СКІ́РМУНТ (Раман Аляксандравіч) (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнац. блока польскай, літ. і бел. парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ. земства, з 1914 чл. Мінскага губ. к-та Усерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.

Літ.:

Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;

Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт. біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.

С.​С.​Рудовіч.

Р.А.Скірмунт.

т. 14, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)