пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Існавалі публічныя і духоўныя П.в. Публічныя паводле статута навуч. устаноў (1804) адкрываліся ў губернскіх і пав. гарадах для падрыхтоўкі выхаванцаў «усякага звання» да паступлення ў гімназію. Мелі 2-гадовы тэрмін навучання. Паводле статута 1828 рэарганізаваны ў 3-класныя. У іх вывучаліся свяшчэнная і царк. гісторыя, рус. і ўсеагульная гісторыя, арыфметыка, геаграфія, чарчэнне і інш. Пры вучылішчах адкрываліся дадатковыя курсы, якія давалі пач.прафес. адукацыю. У Віленскай навучальнай акрузе П.в. (паводле асобных статутаў ад 1803 і 1804) мелі свае асаблівасці: ствараліся таксама ў мястэчках, тэрмін навучання да 6 гадоў, захоўвалі праграмы Адукацыйнай камісіі, падзяляліся на свецкія і манаскія (каталіцкія і уніяцкія), выпускнікі мелі права паступаць у ВНУ; у большым аб’ёме вывучаліся прававыя навукі, фізіка, геаметрыя, прыродазнаўства, логіка; дадаткова выкладаліся польская мова (рус. мова вывучалася як замежная), гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ, каморніцтва, хімія, тэорыя вакцынацыі, сельская гаспадарка, архітэктура і інш. У 1803 у Беларусі дзейнічалі 23 П.в. Пазней некат. атрымалі статус гімназій. Пасля рэарганізацыі ў 1826 праграмы навучання бел. П.в. набліжаны да агульнаімперскіх. Паводле статута 1828 П.в. рэарганізаваны і падзяляліся на 5-класныя для дваран (філіялы гімназій) і 3—4-класныя для мяшчан (у 1834—35 яны таксама пераўтвораны ў дваранскія 5-класныя). У 1858 замест 19 пяцікласных П.в. адкрыта 7 гімназій і 12 трохкласных вучылішчаў, у 1865 трохкласныя вучылішчы на бел. землях рэарганізаваны ў 2-класныя. У 1884 на Беларусі 21 П.в. На большай частцы Рас. імперыі П.в. пераўтвораны ў гарадскія вучылішчы ў 1872, на Беларусі яны праіснавалі да 1909. Духоўныя П.в. ствараліся ў Рас. імперыі з пач. 19 ст. паводле статута 1808. Яны падзяляліся на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя, падпарадкоўваліся Камісіі па справах духоўных вучылішчаў пры св. Сінодзе. Рыхтавалі святароў і тых, хто жадаў паступіць у семінарыі. З 1860-х г.правасл. П.в. атрымалі назву духоўных вучылішчаў; у пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі 3 жан. і 9 мужчынскіх. Скасаваны ў 1917.
Літ.:
Воронов А. Историко-статистическое обозрение учебных заведений Санкт-Петербургского учебного округа с 1829 по 1853 включительно. СПб., 1854;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915;
Погодин А.Л. Виленский учебный округ, 1803—1831 гг. СПб., 1901;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА (ад грэч. plasma літар. вылепленае, аформленае) у фізіцы, іанізаваны газ, у якім шчыльнасці дадатных і адмоўных зарадаў прыкладна аднолькавыя. Мае шэраг асаблівасцей, якія дазваляюць лічыць яе асобным (нараўне з цвёрдым, вадкім і газападобным) агрэгатным станам рэчыва. У стане П. знаходзяцца Сонца, гарачыя зоркі, міжзорнае асяроддзе, зоркавыя атмасферы, галактычныя туманнасці і інш. Уласцівасці П. вывучае фізіка плазмы.
У залежнасці ад ступені іанізацыі (адносін канцэнтрацыі зараджаных часціц да поўнай іх канцэнтрацыі) адрозніваюць слаба, сярэдне і поўнасцю іанізаваную П. З-за наяўнасці паміж зараджанымі часціцамі далёкадзейных (кулонаўскіх) сіл нават разрэджаная плазма з’яўляецца складана арганізаваным асяроддзем з мноствам элементарных і калект. працэсаў у ім. Штучна П. атрымліваюць з дапамогай эл. поля ў газавых разрадах, нагрэву газу, уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў, ударных хваль і інш. Уласцівасці П. ў знешніх палях апісваюцца кінетычным ураўненнем Больцмана (гл.Кінетычная тэорыя газаў) і сістэмай Максвела ўраўненняў, у якія ўваходзяць самаўзгодненыя (пэўным спосабам усярэдненыя) эл. і магн. палі. Калі ўласна плазменныя эфекты неістотныя, карыстаюцца больш грубымі набліжэннямі магнітнай гідрадынамікі. Многія ўласцівасці, характэрныя для П., маюць таксама сукупнасці носьбітаў зараду ў паўправадніках і металах; іх асаблівасць — магчымасць існавання пры нізкіх (для газавай П.) т-рах — пакаёвай і ніжэй Выкарыстанне высокатэмпературнай П. (т-ра да 108К) звязана з праблемай ажыццяўлення кіравальных тэрмаядзерных рэакцый. Найб. пашырана выкарыстанне ў тэхніцы нізкатэмпературнай (халоднай) П. (т-ра прыкладна ад 103 да 105К) у газаразрадных прыладах, газавых лазерах, магнітагідрадынамічных і тэрмаэмісійных генератарах, плазматронах, плазменных паскаральніках і інш. (гл.Плазменная тэхналогія, Плазмахімія).
На Беларусі даследаванні па фізіцы і тэхніцы П. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це з канца 1940-х г. (вывучэнне працэсаў, што працякаюць у вобласці кантакту электраразраднай П. з металамі), Ін-це фізікі з 1955 (П. эл. дугавых і іскравых разрадаў як крыніцы святла, а з 1960 — сістэматычныя даследаванні нізкатэмпературнай П.), Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Арцимович Л.А. Элементарная физика плазмы. 3 изд. М., 1969;
Трубников Б.А. Введение в теорию плазмы. Ч. 1—3. М., 1969—78;
Основы физики плазмы. Т. 1—2. М., 1983—84;
Чен Ф.Ф. Введение в физику плазмы: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ТМІКА (ад. грэч. rhythmikos які адносіцца да рытму) у вершаскладанні, 1) рытмічнае разгортванне слоўных адзінак у часе, характэрнае для асобнага верша, твора, цыкла, зборніка або ўсёй творчасці пэўнага аўтара.
2) Раздзел вершаскладання, які вывучае рытмічную будову нац. верша ў яго гіст. развіцці ці ў кантэксце. Звычайна Р. афармляецца ў выглядзе метрычных схем і графікі памераў. Асн. памеры: ямб, харэй, спандэй, пірыхій, дактыль, амфібрахій, анапест. Яны выкарыстоўваюцца для апісання і характарыстыкі рытмічнай пабудовы, аднак гэта сістэма недастатковая. Ствараючы твор, паэт звычайна не кіруецца пэўнай схемай, таму для аналізу верша магчыма выкарыстанне і муз. прыёмаў, прымаючы пад увагу, што Р. ў паэзіі суадпаведная Р. ў музыцы. Есць тэорыя акустычнай метрыкі, якая грунтуецца на аб’ектыўных даных, атрыманых з дапамогай пэўных прыбораў. Але ўсе гэтыя тэорыі не могуць будавацца без уліку семантыкі тэксту, значэння слоў у вершы. Вывучэнне еўрап. Р. пачалося ў антычнасці. Найб. поўна Р., названая «прасодыяй», распрацавана ў эпоху Адраджэння. На Беларусі першыя спробы распрацоўкі Р. звязаны з імёнамі Л.Зізанія і М.Сматрыцкага. У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся працы Я.Карскага, І.Насовіча, М.Багдановіча. Іх традыцыі працягвалі Я.Барычэўскі, Ю.Бярозка, А.Вазнясенскі, У.Дубоўка. Сістэматычнае вывучэнне Р. пачалося ў канцы 1960-х г., калі з’явіліся спец. працы М.Грынчыка, В.Рагойшы, І.Ралько, М.Янкоўскага, А.Яскевіча і інш. Яны стварылі аснову для вывучэння Р. як эстэт. з’явы, распрацавалі асн. прынцыпы аналізу, хоць і сёння многія пытанні, звязаныя з рытміка-кампазіцыйнай арганізацыяй верша, інтанацыяй, мелодыкай не вывучаны.
Р. ў музыцы, 1) сукупнасць муз. гукаў і іх спалучэнняў, якія характарызуюць асаблівасці рытму ў пэўным стылі (аўтара, эпохі), жанры ці асобным творы і інш. (напр., Р. бел. карагодна-гульнявой песні).
2) Вучэнне пра рытм. Самаст. частка ант. і сярэдневяковай тэорыі музыкі; пазней адзін з важных элементаў вучэння пра кантрапункт і форму музычную. У сучаснай сістэме муз. адукацыі адзін з асн. раздзелаў элементарнай тэорыі музыкі і аналізу муз. твораў.
3) Сістэма маст. выхавання рытмавага пачуцця; вучэбная дысцыпліна, засн. на спец.фіз. практыкаваннях пад музыку. Садзейнічае развіццю муз. слыху і памяці. Выпрацоўвае адчуванне пластыкі муз. руху, яго памеру і тэмпу. Можа выкарыстоўвацца для выпраўлення фіз. недахопаў чалавека (у выглядзе аэробікі). Распаўсюджана ў Зах. Еўропе. Пашыраецца і на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЕ ДАСЛЕ́ДАВАННЕ,
сістэма паслядоўных метадалагічных, метадычных і арганізацыйна-тэхн. працэдур, накіраваных на атрыманне ведаў аб пэўных сац. з’явах і працэсах, тэндэнцыях і супярэчнасцях іх развіцця. Абумоўлена грамадскай патрэбнасцю ў новых сац. ведах, пазнанні грамадства, тэндэнцый развіцця сац. адносін, фактараў, якія ўплываюць на сац. з’явы, змены ўзаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі і дзяржавай. Тэорыя С.д. накіравана на асэнсаванне сутнасці сац. аб’ектаў і сувязі паміж імі, тлумачэнне сац. з’яў і працэсаў. Метадалогію С.д. складаюць агульнанавук. сродкі пазнання сац. аб’ектаў і спецыфічныя метады, непасрэдна звязаныя з прадметам даследавання. Методыка С.д. — гэта сістэма аперацый, працэдур, прыёмаў вывучэння сац. аб’ектаў, іх сістэматызацыя і аналіз. Паводле складанасці і маштабнасці задач адрозніваюць С.Д.: разведвальныя (пілатажныя, зандажныя) — пробныя, папярэднія даследаванні, якія праводзяцца з мэтай удакладнення элементаў асн. С.д.; апісальныя, накіраваныя на вывучэнне складаных, неаднародных па сваіх якасных і колькасных характарыстыках сац. аб’ектаў; аналітычныя — вывучэнне прычын, што абумовілі пэўны характар змен сац. аб’ектаў, вызначэнне і паглыблены аналіз яго асн. параметраў, уласцівасцей і функцый. Вылучаюць тэарэт. і эмпірычныя С.д. У межах тэарэтычнага С.д. распрацоўваюцца сацыялагічныя тэорыі, ажыццяўляецца тыпалагізацыя і класіфікацыя сацыялагічнай інфармацыі, выяўленне заканамернасцей, тэндэнцый і перспектыў развіцця пэўных сац. працэсаў і з’яў і сацыялагічнай навукі ўвогуле. Эмпірычнае С.д. вывучае і абагульняе сац. факты шляхам прамой ці ўскоснай рэгістрацыі. С.д. праводзіцца па распрацаванай праграме (сістэме тэарэт. і эмпірычных працэдур), якая складаецца з метадалагічнай і працэдурнай частак. Метадалагічная частка ўключае этапы вызначэння праблемы, аб’екта і прадмета С.д., характарыстыкі мэтаў і задач, удакладнення асн. паняццяў, папярэдняга апісання (сістэмнага аналізу) аб’екта даследавання, фармулявання гіпотэз. Працэдурная частка С.д. заключаецца ў распрацоўцы стратэгічнага плана даследавання, апісанні метадаў і тэхнікі збору сацыялагічных даных, сістэматызацыі і аналізе атрыманай інфармацыі. У С.д. выкарыстоўваецца шэраг спец. сацыялагічных метадаў. Найб. пашыраныя метады збору сацыялагічнай інфармацыі: апытанне (анкетаванне і інтэрв’ю), аналіз дакументаў (усебаковае даследаванне тэкставых дакументаў, дакладаў, пратаколаў, архіўных матэрыялаў і інш., абагульненне і сістэматызацыя атрыманых даных), кантэнт-аналіз (колькаснае вывучэнне зместу, сац. інфармацыі, найб. распаўсюджанае пры даследаваннях СМІ), назіранне, эксперымент, мадэліраванне сацыяльнае, матэматычнае мадэліраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ АСО́БЫ,
сацыялагічная тэорыя, якая разглядае асобу як сацыяльна тыповае адлюстраванне і індывідуальнае ўвасабленне пэўнай сістэмы грамадскіх адносін і адначасова як сацыяльна-тыповы суб’ект гэтых адносін. Прадмет С.а. — вывучэнне сац.гіст. і сац.-культурных тыпаў асобы, сац.-тыповых кампанентаў яе структуры і функцый, якія рэалізуюцца індывідам. С.а. зыходзіць з таго, што ў працэсе сац.-гіст. развіцця індывід вылучыўся з родаплемянной супольнасці людзей раней, чым асоба. Адбылося гэта ў эпоху неалітычнай рэвалюцыі (8—7-е тыс. да н.э.), якая дала пачатак цывілізацыйнаму развіццю чалавецтва. Паліятыўны тып індывіда, які набываў некат. рысы асобы, склаўся пазней, прыкладна з канца 2-га тыс. да н.э. і да завяршэння таго перыяду, які К.Ясперс назваў «восевым часам» (8—2 ст. да н.э.). Сама ж асоба як сістэма сац. якасцей індывіда і суб’ект сац. дзейнасці пачынае праяўляцца спачатку ў антычнай культуры, потым у хрысціянстве. Гэты працэс завяршыўся ў эпоху Адраджэння і наступных за ёй бурж. рэвалюцый, на хвалі якіх узнікла індустр. цывілізацыя (цывілізацыя асобы). У межах гэтай цывілізацыі, паводле М.Вебера, асоба вылучаецца як самастваральны суб’ект актыўнай сац. дзейнасці. К.Маркс, З.Фрэйд, П.А.Сарокін, Т.Парсанс і інш. сацыёлагі ўстанавілі асн. кампаненты структуры асобы: самасвядомасць, самаацэнка, актыўнасць, інтарэсы, накіраванасць, перакананні, устаноўкі, каштоўнасныя арыентацыі, ідэнтычнасць, сац. статус, сац. ролі, самарэалізацыя, самаразвіццё. Структура асобы ў асн. абумоўлена сістэмамі дзеяння, у якія яна ўключана. Паводле Парсанса, асн. функцыі асобы — адаптацыйная, арыентацыйная, пазнавальная, ацэначная, экспектацыйная, аксіялагічная, кантралюючая, стабілізуючая, варыяцыйная, матывацыйная, камунікатыўная і інш. Спецыфічнае для кожнай асобы ўзаемадзеянне гэтых функцый і структурных кампанентаў вызначае яе магчымасць выконваць розныя сац. ролі, у даследаванне якіх пэўны ўклад зрабіў Р.Лінтан, Дж.Мід, Р.Мертан, І.Гофман і інш. Вылучаюць наступныя сац. тыпы асобы: пасіянарны, мадальны, базісны, маргінальны, мафіёзны, аўтарытарны, дэмакратычны, рэактыўны, праактыўны і інш. Асобасная тыпалагізацыя і рэалізацыя сац. характарыстык розных тыпаў асобы мае практычнае значэнне пры фарміраванні асобы, а таксама ў штодзённым жыцці чалавека.
Літ.:
Кон И.С. Социология личности. М., 1967;
Парсонс Т. Система координат действия и общая теория систем действия: культура, личность и место социальных систем // Американская социологическая мысль: Тексты: Пер. с англ.М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
сацыялагічная тэорыя, змест якой складаюць законы і катэгорыі, што вызначаюць працу як неабходную ўмову жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Аб’ектам С.п. з’яўляецца праца як з’ява і як працэс у іх сац. накіраванасці на чалавека, які працуе. Прадмет С.п. — сац.-тыповыя працэсы, якія адлюстроўваюцца ў адносінах чалавека да працы, яго прац. актыўнасці. Тыповым для С.п. з’яўляецца аналіз установак і паводзін чалавека ў залежнасці ад зместу і характару працы. У працэсе навукова-тэхн. прагрэсу тэхніка і тэхналогія вытв-сці ўдасканальваюцца. Гэта выклікае змены прац. функцый чалавека, суадносін ручной, механізаванай і аўтаматызаванай, а таксама фіз. і разумовай працы, ускладненне яе арг-цыі. Якасныя зрухі ў змесце працы ствараюць перадумовы для змены яе характару, што ў сваю чаргу ўплывае на змест працы, запавольвае або садзейнічае яе развіццю. Закон адпаведнасці вытв. адносін узроўню развіцця прадукц. сіл (К.Маркс) праяўляецца ў сферы працы ў выглядзе закону адпаведнасці яе характару і зместу; з’яўляецца адным з асн. законаў С.п. і стварае катэгарыяльны апарат дадзенай тэорыі.
С.п. развівалася пад уздзеяннем праблем, звязаных са зменай спосабу вытв-сці і адпаведнай зменай прац. адносін. Яе законы функцыянавалі і да ўзнікнення С.п. як навукі. Напр., закон падзелу працы ўзнік у рабаўладальніцкім грамадстве, эвалюцыйна развіваўся ў перыяд феадалізму і рэвалюцыянізаваў у 1950-я г. на этапе навукова-тэхн. рэвалюцыі. У працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай пачаў развівацца закон перамены працы, які рэвалюцыянізаваў амаль адначасова з законам падзелу працы. У капіталіст. вытв-сці пашырыў свае функцыі закон канкурэнцыі як асн. закон вытв-сці, які стымулюе развіццё законаў падзелу і перамены працы. З пачаткам фарміравання рыначнай сістэмы гаспадарання ў постсавецкіх грамадствах (1990-я г.) С.п. звязваецца з паводзінамі работадаўцаў і наёмных работнікаў у адказ на дзеянне эканам і сац. стымулаў да працы. Асн. акцэнт робіцца на эканам. стымулы, якія рэгулююць прац. паводзіны сац.-прафес груп. Большая ўвага аддаецца метадам аналізу і вырашэння прац. канфліктаў, сістэме сац. гарантый у сферы працы, сац. ін-там і механізмам сац. абароны работнікаў.
Літ.:
Штольберг Р. Социология труда: Пер. с нем. М., 1982;
Социология труда. М., 1993;
Маркович Д.Ж. Социология труда: Пер. с сербскохорв. М., 1997;
Адамчук В.В., Ромашов О.В., Сорокина М.Е. Экономика и социология труда. М., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),
Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел.нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр.Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г.наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ.«Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал.паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦККПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЗМУ ПРЫ́НЦЫП,
погляд на быццё, чалавечае грамадства і культуру як на працэсы, што змяняюцца ў часе і прасторы, маюць набор пэўных прыкмет, спецыфічных для кожнай гіст. эпохі, рэгіёна ці этнічнай супольнасці. Гістарызму прынцып несумяшчальны з архаізацыяй або мадэрнізацыяй аб’ектаў даследавання, калі яны характарызуюцца паняццямі і аксіялагічнымі крытэрыямі папярэдніх або пазнейшых ступеней гіст. развіцця. Класічная антычная культура сфарміравалася на аснове фаталістычнага светапогляду, паводле якога лічылася, што гіст. падзеі, катастрофы ў жыцці народаў і асобных людзей прадвызначаны лёсам, якому падпарадкавана людское і боскае жыццё. Пазней узнікла гіст. навука (гл.Гісторыя), у якой прагматычнае апісанне падзей і людскіх учынкаў дапаўнялася міфал. сюжэтамі. Гістарызм як спецыфічны прынцып рэтраспектыўнага ўпарадкавання пройдзеных этапаў грамадскага быцця і культуры сфарміраваўся ў стараж.-егіпецкай цывілізацыі, яскрава выявіўся ў біблейскай гісторыі. Біблія паслужыла крыніцай для правідэнцыялісцкай канцэпцыі сярэдневяковай гіст. навукі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва гістарызму прынцып паступова секулярызаваўся, гіст. падзеі пачалі тлумачыць натуральнымі, сац.-паліт. і псіхал. прычынамі, узніклі першыя канцэпцыі філасофіі гісторыі (тэорыя «кругаваротаў» Дж.Віка, гіст. прагрэсу І.Гердэра, інш. філосафаў Асветніцтва). Г.Гегель стварыў дыялектычную філасофію гісторыі, паводле якой сусветны гіст. працэс — гэта паэтапнае самараскрыццё лагічнага пачатку (субстанцыі) быцця; пры гэтым кожны этап выяўляецца праз рэалізацыю нац. ідэі таго ці іншага гіст. народа. К.Маркс, Ф.Энгельс, рас. марксісты Г.Пляханаў, У.Ленін і інш. на аснове інтэрпрэтацыі гегелеўскай дыялектыкі стварылі гістарычны матэрыялізм, паводле якога гіст. працэсы вызначаюцца развіццём матэрыяльнай асновы грамадскага быцця — дыялектычнай супярэчнасцю паміж прадукцыйнымі сіламі і вытв. адносінамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзнікла канцэпцыя гісторыі як паслядоўнай змены нацыянальна замкнёных культ.-гіст. тыпаў (М.Данілеўскі, К.Лявонцьеў у Расіі) і «закрытых» цывілізацый (О.Шпенглер у Германіі). Бел. навука навука 16—18 ст. захавала фрагменты характэрнага для папярэдняй летапіснай гісторыі правідэнцыялізму. Аднак паступова яны выцясняліся прагматычным метадам, паводле якога гіст. падзеі з’яўляюцца вынікам мэтанакіраваных учынкаў герояў і народаў. У пач. 20 ст. пачалося даследаванне гісторыі Беларусі, яе духоўнай культуры з пункту гледжання нац. самабытнасці. Гегелеўская філасофія гісторыі была дапоўнена дэмакр. прынцыпамі раўнацэннасці ўсіх народаў і іх культур, адкінуты імперскія міфы пра «негістарычныя» народы. Рэалізацыя гэтых ідэй адбывалася ў ходзе даследавання гісторыі і культуры Беларусі, у абагульняльных даследаваннях па гісторыі, л-ры, маст. культуры, шматлікіх энцыклапедычных выданнях («Гісторыя Беларускай ССР», т. 1—5, 1972—75; «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87; «Янка Купала», 1986; «Францыск Скарына і яго час», 1988; «Этнаграфія Беларусі», 1989; «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1993—97, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,
кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.
Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.
На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш.мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.
Літ.:
Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;
Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;
Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГІЛІ́ЗМ,
сацыяльна-філасофская канцэпцыя абсалютнага адмаўлення духоўных асноў быцця і агульнапрынятых каштоўнасцей (ідэалаў, рэліг. і маральных норм, культуры, грамадскіх ін-таў, гіст. мінулага). Асн. ідэі Н. прысутнічалі ў рэліг.-філас. вучэннях сярэднявечча. У 11 ст. ератыкоў называлі «нігіліяністамі» (па назве вучэння, якое адмаўляла існаванне Хрыста); у 18—19 ст. у Еўропе тэрмін «Н.» ужываўся для абазначэння крайнасцей ідэалізму і скептыцызму. Пачынаючы з Ф.Ніцшэ, зах.філас. і этычны Н. набыў змест вучэння «пачатку эпохі заняпаду». Ніцшэ надаў Н. кірунак «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей», разглядаў яго як этап вызвалення ад ілюзій гуманізму ў працэсе руху да «звышчалавека», які стаіць «па той бок дабрыні і зла». Непасрэдная прычына Н., на думку Ніцшэ, — разлажэнне хрысціянскай маралі і рэліг. свядомасці, страта веры ў Бога. Новая інтэрпрэтацыя Н. ўзнікла ў 20 ст. ў філасофска-гіст. канцэпцыі «культурных цыклаў» О.Шпенглера, які лічыў еўрап. грамадства і культуру нігілістычнымі (гл.Культурных цыклаў тэорыя). «Эпоха заняпаду», якую перажывае кожны культурны арганізм, характарызуецца спецыфічнымі рысамі: разважнасцю, цвярозым практыцызмам, сенсуалістычна-матэрыялістычным падыходам да чалавека і свету. Гэтыя моманты, паводле Шпенглера, і складаюць аснову нігілістычнага светаадчування. У зах. філасофіі 2-й пал. 20 ст. праблемы Н. распрацоўваліся найперш экзістэнцыялістамі (М.Хайдэгер, К.Ясперс, А.Камю). Узнікненне Н. яны звязваюць з тым, што грамадства страціла веру ў тыя ідэалы, якія складаюць сэнс чалавечай дзейнасці. На іх думку, чалавечае жыццё ў сучасных умовах становіцца бессэнсоўным. Таму Камю заклікаў людзей усведамляць абсурднасць сваіх дзеянняў. У Расіі і на Беларусі гал. носьбітам ідэалогіі і псіхалогіі Н. былі прадстаўнікі разначыннай дэмакр. інтэлігенцыі канца 1850—60-х г. Спецыфічнай рысай гэтага Н. быў рацыяналізм, заснаваны на кульце «ведаў», пакланенні прыродазнаўчым навукам, перанясенні іх метадаў на сац. і духоўную сферы. Разбурэнне мінулага, ператварэнне яго ў «нішто» было найважнейшай прыкметай Н. Канкрэтныя справы прыхільнікі Н. разумелі як разрыў з традыц. сістэмай каштоўнасцей у адукацыі і выхаванні, барацьбу за індывідуальнасць, бунт, рэвалюцыю, разбурэнне ўсіх рэліг., дзярж. і культ. дасягненняў, як пратэст супраць усяго існуючага. Тэарэтыкі рас. Н. адхілялі кансерватыўную ідэалогію і рэліг. забабоны, ідэаліст. філасофію, дэспатызм у грамадстве і сям’і, «мастацтва дзеля мастацтва», «навуку дзеля навукі», патрабавалі свабоды асобы, раўнапраўя жанчын, абгрунтоўвалі выключную ролю інтэлігенцыі ў пераўтварэнні краіны. Н. стаў асновай светапогляду рэв.-дэмакр. кірункаў сац.-філас. і грамадска-паліт. думкі таго часу. Маючы форму актыўнага пратэсту ён падштурхоўваў да змянення навакольнай рэчаіснасці. У 1860-я г. Н. паступова страціў свой уплыў у рас. грамадстве, яго прадстаўнікі падзяліліся на рэвалюцыянераў-дэмакратаў, прапаведнікаў культурніцтва, блізкіх да лібералаў, і радыкалаў-анархістаў.