КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),
кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.
Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн. тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт.стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.
На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.
Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал.ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн.ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд.ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.
На бел. мову пераклаў паэму М.Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1991;
Між мінулым і будучым. Мн., 1986;
Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.
Літ.:
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кіапавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.Брыль, А.Кучар, А.Марціновіч, Л.Салавей і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Бел.пер. — Кара-Бугаз. 2 выд.Мн., 1935;
Калхіда. Мн., 1935;
Чорнае мора. Мн., 1938;
Аповесці. Мн., 1957;
Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.
Літ.:
Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;
Кременцов А.И. К.Г.Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;
Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;
Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.Г.Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург.Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫ РЭЙН-ВЕСТФА́ЛІЯ (Nordrhein-Westfalen),
зямля (адм. адзінка) на З Германіі. Пл. 34 тыс.км². Нас. каля 18 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Дзюсельдорф, найбуйнейшыя гарады: Кёльн, Дортмунд, Бохум, Эсэн, Гельзенкірхен, Дуйсбург, Мюльгайм, Вуперталь, Бон утвараюць Рэйнска-Рурскую агламерацыю з насельніцтвам больш за 12 млн.чал. Знаходзіцца ў межах Паўн.-Германскай нізіны (на Пн і З) і Рэйнскіх Сланцавых гор (на Пд і У). Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 17 °C, студз. каля 1 °C, ападкаў 600—700 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць каменны (Рурскі і Ахенскі басейны) і буры (Ніжнярэйнскі бас.) вуглі. Канцэнтруе каля 30% валавога нац. прадукту і прадукцыі апрацоўчай прам-сці Германіі. Здабыча каменнага (каля 70 млн.т штогод) і бурага (каля 100 млн.т) вугалю. На электрастанцыях вырабляецца каля 40% электраэнергіі краіны. Буйныя цэнтры нафтаперапрацоўкі (Кёльн, Гельзенкірхен) перапрацоўваюць імпартную нафту, якая паступае па нафтаправодах з партоў Паўн.мора. У Руры і яго наваколлі сканцэнтравана чорная і каляровая металургія. Развіты цяжкае машынабудаванне (абсталяванне для горназдабыўной прам-сці, доменнае і пракатнае, вагоны, станкі, рачныя судны, аўтамабілі), энергамашынабудаванне і электроніка, хім. (вытв-сць пластмас, сінт. валокнаў, каўчуку, асн. хімія), тэкст. (баваўняная, шаўковая), харч. (асабліва піваварная) прам-сць. Буйнейшая ў краіне вытв-сць цэменту і шкла. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне. Развіты агародніцтва, малочная жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунак, аўтастрад, водных шляхоў (Рэйн, суднаходныя прытокі і каналы), нафта-, газа- і прадуктаправодаў. Міжнар. аэрапорт Кёльн—Бон.
Зямля ўтворана брыг. акупац. ўладамі 23.8.1946 з б. прускай прав. Вестфалія і паўн. часткі Рэйнскай правінцыі. Канчаткова аформілася тэрытарыяльна (далучаны раён Ліпе-Дэтмальд) 21.1.1947. З 1949 у складзе ФРГ. 11.7.1950 набыла сілу канстытуцыя зямлі. У 1978—98 урад зямлі ўзначальваў сацыял-дэмакрат І.Рау (з 1999 прэзідэнт ФРГ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЗІ́НІЯ (Sardegna),
востраў у Міжземным м. на З ад Апенінскага п-ва, у складзе Італіі. Аддзелены ад в-ва Корсіка прал. Баніфача. Уключае 4 правінцыі: Кальяры, Нуора, Сасары, Арыстана. Пл. 24 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Берагі расчлянёны слаба. У рэльефе пераважаюць плато з асобнымі выш. 1000—1200 м і плоскія ўступы, якія стромка абрываюцца да мора. Найб.выш. да 1834 м (г. Ла-Мармара). Горы складзены ў асн. з гранітаў і крышт. сланцаў, на З і ПнЗ — лававыя і туфавыя плато. З ПнЗ на ПдУ цягнецца тэктанічная ўпадзіна Кампідана. Карысныя выкапні: кам. вугаль, поліметал. і жал. руды, баксіты, магнезіт, барыт, каалін. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 7—10 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм на раўнінах да 1000 мм за год у гарах. Значныя рэкі: Тырса, Флумендоса, Ману. Пераважаюць зараснікі — маквіс, фрыгана; у гарах — коркавы дуб. Гал. горад і порт — Кальяры.
З 7 ст. да н.э. С. каланізавалі фінікійцы і грэкі. З 535 да н.э. востравам валодаў Карфаген, з 238 да н.э. — Рым Стараж., у 5 ст.н.э. — вандалы, у 6—7 ст. — візантыйцы і готы, з 8 ст. — арабы. У 11 ст. арабы выгнаны з С. аб’яднанымі сіламі Пізанскай і Генуэзскай рэспублік, якія потым працяглы час сапернічалі паміж сабой за ўплыў на востраве. З 1326 С. пад уладай каралеўства Арагон, з 1479 — аб’яднанага Іспанскага каралеўства.
У 1708 у час вайны за іспанскую спадчыну С. перайшла да Аўстрыі, што замацаваў Раштацкі мір 1714, паводле Лонданскага дагавора 1720 — да Савойскай дынастыі і стала часткай Сардзінскага каралеўства. У 1793 жыхары С. сарвалі спробу франц. войск захапіць востраў. У 1799—1814, калі П’емонт (асн.ч. каралеўства) быў акупіраваны Францыяй, на востраве знаходзіліся сардзінскія каралі. З 1861 у складзе аб’яднанай Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,
349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.І.Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс.чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс.чал., праціўнік — каля 71 тыс.чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.Пісарэўскі, В.Маркевіч, А.Бушкоўскі, капітан М.Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.М.Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.