ДРАПІРО́ЎКА (франц. draperie),

размяшчэнне і агульны характар складак адзення або тканіны; адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза. Выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў грамадскіх і жылых будынкаў, тэатр.-дэкар. і выяўл. мастацтве.

У мастацтве сярэдневякоўя Д. вызначалася кампазіцыйнай умоўнасцю, хавала чалавечую фігуру, не выяўляла яе пластыкі, руху, характарнасці. Для жывапісных твораў характэрна Д. ў выглядзе вял. колеравых плям, падзеленых каліграфічнымі лініямі. У мастацтве Адраджэння падкрэслівала жыццёвасць, адчувальнасць фігуры. Напружаны дынамізм барока выявіўся ў паказе імклівага, стыхійнага руху складак. У мастацтве класіцызму ўраўнаважанасць Д. садзейнічала стварэнню абстрактна ідэалізаванага вобраза. Для рамантызму характэрна неспакойная, рухомая Д., што падкрэслівала ўсхваляванасць агульнага вобразнага ладу. У рэаліст. мастацтве 19 ст. Д. мела натуральны характар, набліжаны да матэрыяльнай адчувальнасці.

Разнастайнасцю вызначаецца Д. ў творах бел. мастакоў. Насычаны каларыт, пастознасць пісьма надаюць ёй дэкар. характар у творах М.Станюты і М.Філіповіча. Рысы экспрэсіўнасці мае яна ў творах А.Анікейчыка, М.Данцыга, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага і інш. Імкненнем да макс. выразнасці Д. вызначаюцца творы А.Марачкіна, М.Селешчука, У.Тоўсціка.

В.Я.Буйвал.

т. 6, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)