ВАЛО́КА,

асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ у 16—18 ст. На Беларусі ўведзена ў час валочнай памеры. Як адзінка плошчы падзялялася на 30 маргоў, або 9000 прутоў (21,36 га). Павінна была складацца з 3 роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства. Часта да палявога надзелу дадавалі 3 маргі на сядзібу і агарод. «Устава на валокі» 1557 прадугледжвала валоку ў 33 маргі, па 11 маргоў у кожным полі. Пры кепскай зямлі практыкаваліся т.зв. «наддаўкі», таму памер валокі вагаўся ад 30 да 46 маргоў, але ўсе валокі абкладаліся аднолькавымі павіннасцямі. Паводле ўмоў плацяжу адрознівалі валокі цяглыя (паншчына), асадныя (грашовы чынш), вольныя ад павіннасці. Былі валокі аселыя (знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян), прыёмныя, або бакавыя (у часовым карыстанні), пустыя (не ўзятыя ў карыстанне).

В.​Ф.​Голубеў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),

атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.

Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.

Васьміногі: 1 — звычайны; 2 — глыбакаводны бязвокі; 3 — глыбакаводны блінападобны.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,

мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст. з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, з філігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага з метал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.

Да арт. Венецыянскае шкло. Збан. Сярэдзіна 16 ст.

т. 4, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.

Вусачы: 1 — вялікі дубовы; 2 — мускусны; 3 — чатырохплямісты; 4 — караткавусы.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,

1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.

2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10​−7—10​−8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.

Д.​І.​Траццякоў.

Вярблюдка Маршала.

т. 4, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ (Vipera berus),

ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.

Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванавата-аранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.

Гадзюка звычайная (знізу чорная форма).

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛЯ́НКА, дуброўка (Ajuga),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца: гарлянка паўзучая (A. repens), расце пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, на лугах і палянах; гарлянка жэнеўская (A. genevensis) расце на сухіх схілах і лугах, у хваёвых лясах, каля дарог і ў ярах, занесена ў Чырв. кнігу; гарлянка пірамідальная (A. pyramidalis) трапляецца каля дарог і сцежак у хвойных лясах.

Адна-, двух- і шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце суцэльнае, сцябловае часам трохраздзельнае, супраціўнае, ніжняе часта сабранае ў прыкаранёвую разетку, суцэльнакрайняе або зубчастае. Кветкі сінія, блакітныя, ружовыя, белыя, зрэдку жоўтыя, у несапраўдных пазушных кальчаках, сабраных у коласападобныя суквецці. Плод — шматарэшак. Лек. (вяжучы, мачагонны, ранагаючы сродак), меданосныя і дэкар. расліны.

Т.​К.​Марозава.

Гарлянка паўзучая.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпер... + сексуальнасць),

значна павышаная палавая схільнасць. Асобы, у якіх адзначана гіперсексуальнасць, маюць высокую палавую ўзбуджальнасць і гатовыя да сексуальных рэакцый пад уздзеяннем нязначных (але адэкватных) знешніх раздражняльнікаў. Звычайна абумоўлена расстройствам нейрагумаральнай або псіхічнай функцыі пры палавым акце. Праяўленні гіперсексуальнасці характэрны для некаторых узроставых перыядаў (гіперсексуальнасць пубертатная, або юнацкая, гіперсексуальнасць клімактэрычнага перыяду). Выражаная гіперсексуальнасць назіраецца пры некаторых эндакрынных (пухліны наднырачнікаў, палавых залоз і інш.) і псіхічных (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія і інш.) захворваннях, дыэнцэфальных парушэннях. Характэрна таксама для німфаманіі (у жанчын) і сатырыязу (у мужчын), што часта развіваюцца на фоне розных псіхічных ненармальнасцей. Для юнацкай гіперсексуальнасці (з узростам праходзіць) характэрна празмерная фіксацыя псіхікі на сексуальна-эратычных уражаннях і фантазіях, якія суправаджаюцца спантаннымі эрэкцыямі і частымі палюцыямі. Мастурбацыя пры гэтым мае сурагатнаахоўную накіраванасць на пазбаўленне ад залішняй палавой узбуджальнасці.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРЧА́ЛКІ, кветкавыя мухі (Syrphidae),

сямейства насякомых падатр. караткавусых круглашыўных атр. двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Найб. трапляюцца каля вады на кветках, травяністых раслінах, лісці дрэў і інш. На Беларусі найб. вядомыя Ж.: бугрыстая (Eumerus tuberculatus), цыбульная (E. strigatus), чмелявідка празрыстая (Volucella pelluceus), шараноска (Sphaerophoria scripta).

Даўж. 5—15 мм, радзей да 25 мм. Цела часта ярка афарбаванае; многія вонкавым выглядам нагадваюць джалячых перапончатакрылых — пчол, вос, чмялёў. Крылы празрыстыя з 3 радыяльнымі жылкамі. Вусікі 3-членікавыя. Вочы самцоў пераважна судакранаюцца, самак падзелены лбом. Добра лётаюць. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі жывуць у сцёкавых водах, гнаі, у гнёздах пчол, мурашак і інш. Лічынкі — драпежнікі, дэтрытафагі, расліннаедныя. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Апыляльнікі раслін.

Журчалкі: 1 — цыбульная; 2 — чмелявідка празрыстая; 3 — перавязаная; 4 — чмелепадобная; 5 — вісячая; 6 — лабастая.

т. 6, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)