рэшткі пераважна сярэдневяковых комплексаў жылых, гасп., абарончых, пахавальных ці культавых (манастыры, храмы) пабудоў, часткова ў наземных, часткова ў прыродных ці штучна зробленых пячорах.
Вядомы на Балканскім п-ве, у Італіі, Турцыі, Крыме (Эскі-Кермен, Чуфут-Кале, Каламіта, Мангуп), на Каўказе (Уплісцыхе, Вардзія), у Сярэдняй Азіі, Індыі (Аджанта) і Кітаі (Дуньхуан).
Т.С.Скрыпчанка.
Да арт.Пячорныя гарады. 1. Пячорны горад Уплісцыхе. Грузія. 1 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. 2. Пячорны будысцкі храм Юньган каля г. Датун. Кітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДО́ЎКА (Tricholoma),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРАВА́ННЕ,
утварэнне скразной або глухой цыліндрычнай адтуліны ў дэталі або вырабе з драўніны, металу і інш.; від апрацоўкі матэрыялаў рэзаннем.
Робіцца свердлам на свідравальных станках, а таксама такарных, расточных і інш. станках ці ўручную — калаўротам, дрылём ці механізаваным інструментам (электрасвердлам, электрадрылём). Можа служыць падрыхтоўчай аперацыяй (з-за адносна невысокай дакладнасці) перад расточваннем, зенкераваннем (гл.Зенкер), рассвідроўваннем (гл.Рассвідроўка), працягваннем і наразаннем унутр. разьбы. Выкарыстоўваюць лазернае С. (гл.Лазерная тэхналогія) адтулін у алмазных кругах і інш. вырабах з матэрыялаў вял. трываласці і нізкай цеплаправоднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ЛЬНІК, ваўчук (Ononis),
род кветкавых раслін сям. струкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. палявы (O. arvensis). Трапляецца ў хмызняках, па схілах, уздоўж дарог, каля жылля.
Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты. Сцёблы прамастойныя, узыходныя або сцелістыя, часам з калючкамі. Лісце простае ці трайчастае, чаргаванае, з прылісткамі.
Кветкі ў верхавінкавых коласападобных суквеццях або па 1—2 у пазухах лісця, белаватыя, жоўтыя ці ружаватыя. Лек., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЫЦА, старарэчча, старык,
участак былога рэчышча, які поўнасцю ці часткова аддзяліўся ад ракі. Утвараецца ў выніку прарыву ракой шыйкі меандра або пры драбленні рэчышча на рукавы ў выніку яго блукання на алювіяльнай пойме. Мае падкова ці дугападобную, радзей прамалінейную форму. Найб. спрыяльныя ўмовы ўтварэння С. у рачных далінах з добра развітым свабодным меандраваннем рэчышча, плоскім шырокім дном і стабільным падоўжным профілем ракі, блізкім да профілю раўнавагі. На Беларусі найб. колькасць С. у далінах р. Прыпяць і яе прытокаў першага парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУМЕ́ННАЯ ПО́МПА,
прыстасаванне для нагнятання (інжэктар) або адсмоктвання (эжэктар) вадкіх ці газападобных рэчываў, а таксама транспартавання гідрасумесей (гідраэлеватар).
Дзеянне С.п. заснавана на павелічэнні напампаванага (адпампаванага) рэчыва струменем вадкасці, пары ці газу. Адпаведна адрозніваюць вадка-, пара-, газаструменныя помпы. Асн. элементы С.п.: рабочае сапло, прыёмная камера, камера змешвання, дыфузар. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах падачы паліва лятальных апаратаў, у зварачных гарэлках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАДЭСКА́НЦЫЯ (Tradescantia),
род кветкавых раслін сям. камялінавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях
Т. белакветную (T. albiflora), Блосфельда (T. blossfeldiana), прырэчную (T. fluminensis), стракатую (T. multicoler) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце суцэльнае, гладкае ці апушанае, чаргаванае, ланцэта- або яйцападобнае, зялёнае, лілова-чырв., часам стракатае. Кветкі дробныя, белыя, блакітныя, ліловыя, ружовыя, адзіночныя ці ў пазушных або верхавінкавых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. (ампельныя) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРНЭ́ПС, кармавая рэпа (Brassica rapa rapa),
кветкавая расліна сям. крыжакветных; падвід рэпы. Як кармавая расліна культывуецца ў Еўропе (у т. л. на Беларусі), Паўн. Амерыцы і Аўстраліі.
Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год развівае прыкаранёвую разетку лісця і караняплоды. на 2-і — сцёблы, суквецці і плады. Сцёблы выш. да 1 м. Лісце светла-зялёнае, апушанае. Кветкі жоўтыя. сабраныя ў суквецце шчыток. Плод — стручок. Форма караняплодаў падоўжаная, шарападобная, белага, фіялетавага ці жоўтага колеру. Мякаць белая ці жоўтая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЛІ́ТЫ (англ. tillite ад till валунная гліна),
выкапнёвыя марэны стараж. (даантрапагенавых) зледзяненняў. Уяўляюць сабой стракатаколерныя ці шэрыя глініста-алеўрыта-пясчаныя масіўныя несартаваныя адклады з уключэннем валуноў розных памераў і саставу, плітачнай, брусчатай ці прасавай формы, часам з ледавіковай штрыхоўкай, Утвараюць моцна ўшчыльненыя або слабаметамарфізаваныя паклады, у якіх адзначаюцца гляцыядыслакацыі і адорвені падсцілаючых парод. Адрозніваюць Т. марскія (утвораны ў выніку лёдавага разносу і адкладаў у моры) і кантынентальныя. Трапляюцца ў пратэразойскіх, кам.-вуг., пермскіх і інш. адкладах. Выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, палеагеаграфіі (палеакліматалогіі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́МБРЫЕВЫЯ, яўдошкавыя (Umbridae),
сямейства рыб. атр. ласосепадобных. 2 роды, 4 віды. У сям. У. зрэдку ўключаюць даліевых. Пашыраны ў прэсных водах Паўд.-Усх. Еўропы і УПаўн. Амерыкі. Жывуць у зарослых вадаёмах з глеістым дном. Найб. вядомая умбра, ці яўдошка еўрап. (Umbra krameri).
Даўж. цела да 12 см, маса каля 30 г. Рыла кароткае. Бакавая лінія адсутнічае. Хваставы плаўнік закруглены. На сківіцах дробныя зубы. Могуць выкарыстоўваць для дыхання кісларод атмасферы. Кормяцца планктонам і бентасам.