О́РЦЫ, Орцаўскае возера. У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мёрыца, за 8 км на ПнУ ад г. Міёры. Пл. 1,94 км², даўж. 4,8 км, найб.шыр. 930 м, найб.глыб. 19 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору 11 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 2—3 м, сугліністыя і супясчаныя, разараныя, месцамі пад хмызняком, на ПнУ 10—12 м, стромкія, укрыты лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Некалькі вузкіх заліваў. Зона мелкаводдзя вузкая (3—5 м), у паўн. плёсе пашыраецца да 50—80 м, пясчаная, месцамі гліністая; астатняя ч. дна ілістая. 2 астравы агульнай пл. 1,9 га. Празрыстасць 3,2 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі. Зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ,
вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Пагост-Загародскі. Утворана на месцы большай ч.Пагосцкага возера і прылеглых да яго зямель Пл. 16,2 км², даўж. 6,1 км, найб.шыр. 4,1 км, найб.глыб. 9,9 м, аб’ём вады 54,48 млн.м³. Былое возера абгароджана дамбай-плацінай даўж. 16,2 км, для рэгулявання аб’ёму вады ў плаціне ёсць вадавыпуск. П. напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы па падвадным канале (даўж. 8,5 км) пры дапамозе шлюзаў-рэгулятараў. Берагі спадзістыя, дно вадасховішча пясчанае. Замярзае ў сярэдзіне ліст.—пач. студзеня. Таўшчыня лёду 40—60 см. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 2—3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца для адпачынку, лоўлі рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕМЧУ́К (Аляксандр Яўсеевіч) (н. 25.12.1927, г. Адэса, Украіна),
рускі пісьменнік, сцэнарыст. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Займаўся журналістыкай. У аповесцях «Час летніх адпачынкаў» (1959, аднайм. фільм, 1960), «Молада — зелена» (1961, аднайм. фільм, 1962), рамане «Бедны мацярык» (1968), зб-ках апавяд. і нарысаў «Сцюжа» (1956), «Берагі» (1958) жыццё сучаснікаў. Аповесць «Хлопчыкі» (1970, экранізавана) пра выхаванцаў Маскоўскага харавога вучылішча. Аўтар аўтабіягр. рамана «Пяшчотны ўзрост» (1979, аднайм. фільм, 1983), рамана «Трыццаць шэсць і шэсць» (1982), аўтабіягр. аповесці «Таварыш Ганс» (1965; фільм «Яны не пройдуць»), апавяданняў, п’ес, вершаў, сцэнарыяў паводле сваіх твораў і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М. 1977;
Избранное. М., 1982;
Старое русло Клязьмы: Рассказы. Повесть. Роман. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,
Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб.шыр. 4,7 км, найб.глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн.м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і З парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак. — пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх.берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.
Г.С.Жукоўская.
Заслаўскае вадасховішча.Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́БА, Волаба,
возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².
Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 м (у зах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НКА,
рака ў Беларусі, у Ашмянскім, Смаргонскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Віліі. Даўж. 105 км. Пл. вадазбору 1490 км². Пачынаецца каля в. Мураваная Ашмянка Ашмянскага р-на, у вярхоўі цячэ па цэнтр. частцы Ашмянскага узв., у сярэднім і ніжнім цячэнні па Нарачанка-Вілейскай нізіне. Асн. прытокі: Гаружанка, Панарка, Сікуня, Сікунка (справа), Лоша, Кернава (злева).
Даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Схілы стромкія і абрывістыя, слабапарэзаныя, выш. 14—18 м. Пойма роўная, перасечаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Берагі стромкія, абрывістыя, у ніжнім цячэнні зараслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,4 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ Рачунскае вадасх., каля в. Харанжышкі сажалка. У пойме меліярац. каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОБР,
рака ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і ў Крупскім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 124 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца на Аршанскім узв., каля в. Рафалова Талачынскага р-на, цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Можа, Еленка, Пліса (злева), Нача (справа).
Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма няроўная, месцамі забалочаная, шыр. 300—500 м. Рэчышча звілістае, утварае меандры, шыр. ракі ў межань 6—25 м, у вусці каля 40 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 14,9 м³/с. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Па берагах паселішчы баброў, у пойме меліярац. каналы. На рацэ гар. пасёлкі Крупкі і Бобр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в.Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб.шыр. 0,85 км, найб.глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн.м³.
Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах.выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАІ́ЦІ (Haïti; стараж. назва Кіскея),
востраў у групе Вялікіх Антыльскіх астравоў, у Вест-Індыі. На Гаіці дзяржавы Гаіці і Дамініканская Рэспубліка. Абмываецца на Пн Атлантычным ак., на Пд — Карыбскім м. Ад в-ва Куба аддзелены Наветраным пралівам, ад в-ва Пуэрта-Рыка — пралівам Мона. Пл. 77 тыс.км². Нас. 14,4 млн.чал. (1994). Берагі моцна парэзаныя залівамі пераважна рыясавага тыпу. Складзены з вулканічных і асадкавых парод. Рэльеф гарысты, выш. да 3175 м (г. Дуартэ — самая высокая ў Вест-Індыі). Частыя землетрасенні. Клімат трапічны пасатны. На ПнУ і Пд схілы гор укрыты вечназялёнымі і мяшанымі трапічнымі лясамі. На З і ва ўнутр. раёнах — лістападныя лясы і хмызнякі, на вяршынях — хвойныя і цвердалістыя лясы. Адкрыты ў 1492 Х.Калумбам і названы ім Эспаньёлай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ (Columba livia),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (C.l. livia).
Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.