СТА́ЛЬНІК, ваўчук (Ononis),

род кветкавых раслін сям. струкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. палявы (O. arvensis). Трапляецца ў хмызняках, па схілах, уздоўж дарог, каля жылля.

Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты. Сцёблы прамастойныя, узыходныя або сцелістыя, часам з калючкамі. Лісце простае ці трайчастае, чаргаванае, з прылісткамі.

Кветкі ў верхавінкавых коласападобных суквеццях або па 1—2 у пазухах лісця, белаватыя, жоўтыя ці ружаватыя. Лек., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Стальнік калючы.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 15, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)