СКІ́РМУНТ Раман Аляксандравіч (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнац. блока польскай, літ. і бел. парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ. земства, з 1914 чл. Мінскага губ. к-та Усерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.—ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.

Літ.:

Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;

Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт. біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.

С.​С.​Рудовіч.

Р.А.Скірмунт.

т. 14, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІЧ Аркадзь Антонавіч (17.9.1891, в. Бацэвічы Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.1938),

дзеяч бел. нац.-дзярж. адраджэння, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. Праф. (1927). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це. З 1910 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. На канферэнцыі БСГ у чэрв. 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газ. «Грамада». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), нар. сакратар асветы ў 1-м яе ўрадзе. Пасля распаду БСГ разам з інш. бел. дзеячамі ў крас. 1918 арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў бел. сацыял-дэмакратыі. У час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (вер. 1920) пераехаў у Вільню, удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй. У жн. 1922 урад Сав. Беларусі дазволіў С. вярнуцца ў Мінск і прызначыў яго заг. планава-эканам. аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 дацэнт, праф. і заг. кафедры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925 нам. яго старшыні, кіраўнік с.-г. секцыі і камісіі па раянаванні БССР). У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаны час. «Плуг» і Цэнтр. бюро краязнаўства. У 1928 абраны правадз. членам Рус. геагр. т-ва, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навук. працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». С. зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. 26.6.1930 арыштаваны ДПУ па справе т.зв. Саюза вызвалення Беларусі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Аса Пермскай, потым — у г. Ішым Цюменскай абл. (Расія). У жн. 1935 вызвалены, але 17.6.1937 зноў арыштаваны і 10.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы Вярх. судом БССР 10.6.1988, па 2-м прэзідыумам Цюменскага абл. суда 9.2.1957.

Літ.:

Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994.

У.​М.​Міхнюк.

А.А.Смоліч.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЫ́ХАЎ Георгій Васілевіч (н. 14.7.1927, в. Старая Беліца Гомельскага р-на),

бел. археолаг і гісторык-медыявіст. Д-р гіст. н. (1983), праф. (1989). Скончыў БДУ (1956). З 1962 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі (з 1981 заг. сектара, у 1988—2000 заг. аддзела). Вывучае стараж. гарады Полацкай зямлі і курганныя могільнікі ранняга сярэдневякоўя паўн. і цэнтр. Беларусі. З 1982 узначальвае пастаянна дзеючую экспедыцыю па даследаванні стараж. Мінска. Узначальваў экспедыцыі па вывучэнні Полацка, Віцебска, Заслаўя, Барысава, Лукомля, Лагойска, Копысі. Правёў шырокае даследаванне гэтых гарадоў, выявіў гарадзішча стараж. Барысава, правёў раскопкі паселішча на р. Менка, даследаваў больш за 300 курганоў Полацкай зямлі, у т. л. доўгіх курганоў. Вывучаў могільнікі 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э., сінхронныя гарадзішчам банцараўскай культуры. Зрабіў вывад, што фарміраванне зах. галіны крывічоў адбывалася на працягу 2-й пал. 1-га тыс. н.э., што гіст. ядром Полацкай зямлі з’яўлялася Падзвінне. Даследаваў стараж. скульптуру. дробную пластыку гарадоў Полацкай зямлі, скарбы сярэбраных і залатых рэчаў (Полацкія 11—12 ст., Гараўлянскі 11 ст.). Адзін з аўтараў кніг «Старажытныя гарады Беларусі» (з П.​Ф.​Лысенкам, 1966), «Старажытныя скарбы Беларусі» (з П.​М.​Захаранкам, 1971), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Гісторыя Беларускай ССР» (1977), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), «Археалогія Беларусі» (т. 2—3, 1999—2000), «Гісторыя Беларусі» (т. 1, 2000), адзін з аўтараў і навук. рэдактараў кнігі «Памяць: Полацк» (2002). Аўтар школьных падручнікаў і дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, складальнік «Дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XV стст.)» (1998). Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь (1990).

Тв.:

Галасы далёкіх продкаў. Мн., 1968;

Древний Полоцк, IX—XIII вв. Мн., 1975;

Города Белоруссии по летописям и раскопкам (IX—XIII вв.). Мн., 1975;

Города Полоцкой земли (IX—XIII вв). Мн., 1978;

Ажываюць сівыя стагоддзі. 2 выд. Мн., 1982;

Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі. Мн., 1992;

Гісторыя Беларусі: Кароткі нарыс: У 5 ч. Ч. 1. Мн., 1993;

Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд. Мн., 2002;

Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002 (у сааўт.).

Літ.:

Г.​В.​Штыхаў: (Да 75-годдзя з дня нараджэння). Мн., 2002.

Т.​М.​Каробушкіна.

Г.В.Штыхаў.

т. 17, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНАТО́ЎСКІ Усевалад Макаравіч (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),

бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад. Бел. АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл. ВРК БССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел. АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф. БДУ. Чл. ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВК СССР у 1924, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел. АН, 16.1.1931 пастановай ЦК КП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.

Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.

Тв.:

Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;

Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд. Мн., 1928;

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991.

Літ.:

Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. Мн., 1991;

У.​М.​Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.​М.​Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.

А.​С.​Караль.

У.М.Ігнатоўскі.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т РУ́СКАЙ ЛІТАРАТУ́РЫ (ПУ́ШКІНСКІ ДОМ) Расійскай акадэміі навук.

Засн. ў 1905 у Пецярбургу як сховішча музейнага тыпу і крыніцазнаўчы цэнтр пушкіназнаўства (Пушкінскі дом). З 1918 у складзе АН, у 1930 ператвораны ў н.-д. Ін-т рус. л-ры. Даследуе гісторыю рус. л-ры ад старажытнасці да сучаснасці. Сектары: стараж.-рус. л-ры, новай рус. л-ры (з групамі вывучэння рус. л-ры 18 ст., пушкіназнаўства, выдання твораў Ф.​Дастаеўскага, М.​Някрасава, І.​Тургенева, А.​Блока), сучаснай л-ры, нар. творчасці з фанаграмным архівам, тэарэт. даследаванняў, узаемасувязей рус. л-ры з зарубежнымі л-рамі. У складзе ін-та рукапісны аддзел са старажытнасховішчам і фалькл. архівам, літ. музей, б-ка. Зберагаюцца рукапісы А.​Пушкіна і яго б ка, рукапісы Г.​Дзяржавіна, І.​Крылова К.​Рылеева, А.​Кальцова, М.​Лермантава, Тургенева, І.​Ганчарова, М.​Салтыкова-Шчадрына, М.​Някрасава, М.​Дабралюбава, А.​Фета, Ф.​Дастаеўскага, Блока, М.​Шолахава, А.​Пракоф’ева, М.​Зошчанкі і інш., матэрыялы па бел. л-ры, у т. л. аўтографы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, М.​Гарэцкага і інш., запісы бел. фальклору.

Асн. калект. працы: «Гісторыя рускай літаратуры» (т. 1—10, 1941—56; т. 1—3, 1958—64, т. 1—4, 1980—83), «Гісторыя рускай крытыкі» (т. 1—2, 1958), «Рукапісная спадчына Старажытнай Русі» (1972, 1980). Выдае «Труды отдела древнерусской литературы» (з 1934), «Штогоднік Рукапіснага аддзела Пушкінскага дома» (з 1971), час. «Русская литература» (з 1958), серыйныя выданні «Пушкін. Даследаванні і матэрыялы», «Рускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні» (абодва з 1956), «XVIII стагоддзе» (з 1935) і інш. Ажыццявіў акадэмічныя выданні зб. тв. Пушкіна (т. 1—17, 1937—59), М.​Гогаля (т. 1—14, 1937—52), А.​Радзішчава (т. 1—3, 1938—52), Г.​Успенскага (т. 1—14, 1940—54), В.​Бялінскага (т. 1—13, 1953—59), Лермантава (т. 1—6, 1954—57), Тургенева (т. 1—28, 1960—68), Салтыкова-Шчадрына (т. 1—20, 1965—77), Дастаеўскага (т. 1—30, 1972—90), Тургенева (т. 1—12, 1978—86), выдаецца зб. тв. Блока (з 1996), Пушкіна ў 20 т. (з 1997), М. Гумілёва (з 1998).

Літ.:

50 лет Пушкинского дома, 1905—1955. М.; Л., 1956;

Баскаков В.Н. Пушкинский дом, 1905—1930—1980. Л., 1980;

Пушкинский дом: Библиогр. тр. / Сост. А.​К.​Михайлова Л., 1981, Пушкинский дом: Статьи, док., библиогр. Л., 1982;

Рукописный отдел Института русской литературы АН СССР (Пушкинский дом) (ИРЛИ) // Краткий справочник по научно-отраслевым и мемориальным архивам АН СССР. М., 1979.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (А.​А.​Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.​І.​Малінін); выбары ЦК КП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦК ВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУС БССР, КПК пры ЦК ВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦК ВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦК ВКП(б) А.​А.​Андрэеў разам з нам. заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) П.​К.​Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.

Р.​П.​Платонаў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАШКЕ́ВІЧ Мікалай Сцяфанавіч (н. 23.8.1938, в. Мокрае Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990), праф. (1994). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ (з 1990 Ін-т гіст.-паліт. даследаванняў): з 1976 заг. сектараў гісторыі Вял. Айч. вайны, гісторыі партыі, аддзела гісторыі паліт. партый сацыяліст. арыентацыі. З 1992 у Бел. н.-д. цэнтры дакументацыі і рэтраінфармацыі, заг. кафедры гісторыі і беларусазнаўства Рэсп. ін-та вышэйшай школы БДУ. З ліст. 1999 в.а. дырэктара Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе пытанні гісторыі бел. нац.-вызв. руху, фарміравання класаў, паліт. партый і грамадскіх рухаў на Беларусі ў 19—20 ст., станаўлення і развіцця бел. дзяржаўнасці ў 20 ст., сац.-класавых адносін у сав. час. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Бальшавікі Беларусі ў барацьбе за перамогу Кастрычніка», «Дары данайцаў» (абедзве 1987), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Кастрычнік 1917 і лёсы палітычнай апазіцыі» (ч. 1—3, 1993), «Палітычныя партыі Беларусі» (1994), «Праграмы палітычных партый Расіі, канец XIX — пачатак XX стст.», «Станаўленне і крушэнне аднапартыйнай сістэмы ў СССР, 1917—1991» (абедзве 1995), «Палітычныя партыі і палітычная паліцыя» (1996), «Гісторыя Беларусі» (ч. 2, 1998), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), зб-каў арт. «Бальшавікі і непралетарскія партыі ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і ў гады грамадзянскай вайны» (1982), «Перабудова і міжнацыянальныя адносіны» (1989). Удзельнічаў у падрыхтоўцы зб-каў дакументаў і матэрыялаў «К.​Каліноўскі: З друкаванай і рукапіснай спадчыны», «Па волі народа: З гісторыі ўтварэння БССР і стварэння КПБ» (абодва 1988), «Ідэалагічная дзейнасць Кампартыі Беларусі, 1918—1945» (ч. 1, 1990) і інш.

Тв.:

Непазбежнае банкруцтва. Мн., 1974;

На защите идей Октября: Из истории идейно-полит. борьбы в Белоруссии в голы гражданской войны (1919—1920 гг.). Мн., 1978;

Почему не состоялась БНР? Мн., 1980 (разам з І.​І.​Коўкелем);

На пути к истине: (Из истории нац.-освободит. движения в Белоруссии. 1917 г.). Мн., 1983;

Приговор революции;

Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

На грани возможного: Идейно-полит. борьба вокруг создания бел. государственности // Неман. 1989. № 10—11;

Гісторыя Беларусі: Насельніцтва, фарміраванне і вызначэнне этніч. і дзярж.-адм. межаў. Беларускае замежжа. 2 выд. Мн., 1997 (разам з Г.​С.​Марцулем);

Юбилей, который всегда с нами // Бел. думка. 1998. № 12;

Проблемы учебника: к вопросу о формировании однопарт. системы в Беларуси // Гісторыя: прабл. выкладання. 1999. № 1;

Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец XIX ст. — люты 1917 г.) // Бел. гіст. часоп. 1999. № 3—4.

А.​В.​Скараход.

М.С.Сташкевіч.

т. 15, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЧУ́К Мікалай Андрэевіч (29.11.1859, в. Карніца Люблінскага ваяводства, Польшча — 6.12.1921),

бел., украінскі і расійскі вучоны-славіст, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Працаваў настаўнікам, з 1892 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, хавальнік Дашкаўскага этнагр. музея ў Маскве. У 1889—1903 сакратар аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це, з 1901 стваральнік і кіраўнік Музычна-этнаграфічнай камісіі пры ім. Адзін з заснавальнікаў час. «Этнографическое обозрение», дзе друкавалася шмат бел. матэрыялаў. Пасля 1917 чытаў курс бел. і ўкр. л-р у Маскоўскім ун-це, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі Бел. ун-та, у 1921 праф. кафедры бел. л-ры і этнаграфіі БДУ. У 1918—21 чл. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР. Вывучаў побыт і нар. творчасць усх. славян. Даследаваў бел., літ., польскі, рус., укр. муз. фальклор. Матэрыялы экспедыцыі ў Мінскую губ. (у 1886) друкаваў у газ. «Минский вестник» (1886—87) і навук. выданнях. Склаў «Праграму для збірання этнаграфічных звестак» (1887, з М.​Харузіным). Збіраў, даследаваў і апрацоўваў бел. муз. фальклор. Аўтар муз.-фалькларыстычных прац «Маларускае вяселле ў Карніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Сядлецкай губерні» (1886), «Па Мінскай губерні» (1889), працы па антрапалогіі «Некаторыя дадзеныя да пытання аб антрапалагічным тыпе беларусаў» (1890), апрацовак нар. песень, рэдактар муз.-фалькл. зб-каў. У літ.-знаўчых працах «Некалькі слоў пра навейшую беларускую літаратуру» (1912), «Навейшая беларуская літаратура і яе дзеячы» (1920), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) распрацоўваў пытанні перыядызацыі, жанравага развіцця, аналізаваў творчасць асобных пісьменнікаў. Рэдактар «Нарысаў беларускай літаратуры» (вып. 1, М., 1920). Літ. творы пісаў на рус. мове і палескай гаворцы. У свае п’есы ўводзіў муз. нумары з нар. песень. Аўтар п’ес «Выхаванне», «Піліп-музыка» (нап. 1887, пастаўлены ўкр. трупамі ў 1887—1922, у 1888 у Мінску трупай М.​Старыцкага), «Не памогуць і чары, як хто каму не да пары», вершаў на палескай гаворцы. Удзельнічаў у складанні, перакладзе, рэдагаванні і выданні першай кн. Я.​Купалы на рус. мове «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919). Прысвяціў Я.​Купалу верш на палескай гаворцы «Янкові Купалі» (нап. 1918, апубл. 1981). Аўтар музыкі да песень на вершы Я.​Купалы «Нашай ніве», «Не пагаснуць зоркі ў небе».

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Петровская Г.А. Не погасла звезда: Жизнен. и творч. путь Н.​А.​Янчука. Мн., 1987.

В.​У.​Скалабан, М.​М.​Шаляговіч.

М.А.Янчук.

т. 18, кн. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАВА́Я СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), мел (ад назвы характэрнай горнай пароды),

трэцяя (апошняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае трэцяму перыяду мезазойскай эры геал. развіцця Зямлі. Пачалася каля 137 млн. гадоў назад, доўжылася каля 70 млн. гадоў. Выдзелена ў 1822 франц. геолагам Ж.​Амаліусам д’Алуа. Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі): ніжні (раннюю) і верхні (познюю); на 13 ярусаў (вякоў): берыяскі, валанжынскі, гатэрыўскі, барэмскі, апцкі, альбскі (ніжні аддзел); сенаманскі, туронскі, каньякскі, сантонскі, кампанскі, маастрыхцкі, дацкі (верхні аддзел). Некаторыя даследчыкі адносяць берыяскі ярус да юры, а дацкі да палеагену. Адклады М.с. (п.), пераважна верхняга аддзела, шырока развіты на платформах (Усх.-Еўрапейская, Паўн.-Амерыканская, Афрыканская і Аўстралійская) і ў межах геасінкліналей (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс).

У раннемелавую эпоху ўсе платформы былі прыўзняты, на іх намнажаліся кантынентальныя асадкі. У геасінклінальных абласцях фарміраваліся вулканагенна-асадкавыя тоўшчы, якія ў познамелавую эпоху перакрыліся пераважна вапняковымі тоўшчамі. На мяжы ранняга і позняга мелу і ў канцы позняга мелу адбываліся інтэнсіўныя працэсы тэктагенезу (гл. Мезазойская складкавасць), што асабліва праявіліся ў Ціхаакіянскім геасінклінальным поясе. У пачатку позняга мелу, у выніку апускання вялізных участкаў сушы азначаных платформ, пачалася найб. ў гісторыі Зямлі познамелавая трансгрэсія, адметная намнажэннем магутных тоўшчаў карбанатных парод, у т. л. пісчага мелу. Да гэтага часу адносіцца і распад гіганцкага мацерыка Пангея, разам з Гандванай і Лаўразіяй. Арганічны свет істотна змяніўся ў 2-й пал. ранняга мелу. У складзе расліннасці шырокае развіццё атрымалі пакрытанасенныя (платаны, лаўры, магноліі, эўкаліпты і інш.), хвойныя (секвоі, цісавыя, кіпарысавыя). У жывёльным свеце значнага росквіту дасягнулі фарамініферы і галаваногія малюскі (аманіты, белемніты), якія з’яўляюцца кіруючымі відамі для пабудовы стратыграфічнай схемы мелавых адкладаў. З адкладамі М.с. (п.) звязаны шматлікія радовішчы баксітаў, фасфарытаў, вуглёў, нафты, мергельна-мелавых парод, трэпелаў, гіпсаў і інш.

На тэр. Беларусі адклады М.с. (п.) пашыраны на Пд ад шыраты Мінска, прадстаўлены ўсімі ярусамі, акрамя берыяскага і дацкага. Верхні аддзел падзелены па фарамініферах на 15 рэгіянальных зон. Ніжнемелавыя (даальбскія) адклады развіты на ПдУ (Прыпяцкі прагін, паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), прадстаўлены некарбанатнымі пясчана-алеўрыта-гліністымі пародамі, якія маюць у сабе фарамініферы, споры і пылок, альбскія — на З і У плошчы пашырэння мелавых адкладаў (некарбанатныя глаўканіта-кварцавыя пясчаныя пароды са спікуламі губак, луской і зубамі рыб, пеліцыподамі, спорамі і пылком). Магутнасць ніжнемелавых адкладаў да 77,5 м. Верхнемелавыя пароды развіты на ўсёй пл. пашырэння мелавых адкладаў, па далінах Дняпра, Сажа і іх прытокаў выходзяць на паверхню. Складзены 2 тоўшчамі: тэрыгенна-карбанатнай (вапняковыя пяскі, пясчаністы мел) і карбанатнай (мергельна-мелавая). Трапляюцца карбанатна-крамяністыя пароды (каньякскі ярус). Па ўсёй тоўшчы шмат фарамініфер, астракод, зрэдку брахіяподы, пеліцыподы, белемніты. Магутнасць 338 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы) і 241 м (Валынская монакліналь). З адкладамі М.с. (п.) звязаны радовішчы мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод, фасфарытаў.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)