БАЛА́КІРАЎ Мілій Аляксеевіч
(2.1.1837, Ніжні Ноўгарад — 29.5.1910),
рускі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. дзеяч. З 1855 жыў у Пецярбургу. Пад яго кіраўніцтвам на пач. 1860-х г. сфарміравалася «Магутная кучка». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў бясплатнай муз. школы ў Пецярбургу (1868—73 і 1881—1908), узначальваў Прыдворную пеўчую капэлу (1883—94). Аснова творчасці Балакірава — інстр. музыка (сімф. і фартэпіянная), пераважна праграмная, і рамансы. Паслядоўнік традыцый М.Глінкі, Балакіраў развіваў прынцыпы рус. эпічнага і нар. жанравага сімфанізму. Шырока выкарыстоўваў фальклор рус. і інш. народаў. Збіраў і вывучаў нар. песні («Зборнік рускіх народных песень. 40 песень для голасу з фп.», 1866).
Тв.:
2 сімфоніі (1897, 1908), 3 уверцюры, у тым ліку Уверцюра на тэмы трох рус. песень (1858), сімф. паэмы «Русь» («1000 гадоў», 1864, 2-я рэд. 1887), «У Чэхіі» («Чэшская уверцюра», 1867, 2-я рэд. 1905), «Тамара» (1882) і інш. для арк.;
2 канцэрты для фп. з арк.;
камерна-інстр. ансамблі;
фантазія «Ісламей» (1869), санаты і інш. для фп.;
хары, рамансы;
музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ.:
М.А.Балакирев: Летопись жизни и творчества. Л., 1967.
т. 2, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)