ВО́АН-УІ́ЛЬЯМС
(Vaughan Williams) Ралф [сапр. Уільямс (Williams) Ралф Воан; 12.10.1872, Даўн-Ампні, графства Глостэршыр, Вялікабрытанія — 26.10.1958], англійскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык, фалькларыст; адзін з заснавальнікаў новай англ. кампазітарскай школы («англ. муз. адраджэння»). Праф. (1921) Каралеўскага муз. каледжа. У 1905—53 гал. дырыжор муз. фестывалю «Літ-Хіл», у 1920—28 — Бахаўскага хору. Шырока выкарыстоўваў англ. муз. фальклор. Найб. дасягненні — сімф. і харавыя творы, адметныя маштабнасцю, драматызмам, меладычнасцю, майстэрствам аркестроўкі. Сярод твораў: оперы «Х’ю-гуртаўшчык» (1924),
«Закаханы Сэр Джон» (1929), «Шлях паломніка» (1951); 3 балеты; араторыі, кантаты; 9 сімфоній (1909—58), 3 Норфалкскія рапсодыі (1906), сюіты, п’есы для сімф. аркестра; Фантазія на тэму Таліса для падвойнага стр. аркестра (1910); канцэрты для розных інстр. з сімф., малым і стр. аркестрамі; хары з аркестрам і а капэла (у т. л. культавыя) песні; музыка да драм. спектакляў, радыёпастановак і кінафільмаў. Аўтар тэарэт. прац, у тл. «Станаўленне музыкі» (рус. пер. 1961).
Літ.:
Конен В.Д. Ралф Воан-Уильямс. М., 1958;
Kennedy M. The works of R.V.Williams. 2 ed. London, 1980.
т. 4, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)