ЭЛЕКТРАХІ́МІЯ,
раздзел фізічнай хіміі, які вывучае сувязь паміж эл. і хім. з’явамі, заканамернасці ператварэння эл. энергіі ў хім. і адваротныя працэсы. Тэарэтычная Э. вывучае прыроду электралітаў і іх электраправоднасць, электрахім. раўнавагу на мяжы электрода з растворам, скорасці электрахім. рэакцый, мембранныя працэсы і раўнавагу на мяжы дзвюх іонных сістэм. Дастасавальная Э. распрацоўвае навук. асновы тэхналогіі электрахім. вытв-сцей з мэтай стварэння аптымальных умоў для правядзення электролізу і работы хім. крыніц.
Сістэматычныя даследаванні па Э. сталі праводзіцца пасля стварэння ў 1800 А.Вольтам першай крыніцы пастаяннага току. Пазней даследаванні вяліся ў 2 асн. кірунках: вызначэнне прычыны і механізма ўзнікнення эрс гальванічных элементаў; вызначэнне ўплыву эл. току на растворы к-т і солей. З адкрыццём законаў электролізу (гл. Фарадэя законы) Э. стала навук. дысцыплінай. Яе развіццю спрыялі стварэнне тэорыі электралітычнай дысацыяцыі і тэорыя, паводле якой крыніцай эл. энергіі ў гальванічным элеменце з’яўляецца энергія хім. рэакцыі.
На Беларусі даследаванні па Э. вядуцца ў НДІ і на кафедры фіз. хіміі ВНУ, у БДУ і інш.
Літ.:
Судариков С.А. Введение в электрохимическую термодинамику гальванических элементов. Мн., 1973;
Электрохимия: Прошедшие 30 и будущие 30 лет: Пер. с англ. М., 1982;
Дамаскин Б.Б., Петрий О.А. Электрохимия. М., 1987.
т. 18, кн. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)