ЯВО́РСКІ Баляслаў Леапольдавіч (22.6.1877, г. Харкаў, Украіна —26.11.1942),
расійскі і ўкраінскі музыказнавец, піяніст, педагог, кампазітар. Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1903; кл. кампазіцыі С.Танеева, кл. фп. М.Шышкіна), з 1938 яе прафесар. З 1906 выступаў як піяніст-саліст і ансамбліст. З 1916 праф. Кіеўскай кансерваторыі, адначасова з 1918 — Муз.-драм. ін-та, з 1917 дырэктар Кіеўскай нар. кансерваторыі; у 1921—31 выкладаў у 1-м Маскоўскім муз. тэхнікуме, адначасова працаваў у Наркамасвеце РСФСР. Рэфарматар рас. муз. адукацыі. Стваральнік тэорыі ладавага рытму, заклаў асновы вучэння пра інтанацыю. Абгрунтаваў і ўвёў шэраг тэрмінаў, якія зацвердзіліся ў музыказнаўстве. Сярод муз. твораў: опера «Вышка Кастрычніка» (паст. 1930), арк. п’еса «Тры расфарбоўкі» (1905), творы для фп., рамансы і інш. Сярод вучняў Р.Вяроўка, А.Свешнікаў і інш.
Тв.:
Статьи, воспоминания, переписка. М., 1972;
Избр. труды. Т. 1—2 (ч. 1). 2 изд. М., 1972—87.
Літ.:
Кузелина Л.А. Исполнительская эстетика Б.Л.Яворского. М., 2000.
Н.В.Сазановіч.
т. 18, кн. 1, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)