сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.
К.Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праз дзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.
Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс.чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс.чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс.Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПЕРАСЯЛЕ́ННЕ НАРО́ДАЎ,
масавыя міграцыі герм., слав., цюрк., іранскіх і інш. плямён на тэр.Рым. імперыі і ў суседнія землі ў 4—7 ст. Сярод яго прычын былі колькасны рост плямён (у т. л. ў сувязі з іх пераходам да аселасці), спусташэнне с.-г. угоддзяў, уціск з боку суседзяў, разлажэнне першабытнаабшчынных адносін і станаўленне феад. парадкаў (узрастанне ролі плем. правадыроў, якія стваралі моцныя ваен. дружыны для захопу і рабавання чужых зямель).
Пачатак Вялікаму перасяленню народаў паклала нашэсце ў Еўропу цюрк. плямён гунаў, якія напалі на іранамоўных аланаў (сярэдзіна 4 ст.), разграмілі германамоўных остготаў (375), пацяснілі вестготаў. Апошнія са згоды рым. імператара перасяліліся на Балканскі п-аў (у 378 паўсталі і ў саюзе з гунамі і аланамі разграмілі рымлян у бітве каля Адрыянопаля — сучаснага г. Эдырне), праніклі на тэр. Італіі (пач. 5 ст.) і захапілі Рым (410). Пераможаны імператар Зах.-Рым. імперыі аддаў вестготам Аквітанію, дзе ў 419 утварылася першая герм. дзяржава — Тулузскае каралеўства. Пазней пад уладу вестготаў перайшла Паўн.-ўсх.ч. Пірэнейскага п-ва; яго крайні ПнЗ заняло герм. племя свеваў. У 439 на тэр.рым. правінцыі Афрыка (паўн. вобласці Марока, Алжыра і Туніса) вандалы стварылі другую герм. дзяржаву. У сярэдзіне 5 ст. ў Галіі ўтвораны Бургундскае (на ПдУ) і Франкскае (на ПнУ) герм. каралеўствы; герм. плямёны англаў, саксаў і ютаў распачалі Англасаксонскае заваяванне Брытаніі (пакінута рымлянамі ў 407). Да сярэдзіны 5 ст. гуны перакачавалі з чарнаморскіх стэпаў на Дунайскую раўніну, аднак іх уварванне (разам з остготамі) у Галію спынілі рымляне (бітва на Каталаунскіх палях у 451). У 476 герм. военачальнік Адаакр скінуў апошняга імператара Зах.-Рым. імперыі Ромула Аўгустула. У 488 у Італію з Балканскага п-ва ўварваліся остготы, якія ў 493 заснавалі дзяржаву на тэр. ад Дуная да Цэнтр. Італіі. У 568 Пн Італіі заваявалі германамоўныя лангабарды. У 6 ст. на Дунайскую нізіну ўварваліся цюркамоўныя авары і панавалі тут да 8 ст. Ва Усх. Еўропе пачынаючы з 6 ст. вядучая роля ў міграцыйных працэсах належала славянам, асн. аб’ектам націску якіх была Візантыя. У 578 вял. група слав. плямён (каля 100 тыс.чал.) пераправілася цераз Дунай і пранікла ў Фракію, Македонію, Ілірыю, Фесалію, Эладу. У выніку ўварвання 589 славяне дайшлі да Пелапанеса. У 6—7 ст. яны рассяліліся на тэр. ад берагоў Чорнага і Эгейскага мораў да Адрыятыкі, у т. л. ў Далмацыі і Ілірыі; некат. плямёны праніклі ў М. Азію. У 626 славяне аблажылі сталіцу Візант. імперыі — Канстанцінопаль.
Вялікае перасяленне народаў садзейнічала заняпаду і распаду Зах.-Рым. імперыі і адначасова фарсіравала сац. развіццё саміх мігрантаў, вяло да стварэння ў іх буйных этн. утварэнняў і раннефеад. дзяржаў. Пад тэрмінам «Вялікае перасяленне народаў» часам разумеюць больш раннія (напр., перасяленні германцаў канца 2 — пач. 4 ст.) і больш познія міграцыі (заваяванні арабаў, нарманаў, цюркамоўных протабалгараў, мадзьяраў і г.д. канца 7—9 ст.).
Літ.:
Корсунский А.Р., Гюнтер Р. Упадок и гибель Западной Римской империи и возникновение германских королевств (до середины VI в.). М., 1984;
Буданова В.П. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВЕ́НСТВА,
асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-тепіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус.правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).
Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГ (Freie und Hansestadt Hamburg),
горад на ПнФРГ, на р. Эльба, за 110 км ад Паўночнага м. Утварае самаст.адм. адзінку — зямлю Гамбург (пл. 755,3 км²). Нас. 1702,9 тыс.ж., разам з прыгарадамі (у т. л. па-за адм. межамі зямлі) больш за 2 млн.ж. (1994). Трансп. вузел (аўтадарогі, чыгункі). Гал. марскі порт краіны (больш за 50% суднаў марскога флоту ФРГ; грузаабарот каля 85 млн.т штогод). Міжнар. аэрапорт Фульсбютэль. Другі па колькасці жыхароў горад ФРГ, важны прамысл., гандл., фін. і культ.цэнтр.Прам-сць: суднабудаванне і дапаможныя яму галіны машынабудавання, авіябудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная; каляровая металургія, дакладная механіка, нафтаперапр., хім. і гумавая, лёгкая, паліграф. і дрэваапр., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, тытунёвая, піваварная, маргарынавая, шакаладная, кансервавая, перапрацоўка кавы, чаю); вытв-сцьмуз. інструментаў (раялі). Кінапрамысловасць. Цэнтр газетна-выдавецкай справы. Буйныя гандл. прадпрыемствы, біржы, у т. л. фондавая і таварныя (кавы, чаю, цукру, каўчуку), банкі. Метрапалітэн. Ін-т ядзерных даследаванняў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Дзярж. опера. Заапарк Гагенбека.
Узнік каля 825 як умацаваны замак. З 831 цэнтр епіскапства, у 843—45 і 1043—72 — архіепіскапства. У 1215 аб’яднаны старая і новая ч. горада. Адзін з першых (з 1241) і найб. уплывовых (пасля Любека) чл.Ганзы. У 1376, 1458, 1483, 1685, 1693 адбыліся цэхавыя і плебейскія паўстанні супраць патрыцыяту, які канцэнтраваў уладу ў гар. савеце. З 1510 вольны імперскі горад. У 1529 у Гамбургу праведзена Рэфармацыя. У 1558 тутзасн. першая ў Паўн. Еўропе біржа. Культ. росквіт у 17—18 ст. (у 1678 засн. першы ў Германіі оперны т-р, у 1767 — Гамбургскі нац.т-р). У 1806 акупіраваны франц. войскамі. Вольны горад у складзе Германскага (з 1815) і Паўн.-германскага (з 1867) саюзаў, Герм. імперыі (1871—1918, яе «марскія вароты»). У Гамбургу адбылося Гамбургскае паўстанне 1923. У 1938 у склад Гамбурга ўключаны гарады Альтана, Гарбург-Вільгельмсбург, Вандсбек і шэраг сельскіх раёнаў. У 2-ю сусв. вайну дзейнічалі антыфаш групы, горад амаль цалкам зруйнаваны бамбардзіроўкамі ў 1943—45. Пасля паражэння фат. Германіі ў брыг. зоне акупацыі. З 1949 мае статус зямлі ФРГ.
Сярод арх. помнікаў: у стылі т.зв. цаглянай готыкі — Катарыненкірхе (каля 1380—1426; вежа 1658) і Якабікірхе (2-я пал. 14 ст.), барока — Міхаэліскірхе (1751—78) з вежай «Вялікі Міхель» (1777—86; выш. 132 м). Захавалася некалькі кварталаў з будынкамі 17—19 ст. Пабудовы 20 ст.: дамы «Чылегаўз» (1922—23) і «Шпрынкенгоф» (1922, арх. абодвух Ф.Гёгер), парк для выставак і адпачынку «Плантэн ун Бломен» (1953), оперны т-р (1954—55, арх. Г.Вебер; у сааўт.), мост цераз Эльбу (1955, Б.Гермкес), царква св. Тройцы (1956, Р.Рымершмід) і інш. Помнікі: Бісмарку ў гавані (1906, скульпт. Г.Ледэрэр), ахвярам бамбардзіровак Гамбурга на могілках Ольсдорф (1949—52, скульпт. Г.Маркс). Музеі: Альтонскі, Кунстгале, этнаграфіі, мастацтва і рамёстваў, Дом Эрнста Барлаха і інш.
Да арт.Гамбург. Панарама горада. На пярэднім плане Міхаэліскірхе з вежай «Вялікі Міхель».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРАЛТА́Р (Gibraltar),
уладанне Вялікабрытаніі на Пд Пірэнейскага п-ва, каля Гібралтарскага праліва. Нейтральнай зонай аддзелены ад ісп.г. Ла-Лінеа. Важны стратэг. пункт на Міжземным м.Пл. 6,5 км². Нас. 32 тыс.чал. (1993). Большасць насельніцтва гібралтарцы — нашчадкі іспанцаў, англічан, мальтыйцаў і інш.Афіц. мова — англійская, пашырана таксама іспанская. Паводле веравызнання 77% католікаў, па 7% мусульман і англікан. Каля паловы насельніцтва занята ў гандлі і абслуговых галінах. Гібралтар складаецца са скалы (выш. да 425 м) і пясчанага перашыйка, які злучае іх з паўвостравам. Прырода і клімат міжземнаморскія. Гаспадарка звязана пераважна з абслугоўваннем ваенна-марской і ваенна-паветр. баз Вялікабрытаніі, транзітнага порта (заходзіць каля 3 тыс. суднаў за год). Рээкспартны гандаль, увоз нафтапрадуктаў, харч. тавараў, прэснай вады. Замежны турызм (штогод 4,2—5 млн.чал.). Суднарамонтныя верфі. Швейныя ф-кі, з-ды па вытв-сці піва і мінер. вады, каваапрацоўчыя, тытунёвыя, рыбакансервавыя, алейныя прадпрыемствы. Асн.гандл. партнёры Вялікабрытанія, Іспанія, Данія, Японія. Грашовая адзінка — гібралтарскі фунт стэрлінгаў.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. Гібралтара існавалі са стараж. часоў. Гібралтар быў вядомы стараж. грэкам і рымлянам пад назвай Кальпе, адзін з Геркулесавых слупоў. У пач. 8 ст.араб. палкаводзец Тарык ібн Сеід пабудаваў тут крэпасць Джэбель-ат-Тарык (гара Тарыка). Пазней крэпасць сталі называць Гібралтар, у 1160 побач з ёю ўзнік араба-маўрытанскі горад. У 1309—33 крэпасцю валодалі іспанцы, потым мараканцы, якія пабудавалі яшчэ больш магутныя ўмацаванні (частка іх захавалася да нашага часу). У 1462 Гібралтар зноў захоплены іспанцамі. У час вайны за ісп. спадчыну ў 1704 аб’яднаная англа-галандская эскадра пад камандаваннем англ. адмірала Дж.Рока захапіла Гібралтар. Паводле Утрэхцкага міру 1713 Гібралтар замацаваны за Вялікабрытаніяй і стаў яе ваен.-марской базай. У 18 ст. Іспанія неаднойчы спрабавала рознымі спосабамі вярнуць Гібралтар. Самая працяглая 4-гадовая яго аблога (1779—83) скончылася няўдачай. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 зноў прызнаны ўладаннем Вялікабрытаніі, у 1830 абвешчаны брыт. калоніяй. Значэнне Гібралтара вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У 1907 Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія заключылі пагадненне аб захаванні ў Гібралтарскім праліве статус-кво. У 2-ю сусв. вайну ўсё грамадз. насельніцтва Гібралтара эвакуіравана ў Вялікабрытанію (пасля вайны вярнулася). Іспанія зноў заявіла аб сваім праве на Гібралтар, у 1966 яна аб’явіла блакаду Гібралтара, спыніла ўсе яго зносіны з мацерыком.
У маі 1969 прынята новая канстытуцыя Гібралтара, якая ўвяла мясц. самакіраванне, 30.7.1969 адбыліся першыя выбары ў мясц. Асамблею, сфарміраваны ўрад. Заканад. ўлада ў Гібралтары належаць губернатару, якога прызначае брыт. манарх, і палаце сходу. У 1975 (пасля смерці дыктатара Ф.Франка) Іспанія змякчыла свае пазіцыі — адмяніла абмежаванні на ўезд і выезд з Гібралтара, аднавіла тэлеф. сувязь і інш. У 1980 падпісана Лісабонскае пагадненне аб статусе Гібралтара. Аднак паміж Вялікабрытаніяй і Іспаніяй працягваецца саперніцтва за Гібралтар. У 1984 падпісана ісп.-брыт. дэкларацыя аб пачатку перагавораў па ўрэгуляванні праблемы Гібралтара. Адкрыццё ў 1985 сухапутнай граніцы аслабіла напружанне ў адносінах паміж гэтымі краінамі. У 1991 Гібралтар пакінулі апошнія часці брыт. сухапутных войск, засталіся толькі падраздзяленні ВМС і ВПС. На парламенцкіх выбарах у 1992 перамагла кіруючая Сацыяліст. партыя працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЦІЯ, Рэспубліка Бурація,
складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 351,3 тыс.км². Нас. 1056 тыс.чал. (1994), гарадскога 60%. Жывуць бураты (24%), рускія (69,9%), украінцы, татары і інш. Сталіца — г.Улан-Удэ; 20 раёнаў, 6 гарадоў, 34 пасёлкі гар. тыпу.
Прырода. Размешчана Бурація на ПдУсх. Сібіры. Пераважаюць выш. 500—700 м, найб. — 3491 м (г. Мунку-Сардык). Паводле характару рэльефу падзяляецца на Селенгінскае сярэднягор’е (хрыбты Цаган-Дабан, Цаган-Хуртэй, Заганскі і інш.), Усх. Саян, Байкальскую горную вобл. (хрыбты Хамар-Дабан, Улан-Бургасы, Баргузінскі, Байкальскі і інш.) і Віцімскае пласкагор’е з выш. 1000—1200 м; паміж хрыбтамі — міжгорныя катлавіны: Гусінаазерская, Удзінская, Баргузінская, Верхнеангарская і інш. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, руды вальфраму і малібдэну, поліметалічныя руды, нефеліны, золата, графіт, азбест, цэментная сыравіна. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. рэкі: Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Віцім. Воз. Байкал. Больш як 300 мінер. крыніц. Шматгадовая мерзлата. Глебы пераважна падзолістыя, у цэнтр. і паўд. раёнах — каштанавыя і чарназёмы. 80% тэр. ўкрыта лясамі з лістоўніцы, піхты, кедру, хвоі. На Пд і ў цэнтр.ч. — стэп і лесастэп. Запаведнікі: Баргузінскі, Байкальскі.
Гісторыя. Засяленне тэр. Бураціі пачалося з верхняга палеаліту. У 3 ст. да н.э. — 11 ст.н.э.тут існавалі недаўгавечныя племянныя саюзы качэўнікаў і зменьвалі адна адну раннефеад. дзяржавы. Бур. плямёны занялі Прыбайкалле і Забайкалле ў пач. 13 ст.Бур. народнасць склалася ў 17—18 ст. У пач. 17 ст. ў Бураціі з’явіліся першыя рус. казацкія атрады. У сярэдзіне 17 ст. Бурація ўвайшла ў склад Расіі. У 2-й пал. 19 ст.тут пачалі развівацца капіталіст. адносіны. Умацаванню эканам. сувязей з Расіяй спрыяла буд-ва Сібірскай чыгункі (1892—1905). З гэтага часу царскі ўрад узмацніў прыгнёт буратаў і рэзка абмежаваў іх землекарыстанне, адабраў каля палавіны зямель. У лют. 1918 у Бураціі ўстаноўлена сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. Бураціі акупіравана японскімі, у крас. 1919 — амер. войскамі; у Забайкаллі ўстанавіўся рэжым атамана Сямёнава. 2.3.1920 Чырв. Армія і прыбалтыйскія партызаны занялі Верхнеудзінск (Улан-Удэ), а да канца 1920 — усю Бурацію. Усх. частка Бураціі ўвайшла ў Далёкаўсходнюю рэспубліку, дзе 27.4.1921 утворана Бурат-Мангольская аўт.вобл., а заходняя — у РСФСР, дзе 9.1.1922 утворана Мангола-Бур.аўт. вобласць. 23.5.1923 абедзве аўт. вобласці аб’яднаны ў Бурат-Мангольскую АССР (з 7.7.1958 Бур. АССР) у складзе РСФСР.
У кастр. 1990 Вярх. Савет рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бураціі і ўвёў пост прэзідэнта. У сак. 1992 Бурація падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй, але пазней адмовілася ад яго. Афіцыйна застаецца суб’ектам Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для дрэваапр. прам-сці, суднабудаванне, вагонабудаванне і інш.), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў (цэмент, шкло), харч. (мясныя і рыбныя кансервы) прам-сць. Здабыча бурага вугалю і графіту, здабыча і перапрацоўка вальфраму, малібдэнавых руд, апатытыў і інш. Гусінаазерская ДРЭС. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечка-, свінагадоўля). Птушкагадоўля. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс, жыта) і кармавых культур. Бульбаводства, агародніцтва. Пушны промысел. Зверагадоўля. Рыбалоўства. Тэр. Бураціі перасякае Транссібірская магістраль, на Пн праходзіць Байкала-Амурская магістраль (буйныя тунэлі Паўн.-Муйскі — 15 км і Байкальскі — 6,7 км). Суднаходства па воз. Байкал, рэках Селенга і Баргузін. Курорты: Аршан, Гарачынск.
Культура. Першая бурацкая масавая газета «Шэнэ байдал» («Новае жыццё») выйшла ў Чыце ў 1921. У 1995 выходзілі газеты «Бураад унэн» («Бурацкая праўда»), «Бурятия», «Правда Бурятии» і інш. Радыёвяшчанне на бур. мове з 1934. З 1961 працуе тэлецэнтр ва Улан-Удэ. Радыё- і тэлевяшчанне на бур. і рус. мовах.
Аснова л-ры Бураціі — фальклор (оды-магталы, вершы, песні, паэмы, легенды, паданні, сказанні-улігеры). Вяршыня вуснай нар. творчасці — гераічны эпас «Гэсэр». Адзін з заснавальнікаў пісьмовай нац. л-ры — Х.Намсараеў. Традыцыі рэалізму ў л-ры савецкага часу развівалі П.Дамбінаў (Салбанэ Туя), Ц.Дандубон (Ц.Дон), Н.Балдано, Ч.Цыдэндамбаеў, А.Шадаеў, Ж.Тумунаў, М.Дамдзінаў і інш. Грамадска-сацыяльныя працэсы, фарміраванне новага чалавека адлюстроўвалі Б.Абідуеў, А.Бадаеў, Ц.-Б.Бадмаеў, Д.Батажабай, Ц.Галсанаў, Ц.Дамдзінжапаў, Д.Дашынімаеў, Д.Жалсараеў, А.Жамбалдаржыеў, Ц.Шагжын і інш. Плённа развіваліся паэзія, проза і драматургія. Патрыят. матывамі прасякнута творчасць бур. пісьменнікаў перыяду Вял.Айч. вайны. У пасляваенныя гады актывізаваўся жанр гіст. рамана (І.Калашнікаў, Б.Мунгонаў, Намсараеў, Тумунаў, Цыдэндамбаеў, А.Бальбураў), развіваюцца паэзія, дзіцячая л-ра, літ. крытыка і літ.-знаўства (С.Ангабаеў, Ч.-Р.Намжылаў, А.Сактоеў, Г.Тудзенаў, Д.Улзытуеў, М.Хамаганаў і інш.).
На тэр. Бураціі захаваліся рэшткі паселішчаў эпохі палеаліту і неаліту, наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэн палявання (т.зв.пісаніцы), помнікі бронзавага веку: «аленевыя камяні» са стылізаванымі фігуркамі аленяў, плітачныя магілы, нажы і кінжалы з скульпт. выявамі жывёл, а таксама шматлікія гарадзішчы з рэшткамі жылля эпохі гунаў, ірыгацыйныя збудаванні, гарадзішчы, могільнікі курумчынскай культуры. У 18—19 ст. будаваліся манастыры-дацаны, у архітэктуры якіх перапляталіся цэнтр.-азіяцкія і мясц. традыцыі. У 1-й пал. 19 ст. ўзведзены шэраг класіцыстычных будынкаў. У сучасным буд-ве шырока выкарыстоўваюць жалезабетон, алюміній, шкло і пластык. У нар.-прыкладным мастацтве развіты вышыўка і аплікацыя па аксаміце, скуры, сукне, разьба па косці і дрэве. У апрацоўцы вырабаў з металу выкарыстоўваюцца насечка, чаканка, чэрнь, гравіроўка. Асвойваецца габеленавае ткацтва з выкарыстаннем конскага воласу.
У муз. фальклоры Бураціі вядомыя эпічныя паданні (улігер), лірычныя абрадавыя і танц. песні (ганец-карагод ёхар) і інш. Ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка. Сярод нар. інструментаў: духавыя лімба (тып флейты) і бішхур (язычковы), струнныя хур (смычковы) і чанза (шчыпковы), шмат ударных. Сярод дзеячаў нац.муз. мастацтва: кампазітары Б.Ямпілаў, Д.Аюшэеў, Ж.Батуеў, Г.Дадуеў, С.Манжыгееў, Г.-Д.Дашыпылаў, спевакі К.Базарсадаеў, Д.Дашыеў, Л.Лінхавоін і інш. Працуюць (1996): Бурацкі т-р оперы і балета, муз. вучылішча, харэагр. вучылішча, Усх.-Сібірскі ін-т культуры, філармонія, Саюз кампазітараў і інш.
Вытокі бур.тэатр. мастацтва ў нар. песнях, гульнях, абрадах, пантамімічных танцах («цан»). У пач. 20 ст. наладжваліся этнагр. і аматарскія вечары, паявіліся бур. п’есы, аматарскі т-р. З 1927 працуе т-ррус. драмы, з 1932 — бурацкі драм. т-р. Ставіліся п’есы Г.Цыдынжапава, Х.Намсараева, А.Шадаева, Н.Балдано, Д.Батажабая і інш. Сярод артыстаў: Цыдынжапаў, Б.Вампілаў, Н.Гендунова, Ч.Генінаў, У.Халматаў, Н.Балдано, Д.Дандукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э.тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London),
горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс.км². 7,6 млн.ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн.ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін.цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).
Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г.н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст.н. э.). У 1 ст.рым.ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст.гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст.афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г.тут пачаўся чартысцкі рух (гл.Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар.сацыяліст. руху, у т. л.паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл.Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.
Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш.арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.Джонс, Рэн, Дж.Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.
Дж.Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.О.Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.Мэцью, Л.Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер.арх. Э.Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л.Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л.«Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.
Літ.:
Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;
Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.
Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.Чэймберс.Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.