ШУТЦ, Шуц (Schütz) Генрых (лацінізаванае Henricus Sagittarius; 14.10.1585, Кёстрыц, Германія — 6.11.1672), нямецкі кампазітар эпохі барока, капельмайстар, арганіст, педагог; заснавальнік ням.нац. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Дж.Габрыэлі (1609—13; Венецыя). Быў прыдворным капельмайстрам у Каселі, Дрэздэне, Капенгагене і інш. У 1657 атрымаў ганаровае званне прыдворнага капельмайстра. У сваёй творчасці выкарыстаў дасягненні італьян. харавой (шматхорнага канцэртавання «венецыянскіх» майстроў), інстр. і сцэн. музыкі, абапіраўся на традыцыі ням. духоўнай і нар. музыкі. Аўтар першых ням. оперы «Дафна» (паст. 1627) і балета «Арфей і Эўрыдыка» (паст. 1638, не захаваліся). Пісаў мадрыгалы, духоўную музыку, у т. л. «страсці», псалмы, матэты. Стваральнік кантатна-аратарыяльнага жанру ў Германіі, які паўплываў на І.С.Баха і Г.Ф.Гендэля. Сярод яго вучняў аўтар трактата па кампазіцыі К.Бернгарт.
Літ.:
Захарова О. Риторика и западноевропейская музыка XVII — первой половины XVIII вв. М., 1983;
Штейнгард В. Генрих Шютц: Очерк жизни и творчества. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯВО́РСКІ Баляслаў Леапольдавіч (22.6.1877, г. Харкаў, Украіна —26.11.1942),
расійскі і ўкраінскі музыказнавец, піяніст, педагог, кампазітар. Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1903; кл. кампазіцыі С.Танеева, кл.фп. М.Шышкіна), з 1938 яе прафесар. З 1906 выступаў як піяніст-саліст і ансамбліст. З 1916 праф. Кіеўскай кансерваторыі, адначасова з 1918 — Муз.-драм. ін-та, з 1917 дырэктар Кіеўскай нар. кансерваторыі; у 1921—31 выкладаў у 1-м Маскоўскім муз. тэхнікуме, адначасова працаваў у Наркамасвеце РСФСР. Рэфарматар рас.муз. адукацыі. Стваральнік тэорыі ладавага рытму, заклаў асновы вучэння пра інтанацыю. Абгрунтаваў і ўвёў шэраг тэрмінаў, якія зацвердзіліся ў музыказнаўстве. Сярод муз. твораў: опера «Вышка Кастрычніка» (паст. 1930), арк. п’еса «Тры расфарбоўкі» (1905), творы для фп., рамансы і інш. Сярод вучняў Р.Вяроўка, А.Свешнікаў і інш.
Тв.:
Статьи, воспоминания, переписка. М., 1972;
Избр. труды. Т. 1—2 (ч. 1). 2 изд. М., 1972—87.
Літ.:
Кузелина Л.А. Исполнительская эстетика Б.Л.Яворского. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ Яўген Аляксандравіч (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),
бел.кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1973). Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял. сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф. музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.Быкава, Я.Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.Сент-Экзюперы, М.Булгакава, Б.Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел.нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л.найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАН (Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),
нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Тв.:
Бел.пер. — Дон Жуан;
Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);
Рус.пер. — Жизнь и творчество;
Письма, высказывания, документы. М., 1987;
Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—3. М., 1991—96.
Літ.:
Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛАВА Галіна Канстанцінаўна (н. 5.3.1951, Мінск),
бел.кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас Дз.Смольскага), з 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1987). Адзін з яркіх прадстаўнікоў неарамантызму ў сучаснай бел. музыцы. Значны яе ўклад у жанры кантаты, камерна-вак. музыкі, інстр. канцэрта. Развівае традыцыі класікі 20 ст., стварыла індывід. стыль, адметны паэтычнасцю, лірычнай экспрэсіяй, адухоўленасцю муз. вобразаў, нац. характэрнасцю муз. мовы. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «У год сусветнага пажару» (1989), «Тысяча гадоў надзеі» (1990); сімф. паэма «Бандароўна» (1986); канцэрты для скрыпкі, габоя, балалайкі, трубы, гітары, трамбона з аркестрам (1979—96); санаты для скрыпкі, кантрабаса «Al fresco», фп. (1987—95); вак. цыклы на вершы П.Беранжэ, Э.Верхарна, Г.Ахматавай, «Дзявочыя песні» на вершы М.Багдановіча, «Чатыры песні над калыскай» на вершы Л.Геніюш, Е.Лось, Н.Тулупавай. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Літ.:
Юденич Н. Доброго пути! // Сов. музыка. 1983. № 8;
Сергиенко Р.И. Штрихи к творческому портрету Галины Гореловой // Вопросы культуры и искусства Белоруссии Мн., 1991. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́КІРАЎ Мілій Аляксеевіч (2.1.1837, Ніжні Ноўгарад — 29.5.1910),
рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. дзеяч. З 1855 жыў у Пецярбургу. Пад яго кіраўніцтвам на пач. 1860-х г. сфарміравалася «Магутная кучка». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў бясплатнай муз. школы ў Пецярбургу (1868—73 і 1881—1908), узначальваў Прыдворную пеўчую капэлу (1883—94). Аснова творчасці Балакірава — інстр. музыка (сімф. і фартэпіянная), пераважна праграмная, і рамансы. Паслядоўнік традыцый М.Глінкі, Балакіраў развіваў прынцыпы рус. эпічнага і нар. жанравага сімфанізму. Шырока выкарыстоўваў фальклор рус. і інш. народаў. Збіраў і вывучаў нар. песні («Зборнік рускіх народных песень. 40 песень для голасу з фп.», 1866).
Тв.:
2 сімфоніі (1897, 1908), 3 уверцюры, у т. л. Уверцюра на тэмы трох рус. песень (1858), сімф. паэмы «Русь» («1000 гадоў», 1864, 2-я рэд. 1887), «У Чэхіі» («Чэшская уверцюра», 1867, 2-я рэд. 1905), «Тамара» (1882) і інш. для арк.;
2 канцэрты для фп. з арк.;
камерна-інстр. ансамблі;
фантазія «Ісламей» (1869), санаты і інш. для фп.;
хары, рамансы;
музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ.:
М.А.Балакирев: Летопись жизни и творчества. Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕГЕ́Р (Honegger) Арцюр (10.3.1892, г. Гаўр — 27.11.1955),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1938). Буйнейшы майстар франц. музыкі 20 ст. У сваёй яркай, у многім наватарскай творчасці апіраўся на нац. традыцыі. На аснове сінтэзу элементаў розных мастацтваў стварыў новыя разнавіднасці сцэн. жанраў. З 1920-х г. працаваў пераважна ў оперна-аратарыяльным жанры (драм. араторыі «Цар Давід», 1921; «Жанна д’Арк на вогнішчы», 1935, паст. 1938, у Мінску 1971). З 1940-х г. пісаў пераважна сімф. музыку. Аўтар опер «Юдзіф» (паст. 1926), «Антыгона» (паст. 1927), «Арляня» (1937); сцэн. араторый «Крыкі свету» (1932), «Скокі мёртвых» (1938), драм. легенды «Нікала з Флю» (1941); «Каляднай кантаты» (1953); балетаў, аперэт; 5 сімфоній (1930—50); арк. твораў, у т. л. «Пасіфік 231» (1923) і «Рэгбі» (1928); канцэртаў; музыкі для т-ра, радыё і кіно. Адзін з арганізатараў і віцэ-прэзідэнт Міжнар.муз. савета, прэзідэнт Міжнар. федэрацыі і асацыяцыі аўтараў тэатр. музыкі.
Літ. тв.: Рус.пер. — Я — композитор. Л., 1963.
Літ.:
Филенко Г. Онеггер // Музыка XX века: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
(Williams) Ралф Воан; 12.10.1872, Даўн-Ампні, графства Глостэршыр, Вялікабрытанія — 26.10.1958], англійскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык, фалькларыст; адзін з заснавальнікаў новай англ. кампазітарскай школы («англ.муз. адраджэння»). Праф. (1921) Каралеўскага муз. каледжа. У 1905—53 гал. дырыжор муз. фестывалю «Літ-Хіл», у 1920—28 — Бахаўскага хору. Шырока выкарыстоўваў англ.муз. фальклор. Найб. дасягненні — сімф. і харавыя творы, адметныя маштабнасцю, драматызмам, меладычнасцю, майстэрствам аркестроўкі. Сярод твораў: оперы «Х’ю-гуртаўшчык» (1924),
«Закаханы Сэр Джон» (1929), «Шлях паломніка» (1951); 3 балеты; араторыі, кантаты; 9 сімфоній (1909—58), 3 Норфалкскія рапсодыі (1906), сюіты, п’есы для сімф. аркестра; Фантазія на тэму Таліса для падвойнага стр. аркестра (1910); канцэрты для розных інстр. з сімф., малым і стр. аркестрамі; хары з аркестрам і а капэла (у т. л. культавыя) песні; музыка да драм. спектакляў, радыёпастановак і кінафільмаў. Аўтар тэарэт. прац, у т. л. «Станаўленне музыкі» (рус.пер. 1961).
Літ.:
Конен В.Д. Ралф Воан-Уильямс. М., 1958;
Kennedy M. The works of R.V.Williams. 2 ed. London, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́РЫНЬШ (Zariņš) Маргерс (н. 24.5.1910, г.п. Яўнпіебалга, Латвія),
латышскі кампазітар, пісьменнік. Нар.арт.СССР (1970). У 1929—33 вучыўся ў Латв. кансерваторыі. У 1940—50 муз. кіраўнік Маст.т-ра імя Я.Райніса ў Рызе. У муз. творчасці пераважае тэатр. стыхія, парадыйна-сатыр. вобразнасць, з 1960-х г. — рысы неакласіцызму. Сярод муз. твораў: оперы «Да новага берага» (1955), «Зялёны млын» (1958), «Опера жабракоў» (1964), «Цуд св. Маўрыкія» (опера-балет, 1975), «Опера на плошчы» (1970); араторыі «Валміерскія героі» (1950), «Махагоні» (1965); канцэрты для аргана і камернага арк. Concerte innocente (1969), Concerto triptichon (1972); вак. творы, хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар літ.-маст. твораў, у т. л. сатырыка-фантаст. рамана «Фальшывы Фауст, або Перапрацаваная і дапоўненая кулінарная кніга» (1973), «Містэрыі і хэпенінгі» (1975), зб. апавяданняў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Латвіі 1958. На бел. мову асобныя літ. творы З. пераклаў А.Марціновіч.
Тв.:
Рус.пер. — Оптимистическая энциклопедия жизни. Л., 1986;
Календарь капельмейстера Коциня: Роман, повесть. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬМАН (Kálmán) Імрэ (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),
венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.
Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.