ЗВЯРУ́ГА (Яраслаў Генрыхавіч) (н. 4.9.1928, г.п. Мядзел Мінскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1971). Скончыў БДУ (1953). У 1947—64 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1966 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў, Ліду, Слонім, Турыйск, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі Беларусі. Вывучае славяна-балцкія кантакты ў раннім сярэдневякоўі. Аўтар прац «Старажытны Ваўкавыск X—XIV стст.» (1975), «Верхняе Панямонне ў IX—XIII стст.» (1989), укладальнік і навук. рэдактар кнігі «Памяць». Гіст.-дакумент. хроніка Мядзельскага раёна» (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗДРАВООХРАНЕ́НИЕ»,
навукова-практычны мед. часопіс Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Выдаецца з 1924 штомесячна ў Мінску на рус. мове. Да 1929 наз. «Беларуская медычная думка» (у 1924 выходзіў на рус., у 1925—29 на рус. і бел. мовах). У 1938—41 наз. «Медицинский журнал БССР», з 1955 — «Здравоохранение Белоруссии», з 1992 — «Здравоохранение Беларуси», з 1996 сучасная назва. Публікуе аглядныя і праблемныя артыкулы па ахове здароўя. Змяшчае інфармацыю пра новыя метады лячэння, арыгінальныя даследаванні, выпрабаванні лек. прэпаратаў, сучаснае мед. абсталяванне, пра з’езды, канферэнцыі, нарады мед. работнікаў. Мае рубрыкі: «У дапамогу ўрачу-практыку», «Абмен вопытам», «Гігіена, эпідэміялогія і арганізацыя аховы здароўя», «Лекцыі і агляды» і інш.
латышскі пісьменнік. Нар. паэт Латвіі (1977). Скончыў Латв.ун-т (1959). Друкуецца з 1956. Аўтар зб-каў вершаў «Зямля і мара» (1961), «Дынаміт сэрца» (1963), «Як свечка гарыць» (1971), «Скразняк» (1975), «З кветкай цудоўнай лілеі ў руцэ» (1979), «Напад матылькоў» (1988), кн. «Паэмы пра малако» (1977), кніг нарысаў «Дзённік паэта» (1965), «Курземітэ» (кн. 1—2, 1970—74), філас. мініяцюр «Эпіфаніі» (кн. 1—2, 1971—74) і інш., адметных зваротам да духоўнага аблічча сучасніка і нар. традыцый. Дзярж. прэмія Латвіі 1967. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Р.Барадулін, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Уладзімір Усцінавіч) (н. 25.4.1949, в. Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Разнастайныя па пластычнай манеры творы аб’ядноўвае мяккасць жывапісных рашэнняў і стрыманасць колеру. Сярод твораў: пейзажы «Месяц над возерам» (1985), «Край блакітных азёр» (1986), цыкл «Далёкі ўсход» (1990), «Раніца» (1995), «Браслаўшчына» і «Сведка стагоддзяў» (1996); нацюрморты «Вярба» (1986), «Нацюрморт з трубой, ракушкамі і марскімі вожыкамі» і «Кета» (абодва 1990), тэматычныя кампазіцыі «Сталі на смерць» і «Памяць» (абедзве 1985). Яго творам уласцівы адметная логіка пабудовы маст. вобраза, спалучэнне канкрэтыкі вобразных вырашэнняў з узнёсла рамантычнымі і сімвалічнымі прыёмамі яе інтэрпрэтацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Яўген Аляксеевіч) (18.12.1924, г. Арэнбург, Расія — 3.7.1985),
бел. матэматык. Чл.-кар.АН Беларусі (1977), д-рфіз.-матэм.н. (1969), праф. (1970). Скончыў Пінскі настаўніцкі ін-т (1950), БДУ (1956). З 1959 у Мінскім дзярж.пед. ін-це, з 1962 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1970 у БДУ. Навук. працы па тэорыі дыфракцыі эл.-магн. хваль. Распрацаваў метад строгага рашэння задач дыфракцыі хваль на некалькіх целах правільнай геам. формы. Пабудаваў алгарытмы лікавага рашэння задач, якія рэалізуюцца на ЭВМ па стандартных праграмах.
Тв.:
Дифракция электромагнитных волн на двух телах. Мн., 1968;
Таблицы сфероидальных волновых функций и их первых производных. Т. 1—2. Мн., 1973—76 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДЫШ,
адна з германскіх моў (зах.герм. падгрупа); мова значнай часткі яўрэяў, якія жывуць у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне, ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі і інш. У Ізраілі І. актыўна выцясняецца іўрытам. Асн. дыялекты — польскі, літоўска-бел. і ўкр. (аснова літаратурнай мовы). Склалася ў 10—14 ст. на базе аднаго з верхненям. дыялектаў. Увабрала шмат стараж.-яўр. элементаў (арамейскіх і іўрыт), а пасля перасялення яўрэяў на У Еўропы і слав. элементы лексікі, фанетыкі, сінтаксісу, словаўтварэння. Літ. мова першапачаткова выкарыстоўвалася ў рэліг. мэтах, з сярэдзіны 19 ст. — у маст. л-ры (гл.Яўрэйская літаратура). Графіка — арфаграфічная сістэма на базе яўрэйскага пісьма ў асноўным паводле фанет. прынцыпу з абазначэннем галосных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЕШ ((Illés) Бела) (22.3.1895, г. Кошыцы, Славакія — 1.5.1974),
венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. Удзельнік рэв. 1919 у Венгрыі, потым у эміграцыі. З 1921 у Аўстрыі, Чэхаславакіі, у 1923—45 у СССР. У 2-ю сусв. вайну служыў у Чырв. Арміі. Аўтар раманаў «Нататкі доктара Пала Утрыуша» (1917), «Ціса гарыць» (на рус. мове 1929—33, венг. — 1957), «Вяртанне радзімы» (кн. 1—3, 1952—54), трылогіі «Карпацкая рапсодыя» (на рус. мове. 1941, венг. — 1945), аповесцей, апавяданняў. Гал. тэмы твораў — рэв. рух венг. рабочых, сац. абуджэнне сялянства, падзеі 2-й сусв. вайны, лёс венг. эміграцыі.
Тв.:
Бел.пер. — Тыса гарыць: Раман. Кн. 1—3. Мн., 1932—34;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАСПО́РТ,
спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт. разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
тып развітога грамадства, якое базіруецца на буйной машыннай вытв-сці, рэалізацыі дасягненняў навукі ў вытв. і інш. сферах дзейнасці, агульнанац. сістэмы гаспадаркі і развітым рынку. Тэрмін увёў А.Сен-Сімон. У распрацоўку тэорыі І.г. пэўны ўклад зрабілі сацыёлагі А.Конт, К.Маркс, Э.Дзюркгейм, М.Вебер, П.Сарокін. Найб. пашырэнне і папулярнасць канцэпцыя атрымала ў 1950—70-я г. (Ж.Фурасцье, Р.Арон, Д.Бел, У.Ростаў, Дж.Голбрэйт, Р.Дарэндорф, А.Тофлер і інш.). Характэрная асаблівасць сучаснага І.г. — перамяшчэнне насельніцтва з сельскай гаспадаркі і прам-сці ў сферу паслуг. У сацыяльна-паліт. сферы І.г. характарызуецца развіццём сістэмы грамадз. правоў, сац. партнёрства, узмацненнем значнасці заканадаўчага і рэальнага забеспячэння правоў чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад лац. introductio уводзіны, уступ) у музыцы, частка муз. твора, якая выконвае функцыю ўступу. Нярэдка пазначаецца ў назве («Інтрадукцыя і Паланэз» для віяланчэлі і фп. Ф.Шапэна). Часам уяўляе сабой род уверцюры да оперы, балета ці асобнага акта (звычайна больш кароткая, свабоднай будовы). У айч. музыказнаўстве прынята адрозніваць паняцці І. і ўступу (апошні менш развіты кампазіцыйна і менш самастойны ў адносінах да цэлага; у назве звычайна не пазначаецца). У класічнай музыцы лепшы ўзор І. — «Інтрадукцыя і ронда-капрычыёза» К.Сен-Санса. У бел. музыцы І.-ўступ, І.-пралог сустракаюцца ў операх А.Багатырова («У пушчах Палесся»), Я.Цікоцкага (2-я рэд. «Алесі»), балеце Я.Глебава («Тыль Уленшпігель») і інш.