БОЛЬ,

непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.

Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл. Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.

Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.

Літ.:

Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;

Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ. М., 1981;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.

Г.Г.Шанько.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)