КАНАСАМЕ́НТ (франц. connaissement),
дакумент аб умовах дагавору перавозкі грузу марскім шляхам; распіска, якая выдаецца капітанам судна або агентам марскога трансп. прадпрыемства (параходства) грузаадпраўшчыку з пацвярджэннем прыняцця грузу да перавозкі і абавязацельствам дастаўкі яго ў порт прызначэння і выдачы адрасату (грузаатрымальніку). З’яўляецца каштоўнай паперай. Трымальнік гэтага дакумента атрымлівае права распараджацца грузам. Адрозніваюць К.: лінейны у якім выкладзена воля адпраўшчыка па заключэнне дагавору перавозкі грузу чартарны — пагадненне аб найме судна для выканання рэйса або на вызначаны час; берагавы пацвярджае прыём грузу ад адпраўшчыка на беразе (на складах перавозчыка); бартавы выдаецца, калі тавар пагружаны на судна. Паняцце К., яго неабходныя рэквізіты і ўмовы складання вызначаны ў кодэксе гандл. мараплавання. Адсутнасць рэквізітаў пазбаўляе К. функцый тавараразмеркавальнага дакумента, і ён не з’яўляецца каштоўнай паперай.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)