ПАВЕ́ТРАНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць узаемазвязаных працэсаў з удзелам глебавага паветра, якія вызначаюць яго колькасць, склад і іх перыяд. змены; адзін з фактараў урадлівасці глебы.

Уключае газаабмен паміж глебай і атмасферай (аэрацыю глебы), цвёрдай, вадкай і газападобнай ч. глебы (адсорбцыю, растварэнне газаў, выпарэнне і інш), глебай і жывымі арганізмамі (пераважна спажыванне кіслароду і выдзяленне вуглякіслага газу каранямі раслін, глебавымі фаунай і мікрафлорай, што ляжыць у аснове «дыхання» глебы), перамяшчэнне глебавага паветра. Залежыць ад кліматычных, пагодных умоў, структуры, складу паветр. уласцівасцей глебы (паветраёмістасці і паветрапранікальнасці), характару і развітасці расл. покрыва і інш.; цесна звязаны з водным рэжымам глебы і цеплавым рэжымам глебы, уплывае на жыўленне раслін. Паветра глебы займае да 75% яе аб’ёму і, у адрозненне ад атм., мае 1—20% кіслароду (паглынаецца глебай), 0,15—9,7% (і больш) вуглякіслага газу, больш вадзяной пары, азоту, яго аксідаў, аміяку, метану, вадароду, лятучых арган. рэчываў і інш. (выдзяляюцца ў атмасферу).

На Беларусі П.р.г. ў вегетац. перыяд спрыяльны для с.-г. раслін на аўтаморфных дзярнова-падзолістых, асушаных забалочаных і тарфяна-балотных глебах. Аптымізуюць яго паліваннем і апрацоўкай глебы, унясеннем угнаенняў (асабліва арган.), асушэннем пераўвільготненых глеб.

Л.​В.​Круглоў.

т. 11, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ НЕБЯСПЕ́КА,

імавернасць узнікнення і развіцця пажару, уздзеяння яго небяспечных фактараў. Вызначаецца схільнасцю рэчыва да загарання, інтэнсіўнасцю працэсу гарэння і спадарожных з’яў (напр., дымаўтварэння), а таксама магчымасцю яго спынення і залежыць ад стану навакольнага асяроддзя.

П.н. рэчыва абумоўлена сукупнасцю яго ўласцівасцей, што спрыяюць узнікненню і распаўсюджванню гарэння і ўтварэнню небяспечных фактараў пажару. Да іх адносяць: полымя, іскры, павышаную т-ру навакольнага асяроддзя, таксічныя прадукты гарэння і тэрмічнага разлажэння, дым, зменшаную канцэнтрацыю кіслароду; таксама асколкі і часткі разбураных аб’ектаў, радыеактыўныя і таксічныя рэчывы, эл. ток, выбух у выніку пажару, вогнетушыльныя рэчывы. Пажаранебяспечнымі з’яўляюцца гаручыя рэчывы і іх сумесі (напр., метан, прапан, бензол, сера, фосфар, драўніна, торф), акісляльнікі (перманганат калію, азотная к-та), рэчывы, якія пры ўзаемадзеянні з вадой ці інш. рэчывамі могуць вылучаць гаручыя газы (карбід кальцыю) ці вял. колькасць цеплыні (нягашаная вапна, серная к-та), сціснутыя і звадкаваныя газы і інш. П.н. тэхнал. працэсаў і апаратаў абумоўлена магчымасцю некантралюемага выхаду параметраў тэхнал. працэсаў за бяспечныя межы, а таксама недастатковасцю прафілактычных мерапрыемстваў пажарнай бяспекі.

Літ.:

Монахов В.Т. Методы исследования пожарной опасности веществ. 2 изд. М., 1979.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК СЛОЎ,

лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.

Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».

Літ.:

Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1987.

П.​У.​Сцяцко.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАКА́МЕРА (ад бара... + камера),

герметычная камера, дзе штучна ствараецца паніжаны (вакуумная баракамера) ці павышаны (кампрэсійная баракамера) бараметрычны ціск. Баракамеру, у якой можна мяняць тэмпературу, наз. тэрмабаракамерай. Аб’ём баракамеры — ад доляў да некалькіх соцень кубічных метраў.

Мае апаратуру для змены ціску і падтрымкі яго на зададзеным узроўні, назіральныя вокны, люкі, гукавую і светлавую сігналізацыю, перагаворныя прылады, асвятленне і інш. Выкарыстоўваецца для наземных выпрабаванняў самалётаў і касм. апаратаў ці іх адсекаў і элементаў, трэніровак лётчыкаў і касманаўтаў, вывучэння ўплыву на жывыя арганізмы гіпаксіі, паніжанага ці павышанага ціску і яго рэзкіх перападаў, змены газавага асяроддзя; лячэння шэрагу захворванняў (коклюшу, бранхіяльнай астмы, кесоннай хваробы і інш.) метадамі гіпербарычнай аксігенацыі і выканання некаторых хірург. аперацый (напр., аперацыі на адкрытым сэрцы).

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАМІ́СТЫКА, атамізм,

вучэнне пра дыскрэтную (перарыўную) будову матэрыі. Узнікла ў антычнай філасофіі. Адзін з яе стваральнікаў Дэмакрыт сцвярджаў, што першапачаткам усяго існага з’яўляюцца атамы (быццё) і пустата (небыццё). Атам — самая малая, непадзельная, непранікальная, неўспрымальная органамі пачуццяў частка рэчыва. Існуе бясконцая колькасць атамаў, якія адрозніваюцца сваёй формай, парадкам і размяшчэннем, чым і тлумачыцца разнастайнасць з’яў у свеце. Атамістыка Дэмакрыта была натурфіласофскай гіпотэзай. З развіццём прыродазнаўчых навук, фізікі і хіміі атамістыка становіцца вучэннем, калі ў канцы 19 ст. была выяўлена складаная структура атама, а вучэнне пра атам дапоўнена вучэннем пра малекулу. З развіццём у 20 ст. квантавай тэорыі ўяўленне пра атам, яго структуру і ўласцівасці яго элементаў істотна змянілася.

Т.​І.​Адула.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ШКЕРЦ ((Aškerc) Антон) (9.1.1856, в. Глабока, Славенія — 10.6.1912),

славенскі паэт, драматург. У 1881—98 святар. Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў «Балады і рамансы» (1890), «Лірычныя і эпічныя вершы» (1896) і інш., п’ес («Ізмайлаў», 1906, і інш.). Перавагу аддаваў баладам, паэмам, сатырам. Стварыў рэаліст. карціны сял. жыцця (балады «Вяселле ў Логах», 1887; «Камень на мяжы», 1888), увёў у славенскую паэзію вобраз рабочага. Нізка балад «Старая праўда» (1888) прысвечана сярэдневяковым сял. паўстанням. Адстойваў ідэю адзінства славян, асуджаў манархічны дэспатызм і захопніцкія войны («Новыя вершы», 1900). Папулярнасць набылі яго творы на гіст. тэмы (вершы «Прымаж Трубар», «Пакутнікі» і інш.). На бел. мову яго творы перакладаў Н.​Гілевіч.

М.​М.​Трус.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ЛІНА,

прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл. Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУТАГА́ВА (Руноскэ) (1.3.1892, Токіо — 24.7.1927),

японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т (1916). Выдатны стыліст і майстар навелы. У цэнтры твораў Акутагавы — вострыя праблемы сучаснасці, загадкавасць і непрадказальнасць чалавечай свядомасці (навелы-прытчы «Расёмон», 1915, «У гушчары», 1922, і інш.), трагічныя калізіі дабра ў свеце зла (псіхал. навелы «Восень», 1920, «Холад», 1924, сац.-фантаст. алегорыя «У краіне вадзянікоў», 1927, і інш.), адзінота чалавека, яго бездапаможнасць перад часам, гісторыяй (аповесць-споведзь «Жыццё ідыёта», 1927). Скончыў жыццё самагубствам. У Японіі ўстаноўлена літ. прэмія яго імя (1935). На бел. мову асобныя навелы Акутагавы пераклаў У.​Шатон.

Тв.:

Бел. пер. — Брама Расё;

Нос;

Павуцінкі // Далягляды. Мн., 1990;

Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1971;

Новеллы. М., 1989.

Р.Акутагава.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́Г (?—912, паводле інш. крыніц 922),

старажытнарускі князь. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», як сваяк Рурыка (паводле інш. крыніц, Алег — ваявода Рурыка) стаў пасля яго смерці (879) рэгентам пры малалетнім кн. Ігару, княжыў у Ноўгарадзе. Рэгенцтва Алега — гіст. міф, бо да пач. самаст. княжання Ігару было не менш як 33 гады. У 882 Алег рушыў з дружынай на Пд. Заняў Смаленск. Забіўшы кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, авалодаў Кіевам і зрабіў яго сталіцай. Пашырыў уладанні Русі на У, падпарадкаваўшы севяран і радзімічаў, здзейсніў 2 паспяховыя паходы на Канстанцінопаль (907 і 911). Адзін з найб. яркіх маст. вобразаў Алега створаны А.​С.​Пушкіным у паэме «Песня пра вешчага Алега» (1822).

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,

ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл. рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі яго абс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.

Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)