ХОЙЛ (Hoyle) Фрэд (24.6.1915, Бінглі, Вялікабрытанія — 20.8.2001),
англійскі астраном, папулярызатар навукі, пісьменнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1957), Каралеўскага астр.т-ва (1940; у 1971—73 прэзідэнт). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1969). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1939), дзе і працаваў (з 1967 дырэктар Ін-та тэарэт. астраноміі). З 1975 у Кардыфскім ун-це. Навук. працы па астрафізіцы, касмагоніі Сонечнай сістэмы, пазагалактычнай астраноміі. Прапанаваў мадэль стацыянарнага сусвету з бясконцым утварэннем рэчыва падчас яго расшырэння (1948), увёў тэрмін «Вялікі выбух» для пач. стадыі касмалагічнай эвалюцыі (1950). Пастуляваў асн. працэсы нуклеасінтэзу ў зорках (1957, з М. і Дж.Бэрбіджамі, У.А.Фаўлерам). Выказаў гіпотэзу аб занясенні жыцця на Зямлю мікраарганізмамі з міжзоркавай прасторы (тэорыя пансперміі). Аўтар больш як 40 навук. і навук.-папулярных кніг, навук.-фантастычных раманаў. Каралеўскі медаль (1974). Яго імем названа малая планета.
Тв.:
Astronomical origins of life: Steps towards panspermia. Boston, 1999 (разам з Н.Ч.Вікрамасінгхам);
Рус.пер. — Нейтринные процессы и образование пар в массивных звездах и Сверхновых. М., 1967 (разам з У.Фаўлерам);