе разлічваць цеплавыя эфекты хім. рэакцый, у прыватнасці, па цяплотах утварэння зыходных рэчываў і прадуктаў. У 20 ст. ўдасканаленне метадаў тэрмахім. вымярэнняў значна павысіла іх дакладнасць; распачата вытв-сць прэцызійнай каларыметрычнай апаратуры. Сучасныя мікракаларыметры маюць высокую адчувальнасць і практычна неабмежаваны час вымярэнняў. Іх выкарыстоўваюць для вызначэння малых цеплавых эфектаў і цяплот павольных хім. рэакцый (напр., гідроліз складаных эфіраў, этэрыфікацыя, цвярдзенне цэменту).

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЛЬ,

непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.

Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл. Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.

Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.

Літ.:

Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;

Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ. М., 1981;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.

Г.​Г.​Шанько.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.​Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл. Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм. эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.

Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл. Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш. Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.

Літ.:

Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ. М., 1976;

Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);

Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЭ́Н (Rodin) Рэнэ Франсуа Агюст (12.11.1840, Парыж — 17.11.1917),

французскі скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы, карыстаўся парадамі Ж.​Б.​Карпо і А.​Бары. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Данатэла, франц. гатычнай скульптуры. Працаваў у Парыжы і Мёдоне, Бельгіі (1871—77) і Італіі (1875). Раннім творам уласцівы смеласць вобразных і пластычных пошукаў, філас. глыбіня задумы, жыццёвасць перадачы складаных рухаў, энергічная мадэліроўка аб’ёмаў: «Чалавек са зламаным носам» (1864), «Бронзавы век» (1876), «Іаан Хрысціцель» (1878) і інш. З 1880 працаваў над гарэльефнай кампазіцыяй «Вароты пекла», асобныя часткі якой сталі самаст. творамі: «Ева» (1881), «Пацалунак» (1886), «Мысліцель» (1889), «Вечная вясна» (1880-я г.). У 1884—88 стварыў для г. Кале скульпт. групу «Грамадзяне Кале» (устаноўлена ў 1895), якая вызначаецца суровым героіка-драм. гучаннем, складанай эмац. атмасферай, унутр. напружанасцю герояў, што перадаецца праз неспакойны рытм кампазіцыі, экспрэсіі поз і жэстаў, кантрасты статычных і дынамічных фігур. З сярэдзіны 1880-х г. Р. у творчасці схіляўся да ўскладненых сімвалічных вобразаў, выяўлення гамы эмоцый чалавека — ад яснай гармоніі да змрочнага самапаглыблення і адчаю. Творы набылі эскізны, знешне як бы незавершаны характар, святлоценявую кантрастнасць, падкрэслена жывапісную мадэліроўку абцякальных форм, пластычнасць і фактурную адчувальнасць: помнік А.​Бальзаку ў Парыжы (1893—97; устаноўлены ў 1939) і інш. Партрэты Р. вызначаюцца вастрынёй і цэласнасцю перадачы характару: бюсты В.​Гюго, Ж.​Далу (1883), В.​А.​Рашфора (1897), П.​Бертло (1906) і інш.

Літ.:

Вейс Д. Огюст Роден: Пер. с англ. М., 1969;

Аркин Д.Е. «Граждане Кале» Родена // Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

Т.​В.​Пешына.

А.Радэн. Вечная вясна. 1880-я г.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА ПАЎПРАВАДНІКО́Ў,

раздзел фізікі, у якім даследуюцца электрычныя, аптычныя, магнітныя, цеплавыя і інш. ўласцівасці паўправаднікоў і структур на іх аснове. З’яўляецца навук. асновай опта-, мікра- і нанаэлектронікі.

Пачала развівацца пасля адкрыцця М.Фарадэем паўправадніковых уласцівасцей сульфіду серабра (1833). Уласцівасці паўправаднікоў залежаць ад знешніх уздзеянняў, а таксама ад наяўнасці атамаў дамешкаў і ўласных дэфектаў структуры (гл. Дэфекты ў крышталях). Характэрная ўласцівасць паўправаднікоў — павелічэнне канцэнтрацыі носьбітаў зараду пры награванні, што прыводзіць да памяншэння эл. супраціўлення. У адрозненне ад металаў (праваднікоў электрычнасці) паўправаднікі адчувальныя да святла (фотаправоднасць, фоталюмінесцэнцыя), эл. поля (нелінейнасць эл. уласцівасцей, электрычны прабой), іанізавальнага выпрамянення (гл. Радыяцыйная фізіка) і інш. Паўправадніковыя матэрыялы спалучаюць адчувальнасць да знешніх уздзеянняў і магчымасць кантралюемага фарміравання ў іх элементаў і структур з рознымі ўласцівасцямі. Многія з’явы ў паўправадніках залежаць ад іх памераў у 1, 2 і 3 вымярэннях, што выкарыстоўваецца ў прыладах на аснове квантавых эфектаў.

На Беларусі даследаванні па Ф.п. вядуцца з канца 1930-х г. у БДУ, з 1960-х г. — у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Ін-це фізікі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;

Yu P.Y., Cardona M. Fundamentals of semiconductors. 3 ed. Berlin, 2001;

Gaponenko S.V. Optical properties of semiconductor nanocrystals. Cambridge, 1998;

Вавилов В.С. Полупроводники в современном мире // Успехи физ. наук. 1995. Т. 165, № 5;

Алферов Ж.И. Двойные гетероструктуры: концепция и применения в физике, электронике и технологии // Там жа. 2002. Т. 172, № 9;

Царенков Б.В. Полупроводникам — 150 лет // Физика и техника полупроводников. 1983. Т. 17, № 12;

Петровский И.И. Электронная теория полупроводников. 2 изд. Мн., 1973.

М.​А.​Паклонскі.

т. 16, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,

прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».

Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.

У.​М.​Сацута.

Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).
Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КАВЫЯ СРО́ДКІ, лякарствы,

рэчывы, якія выкарыстоўваюць у мэтах дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння захворванняў чалавека і жывёл. У якасці Л.с. выкарыстоўваюць мінер. рэчывы (напр., сульфат магнію, хларыд калію), прэпараты жывёльнага (напр., гепарын, гармоны), расл. паходжання (напр., валяр’ян, марфін, атрапін, гл. Лекавыя расліны), сінт. рэчывы (напр., навакаін, парацэтамол), прадукты мікробнага біясінтэзу (напр., антыбіётыкі, вітаміны), штучныя прэпараты, якія атрымліваюць метадам геннай інжынерыі (інсулін, самататрапін). Перад укараненнем у мед. практыку Л.с. першапачаткова вывучаюцца на лабараторных жывёлах, потым у клінічных умовах (на людзях). Паводле міжнар. класіфікацыі адрозніваюць 14 гал. груп Л.с., якія ўздзейнічаюць на стрававальны тракт і метабалізм (напр., жаўцягонныя сродкі, слабільныя сродкі), кроў і крывятворныя органы (напр., антыкаагулянты, кроваспыняльныя сродкі, проціанемічныя сродкі), сардэчна-сасудзістую сістэму (напр., сардэчныя гліказіды, гіпатэнзіўныя сродкі), урагенітальную сістэму і палавыя гармоны (напр., матачныя сродкі, мачагонныя сродкі, процізачаткавыя сродкі), касцёва-мышачную сістэму (напр., процізапаленчыя сродкі), ц. н. с. (напр., седатыўныя сродкі, нейраплегічныя і транквілізавальныя сродкі), дыхальную сістэму (напр., адхарквальныя сродкі, процікашлевыя сродкі), органы пачуццяў (напр., мясцоваанестэзіруючыя сродкі); прэпараты, якія выкарыстоўваюць у дэрматалогіі (напр., антысептычныя сродкі), гармоны для сістэмнага выкарыстання, акрамя палавых гармонаў (гарманальныя прэпараты), проціінфекцыйныя прэпараты (напр., антыбіётыкі, сульфаніламіды), проціпухлінныя (проціпухлінныя сродкі), проціпаразітарныя прэпараты (напр., антыгельмінтыкі) і група розных. У арганізм Л.с. ўводзяць рознымі шляхамі: праз рот, падскурна, унутрымышачна, унутрывенна і інш. Выпускаюцца ў выглядзе таблетак, парашкоў, раствораў, мазяў і інш. Для Л.с. устаноўлены паказанні і проціпаказанні. Пры ўжыванні некат. можа развіцца лекавая залежнасць (наркатычныя анальгетыкі, гармоны і інш.). У некат. людзей бывае павышаная адчувальнасць да асобных Л.с. — ідыясінкразія.

Літ.:

Машковский М.Д. Лекарственные средства: Пособие для врачей. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998;

Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;

Регистр лекарственных средств России: Энцикл. лекарств. М., 1999.

М.​К.​Кеўра.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯЛОГІЯ

Першыя эксперыментальныя даследаванні па бактэрыялогіі на Беларусі праводзіліся ў 18 ст. Для дыягностыкі эпідэмічных хвароб Ж.​Э.​Жылібер выкарыстаў мікраскоп. Інспектар Мінскай урачэбнай управы І.​А.​Бернард у 1801 увёў прышчэпліванне воспы кароў. Ф.​В.​Рымкевіч (Магілёў) апублікаваў у 1830 манаграфію пра халеру і метады барацьбы з ёю. Пазней бел. ўрачы В.​М.​Камоцкі, Я.​С.​Красоўскі, С.​К.​Свянціцкі, М.​В.​Цытовіч даследавалі пытанні этыялогіі і пашырэння заразных хвароб. Сістэматычныя даследаванні па бактэрыялогіі пачаліся з адкрыццём у 1924 кафедры мікрабіялогіі БДУ і Бел. Пастэраўскага НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, дзе вывучаліся этыялогія, біялогія, прафілактыка і лабараторная дыягностыка бруцэлёзу, сібірскай язвы, склеромы, азены (Дз.​П.​Бяляцкі, Н.​А.​Ізраіцель, А.​П.​Красільнікаў, І.​А.​Крылоў, Б.​Я.​Эльберт), бактэрыяльныя кішэчныя захворванні (А.​А.​Ключароў, Я.​С.​Лепля), дыфтэрыя (П.​Р.​Рыцік, Г.​А.​Суджаеў, С.​М.​Фрыд), туберкулёз, тулярэмія (Эльберт, Дзярж. прэмія 1946). Распрацаваны пытанні магнітаадчувальнасці і магнітаўспрымальнасці мікраарганізмаў (С.​А.​Паўловіч і інш.). З пач. 1970-х разгорнуты даследаванні па праблеме ўнутрыбальнічных інфекцый (А.​А.​Адарчанка, А.​І.​Гудкова, Л.​С.​Змушко, Красільнікаў, М.​І.​Рымжа, Г.​А.​Скараход) і звязаныя з ёй адчувальнасць-устойлівасць бактэрый да антыбіётыкаў і дэзінфектантаў (Гудкова, Красільнікаў, М.​М.​Паляшчук, Л.​П.​Цітоў). У 1975—84 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі распрацавана тэхналогія і наладжана вытворчасць айчыннага тромбалітычнага прэпарату стрэптакіназы — цэліязы (В.​І.​Вацякоў, В.​М.​Нікандраў, Рыцік і інш.). У апошнія дзесяцігоддзі даследуюцца зменлівасць, эвалюцыя, экалогія, біялогія, устойлівасць да процімікробных прэпаратаў асобных груп мікраарганізмаў; таксама этыялогія, патагенез, хіміятэрапія найб. актуальных для Беларусі інфекцыйных хвароб; распрацоўваюцца бактэрыяльныя і сываратачныя прэпараты, дыягнастычныя тэст-сістэмы. З 1999 у Гродне вывучаюць мікраэкалагічныя аспекты дысбактэрыёзу кішэчніка (С.​А.​Астроўцава, А.​І.​Жмакін і інш.). Ажыццяўляецца мікрабіялагічны маніторынг антыбіётыкарэзістэнтнасці клінічна значных ізалятаў бактэрый, якія цыркулююць на Беларусі (У.​А.​Гарбуноў, Цітоў). У 2002 створаны міждзярж. (краіны СНД) каардынацыйны камітэт па ўнутрыбальнічных інфекцыях, маніторынгу ўстойлівасці мікраарганізмаў да антыбіётыкаў (кіраўнік Цітоў). З 2003 на базе НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі арганізаваны рэферэнт-цэнтр маніторынгу па гэтых праблемах.

Літ.:

Израитель Н.А., Красильников А.П., Титов Л.П. Основные направления развития медицинской бактериологии в Белоруссии в XX в. // Мед. новости. 1997. №8;

Основные итоги научных исследований кафедры микробиологии МГМИ // Проблемы бактериологии и иммунологии: Материалы юбилейной науч. конф. Мн., 1999;

Руководители санитарно-эпидемиологической службы. Мн., 2001.

Т.​С.​Ермакова.

т. 18, кн. 2, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)