ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,

вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.

В.​С.​Вяргей.

Кераміка паморскай культуры.

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т САРМА́ЦКІ,

від партрэта, характэрны для мастацтва Рэчы Паспалітай, пераважна часоў барока (16—18 ст). Узнікненне звязана з комплексам светапогляду і культуры сарматызму (у бел.-літ. магнатэрыі пераважала паданне пра іх паходжанне ад патрыцыяў Стараж. Рыма). Спалучаў рысы параднага, рыцарскага і труннага (гл. Партрэт пахавальны) партрэтаў і прадстаўлены шырокім спектрам твораў — ад падобных да рэпрэзентатыўных зах.-еўрап. партрэтаў позняга рэнесансу і барока да народна-прымітыўнага мастацтва. У мастацтве Беларусі і Украіны шмат пераймаў ад фармальна-эстэт. асноў іканапісу, што абумовіла плоскаснасць трактоўкі аб’ёмаў, лінеарнасць малюнка, вял. плоскасці яркіх колеравых паверхняў, акцэнтаванне дэкар. элементаў і фактуры каштоўных тканін, адсутнасць святлоценявых эфектаў. Адметныя рысы П.с. — павышаная ўвага да пратакольнай дакладнасці партрэтнай характарыстыкі, адлюстраванне персанажа ў парадным адзенні, пышныя драпіроўкі, спалучэнне паэтычна-ўрачыстай рэтраспектыўнасці вобраза з інфарматыўнымі элементамі (выявы гербаў, атрыбутаў улады ці духоўнага сану, надпісы пра партрэтаванага і інш.). Стваральнікамі П.с. былі пераважна ананімныя цэхавыя мастакі (партрэты Міхаіла Барысавіча, мяжа 16—17 ст.; роду Весялоўскіх, 1630—40-я г.; А.​Астроўскага, 1-я пал. 17 ст.; І.​Завішы, 1732; Я.​Вішнявецкага, 3-я чвэрць 17 ст., і інш.), але захаваліся і імёны некат. жывапісцаў: І.​Шрэтэр (працаваў у 1641—85, аўтар партрэта К. і М. Радзівілаў, 1646), Д.​Шульц [1615—83; аўтар партрэтаў Радзівілаў (у т. л. Я.​Радзівіла, 1612—55) і Пацаў].

Літ.:

Тананаева Л.И. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;

Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт сармацкі. Партрэт Я.​Вішнявецкага. 3-я чвэрць 17 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХЛЕ́НКА (Леанід Рыгоравіч) (Гдальевіч; 6.9.1907, г.п. Церахоўка Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 9.3.1986),

бел. акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1946). Нар. арт. СССР (1966). Вучыўся ў Ленінградскім ін-це сцэн. мастацтва (1925—27, курс Л.​Віўена і С.​Радлава). З 1926 у Ленінградскім рабочым т-ры пралеткульта, у 1929—81 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы (у 1937—43 маст. кіраўнік; у 1956—58, 1967—69 адначасова маст. кіраўнік студый пры т-ры). Выкананыя ім ролі адметныя выразнасцю псіхал. характарыстык, філас. абагульненасцю, дэталёвасцю распрацоўкі: Старац («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Сымон («Салавей» З.​Бядулі), Гарлахвацкі («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Добрых («Амністыя» М.​Матукоўскага), Круціцкі, Прыбыткоў, Дудукін («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Апошняя ахвяра», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Бубнаў («На дне» М Горкага), Бераст («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Сцяпан Сыравараў («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Ён («Чацвёрты» К.​Сіманава). Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся дакладнасцю вобразнай структуры, тонкай распрацоўкай характараў, акцёрскай ансамблевасцю: «Канец дружбы» (1934, з Л.​Літвінавым), «Партызаны» (1938, з К.​Саннікавым) і «Хто смяецца апошнім» (1939, з І.​Раеўскім) К.​Крапівы, «Ваўкі і авечкі» (1936), «Без віны вінаватыя» (1938) Астроўскага, «Скупы» Мальера (1937), «Салавей» (1937, з Літвінавым), «У стэпах Украіны» Карнейчука (1941), «Рускія людзі» Сіманава (1943), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1953), «Вогненны мост» Б.​Рамашова (1954), «Пані міністэрша» Б.​Нушыча (1956), «Паўночная мадонна» бр. Тур (1962). Здымаўся ў кіно: «Хто смяецца апошнім», «Міколка-паравоз», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Веснавыя навальніцы». Дзярж. прэмія Беларусі 1970.

Літ.:

Грыгор’ева А. Вядомы дзеяч беларускай сцэны // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

К.​Б.​Кузняцова.

Л.Р.Рахленка.
Л.Рахленка ў ролі Яго.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́КЦЫЯ РАСЛІН,

тэорыя і практыка стварэння і паляпшэння сартоў і гібрыдаў раслін. Распрацоўвае спосабы ўздзеяння на расліны з мэтай змянення іх спадчынных якасцей у патрэбным кірунку. Звязана з сістэматыкай, марфалогіяй, фізіялогіяй, біяхіміяй раслін і інш. Тэарэт. аснова С.р. — генетыка раслін. Асн. метады С.р.: адбор, гібрыдызацыя, мутагенез, поліплаідыя. Перспектыўны кірунак С.р. — сінтэтычная С.р., заснавана на выкарыстанні з’явы трансгрэсіі (больш моцнае развіццё станоўчых якасцей у патомкаў у параўнанні з бацькоўскімі формамі) у гібрыдаў, што атрыманы скрыжаваннем некалькіх сартоў ці форм. На Беларусі навук. працы па С.р. вядуцца з канца 19 ст. (М.​В.​Рытаў, А.​Семпалоўскі, К.​Бяляўскі); планамерныя даследаванні — з 1920-х г. у Бел. аддзяленні Усесаюзнага ін-та раслінаводства, на Бел. с.-г. доследнай станцыі паляводства і інш. Да 1941 створаны бел. сарты і сабраны селекцыйны матэрыял палявых, агароднінных, пладовых і ягадных культур. Праблемамі С.р. займаюцца НДІ генетыкі і цыталогіі, аховы раслін і інш. Нац. агр. АН Беларусі, земляробства і кармоў, бульбаводства, гароднінаводства, пладаводства і інш. Нац. АН Беларусі. Створаны: сарты і гібрыды бульбы, капусты, якія спалучаюць прадукцыйнасць, хваробаўстойлівасць і макс. назапашванне пажыўных рэчываў; нізкарослыя і высокапрадукцыйныя сарты збожжавых культур; скараспелыя кукурузы; лёну і лубіну, устойлівыя да фузарыёзу і інш. Найб. вядомыя сарты бел. С.р.: азімага жыта — Спадчына, Завея-2, Дружба, Белта; ячменю — Жодзінскі-5, Крынічны, Прыма Беларусі, Візіт, Верас, Гонар; трыцікале — Дар Беларусі, Міхась, Мара, Лана; аўса — Вандроўнік; бульбы — Лазурыт, Явар, Скарб, Архідэя, Арбіта, Ласунак, Беларускі-3; лёну — Аршанскі-2; яблыні — Алеся, Антэй і інш. Шматлікія сарты бел. С.р. унесены ў нац. рэестры Расіі, Украіны, краін Балтыі.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕМІ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

публіцыстычная літаратура Беларусі і Украіны канца 16—1-й пал. 17 ст., у якой узнімаліся вострыя праблемы сац.-паліт. жыцця, дагматыкі, гіст.-культ. працэсаў у грамадстве. Прадстаўлена рукапіснымі і друкаванымі помнікамі на царк.-слав., стараж.-бел., укр., польскай і лац. мовах. Уключала палемічныя трактаты, развагі, памфлеты, апалогіі, абароны, адозвы і інш.

Творы хрысц. Пл. ўзніклі ў перыяд ранняга хрысціянства, асабліва пашырыліся пасля адасаблення праваслаўя і каталіцызму (1054). У 11—12 ст. у Кіеўскай Русі былі вядомы палемічныя трактаты, пасланні мітрапалітаў Льва, Георгія, Нікіфара, Іаана, Феадосія Пячэрскага і інш. Рэфармацыйная публіцыстыка на Беларусі прадстаўлена творамі бел. і польскіх пісьменнікаў, рэліг. і дзярж. дзеячаў (С.​Будны, А.​Волан, Л.​Крышкоўскі, М.​Радзівіл Чорны, М.​Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш.). Асобныя палемічныя пасажы мелі месца ў прадмове да «Евангелля» В.​Цяпінскага. П.л. эпохі контррэфармацыі на Беларусі — трактат Гербеста «Указанне шляху» (1566) і кніга П.​Скаргі «Пра адзінства касцёла Божага пад адзіным пастырам» (1577, 2-е выд. 1590). Адказам на іх былі ананімныя правасл. рукапісныя творы антыкаталіцкай накіраванасці: «Пасланне да лацін з іх жа кніг», «На богамярзотную, на паганую лаціну», «Павучэнне, нанова складзенае ў Літваніі» (каля 1581, 1582). Літ. палеміка асабліва актывізавалася напярэдадні і пасля Брэсцкай уніі 1596. З каталіцка-уніяцкага боку з’явіліся творы І.​Пацея «Унія» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынку і справы сінодавай» (1597), «Антырызіс» (1600), А.​Шчаснага-Жаброўскага «Кукаль, які рассявае Стафан Зізаній» (1595). Найб. значныя творы правасл. палемікі: трактаты С.​Зізанія «Казанне святога Кірылы Іерусалімскага пра антыхрыста» (1596), Хрыстафора Філалета «Апокрысіс» (1597, 1598), Клірыка Астрожскага «Гісторыя пра Лістрыкійскі, г.зн. разбойны Ферарскі або Фларэнційскі сінод» (1598). Большасць твораў П.л. ўзнікла ў 1-й трэці 17 ст.: з правасл. боку «Антыграфі...» (1608), «Трэнас» (1610) М.​Сматрыцкага, «Адказ на ліст віленскіх уніятаў» (1616) А.​Мужылоўскага, «Палінодыя...» (1619—20) З.​Капысценскага; з каталіцка-уніяцкага — «Гармонія...» і «Ерасі...» (1608) Пацея, «На трэны і лямант Тэафіла Арталога... перасцярога» (1610) Скаргі, «Абарона уніі» (1617) Л.​Крэўзы і інш. Новая хваля літ. палемікі выклікана аднаўленнем вышэйшай правасл. іерархіі ў Рэчы Паспалітай у 1620 іерусалімскім патрыярхам Феафанам. З’явіліся палемічныя творы грамадз. гучання: «Апраўданне невінаватасці» і «Абарона апраўдання» (1621), «Эленхус», «Суплікацыя і Юстыфікацыя» (абодва 1622) М.​Сматрыцкага, «Антыдотум» (1629) Мужылоўскага, «Антапалогія» (1631) Г.​Дзіпліца. Погляды уніятаў раскрываліся ў творах «Двайная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1622) І.​Руцкага, «Антыэленхус» (1622) А.​Сялявы, «Апалогія» (1628), «Парэнезіс», «Экзатэзіс» (абодва 1629) Сматрыцкага (пасля яго пераходу ў унію). У 1640-я г. з боку праваслаўных з’явіўся «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, з боку уніятаў — «Абарона святой саборнай апостальскай царквы» (1638), «Праўдзівы каляндар хрыстовай царквы», «Іерархія» Я.​Дубовіча, «Акуляры старому календару» К.​Саковіча (усе 1644). У сярэдзіне 16—18 ст. Пл. развівалася пераважна на тэр. Украіны. Вядома палеміка паміж П.​Магілам («Літас», 1644) і Саковічам («Перспектыва», 1642; «Кайло, або Молат на крушэнне камянёў схізмы», 1646). Палемічнай завостранасцю вызначаліся творы уніятаў П.​Боймы, Ц.​Жахоўскага, Я.​А.​Кулешы, Т.​Руткі, а таксама правасл. дзеячаў Л.​Барановіча, І.​Галятоўскага, І.​Гізеля і інш. Палемічныя трактаты, дыскусіі, абвяржэнні сталі асновай стварэння багаслоўскіх прац па гісторыі праваслаўя, каталіцызму, уніяцтва і інш. хрысціянскіх канфесій. Асобныя творы перавыдадзены ў 19—20 ст., большасць з іх маладаследаваныя, з’яўляюцца бібліягр. рэдкасцю.

Літ.:

Загайко П.К. Україньскі письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. З старажытных часоў да канца XVIII ст. Мн., 1968;

Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998;

Падокшын С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура. Мн., 1998.

У.​Г.​Кароткі.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА БЯСПЕ́ЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ (АБСЕ),

міжнар. арг-цыя. Склалася да сярэдзіны 1990-х г. у выніку дзейнасці Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). На пач. 1970-х г. СССР і яго партнёры па Арг-цыі Варшаўскага дагавору (гл. Варшаўскі дагавор 1955) ініцыіравалі скліканне нарады еўрап. дзяржаў для абмеркавання захадаў, якія забяспечылі б калект. бяспеку ў Еўропе. Ва ўмовах паляпшэння адносін паміж СССР, ЗША і краінамі Зах. Еўропы ў г. Хельсінкі адбыліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі (ліст. 1972 — чэрв. 1973) і пасяджэнні міністраў замежных спраў 33 еўрап. дзяржаў (акрамя Албаніі), ЗША і Канады (ліп. 1973). 2-і этап перагавораў аб скліканні НБСЕ прайшоў у вер. 1973 — ліп. 1975 у Жэневе. 30.7.1975 у Хельсінкі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 35 дзяржаў пачалася нарада, 1.8.1975 падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У 1977—94 адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц НБСЕ. У 1991 удзельнікамі НБСЕ сталі Албанія, Эстонія, Латвія, Літва, у 1992 — Беларусь і інш. краіны. На сустрэчы ў Будапешце (5—6.12.1994) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 52 краін (без Югаславіі), прынялі рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ у АБСЕ, падпісалі мемарандумы аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана, прынялі паліт. дэкларацыю «Да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху», якая вызначае ролю, месца і задачы АБСЕ ў пабудове будучай Еўропы. Органамі АБСЕ (з 1990) з’яўляюцца: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (адбываюцца кожныя 2 гады); Савет міністраў замежных спраў (засядае не менш як 1 раз на год); Сакратарыят з рэзідэнцыяй у Празе; Цэнтр па прадухіленні канфліктаў (Вена); бюро «За свабодныя выбары» (Варшава, ажыццяўляе назіранне за выбарамі); Парламенцкі сход АБСЕ; Камітэт вышэйшых дзярж. служачых (у ліку абавязкаў падрыхтоўка пасяджэнняў).

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СІЙ БРЭ́СЦКІ (Афанасій Філіповіч; каля 1595, Брэстчына — 15.9.1648),

святы бел. правасл. царквы, пісьменнік-публіцыст, паліт. і царк. дзеяч. З сям’і незаможнага шляхціца. Меў даволі добрую адукацыю. У 1622 канцлер ВКЛ Леў Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.​Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за рус. царэвіча, прэтэндэнта на маскоўскі трон. У 1627 пастрыгся ў манахі пры віленскім Святадухаўскім манастыры. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам), Дубайскім, Купяціцкім (каля Пінска); у 1640—41 ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. У 1637—38 ездзіў да рус. цара, у спец. рэляцыі «Гісторыя падарожжа ў Маскву» расказаў пра цяжкае становішча правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. За супрацьдзеянне Брэсцкай уніі 1596, рэзкія выпады ў адрас караля ў 1643 сасланы ў Кіеў, у 1644 арыштаваны як «дзяржаўны злачынца» па справе Я.​Лубы. З варшаўскай турмы накіраваў каралю шэраг артыкулаў з крытыкай палітыкі Рэчы Паспалітай, царк. іерархаў і свецкіх магнатаў. Выступаў за адраджэнне правасл. царквы і саюз з Рус. дзяржавай. Праз год пасля выхаду на волю (1648) зноў арыштаваны і абвінавачаны ў аказанні дапамогі казакам Б.​Хмяльніцкага. Пасля здзекаў і жорсткіх катаванняў па прыгаворы суда быў расстраляны. Аўтар «Дыярыуша» (1646), які змяшчае ўсю яго публіцыстыку і напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта — аднаго з найб. ранніх нотных запісаў у бел. музыцы. Кананізаваны царквой паміж 1658 і 1666. Мошчы Афанасія Брэсцкага знаходзяцца ў Брэсце. У яго памяць пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, а ў Гродзенскім Барысаглебскім манастыры — царква (не захавалася).

Літ.:

Коршунов А.Ф. Афанасий Филипович: Жизнь и творчество. Мн., 1965;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.

А.​А.​Цітавец.

Афанасій Брэсцкі.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ЧАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.

Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн. прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБР (Bison bonasus),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 падвіды: раўнінны еўрап. белавежскі (B.b. bonasus) і каўказскі (B.b. caucasicus). У мінулым быў пашыраны на тэр. Літвы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вял. Каўказа. На пач. 20 ст. захаваўся ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але быў знішчаны — у пушчы ў 1919, на Каўказе ў 1927.

У заапарках шэрагу краін захавалася 56 жывёл. Узнаўленне З. праводзілася ў спец. гадавальніках у Белавежскай пушчы ў Польшчы, заапарках Еўропы, на Каўказе, у Асканіі-Нова, Беларусі, Прыокскатэрасным і Окскім запаведніках, Літве. Еўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — гібрыдызацыяй B. bonasus × B. bonasus caucasicus. Акрамя чыстакроўных З. разводзяць гібрыдаў (зубрабізон і складаныя гібрыды са свойскай жывёлай). Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. У вясенне-летні перыяд З. трымаецца ў мясцінах з разнатраўем; увосень канцэнтруецца ў дубравах або лясах; зімой корміцца парасткамі, карой дрэў і інш., трымаецца паблізу падкормачных пунктаў. На Беларусі жыве падвід З. еўрап. белавежскі. Рэдкі, знаходзіцца ў стадыі аднаўлення папуляцый. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП і Беларусі. На 1.1.1997 у Белавежскай пушчы 280 З., у Бярэзінскім біясферным запаведніку 34, у Прыпяцкім запаведніку 29, у інш. раёнах Беларусі 43 асобіны. Трымаецца статкамі да 20 асобін на чале з самкай.

Даўж. цела да 3,5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 1,2 т; самкі драбнейшыя. Пярэдняя ч. тулава масіўная за кошт гарба. Галава адносна невял. з парай серпападобных рагоў. Шыя кароткая і тоўстая. Грудзі шырокія, магутныя. Поўсць адносна кароткая, зімой вельмі густая, бурая; на карку, шыі, падбародку доўгая, утварае грыву, бараду, махры падгузка. Палаваспелыя ў 3—4 гады. Нараджае пераважна 1 цяля; многія зубрыцы целяцца раз у 2 гады. Жыве 25—30 гадоў.

Зубр.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)