галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял. князя Альгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз.Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІ САЮ́З ВАЕННАПАЛО́ННЫХ (БСВ),
падпольная антыфаш. арганізацыя сав. ваеннапалонных у фаш. Германіі ў гады 2-й сусв. вайны. Узнік у сак. 1943 у лагеры сав. ваеннапалонных афіцэраў у Мюнхен-Перлаху (раён Мюнхена). Арганізатары — удзельнікі абароны Севастопаля. Штаб БСВ наладзіў сувязь з вязнямі інш. канцлагераў, ваеннапалоннымі і вывезенымі ў Германію людзьмі. Камітэты і ячэйкі БСВ былі ў большасці лагераў ваеннапалонных і больш як у 20 лагерах «усходніх рабочых». Гал. мэта БСВ — арганізацыя паўстання ў лагерах ваеннапалонных вакол Мюнхена, захоп горада і разгортванне ўзбр. паўстанцкай барацьбы. Летам 1943 БСВ наладзіў супрацоўніцтва з падпольным антыфаш. ням.нар. фронтам Паўд. Германіі. У канцы 1943 гестапа натраціла на след абедзвюх арг-цый. Усе кіраўнікі і шмат радавых членаў БСВ былі схоплены і закатаваны фашыстамі. 4 вер. 1944 у канцлагеры Дахаў расстраляны 93 сав. афіцэры — удзельнікі БСВ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс.чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал.гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБ’І́ (Passer),
род птушак сям. ткачыкавых атр. вераб’інападобных. 18 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, некаторыя віды завезены ў Паўн. і Паўд. Амерыку, Аўстралію, Новую Зеландыю і інш. месцы. Жывуць у населеных месцах, садах, парках, гаях, поймавых дубровах, на палях, у пустынях. На Беларусі 2 віды: верабей дамавы (Passer domesticus) і верабей палявы (Passer montanus), аселыя. Верабей палявы часткова вандроўны від.
Даўж. 12—18 см, маса 20—37 г. Апярэнне светла-шэрае, бураватае і чорнае. У самцоў многіх відаў чорная пляма на горле. Амаль усе чародныя, у перыяд гнездавання — каланіяльныя птушкі. Гнёзды пад дахамі, у нішах будынкаў, у дуплах, норах, на дрэвах. Калі кормяць птушанят, знішчаюць шмат шкодных насякомых. Дарослыя кормяцца пераважна зернем. Шкодзяць збожжавым культурам.
Вераб’і: 1 — дамавы (а — самка; б — самец); 2 — палявы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
антыўрадавая тайная арг-цыя на Беларусі і ў Літве ў 1796—97. Засн. ў Вільні вясной 1796 для барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791. Мела праграму «Акт Віленскага паўстання» (1797) і статут «Артыкулы членам асацыяцыі». Асацыяцыя ўключала пераважна прадстаўнікоў шляхты і каталіцкага духавенства, яе ўзначальвалі ксяндзы Ф.Цяцерскі і В.Зюлкоўскі, жыхар мяст. Камень Мінскай губ. С.Юдзіцкі. На месцах утвараліся таварыствы-адгалінаванні («асацыяцыі» не больш за 15 чал.), якія падзяляліся на аддзелы («дэцэзіі» па 4—5 чал.). Восенню 1797 Віленская асацыяцыя раскрыта царскімі ўладамі. Па справе праходзіла больш за 70 чал.Усе ўдзельнікі Віленскай асацыяцыі прыгавораны сенатам да смяротнай кары. Паводле загаду імператара Паўла I яна заменена цялеснымі пакараннямі і катаржнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬу матэматыцы, абсяг,
звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.
Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́Рэспублікі Беларусь,
судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усегасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп.суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),
вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.
Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЖО́Н ((Goujon) Жан) (каля 1510, каля г. Руан, Францыя — паміж 1564—68),
французскі скульптар эпохі Адраджэння. У 1540—42 працаваў у Руане, каля 1543—44 жыў у Парыжы (дзе супрацоўнічаў з П.Леско), з пач. 1560-х г. — у Балонні. Яго творы (рэльефы для царквы Сен-Жэрмен л’Аксеруа, 1544, і «Фантан нявінных», 1547—49, усе ў Парыжы) прасякнутыя духам свецкага рэнесансавага светаадчування, адметныя паэтычнай натхнёнасцю, вытанчанасцю мадэліроўкі і прапорцый, ускладненасцю лінейнага рытму. Зрабіў скульпт. дэкор атэля Ліньеры ў Парыжы (цяпер Музей Карнавале, каля 1545) і ўсх. палацавага фасада Луўра (канец 1540-х — 1550-я г.), а таксама 4 фігуры карыятыд, што падтрымліваюць кафедру для музыкантаў (1550, Зала карыятыд, Луўр). У 1547 праілюстраваў гравюрамі на дрэве арх. трактат Вітрувія.
Ж.Гужон. «Фантан нявінных» у Парыжы (з арх. П.Леско). 1547—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.